Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Сказаўшы гэта, я выйшаў з хаты, каб пайсці даведацца што-небудзь пра сваіх сяброў. У «Сірыйскім гарлачыку» я спытаўся пра Тутмеса, але гаспадар у шынку змяніўся і нічога не мог сказаць пра беднага мастака, які дзеля пракорму малюе для багатых людзей кошак. Распытваючы пра Харэмхеба, я дайшоў да кашараў, але там было пуста. Воіны ў двары не дужаліся, ніхто не шпурляў у трысняговы мяшок дзіды, стараючыся пацэліць у сярэдзіну, над катламі пад павеццю не ўздымалася пара — паўсюль панавала занядбанне. Змрочны малодшы камандзір-сардан глядзеў на мяне, калупаючы пальцам нагі пясок, яго цёмны схуднелы твар не ільсніўся ад алею, але ён адразу пакланіўся мне, калі я спытаў пра Харэмхеба, военачальніка фараона, які некалькі
гадоў таму ваяваў з хабірамі на мяжы сірыйскай пустэльні. На ламанай егіпецкай мове сардан адказаў, што Харэмхеб па-ранейшаму ў фараона за военачальніка, але ўжо некалькі месяцаў таму адправіўся ў зямлю Куш, каб распусціць тамтэйшыя гарнізоны і звольніць воінаў, і пакуль нічога не чуваць пра яго вяртанне. Мне захацелася крыху развеяць сарданаву тугу, і я даў яму кавалак срэбра, чаму ён так узрадаваўся, што забыўся нават на сваю камандзірскую годнасць і збянтэжана вылаяўся імем нейкага невядомага мне бога. Калі я збіраўся пайсці, ён схапіў мяне за рукаў і бездапаможна паказаў на пусты двор казармы.
— Харэмхеб — вялікі военачальнік, ён разумее воінаў, і ён сам воін і не ведае страху, — сказаў сардан. — Харэмхеб — гэта леў, а фараон — казёл бязрогі. У кашарах пуста, і нам нічога не плацяць. Mae таварышы жабруюць па вёсках, выпрошваючы кавалак хлеба! I чым усё гэта скончыцца — мне невядома. Хай блаславіць цябе Амон за тваё срэбра, добры чалавек. Я ўжо некалькі месяцаў не піў нічога хмельнага. Мой жывот поўніцца смуткам. Мяне звабілі, надаваўшы абяцанак, з роднае вёскі. Егіпецкія вярбоўшчыкі хадзілі з хаты ў хату і казалі, што будзе шмат срэбра, шмат жанчын, шмат віна. А цяпер? Hi срэбра, ні віна, ні жанчын. — Ён плюнуў, выказваючы сваю пагарду, і расцёр сліну мазолістай пяткай.
Сардан выглядаў вельмі сумным, і я зажурыўся таксама, бо з яго слоў зразумеў, што фараон занядбаў сваіх воінаў і пачаў распускаў войска, з такое цяжкасцю набранае ў розных краінах падчас кіравання ягонага бацькі. Думаючы пра былое, я ўспомніў старога Птахора і захацеў даведацца, дзе ён і што з ім, і дзеля гэтага скіраваўся ў храм Амона і Дом Жыцця. Але там мне сказалі, што царскі трэпанатар больш за год, як памёр і пахаваны ў Горадзе мёртвых. Так у выніку я не знайшоў у Фівах ніводнага свайго сябра.
Але будучы зусім побач з храмам, я захацеў у яго ўвайсці. I я зноў пагрузіўся ў знаёмы свяшчэнны паўзмрок, дзе разносіўся пах ахвярнага дыму, што ахутваў страката размаляваныя калоны, упрыгожаныя пісьмёнамі, і дзе ў вышыні насіліся ластаўкі, залятаючы ў храм праз каменныя краты вокнаў. Але і ў храме, і на двары, і ў незлічоных храмавых крамках, і ў майстэрнях, — усюды было пуста і не чулася былога шуму. Жрацы ў белых строях, з паголенымі галовамі, якія ільсніліся ад алею, спалохана паглядалі на мяне, людзі ў двары ціха гаманілі і азіраліся, нібыта баючыся, што іх падслухоўваюць. Шум, які раней пачынаўся на досвітку і быў падобны да шолаху чаратоў, шум, які так добра помніўся мне яшчэ з пары майго навучання, цяпер змяніўся поўнаю цішынёй. Я ніколі не любіў Амона, але нейкая дзіўная туга напоўніла маё сэрца, як бывае заўсёды, калі чалавек успамінае далёкае юнацтва — усё адно, было яно добрае ці благое.
