• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    6
    Шынок «Кракадзілаў хвост» стаяў у завулку ў цэнтры партовых кварталаў горада, заціснуты між гандлёвымі складамі. Вялізнай таўшчыні цагляныя сцены зберагалі ў будынку цяпло ўзімку і прахалоду летам. Над дзвярыма, апроч піўных і вінных гарлачоў, вісеў незвычайнай велічыні засушаны кракадзіл з бліскучымі шклянымі вачыма і застрашальнымі зубамі ў разяўленай пашчы, Каптах з важным выглядам завёў мяне ў шынок, паклікаў гаспадара і замовіў нам мяккія сядзенні. Ён быў у шынку за свайго і хадзіў па ім, як па ўласным доме, так што астатнія наведнікі, якія спачатку падазрона пазіралі на мяне, супакоіліся і вярнуліся да сваіх размоваў. Я са здзіўленнем заўважыў, што падлога тут была драўляная, і сцены таксама — абшытыя дошкамі. На іх вісела шмат усякіх рэчаў, што напаміналі пра далёкія падарожжы: негрыцянскія дзіды і пучкі пер'я, марскія ракавіны і крыцкія размаляваныя пасудзіны. Каптах прасачыў за маім позіркам і ганарліва сказаў:
    — Ты, напэўна здзіўляешся, што сцены ў памяшканні драўляныя, як у багатых дамах. Дык ведай, што кожная дошка тут са старых караблёў, і хоць я ўспамінаю марскія падарожжы без усялякага задавальнення, павінен сказаць табе, што вунь тая, жоўтая, аб'едзеная морам дошка некалі плавала ў Пунт, а тая, карычневая дошка абадралася аб прычалы марскіх выспаў. А зараз, калі ты не супраць, давай пакаштуем «кракадзілаў хвост», які гаспадар сам змяшаў дзеля нас сваімі рукамі.
    Мне падалі прыгожую чашу ў форме ракавіны, якую трэба было трымаць у далонях, але я ўперыўся не на яе, а на жанчыну, якая яе падала. Гэта была не такая маладая жанчына, як іншыя прыслужніцы ў шынку. Яна не хадзіла напалову голая, спакушаючы сваім целам прысутных, — яна была ў прыстойных строях, у яе ў вушах былі срэбная кольцы, а на тонкіх руках пабразгвалі срэбныя бранзалеты. Заўважыўшы мой погляд, яна бясстрашна зірнула ў адказ і не адвяла вачэй, як звычайна робяць жанчыны. Яе бровы былі тонка выскубеныя, а ў вачах адначасова жылі і сум, і ўсмешка. Яны былі цёплага карычневага коле-
    ру і такія жывыя, што на сэрцы ў мяне пацяплела. Я прыняў з яе рук чашу ў свае далоні, Каптах зрабіў тое самае, і, не зводзячы з жанчыны вачэй, я міжволі спытаў:
    — Як цябе завуць, прыгажуня?
    Яна адказала нізкім голасам:
    — Мяне завуць Мэрыт. Але я не прывыкла, каб мяне называлі тут прыгажуняй. Так робяць звычайна сарамлівыя юнакі, шукаючы падставы ўпершыню дакрануцца да клубаў прыслужніцы. Спадзяюся, ты гэта запомніш, лекар Сінухе-Самотнік, калі зноў зробіш гонар наведаць нас,.
    Я пакрыўдзіўся і сказаў:
    — Я не маю ніякага жадання дакранацца да тваіх клубаў, прыгажуня Мэрыт. Але адкуль табе вядома маё імя?
    Прыгожая ўсмешка засвяцілася на яе чыстым смуглявым твары:
    — Твая слава бяжыць паперадзе цябе, Сын дзікага асла, — жартаўліва адказала яна. — Калі я цябе ўбачыла, то зразумела адразу, што чуткі не хлусяць і ўсё, што кажуць пра цябе, — праўда.
