Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Ён кажа тое, што яму хочацца, — адказаў Харэмхеб. — Яго сэрца бяжыць паперадзе розуму, як птушка ляціць хутчэй за слімака. Таму яго словы не маюць значэння, а вось табе давядзецца думаць галавой і ўсё-ткі, відаць, праліць пэўную колькасць крыві, хоць гэта будзе і егіпецкая кроў. Але хай будзе мне сведкам мой сокал: калі ты прамяняеш свой розум і ваеннае майстэрства на пародзістых кошак, я ўласнаручна адхвашчу цябе гэтым бізуном, бо ў часы былога фараона ты быў нядрэнны военачальнік, і, напэўна, таму новы фараон выбраў цябе на гэтую справу. — Сказаўшы гэта, Харэмхеб так ляпнуў свайму спадкаемцу па спіне, што той ледзь не задыхнуўся, і словы, якія ён хацеў сказаць на развітанне, так і захраслі ў яго ў горле.
Харэмхеб адным скачком узляцеў на палубу, і воіны выструніліся перад ім, узняўшы дзіды і заўсміхаўшыся. Ён махнуў ім рукой і крыкнуў:
— Бывайце, любыя мае парсючкі! Падпарадкоўвайцеся цяпер гэтаму тоўстаму кату, які па волі фараона атрымаў мой залаты бізун! Слухайцеся яго, быццам ён ваша любае дзіцё, і глядзіце, каб ён не вываліўся з калясніцы ці не параніўся ўласным нажом.
Воіны зарагаталі і пачалі ўсхваляць Харэмхеба, але ён змрочна пагразіў ім кулаком у адказ:
— Хоць я і сказаў «бывайце», але меў на ўвазе «да хуткай сустрэчы», бо я бачу, якое нецярпенне гарыць у вашых свінячых вачах. Дык не распускайце ж вашыя лапы і не забывайце маіх урокаў, ато, вярнуўшыся, я падзяру вам спіны на лахманы!
Спытаўшы, дзе я жыву, ён перадаў мой адрас начальніку аховы, але занесці свае рэчы ў мой дом не загадваў, — ён лічыў, што на ваенным караблі яны зберагуцца лепш. Пасля гэтага ён, як бывала раней, абняў мяне за шыю і, уздыхнуўшы, сказаў:
— Слова гонару, Сінухе, ніхто сёння не заслугоўвае добрай выпіўкі больш за мяне.
Тады я расказаў яму пра «Кракадзілаў хвост», і мой аповед так захапіў яго, што я адважыўся папрасіць, каб каля Каптахава шынка на выпадак беспарадкаў паставілі варту. Харэмхеб адразу даў начальніку аховы загад, і той, нібы Харэмхеб усё яшчэ насіў бізун вярхоўнага ваяводы, падпарадкаваўся, паабяцаўшы паслаць самых надзейных воінаў. Такім чынам і я зрабіў Каптаху паслугу, якая, зрэшты, нічога мне не каштавала.
На той момант я ўжо ведаў, што ў шынку ёсць шмат патаемных пакояў, у якіх рабаўнікі і гандляры крадзеным могуць весці між сабой перамовы, а высакародныя жанчыны — сустракацца часам з дужымі партовымі насільшчыкамі. У адзін з такіх пакояў я і завёў Харэмхеба, і Мэрыт прынесла яму туды чашу з цудатворным напоем. Харэмхеб адным махам асушыў яе і, сказаўшы: «Ого!» — папрасіў другую порцыю, а калі Мэрыт пайшла па яе, сказаў, што яна прыгожая жанчына, і спытаў, якія ў мяне з ёю адносіны. Я адказаў, што ніякіх, але парадаваўся, што Мэрыт не паспела набыць сабе новую сукенку з разрэзам. Прыняўшы ад Мэрыт прынесеную новую чашу, Харэмхеб не падумаў яе чапаць, а толькі, ветліва падзякаваўшы, крыху адпіў і з глыбокім уздыхам сказаў мне:
— Заўтра, Сінухе, па вуліцах Фіваў пацячэ кроў, але я не магу зрабіць нічога, бо фараон мой сябар і я люблю яго, хоць ён і звар'яцеў. 3 таго дня, як я прыкрыў яго сваім плашчом, мой сокал звязаў наш лёс. Можа быць, якраз за яго вар'яцтва я і люблю яго... Але ў заўтрашнія падзеі я ўмешвацца не буду, бо павінен думаць пра будучыню і не хачу, каб народ узненавідзеў мяне. Гэх, Сінухе, мой дружа, шмат вады знёс свяшчэнны Ніл у мора з таго часу, як мы з табою апошні раз сустракаліся ў паганай Сірыі. А цяпер я прыйшоў з зямлі Куш, дзе па фараонавым загадзе вымушаны быў распусціць усе гарнізоны, і прывёў у Фівы негрыцянскія атрады, так што поўдзень краіны застаўся без абароны. Так, мой дружа Сінухе, на жаль, ва ўсіх вялікіх гарадах кашары даўно апусцелі, у катлах звілі гнёзды птушкі, а воіны цягаюцца па навакольных сёлах ды лупцуюць палкамі земляробаў, адбіраючы ў іх скуры,
якімі тыя плацяць падаткі фараону. I я нічога тут не магу зрабіць, бо аднойчы накрыў фараона сваім плашчом і абярог яго ў час нямогласці, і цяпер мой лёс назаўжды з ім звязаны. Але ніхто не можа аберагчы фараона ад яго самога, і таму маё сэрца сціскаецца ад страху за лёс Егіпта, бо Егіпет — мая радзіма.
