Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— А ці не ты высек з каменя статуі фараона на калонах вялікага храма Атона? — спытаў я. — Я такіх выяваў раней ніколі не бачыў.
Ён ухіліўся ад прамога адказу:
— На службе ў фараона шмат каменярэзаў, і мы працуем разам, ва ўсіх нас адзін закон — нашы вочы. Мы не высмейваем фараона, мы любім яго і хочам паказаць у сваіх творах яго сапраўдны дух. Вось так, мой дружа Сінухе, бачыш, як яно сталася: мы, тыя, хто цярпеў злосць і насмешкі ў часы панавання праклятага бога, цяпер сядзім у Залатым палацы, мы, якія наталялі смагу кіслым півам, цяпер п'ём віно з залатых чашаў. Мы захапляліся вольным мастацтвам Крыта, а цяпер таксама набылі свабоду. Ты яшчэ здзівішся, калі ўбачыш усё! Камень ажыў у нашых руках, хоць нам яшчэ шмат чаму трэба вучыцца.
— На тваёй вопратцы знак жыцця — крыж, — сказаў я яму.
Ён шырока ўсміхнуўся і адказаў:
Дык што? Гэта азначае свабоду ад паганага бога, гэта знак жыцця ў святле і праўдзе.
— А што гэта яшчэ азначае — для цябе, які некалі жыў, зарабляючы малюнкамі для дзяцей багацеяў?
Успомніўшы сваю галечу, ён засмяяўся, узяў у рукі маю чашу і сказаў, уважліва яе разглядаючы:
— Я пазбягаю размоваў пра боскія справы, мне дастаткова і гэтага прыгожага жыцця, яго дзіўных фарбаў і формаў. У маіх руках жыццё падобнае да гарлача з віном, які ніколі не апусцее, а ў маіх вачах яно — як карціна, на якую я не магу наглядзецца ўдосталь. He, Сінухе, я не
хачу гаварыць з табой пра боскія справы, бо яны кожны дзень мяняюцца ў залежнасці ад фараонавых відзежаў, і тое, што было ўчора правільным, сёння можа стаць памылковьім. Ён адзін за адным зрывае покрывы, якія хаваюць праўду, але тых покрываў незлічонае мноства, і таму я не здзіўляюся. А вось ты, Сінухе, аказваецца, стаў занудам, калі за святочным сталом заводзіш гаворку пра Атона, бо нам і на цвярозую галаву хапае клопату, каб дасканала наследаваць яго вучэнню. He, Сінухе, не будзем гаварыць пра боскія справы, давай лепш узрадуем нашыя сэрцы віном, бо Атон нясе радасць і дае сваім прыхільнікам залатыя чашы і высокія пасады. Пакінем клопат пра боскія справы фараону, ён у гэтым разумее лепей за ўсіх, хоць часам яму страшна баліць галава — як мне пасля змешанага віна.
Я вельмі ўзрадаваўся, сустрэўшы Тутмеса, і нават Харэмхеб пасвятлеў тварам, калі яго ўбачыў, хоць па чыне яму не пасавала адкрыта выказваць радасць. Тутмес уважліва прыгледзеўся да Харэмхеба і сказаў, што зробіць з каменя яго выяву, якую паставяць у храме Атона: папершае, Харэмхеб вызваліў з-пад ярма праклятага бога Фівы, а па-другое, яго твар і фігура — проста ўзор для мастака. Трэба толькі атрымаць у фараона золата і адпаведны камень на гэтую працу. Харэмхеб, вядома, быў вельмі задаволены прапановай — яго выяву ніхто яшчэ не рабіў. Але ён адказаў Тутмесу:
— Ты, мусіць, мяркуеш, што зробіш мне добрую паслугу, высекшы маю выяву дзеля вечнага жыцця? Але думаю, што маё імя зберажэцца і так, дзякуючы маім здзяйсненням. Дый потым, я зусім не хацеў бы проста стаяць, як дурань, ды глядзець, як на алтар Атону прыносяць бяскроўныя ахвяры, — я воін і нічога ў гэтым не цямлю. Пастаў лепш маю статую ў храме Гора ў Хетнечуце, горадзе, дзе я нарадзіўся, бо з Горам Атон яшчэ не пасварыўся, а я з радасцю заткнуў бы ляпы тамтэйшым жыхарам, бо яны смяяліся з мяне і маёй дзіды, калі я быў малым хлопчыкам.