Павярнуўшы назад і праходзячы паўз вялізныя каменныя статуі фараона, я заўважыў, што побач з вялікім храмам падняўся новы, магутны ды такой незвычайнай формы, якой я нідзе ніколі не бачыў. Вакол новага храма не было сцен, і я, увайшоўшы, убачыў, што яго калоны проста абступаюць шырокі двор, дзе на алтары ляжалі ахвяры: калоссе, кветкі і садавіна. На вялікай вертыкальнай фрэсцы круглы Атон распасціраў сваё праменне над фараонам, які прыносіў яму ахвяру; кожны промень заканчваўся бласлаўляючай рукой, і ў кожнай руцэ быў сімвал жыцця — крыж. Жрацы ў белых строях з няголенымі галовамі па большасці былі юнакамі, іх твары свяціліся натхненнем, калі яны ўзнёсла спявалі свяшчэнны гімн, словы якога я аднойчы ўжо чуў у Ерусаліме. Але больш за спевы жрацоў і алтарныя фрэскі мяне ўразілі сорак вялізных калонаў, на кожнай з якіх была высечаная ненатуральна схіленая выява маладога фараона са складзенымі на грудзях рукамі, у якіх ён трымаў жазло і бізун. Фігуры фараона ўважліва пазіралі на кожнага наведніка.
Фігуры былі вельмі падобныя да сапраўднага фараона, я пазнаў яго страсна-зацяты твар і кволае цела з шырокімі клубамі і худымі рукамі й нагамі. Мяне ўразіла смеласць майстра, які стварыў гэтыя статуі. Калісьці мой сябар Тутмес тужыў па сапраўднаму праўдзіваму мастацтву, а тут яно паўставала ва ўсёй сваёй страшнай, амаль бязлітаснай шчырасці! Усе заганы фараонавай фігуры — і ненатуральна шырокія клубы, і тонкія галёнкі, і хударлявую нервовую шыю — усё мастак паказаў, не схаваўшы і нават падкрэсліўшы, нібы яны мелі нейкае асабліва свяшчэннае значэнне. Але найстрашнейшым быў твар — вельмі доўгі, з брывамі ўразбег, з пукатымі пашчанкамі, з дзіўнай кплівай і адначасова летуценнай усмешкай. Калі каля храма Амона сядзелі агромністыя каменныя фараоны, велічныя ў сваёй богападобнасці, дык тут з сарака калонаў вакол алтара бога Атона на людзей глядзеў распухлы, варты жалю чалавек, які, аднак, бачыў далей за іншых, і ўсё яго скамянелае аблічча выяўляла натхненне і напружаную зацятасць.
Усё ўва мне здрыганулася, бо Аменхатэп IV упершыню паўстаў перада мною такім, якім, напэўна, сам сябе бачыў. Калі я спаткаў юнага фараона, ён быў хворы, слабы і скручаны свяшчэннай хваробай падлетак, і тады я ў сваёй заўчаснай мудрасці глядзеў на яго вачыма лекара і даследчыка, а яго словы ўспрымаў, як трызненне хворага. Цяпер жа я бачыў яго такім, якім з усёю сваёй нянавісцю і любоўю яго ўбачыў і выявіў у сваіх творах мастак, роўнага якому па смеласці яшчэ не ведаў Егіпет, бо калі б хто-небудзь раней адважыўся паказаць фараона такім — яго павесілі б за ногі на гарадскім муры.
Але і ў гэтым храме людзей было не вельмі багата. Я пазнаў некалькі мужчын і жанчын, гэта былі прыдворныя ў тонкіх ільняных строях з
цяжкімі каўнярамі. Жрацы спявалі новыя гімны, і простыя людзі разгублена слухалі, не разумеючы сэнсу тых хваласпеваў. Яны былі зусім не такія, як старажытныя песні, што гучалі ўжо каля дзвюх тысяч гадоў, яшчэ з часоў пабудовы пірамідаў, і вуха пабожнага чалавека прызвычайвалася да іх з дзяцінства, людзі пазнавалі іх і разумелі сэрцам, нават не задумваючыся над словамі, сэнс якіх, напэўна, згубіўся дзякуючы памылкам шматлікіх пакаленняў выканаўцаў і пісарчукоў.