Я расказаў яму, што фараон забараніў пасылаць караблі ў Пунт, і распавёў пра настроі ў Сірыі. Ён не здзівіўся, але, пазмрачнеўшы, адпіў з чашы і сказаў:
— Калі так пойдзе далей, у Сірыі абавязкова ўспыхне паўстанне. Можа, хоць гэта яго абразуміць. Але ж краіна тым часам бяднее! На рудніках перастала хапаць людзей, а тыя, хто там працуе, працуюць дрэнна. Але лайдакоў нельга біць палкамі, а можна толькі даваць ім меншыя порцыі ежы! Маё сэрца баліць за Егіпет і за яго новага бога, хоць у багах я не разумею нічога і не хачу разумець, бо я воін. Mary толькі сказаць, што за Атона загіне шмат, шматлюдзей! I гэта вар'яцтва, бо багі існуюць, не каб сеяць у народзе смуту, а каб народ мог спакойна жыць.
I яшчэ ён сказаў:
— Заўтра Амона павінны звергнуць, і я не буду па ім журыцца, бо ён надта раз'еўся, каб памясціцца ў Егіпце разам з фараонам. Я спадзяюся, у фараона хопіць дзяржаўнай мудрасці, каб, зрынуўшы Амона, прыняць ад яго ў спадчыну ўсе яго незлічоныя багацці, бо гэта яшчэ зможа яго ўратаваць. Усіх астатніх багоў, калі дзейнічаць разумна і асцярожна, яму будзе лёгка перацягнуць на свой бок: іх жрацы, апынуўшыся ў ценю Амона, вельмі зайздросцяць яму. Фараон мог бы абвясціць у Егіпце ўладу мноства маленькіх бажкоў. Бо ягонага Атона не любіць ніводзін жрэц, а сэрцам народа кіруюць менавіта жрацы, асабліва жрацы Амона! Таму, калі ён абвясціць уладу Атона, — усё пойдзе прахам і ад перамогі над Амонам не будзе ніякага толку.
— Але, — сказаў я, — Амон сапраўды варты нянавісці, яго жрацы надта доўга трымалі народ у невуцтве і душылі любую жывую думку! Без дазволу Амона ніхто не мог і слова сказаць! Затое Атон абяцае святло, волю, жыццё без страха, а гэта вялікая рэч, дружа мой Харэмхеб!
— He ведаю, што ты маеш на ўвазе, гаворачы пра жыццё без страху, — адказаў Харэмхеб. — Страх — гэта моцная аброць ддя народа, і калі багі трымаюць народ у страху і паслушэнстве, то ўладзе няма патрэбы ні ў якой іншай зброі. I ў гэтым Амон добра выконваў сваю задачу. I калі б ён верна служыў фараону, то быў бы варты свайго становішча, кіраваць без страху нельга ніякім народам. I таму Атон з яго дабрынёй і спагадлівасцю — вельмі небяспечны шлях.
— Атон болей вялікі, чым ты думаеш, — ціха адказаў я, наўрад ці разумеючы сам, што кажу і дзеля чаго. — Можа стацца, што мы, самі
таго не ведаючы, носім яго ў сабе — і ты, і я. I калі б людзі зразумелі ягоную веліч, ён змог бы вызваліць усе народы ад страху і невуцтва. Але ты, напэўна, маеш рацыю: шмат каму давядзецца за яго памерці, бо вечныя каштоўнасці можна ўбіць звычайным людзям хіба толькі сілай.
Харэмхеб з прыкрасцю зірнуў на мяне, як на дзіцё, якое пры дарослых вярзе поўнае глупства. Яго твар пацямнеў, ён пачаў нервова намацваць на лаўцы бізун, каб паляпаць ім сабе па нагах, але не знайшоў, збянтэжыўся і адказаў з пагардай:
— Пакуль чалавек застаецца чалавекам, пакуль ён прагне ўласнасці яго не пакідае азарт, пакуль існуюць людзі з розным колерам скуры, розныя народы і мовы — да тае пары багаты застанецца багатым, a бядняк бедняком, і моцны будзе падпарадкоўваць слабага, а хітры — моцнага. Атон жа ўсіх хоча зрабіць роўнымі, ураўнаваўшы нават раба з багацеем. Мой розум падказвае, што гэта вар'яцтва, і гэта так відавочна, што мне не хочацца нават гаварыць пра гэта, бо тады ў мяне толькі блытаюцца думкі.
