• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Азіру толькі засмяяўся, сказаўшы:
    На маю думку, фараон не надта для мяне небяспечны. Я атрымаў з яго рук сімвал жыцця і пабудаваў храм у гонар ягонага бога. Ён давярае мне больш, чым любому іншаму ў Сірыі, — больш, чым сваім намеснікам і камандзірам гарнізонаў, бо тыя пакланяюцца Амону. Зараз я пакажу табе нештайка, што табе, напэўна, адразу спадабаецца.
    Ён павёў мяне да мура і паказаў высахлае цела, якое вісела дагары нагамі, а вакол яго роем віліся мухі.
    — Прыгледзься ўважліва, — сказаў ён, — і ты ўбачыш, што ён абрэзаны, бо гэта егіпцянін. Гэта фараонаў зборшчык подацяў, які прыйшоў да мяне ў палац высветліць, чаму я два гады не плачу падаткаў. За такое нахабства мае воіны ўдосталь пазабаўляліся з ім, а потым павесілі дагары нагамі. Дзякуючы гэтаму я дабіўся, што егіпцяне цяпер пазбягаюць ездзіць праз Амарэю нават вялікімі групамі, а гандляры ахвотнёй плацяць даніну мне, а не Егіпту. Што гэта значыць, ты зразумееш, калі даведаешся, што Мэгіда ўжо знаходзіцца пад маёй уладай: цяпер там выконваюць мае загады і больш не падпарадкуюцца егіпецкаму гарнізону, які схаваўся ў сваіх кашарах і не адважваецца паказвацца на гарадскіх вуліцах.
    —	Кроў гэтага небаракі праліецца на тваю галаву, — з жахам сказаў я. — Калі пра твой гэты ўчынак даведаюцца, цябе будзе чакаць страшная кара, бо ў Егіпце можна жартаваць з кім хочаш, толькі не з фараонавымі зборшчыкамі падаткаў.
    —	Павесіўшы гэтага чалавека, я павесіў на ўсеагульны агляд тое, што ты называеш праўдай і справядлівасцю, — самазадаволена сказаў Азіру. — Гэтая справа была ўжо не раз даследаваная, і я ахвотна сам спэцкаў шмат папірусу і скрэсліў шмат гліняных таблічак, тлумачачы прычыны здарэння. У адказ я атрымаў таксама шмат скруткаў і гліняных таблічак, якія акуратна захоўваюцца пад належнымі нумарамі, каб можна было напісаць яшчэ цэлую гару такіх самых таблічак, пакуль з іх нельга будзе пабудаваць высозны мур у маю абарону. 3 дапамогай амарэйскага бога Ваала я ўжо так заблытаў гэтую справу, што намеснік фараона ў Мэгідзе праклінае той дзень, калі з'явіўся на свет, бо я безупынна надакучваю яму ўсё новымі і новымі пасланнямі, даказваючы сваё права і патрабуючы расплаты за абразу, якую мне нанёс фараонаў зборшчык падаткаў. 3 дапамогай шматлікіх сведкаў я давёў, што ён сам — забойца, злодзей і раскрадальнік фараонавай скарбніцы. Я давёў, што ён чапляўся да ўсіх кабет у сірыйскіх гарадах і вёсках, я расказаў, што ён абражаў сірыйскіх багоў і абліў вадой алтар Атона ў маім горадзе. Усё гэта робіць мой учынак бездакорным у вачах фараона. Бачыш, Сінухе, закон і права, запісаныя ў гліняных таблічках, дзейнічаюць вельмі запаволена і заблытаны так, што яшчэ болей заблытваюцца, чым вышэй расце груда таблічак на стале ў суддзяў, пакуль справа не заблытваецца так, што ўжо немагчыма разабрацца, што справядліва, a што — не. У такіх штуках я мацнейшы за егіпцян, а хутка буду мацнейшы і ў іншых справах.
    Але гэта было не адзінае, што расказаў мне Азіру, пахваляючыся сваёй мудрасцю і хітрасцю. Ён сцвярджаў, што пакіне свайму сыну ў спадчыну гэтулькі царскіх каронаў, колькі пальцаў у яго на руках і нагах. Ён павучаў мяне:
    —	Калі ў цябе ёсць праціўнік, якога ты хочаш адолець, ніколі не забывай, што гэта твая галоўная мэта, і заўсёды трымай яе перад вачыма. Кажы пра яго толькі няпраўду, перакручвай сэнс яго ўчынкаў, называй каварствам ягоную высакароднасць, называй ілжывымі ягоныя дружалюбнасць і міласэрнасць. Калі ён моцны і прапануе табе памерацца сіламі, згаджайся, але аб'ядноўвайся з іншымі яго ворагамі і, каб дабрацца да яго горла, нацкоўвай на яго ўсіх, каго можаш. Але галоўнае — паклапаціся, каб пасля перамогі самому абрабаваць яго дом і пакінуць астатніх ні з чым. Калі ў цябе шмат ворагаў, якіх ты хацеў бы адолець, — перасвары іх паміж сабой, кажы хлусню аднаму на другога, каб яны між сабой развязалі вайну, а сам распраўляйся з імі паасобку, пакуль не пераможаш усіх. Гэтаму майстэрству кіраваць я навучыўся ў егіпцян, бо менавіта так яны і пакарылі Сірыю.