    Але недзе ў глыбіні яе вачэй далёкай смугою плыў смутак, і маё сэрца, памкнуўшыся ёй насустрач, адгукнулася сваім смуткам. Я не раззлаваўся на яе і сказаў:
    — Калі пад славай, што бяжыць паперадзе, ты разумееш Каптаха, былога раба, што сядзіць побач і якому я сёння падарыў свабоду, дык ведай, што яго словам давяраць нельга, бо язык у яго хворы ад нараджэння і не можа адрозніць хлусню ад праўды, ён аднолькава любіць адно і другое, прычым хлусню нават часцей, чым праўду. I гэтую хваробу не здолелі вылечыць ні маё лекарскае майстэрства, ні мая палка.
    Яна адказала:
    — Хлусня часам бывае саладзейшай за праўду, асабліва калі чалавек самотны і яго першая вясна даўно мінула. Таму мне было прыемна чуць твае словы пра «прыгажуню Мэрыт», і я веру ўсяму, што мне кажа твой твар. Але ці не хочаш ты паспытаць «кракадзілавага хваста», які я табе прынесла? Мне цікава паглядзець і даведацца, ці можа ён зраўнавацца з напоямі тых дзівосных земляў, у якіх ты пабываў.
    Усё яшчэ гледзячы ёй у вочы, я падняў чашу і зрабіў глыток, і адразу кроў ударыла мне ў галаву, горла апякло, як агнём, і я закашляўся. Калі я нарэшце аддыхаўся і зноў паглядзеў на яе, то сказаў:
    — Бяру назад свае словы наконт Каптаха: гэты раз ён не схлусіў. Твой напой сапраўды мацнейшы за ўсе, якія я калі-небудзь каштаваў: ён апякае мацней за земляны алей, што гарыць у вавілонскіх лямпах, і я веру, што ён, як кракадзіл ударам свайго хваста, зваліць з ног любога.
    Сказаўшы гэта, я прыслухаўся да свайго цела і адчуў, што яно гарыць агнём, што ў роце разліўся водар бальсану і прыправаў, а сэрца нібы акрылілася і ўзляцела, як ластаўка.
    — У імя Сэта і ўсіх злых духаў, я не магу разабраць, што намяшана ў гэтым пітве, — сказаў я. — I я не ведаю, што мяне больш зачароўвае — гэтае пітво ці твае вочы, Мэрыт, але нешта чароўнае разліваецца па ўсім маім целе, а маё сэрца зноў робіцца маладым, таму не здзіўляйся, калі я пакладу рукі табе на клубы — вінаватае ў тым будзе тваё пітво, а не я.
    Яна з асцярогай адступіла далей і жартаўліва ўзняла рукі ўгору. I тут я і разгледзеў, якая яна высокая і статная, а яна ўсміхнулася і сказала:
    — Табе не да твару лаяцца такімі словамі, бо тут прыстойны шынок, а я яшчэ не надта старая і амаль нявінная, хоць твае вочы, мусіць, не зусім у гэта вераць. А пра пітво магу сказаць, што гэта адзіны пасаг, які мне застаўся ад бацькі, і таму твой раб Каптах так настойліва сватаўся да мяне. Ён спадзяваўся задарма атрымаць мае сакрэты ў прыгатаванні напояў! Але ён аднавокі, стары і тоўсты, і сталай жанчыне наўрад ці з яго будзе якая радасць. У выніку ён вымушаны быў купіць увесь шынок, спадзеючыся, што я з часам выдам яму сваю таямніцу, але яму давядзецца патраціць яшчэ нямала золата, перш чым мы прыйдзем да згоды.
    Каптах рабіў адчайныя знакі, каб яна змоўкла, а я сербануў яшчэ, і агонь зноў пабег па маіх жылах.
