Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Эхнатон, — сказаў ён, прыйшоўшы да фараона, — цяпер няма часу згадваць усё, што я табе раіў. Але калі ты хочаш, каб запанаваў ранейшы спакой, перадай мне сваю ўладу на тры дні, а праз тры дні я вярну яе табе. Толькі потым не дапытвайся, як я ўсё зрабіў,
Але фараон усё ж спытаў:
— Ты звергнеш Амона?
— Ты сапраўды большы вар'ят, чым самнамбул, — адказаў Харэм-
хеб. — Вядома, пасля таго, што ўжо адбылося, Амон павінен быць зрынуты! Іначай нам не ўтрымаць уладу фараона! I таму я абавязкова скіну яго, толькі ты потым не пытайся, як я гэта зраблю.
— Галоўнае — не прычыняй шкоды жрацам Амона, — сказаў фараон, — бо яны самі не ведаюць, што робяць.
Харэмхеб адказаў:
— Табе, напраўду, варта было б ускрыць чэрап, бо нічога іншае цябе не вылечыць. Але я аднойчы прыкрыў цябе сваім плашчом, дык ужо зраблю, як ты хочаш, і сёння.
Тады фараон заплакаў і на тры дні перадаў яму свае знакі ўлады — жазло і бізун. Я ўсяго гэтага, праўда, сам не бачыў, а ведаю толькі з аповедаў Харэмхеба, а ён, як і ўсякі воін, любіў трошкі ўпрыгожваць свае расказы. Ва ўсякім разе ён вярнуўся ў горад на залатой фараонавай калясніцы і, ездзячы па вуліцах, пачаў склікаць воінаў — кожнага на імя. I калі сабраліся самыя адданыя яму воіны, ён загадаў трубіць збор і ўсім астатнім збірацца каля значка з сокалам і львіным хвастом. Усю ноч ён наводзіў парадак ў войсках, і ўсю ноч з кашараў даносіўся крык і лямант, затое вайсковыя каты папрацавалі ад душы, паламаўшы не адзін дзесятак палак на спінах разбэшчаных наймітаў, пакуль у іх саміх рукі не стаміліся ад такой працы. Сваіх лепшых людзей Харэмхеб паслаў навесці парадак на гарадскіх вуліцах, і яны прывялі ўсіх воінаў, якія не з'явіліся па сігнале трубы. Харэмхеб загадаў кожнага люта адлупцаваць, а чые рукі і вопратка былі ў крыві, тыя прылюдна страцілі свае галовы. Да рання ўсе фіванскія злодзеі разбегліся, як пацукі, бо кожнага, каго лавілі на крадзяжы ці рабаўніцтве, на месцы праціналі дзідамі. Злачынцы разбягаліся і ў жаху зрывалі з сябе сімвал Атона — жыватворны крыж, — баючыся, што гэта можа іх выдаць.
Харэмхеб сабраў усіх гарадскіх будаўнікоў, загадаў ім разбурыць дамы гарадскіх багацеяў і разламаць караблі, а з атрыманага бярвення зрабіць тараны, лесвіцы і вежы для аблогі. Праца кіпела, і фіванская ноч поўнілася грукатам малаткоў ды трэскам дрэва. Але яшчэ гучней чуліся стогны і лямант пакараных сарданаў і неграў, і іх галасы гучалі ў вушах фіванцаў прыемнаю музыкай. За гэта яны даравалі Харэмхебу яго намеры і нават палюбілі яго, бо найбольш разумныя сапраўды пачалі страчваць любоў да Амона, праз якога ў горадзе і адбыліся ўсе гэтыя апошнія падзеі і разбурэнні. Апроч таго, усе спадзяваліся, што, зваліўшы Амона, войскі пакінуць горад.
Харэмхеб не стаў марнаваць час на пустыя перамовы са жрацамі. На досвітку ён склікаў военачальнікаў і размеркаваў паміж імі задачы. Адны павінны былі прыцягнуць да муроў абложныя вежы і паставіць іх у пяці вызначаных месцах, а другія — пратараніць браму. Пры штурме ніводзін воін не быў паранены, бо зверху ўсіх абаранялі адмысловыя
павеці, складзеныя са шчытоў, а ні жрацы, ні ахоўнікі храма не нарыхтавалі нават смалы і вару, бо не спадзяваліся, што браму будуць штурмаваць такім чынам. Яны былі няздольныя адбіць усе атакі, якія, паводле плана, вяліся адразу з пяці бакоў. Раздрабіўшы свае сілы, яны толькі марна мітусіліся, сноўдаючы па мурах, а народ у дварах храма крычаў ад жаху. Убачыўшы, што брама вось-вось разваліцца, і негры ўжо ўскараскаліся на муры, галоўныя жрацы загадалі трубіць у трубы, каб скончыць бой і здацца. Яны размеркавалі, што Амон атрымаў ужо дастаткова ахвяраў, і трэба пакінуць людзей жывымі асабліва тых, хто адданы Амону — на будучыя часы. Браму адчынілі, і па загадзе Харэмхеба воіны выпусцілі ў горад народ, які цясніўся ў дварах храма. Людзі разбягаліся, заклікаючы на дапамогу Амона, і з радасцю вярталіся дадому, бо іх п'яная рашучасць выветрылася, а час, праведзены на спякоце ў адкрытых дварах храма, пачынаў ужо здавацца бясконцым.