    Я абураўся і не пагаджаўся з ім, і гэта вельмі забаўляла Азіру. Ён дражніў мяне, кажучы:
    —	Калі б у табе цякла царская кроў, ты разумеў бы ўсё гэта без тлумачэння, гэта ўвайшло б у цябе яшчэ з матчыным малаком, але ты нарадзіўся не ўладаром, як я, а падданым, і таму табе не падабаюцца мае словы.
    Я правёў у Азіру некалькі дзён і не адчуваў да яго нянавісці, бо ён быў маім сябрам, а яго сяброўства падкупляла і было шчодрым. Яго бацькоўская гордасць і пяшчота да сына таксама былі па-дзіцячы шчырыя і рэзка адрозніваліся ад тых каварных словаў, якія ён мне казаў. Я ведаў, што кажа іх розумам, але яго сэрца было гатовае ў любы момант успыхнуць і зацьміць гэты розум, як ён сам зацьмяў усіх вакол сваімі размовамі, жартамі і ўчынкамі. Я зноў лячыў яму зубы, зноў пакрыў золатам тыя, на якіх яно ўжо сцерлася, і цяпер яго рот заблішчаў у чорнай барадзе, як сонца, а яго падданыя пачалі ставіцца да яго яшчэ з большай пашанай. Але чым больш ён гаварыў, тым больш я ўспамінаў Харэмхеба, бо яны абодва выдзяляліся мужнасцю, абодва былі народжанымі воінамі, з тою розніцай, што Азіру быў старэйшы і кіраваўся сірыйскімі традыцыямі. Я не верыў, што гэтыя традыцыі прыдатныя, каб кіраваць вялікімі народамі, я лічыў, што паводзіны і планы Азіру дасталіся яму ў спадчыну ад продкаў і нарадзіліся ў тыя часы, калі Сірыя напамінала змяінае кубло з безліччу маленькіх царкоў, якія змагаліся за ўладу і забівалі адзін аднаго, пакуль Егіпет не ўтаймаваў Сірыю, а царскія сыны не атрымалі адукацыю ў Залатым палацы фараона і не сталі цывілізаванымі людзьмі. Я паспрабаваў растлумачыць яму, што ён памыляецца ў сваіх меркаваннях аб моцы і багацці Егіпта, я перасцерагаў, каб ён не надзімаўся ад гонару, бо кожны скураны мяшок можа таксама надзьмуцца, калі яго напампаваць паветрам, але варта ў ім зрабіць маленькую дзірачку, як ён адразу мізарнее і скурчва-
    ецца. Але Азіру толькі смяяўся ў адказ, бліскаючы залатымі зубамі, і загадваў мяне частаваць усё новымі порцыямі смажанай бараніны на срэбных талерках, пахваляючыся сваім багаццем.
    У рабочым пакоі Азіру было сапраўды шмат гліняных таблічак, і ганцы прывозілі яму пасланні з усіх сірыйскіх гарадоў. Ён атрымліваў гліняныя таблічкі і ад цара хетаў, і з Вавілона, і хоць не паказваў іх мне, але ж не пахваліцца тым, што яму пісалі, не мог. Ён з цікаўнасцю распытваў мяне пра зямлю хетаў і пра Хатушаш, але я зразумеў, што ён ведае пра хетаў не менш за мяне. Я заўважыў, што да яго прыязджалі хецкія паслы і вялі нейкія размовы з ім і з яго военачальнікамі. Пасля той сустрэчы я ў яго спытаў:
    — Леў і шакал могуць аб'яднацца дзеля здабычы, але ці даводзілася табе бачыць, каб шакал атрымліваў лепшыя кавалкі?
    Ён засмяяўся, бліскаючы залатымі зубамі, і адказаў:
    — Я не думаю, што будзе дрэнна, калі хецкія воіны навучаць маіх вайсковаму майстэрству: у іх ёсць новая зброя і ваенны досвед, якога не маем мы. Дарэчы, гэта карысна і фараону, бо калі пачнецца вайна, Сірыя, як і раней, стане шчытом Егіпта на поўначы, а гэты шчыт часта быў запэцканы крывёю, пра што мы не забудзем, калі настане час зводзіць рахункі паміж Сірыяй і Егіптам.