Калі спеў закончыўся, нейкі вельмі стары чалавек у вопратцы земляроба пачціва падышоў да жрацоў пагутарыць і купіць які-небудзь амулет ад няшчасцяў або кавалачак папіруса з магічным надпісам. Жрацы сказалі, што яны нічога такога не прадаюць, бо Атону не патрэбны ні амулеты, ні магічныя надпісы: ён сам набліжаецца да кожнага, хто верыць у яго, і не патрабуе ні ахвяраў, ні дарункаў. Пачуўшы гэта, стары вельмі раззлаваўся і пайшоў прэч, праклінаючы прыдуркаватых прайдзісветаў. Потым я ўбачыў, як ён праз старыя знаёмыя каланады ўваходзіў у храм Амона.
Нейкая гандлярка рыбай падышла да жрацоў і спытала, добразычліва гледзячы ім у вочы:
— Няўжо ніхто не прыносіць Атону ў ахвяру ні бараноў, ні быкоў, каб вы хоць крыху падмацаваліся мясам, бо вы такія худыя. Калі ваш бог такі магутны і моцны, як кажуць, — мацнейшы за самога Амона, хоць я і не веру ў гэта, — дык яго жрацы павінны таўсцець ды ільсніцца ад тлушчу. Я шмат чаго не разумею, бо я простая жанчына, але ўсім сэрцам зычу вам есці болей тлустага мяса.
Маладыя жрацы пэўны час пасмейваліся і шапталіся між сабою, як свавольны хлапчукі, а тады старэйшы пасур'ёзнеў і сказаў жанчыне:
— Атону не патрэбны крывавыя ахвяры, і ў яго храме не варта згадваць Амона, бо Амон — няправільны і несапраўдны бог і яго трон хутка ўпадзе і храм ператворыцца ў руіны.
Жанчына шпарка пайшла прэч, плюнула па дарозе, зрабіла свяшчэнны аберагальны знак Амона і паспешліва прагаварыла:
— Гэта ты сказаў, а не я, і хай кара абрынецца на тваю галаву.
Яна пабегла так шпарка, што за ёю, спалохана азіраючыся на жрацоў, падаліся і астатнія. Але жрацы толькі смяяліся і крычалі ім наўздагон:
— Ідзіце сабе, малаверы, але Амон усё адно несапраўдны бог! Амон — фалыпывы бог і яго ўлада ўпадзе, як трава пад сярпом.
Тады адзін з тых, хто адыходзіў, падняў з зямлі камень і шпурнуў яго ў купку жрацоў, трапіўшы аднаму ў твар. Той жаласна крыкнуў, закрыў твар рукамі, і праз яго пальцы пацякла кроў. Жрацы пачалі клікаць храмавую ахову, але той, што кінуў камень, ужо ўцёк, змяшаўшыся з наведнікаў храма Амона.
Усё гэта прымусіла мяне задумацца, я наблізіўся да жрацоў і спытаў:
— Я чыстакроўны егіпцянін, але шмат гадоў пражыў у Сірыі і не ведаю новага бога, якога вы называеце Атонам. Ці не маглі б вы асвяціць сваімі ведамі цемру майго невуцтва і растлумачыць мне, што гэта за бог, чаго ён патрабуе і як яму трэба служыць?
Яны вагаліся і дарэмна шукалі на маім твары прыкметы нейкай злой хітрасці, але нарэшце сказалі:
— Атон — гэта адзіны бог. Ён стварыў зямлю і рэкі, людзей і жывёлаў, і ўсё, што жыве і рухаецца на зямлі. Ён быў заўсёды і людзі служылі яму з даўніх часоў, калі ён увасабляўся пад імем Pa. А цяпер ён з'явіўся перад сваім сынам-фараонам у сапраўдным сваім абліччы, бо, як і Атон, наш фараон жыве толькі праўдай. Атон — адзіны бог, а ўсе астатнія — несапраўдныя. Атон не цураецца нікога, хто яму аддаецца. I багатыя, і бедныя — усе роўныя перад тварам Атона, якога мы вітаем кожным ранкам у выглядзе сонца, якое бласлаўляе зямлю сваім праменнем. А сонца нікога не пакідае без увагі, — ні злых, ні добрых, — яно ўсім працягвае жыватворны сімвал жыцця — крыж. Прыняўшы яго, ты таксама станеш яго слугою, бо ягоная існасць — гэта любоў, ён вечны, непераможны і нікога не пакідае без сваёй увагі, а таму без яго волі нічога не можа адбыцца на зямлі.
Я сказаў ім:
— Усё гэта, безумоўна, прыгожа, але ці па яго волі камень трапіў у твар хлопцу і да крыві разбіў яму вусны?