Такім чынам Харэмхеб без крыві авалодаў дварамі храма, усімі храмавымі свірнамі, гаспадарчымі пабудовамі і майстэрнямі. У яго рукі трапілі і Дом Жыцця, і Дом Смерці, і ён, не марудзячы, разаслаў лекі і лекараў з Дома Жыцця на дапамогу жыхарам горада, але Дом Смерці ён не крануў, бо гэты дом жыве па-за межамі жыцця, і там заўсёды, што б ні адбывалася вонкі, мусіць панаваць спакой. Самі жрацы з храмавымі воінамі зачыніліся ў вялікім храме, каб ахоўваць галоўныя святыні, і напаілі ахоўнікаў дурманным зеллем, каб тыя біліся і гінулі, не баючыся смерці і не адчуваючы болю.
Бітва ў храме цягнулася да вечара, усе ахоўнікі і жрацы, якія супраціўляліся са зброяй у руках, былі перабітыя, жывымі засталіся толькі галоўныя жрацы Амона, якія згрудзіліся каля статуі свайго бога ў свяшчэннай зале. Тады Харэмхеб загадаў трубіць адбой, і як толькі бой скончыўся, паслаў воінаў сабраць трупы і скінуць іх у раку, а сам пайшоў да жрацоў Амона і сказаў ім:
— Паміж мной і Амонам не было сваркі, бо я пакланяюся Гору, свайму сокалу. Але мне трэба выканаць загад фараона і зрынуць Амона. I вам, і мне, напэўна, было б прыемней, калі б у свяшчэннай зале статуі Амона не аказалася — каб воіны не змаглі апаганіць яго, дый я апаганьвальнікам багоў быць не хачу, хоць і пакляўся служыць фараону. Падумайце над маімі словамі, я даю вам на гэта цэлую меру вадзянога гадзінніка. Потым вы зможаце спакойна пакінуць храм і вам ніхто не прычыніць зла, бо вашае жыццё мне не патрэбна.
Жрацы ўжо рыхтаваліся памерці ў імя Амона, і таму Харэмхебавы словы прыйшліся ім даспадобы. Яны заставаліся ў свяшчэннай зале за заслонаю да тае пары, пакуль не скончылася вадзяная мера часу. Тады Харэмхеб сам разарваў заслону і выпусціў жрацоў, а калі яны выйшлі, свяцілішча было пустое: статуі Амона нідзе не было — жрацы разбілі
яе на кавалачкі і вынеслі іх пад вопраткай, кажучы, што адбыўся цуд, і Амон па-ранейшаму жыць. Потым Харэмхеб загадаў апячатаць усе сховы пячаткаю фараона, а сутарэнні з золатам і срэбрам апячатаў сваёю рукой. Тым самым вечарам каменячосы пры святле паходняў разламалі ўсе статуі Амона і нават скалолі яго імя на надпісах, а ўначы Харэмхеб загадаў ачысціць плошчу ад трупаў і патушыць у горадзе пажары.
Пачуўшы, што Амон скінуты і мір ды парадак зноў усталяваліся ў горадзе, багатыя і высакародныя людзі апрануліся ў свае лепшыя строі, запалілі перад дамамі свяцільні і выйшлі на вуліцу святкаваць перамогу Атона. Прыдворныя, што хаваліся ў Залатым палацы, зноў вярнуліся з-за ракі ў горад, і хутка неба над Фівамі зачырванела ад паходняў ды свяцільняў, людзі рассыпалі па вуліцах кветкі, крычалі, абдымаліся і цалаваліся. Харэмхеб не мог забараніць мужчынам паіць сарданаў віном, а жанчынам абдымаць неграў, якія насілі на дзідах галовы забітых жрацоў. Гэтая ноч бурліла радасцю, імя Атона гучала паўсюдна, і не было розніцы паміж егіпцянінам і неграм, і прыдворныя паненкі вялі неграў да сябе дадому, захапляючыся іх магутнымі целамі, млеючы ад трывожнага паху крыві, што ішоў ад іх, і бессаромна расхінаючы перад імі свае лёгкія навамодныя сукенкі. А калі з ценю храма на плошчу выпаўзаў паранены храмавы воін, у трызненні заклікаючы на дапамогу Амона, яму разбівалі галаву аб брук, і высакародныя пані радасна ўчынялі вакол трупа скокі.