    Калі ён загаварыў пра вайну, я зноў успомніў Харэмхеба і сказаў:
    — Я занадта доўга злоўжываў тваёю гасціннасцю і буду ўдзячны, калі ты прапануеш мне для вяртання ў Сіміру насілкі, бо ў твае жахлівыя ваенныя калясніцы я болей не сяду, хай мне лепш адразу разаб'юць галаву. Дарэчы, і Сіміра перастала мне быць утульнай, бо я — егіпцянін. Мусіць, я ўжо дастаткова выпіў крыві з беднай Сірыі, а значыць, мне пара вяртацца ў Егіпет. Я думаю мы цяпер доўга не ўбачымся, а можа, нават ніколі, бо ўспамін пра ваду Ніла салодзіць мне рот, і хутчэй за ўсё я ўжо згаджуся піць яе да канца сваіх дзён, бо дастаткова ўжо ўсяго нагледзеўся і рознаму навучыўся, у тым ліку ад цябе.
    Азіру сказаў:
    — Заўтрашні дзень невядомы нікому, а камень, які коціцца і не ляжыць на месцы, ніколі не абрасце мохам. Я бачу няўрымслівасць, якою свецяцца твае вочы, а яна наўрад ці дазволіць табе надоўга затрымацца ў якой-небудзь адной краіне. Выберы сабе лепш любую жонку з майго народа, я пабудую табе ў сваім горадзе добры дом, і табе не давядзецца раскайвацца, калі ты застанешся тут займацца сваёю справай.
    Я пажартаваў:
    — Краіна амарэйцаў — самая несправядлівая і самая мне ненавісная, ваш Ваал мне агідны, а ад вашых жанчын тхне казліным смуродам. I кожнаму, хто скажа што-небудзь добрае пра вашу краіну, я гатовы разбіць галаву. I я вось што яшчэ зраблю: я запішу на шматлікіх таб-
    лічках, што ты згвалціў маю жонку і ўкраў у мяне быкоў, якіх у мяне ніколі не было, я напішу, што ты займаўся чарадзействам і яшчэ шмат чым іншым, а калі цябе павесяць на муры дагары нагамі, я абрабую твой палац, вынесу ўсё золата і куплю на яго сто разоў па сто гарлачоў віна, каб выпіць яго за тваю памяць.
    Яго смех грымеў па ўсім палацы, а залатыя зубы блішчалі. Такім я і ўспамінаў яго, калі насталі чорныя дні, а тады мы рассталіся найлепшымі сябрамі, ён даў мне насілкі, абсыпаў падарункамі, а яго воіны правялі мяне аж да Сіміры, каб па дарозе мяне ніхто не пакрыўдзіў за тое, што я егіпцянін.
    Каля сімірскае брамы над маёй галавой праляцела ластаўка, і на душы ў мяне зрабілася неспакойна, а вуліцы Сіміры пачалі мне пячы падэшвы. Таму, вярнуўшыся дадому, я загадаў Каптаху:
    —	Складзі ўсе рэчы і прадай дом. Мы плывем назад у Егіпет.
    Каптах адказаў:
    —	Гэта быў бы ў мяне дзень найвялікшага шчасця, калі б у цябе не было неверагоднай здольнасці заўсёды падмешваць палыну ў чашу радасці. Я нават не магу палічыць, колькі гадоў таму апошні раз піў ваду Ніла, і ў мяне ажно мурашкі бягуць па спіне, калі я думаю пра дамы ўцехаў у Фівах і фіванскія шынкі, асабліва пра адзін невялічкі на прыстані, што называецца «Кракадзілаўхвост», бо гаспадар кажа, быццам дзякуючы нейкім чарам, яго віно робіцца моцным, як удар кракадзілавага хваста. I дарэчы, ён кажа праўду, бо я сам не раз выпрабоўваў гэта на сабе, але я цяпер не пра тое. Я хачу сказаць, што не змагу паехаць з табою, калі ў сваёй неразумнасці ты напраўду збіраешся вяртацца ў Егіпет морам, хоць мы так многа нажылі, што маглі б спакойна вярнуцца па сушы, не рызыкуючы ўтапіцца ў салёных хвалях. Ты ж добра ведаеш, што я пакляўся больш ніколі не ступаць на мост карабля, і я не збіраюся парушаць гэтую клятву, бо іначай скарабей можа на мяне разгневацца і мы страцім удачу.