— Вавіланяне сцвярджаюць, што, паводле становішча зорак на небе, пачынаецца новы год сусвету, — ціха сказаў я. I відаць, Атон цяпер возьме ўсю ўладу, і ягоная ўлада праіснуе, аж пакуль крумкач не стане белы, і рэкі не пацякуць назад. Так спяваюць жрацы ў храме Атона, — дадаў я, хоць сам не верыў у свае словы.
Харэмхеб дапіў чашу да дна і са шкадаваннем зірнуў на мяне. Але моцны напой падняў яму настрой, і ён сказаў:
— Здаецца, мы абодва згодныя, што Амона прыйшла пара звергнуць. А калі ўжо яно так павінна адбыцца, то зрабіць гэта трэба знянацку і патаемна, у начной цішы і адначасова па ўсёй краіне. Вярхоўных жрацоў трэба забіць, а астатніх адправіць на руднікі і каменяломні. А фараон у сваёй дурасці хоча зрабіць усё адкрыта, перад усім народам і перад абліччам свайго бога, а ягоны бог — сонца! Што ні кажы, а гэта поўнае глупства і неразважнасць, бо ў выніку праліецца шмат чалавечай крыві! I я адмовіўся ў тым удзельнічаць, тым больш што фараон не папярэдзіў мяне аб сваіх намерах загадзя. Бо клянуся Сэтам і ўсімі яго нячысцікамі, каб я ведаў загадзя, што ён хоча, я ўсё як след абдумаў бы і зваліў бы Амона так нечакана, што той сам, напэўна, не зразумеў бы, што адбылося. А цяпер усё вядома кожнаму бяздомнаму хлапчуку ў Фівах, жрацы ў храмах падбухторваюць народ біцца супраць Атона, мужыкі ламаюць дрэвы і робяць з іх дубіны, а жанчыны ідуць у храм, хаваючы пад адзеннем пранікі. Клянуся сваім сокалам, мне хочацца плакаць, калі я думаю пра бязглуздую задуму свайго фараона.
Ён апусціў галаву на рукі і схіліўся да маіх каленяў, аплакваючы будучыя беды Фіваў. Мэрыт прынесла яму трэцюю чашу «кракадзілавага хваста» і з такім захапленнем глядзела на яго шырокія плечы і
магутныя мускулы, што я злосна сказаў ёй ісці прэч і пакінуць нас удваіх. Я хацеў падрабязней расказаць Харэмхебу, што выведаў па яго даручэнні ў Вавілоніі, на Крыце і ў хецкай краіне, але заўважыў, што кракадзіл ужо сцебануў яго сваім хвастом. Ён так і заснуў тым вечарам у мяне на каленях, і я ўсю ноч аберагаў яго сон, слухаючы, як шумяць у шынку воіны, бо гаспадар і Каптах палічылі сваім абавязкам выставіць ім пачастунак, каб яны старанней аберагалі шынок у час беспарадкаў. Воінам было, мусіць, весела, і шум не змаўкаў усю ноч, а мне не давалі спакою думкі, што ў кожным фіванскім доме цяпер точаць сярпы і нажы, зачэсваюць калы і абабіваюць меддзю калатоўкі на кухнях, каб зрабіць іх цяжэйшымі. Ніхто, напэўна, не спаў гэтай ноччу ў Фівах, апроч Харэмхеба. Можа, таму што нарадзіўся воінам?
2
Усю ноч сціжмы народу стаялі ў дварах храма Амона і вакол, беднякі сядзелі на халодных з ночы кветніках, а жрацы прыносілі богу незлічоныя ахвяры і раздавалі людзям мяса ахвярных жывёлаў. Яны гучнымі галасамі ўслаўлялі Амона, абяцаючы вечнае жыццё кожнаму, хто не пашкадуе дзеля яго ахвяраваць сабой. Жрацы маглі б спыніць кровапраліцце, каб захацелі. Ім было дастаткова адрачыся ад Амона і скарыцца новаму богу — тады фараон дазволіў бы ім спакойна сысці і не падумаў бы помсціць, бо яго бог ненавідзеў помсту і злосць. Але прага ўлады і золата так апанавалі жрацоў, што іх не палохала нават смерць. А можа апошняю ноччу яны так паверылі ў Амона, што нават уласная гібель ужо не здавалася ім страшнай? Як бы там ні было, яны добра ведалі, што ні народ, ні нешматлікія ахоўнікі храма Амона не змогуць належным чынам супрацьстаяць добра ўзброеным і звыклым да бітваў воінам, якія знясуць усё на сваім шляху, як рачная плынь зносіць у час паводкі сухую салому. Але ім хацелася, каб паміж Амонам і Атонам пралілася кроў, каб дзякуючы гэтаму зрабіць з фараона крыважэрнага злачынцу, які дазволіў брудным неграм праліць чыстую кроў егіпцянаў. Яны прагнулі ахвяраў Амону, яны хацелі, каб іх бог жыў вечна, і нават калі яго статуі будуць звергнутыя, а храмы зачыненыя, каб ён мог вечна жывіцца крывёю сваіх ахвяр.