    — Я магу паверыць, што дзеля такога пітва Каптах гатовы разбіць гаршчок з табою, — сказаў я, — няхай ён і добра ведае, што неўзабаве пасля вяселля яго нагам давядзецца нямала папакутаваць ад кіпеню. Зрэшты, зазірнуўшы ў твае вочы, я і без тваіх сакрэтных напояў выдатна яго разумею. Але ты павінна памятаць, што з табою гаворыць цяпер «кракадзілаў хвост», а не я, і цалкам можа стацца, што заўтра мой язык не будзе адказваць за сённяшнія свае словы. А Каптах сапраўды купіў гэты шынок?
    — Пайшла прэч, нахабная і балбатлівая баба! — крыкнуў на яе KanTax і дадаў яшчэ доўгі спіс імёнаў сірыйскіх багоў, а тады, павярнуўшыся і пытальна пазіраючы на мяне, сказаў. — Мой гаспадар, далібог, гэта адбылося нават для самога мяне нечакана... Я збіраўся паступова падрыхтаваць цябе да гэтай пакупкі і атрымаць твой дазвол, бо я ж усё яшчэ твой слуга. Але я, праўда, купіў шынок у тутэйшага гаспадара і спадзяюся ўгаварыць яго дачку адкрыць мне сакрэт «кракадзілавага хваста», бо гэты напой разнёс славу шынка па ўсіх берагах Ніла і паўсюль, дзе толькі п'юць ды весяляцца людзі. Таму я і ўспамінаў яго кожны дзень, калі быў далёка. Як табе вядома, я ўсе гады добрасумленна і старанна абкрадаў цябе, і таму павінен цяпер добра размясціць сваё срэбра і золата, бо мне трэба падумаць і пра сваю старасць, калі я не змагу ўжо бегаць па тваіх незлічоных справах і захачу пагрэць косці каля жарніцы.
    I ён пакрыўджана зірнуў на мяне, бо я засмяяўся, уявіўшы, як бы Каптах бегаў, бо ён наймае насілкі нават, калі я хаджу пешшу. I яшчэ я падумаў, што жарніца наўрад ці сагрэла б ягоныя косці праз такі тоўсты слой тлушчу... Зрэшты, я перастаў смяяцца, зразумеўшы, што ўсе гэтыя думкі мне ўнушае «кракадзілаў хвост». Ужо сур'ёзна я папрасіў Каптаха дараваць мне маю дураслівасць і расказваць далей.
    — Яшчэ маладым я думаў, што быць гаспадаром шынка — шыкоўны занятак, — апавядаў Каптах, расчуліўшыся падуплывам «кракадзілавага хваста». — Праўда, у тыя часы я думаў, галоўным чынам, што шынкар можа бясплатна піць, колькі захоча, і ніхто не будзе яго лаяць. Але цяпер я разумею, што гаспадар павінен піць у меру і не хмялець, і гэта якраз мне вельмі карысна, бо ад лішку выпітага творацца адно паскудства, — напрыклад, бывае, засну, а мне мрояцца бегемоты ды ўсялякія страшыдлы. А шынкар павінен увесь сустракаць карысных яму людзей, чуць і ведаць усё, што вакол адбываецца, а гэта мяне асабліва вабіць, бо я з дзяцінства быў вельмі цікаўны. Як гаспадару шынка, мне ад майго языка будзе вялікая карысць, бо я магу забаўляць гасцей бясконцымі байкамі, і яны ад здзіўлення і неўпрыкмет для сябе будуць каўтаць адну чашу за другой і схамянуцца толькі, калі прыйдзе час разлічвацца. I цяпер я думаю, што стаць шынкаром мне было наканавана багамі, а рабом я нарадзіўся хіба што праз нейкую памылку. Але і гэта мне на карысць, бо цяпер ніякія хітрыкі ці выкрутасы не дапамогуць ні аднаму наведніку выскачыць з шынка, не разлічыўшыся: я сам некалі займаўся такім штукарствам, і абдурыць мяне не ўдасца нікому. Я кажу, што ведаю людзей, і гэта праўда, бо сэрца беспамылкова падказвае мне, каго можна паіць у пазыку, а каго — не, а гэта вельмі важна для шынкара, бо чалавечая прырода дзіўная: чалавек без памяці п'е на пазыку і нават не думае, што час разліку ўсё роўна прыйдзе, — a вось калі яму трэба плаціць за выпітае адразу, ён беражліва прытрымлівае сваё срэбра.