Ад усяго пабачанага я схапіўся за галаву і падумаў, што ніводзін бог не здольны вылечыць чалавека ад яго вар'яцтва. Мне ўсё абрыдла, і я пабег у «Кракадзілаў хвост». Словы Мэрыт пра помсту яркім полымем гарэлі ў маім сэрцы, і я паклікаў воінаў, якія ўсё яшчэ вартавалі шынок. Яны падпарадкаваліся, ведаючы, што Харэмхеб мой сябар, і я павёў іх праз начны горад, ашалелы ад радасці, я правёў іх міма храма кошкі да дома Нефернефернефер. Там таксама гарэлі свяцільні, дом не быў разрабаваны, і з яго чуўся п'яны гоман. Апынуўшыся побач, я адчуў, як трасуцца мае калені, а жывот апускаецца аж да пятаў. I я сказаў воінам:
— Гэта загад Харэмхеба, майго сябра, военачальніка фараона. Ідзіце ў дом і знайдзіце ў ім жанчыну, якая высока трымае галаву і ў якой вочы падобныя да зялёнага каменя. Ідзіце і прынясіце яе да мяне, а калі яна будзе супраціўляцца — стукніце яе па галаве дрэўкам дзіды, але больш біць яе не трэба.
Воіны з радасцю ўвайшлі ў дом, і перапалоханыя госці кінуліся наўцёкі, а слугі пачалі клікаць на дапамогу ахоўнікаў. Але воіны хутка вярнуліся, несучы садавіну, мядовыя пернікі і гарлачы з віном. Прынеслі яны і Нефернефернефер: яе галава, ужо без парыка, была ў крыві, бо яна супраціўлялася, і воіны стукнулі яе дрэўкам дзіды. Я паклаў руку ёй на грудзі і адчуў цёплую шкляную гладкасць скуры, але мяне
апанавала пачуццё, нібы я датыкнуўся да халоднай і слізкай змяі. Я ўпэўніўся, што яна жывая, загарнуў яе ў чорную тканіну, у якую звычайна загортваюць трупы, і паклаў на насілкі. Потым воіны правялі мяне да Дома Смерці. Я сядзеў у насілках, трымаў на каленях беспрытомнае цела Нефернефернефер і, хоць яна была ўсё яшчэ прыгожай жанчынай, не адчуваў нічога, апроч гідлівасці.
Мы прынеслі яе праз усе Фівы, ахопленыя святочным шаленствам, да брамы Дома Смерці. Там я даў воінам золата і адаслаў іх разам з насілкамі, а Нефернефернефер узяў на рукі і занёс у Дом Смерці. Калі мыйшчыкі трупаў выйшлі да мяне, я сказаў:
— Вось я прынёс вам цела жанчыны, якую знайшоў на вуліцы, я не ведаю ні яе імя, ні яе сваякоў, але спадзяюся, што яе аздобаў хопіць, каб заплаціць вам за працу, калі вы зможаце зберагчы яе цела ддя вечнага жыцця.
У адказ яны аблаялі мяне, кажучы:
— Можа, ты думаеш, што гэтымі днямі ў нас мала мерцвякоў? А хто нам заплаціць за працу?
Але разгарнуўшы тканіну, яны адчулі, што цела жанчыны яшчэ цёплае, а зняўшы з яе аздобы і вопратку, убачылі, што яна прыгажэйшая за ўсіх жанчын, якія былі ў іх у Доме Смерці. Тады яны больш не сказалі ні слова. А калі, паклаўшы ёй рукі на грудзі, пачулі, што сэрца ў яе яшчэ б'ецца, паспешліва зноў яе загарнулі і сказалі, хітра пераміргваючыся і смеючыся:
— Ідзі сваёй дарогай, незнаёмец, ты зрабіў добрую справу. Мы выканаем усё, каб зберагчы яе цела дзеля вечнага жыцця, і калі гэта будзе залежыць ад нас, пратрымаем яе тут семдзесят разоў па семдзесят дзён, толькі каб зберагчы яе цела як мага надзейней.