    Каптах дапіў чашу, апусціў галаву на рукі і з маркотнай усмешкай сказаў:
    — Я думаю, занятак шынкара сярод усіх самы надзейны і пэўны, чалавечая смага не будзе спатоленая ніколі і нягледзячы ні на што, хай нават усе багі і фараоны ўпадуць са сваіх тронаў, а людзі пачнуць хадзіць у шынкі ды харчэўні радзей. Чалавек п'е віно і ў радасці і ў горы, ён арашае віном свае поспехі і залівае горыч няўдачаў. Чалавек п'е віно, калі закахаецца і калі жонка на яго насварыцца і паб'е. Нават беднасць не перашкаджае чалавеку піць віно, і, спадзеючыся крыху палегчыць віном сваё існаванне, ён працуе яшчэ старанней. I тое самае тычыцца і ніва! Я так узнёсла баяў цяпер пра віно і стараўся казаць усё складна, але мяне здзіўляе, што паэты дагэтуль не склалі хваласпеваў у гонар
    піва, чаго яно цалкам заслугоўвае, бо дае добры хмель і яшчэ лепшае пахмелле! Я не буду надакучваць табе расхвальваннем розных вартасцяў піва і параўнаннем яго з віном, а вярнуся да сутнасці і скажу, што, на маю думку, занятак шынкара — самы надзейны з усіх, і таму я ўклаў у гэты шынок усё золата, якое сабраў на працягу доўгіх гадоў. Лепшага занятку, напраўду, прыдумаць нельга, апроч, хіба што, таго, чым займаюцца дзяўчаты з дома ўцехаў, бо дзеля гэтага ім не патрэбны пачатковыя капіталаўкладанні: усю сваю гандлёвую ўстанову кожная носіць заўжды пры сабе, і калі яна дастаткова разумная, то старасць сустракае ва ўласным доме, пабудаваным працаю сваіх клубоў. Прабач, я зноўлезу не ў свае справы, даруй мне, бо я яшчэ не зусім прызвычаіўся да «кракадзілавага хваста», і ён прымушае мой язык сваволіць без аніякай на яго ўправы. Я хацеў сказаць, што гэты шынок цяпер мой, але распараджацца ў ім будзе ранейшы гаспадар з дапамогаю гэтай чараўніцы Мэрыт, і прыбыткі мы будзем дзяліць пароўну, пакуль я не сыду на заслужаны адпачынак, як і належыць прыстойнай старасці. Мы склалі аб гэтым дамову і пакляліся імёнамі незлічоных багоў Егіпта, што будзем яе выконваць, а таму я не думаю, што былы гаспадар будзе красці з маёй долі, бо чалавек ён богабаязны і па ўсіх святах прыносіць ахвяры ў храмах, і апроч таго, сюды часта наведваюцца жрацы, а гэта добрыя госці, якія прывыклі жлукціць моцнае віно са сваіх вінаграднікаў цэлымі гарлачамі, і адзін-два «кракадзілавыя хвасты» не збіваюць іх ног. Таму я не сумняваюся ў яго пабожнасці, хоць кожны гандляр павінен сумяшчаць пабожнасць з выгадай... але я забыўся, пра што казаў і пра што яшчэ хацеў сказаць, бо сёння ў мяне дзень вялікай радасці, і я шчаслівы тым больш, што ты не злуешся і не лаеш мяне за мае ўчынкі і нават пакінуў служыць у сябе, хоць я ўсяго толькі ўладальнік шынка, а шмат хто лічыць гэта нечым заганным.