Сказаўшы гэта, ён раптам устаў і нізка пакланіўся, апусціўшы да калень рукі, і мы з Тутмесам зрабілі тое ж, бо да нас падышла царыца Неферціці. Яна загаварыла, паклаўшы на грудзі сваю тонкую руку. На пальцах у яе не было ніводнага пярсцёнка, а на прыцэўках ніводнай бранзалеткі, каб кожны бачыў, наколькі яе рука тонкая і прыгожая. Яна звярталася да мяне:
— Ячменнае зерне зноў зазелянела ў вадзе, якой абмытае маё цела, і маё сэрца поўніцца нецярпеннем, бо фараон чакае сына, спадкаемцу ягонай улады. Пакуль побач з ім не будзе моцнага спадкаемцы па крыві, яго ўлада не будзе моцнай, і пракляты бог будзе сцерагчы яго ў цемры, жадаючы захапіць трон. Я кажу гэта адкрыта, бо мы ўсе гэта добра ведаем. Ты, Сінухе, займаўся лекаваннем у розных краінах, і мне ка-
залі, што, як лекар, ты творыш цуды. Скажы, ці народзіцца ў мяне сын?
Я глядзеў на яе вачыма лекара, імкнучыся забыцца на яе прыгажосць, якая вабіла да сябе ўсякага, хто да яе набліжаўся.
— Неферціці, — сказаў я, — не жадай дзеля сябе самой сына, бо ў цябе вузкія клубы: сын прычыніў бы табе большы боль, чым дачка, і нават мог бы стаць небяспекай твайму жыццю.
Яна зірнула на мяне сваімі жорсткімі вачыма і нецярпліва сказала:
— Табе зусім неабавязкова казаць тое, што я сама ведаю. Лекары з Дома жыцця, што дапамагаюць родам, нават маім дочкам мусілі выцягнуць галовы яшчэ да родаў так, што яны сталі вузкія і даўгія, але дзяўчынкі нарадзіліся жывымі. Зрэшты, самі яны не адважыліся б гэта зрабіць, калі б Вялікая фараонава маці не запрасіла з зямлі Куш чарадзеяў, якія жывуць у саламяных хацінах і ведаюць гэты спосаб. Таму не хвалюйся за маё жыццё і за галаву майго сына, а скажы лепей, што трэба зрабіць, каб нарадзіць спадкаемцу трона.
Пачуўшы гэта, я зразумеў, што фараон Эхнатон стаіць па-над усімі забабонамі, а ўва мне ўмацавалася думка, што Вялікая фараонава маці мае частку негрыцянскай крыві, бо як іначай яна змагла б ведаць таямніцы негрыцянскіх плямёнаў? Як лекар і егіпцянін, я адчуваў непрыязь да такога спосабу родаў, але адказаў, старанна падбіраючы словы:
— Толькі Атон можа вызначыць пол дзіцяці ў чэраве маці, а чалавек тут бяссільны. Праўда, у некаторых краінах людзі вераць, што з дапамогаю амулетаў жанчына можа па сваім жаданні нарадзіць сына, хоць і там амулеты вельмі часта не дапамагаюць. Але ж ты нарадзіла ўжо дзвюх дачок, і вельмі верагодна, што цяпер нарэшце народзіш сына. Але пэўна сказаць не магу, бо не хачу, як іншыя ілжэлекары, абнадзейваць цябе дурным штукарствам, каб атрымаць болей золата.
Mae словы прыйшліся ёй не даспадобы. Яна ўжо не ўсміхалася і глядзела халодным і жорсткім позіркам. Потым яна сказала:
— Як ты ведаеш, мой муж Эхнатон нарадзіўся ад сонца. Ён нарадзіўся дзякуючы малітве Вялікай царыцы-маці ў Геліяполісе, і яго нараджэнне — боская таямніца. Ты ж не можаш адмаўляць гэтага?
Штосьці ў яе халодным, разважным абліччы раздражняла мяне, і асмялеўшы ад выпітага віна, я сказаў:
— Як для лекара для мяне не існуе боскіх таямніц, і я не хацеў бы, каб дзеля ўратавання егіпецкага народа ты ездзіла ў Геліяполіс, бо і ў тваім палацы ёсць такая самая сіла. Апроч таго, фараон Эхнатон хоча жыць праўдай. Калі б тваё чэрава год за годам заставалася бясплодным, я, можа, і не сказаў бы нічога, бо спадчынная пераемнасць ва ўладзе — рэч вельмі важная. Але ж ні ў цябе, ні ў фараона няма прыродных заганаў, і калі ты занясеш распусту і спакусу ў сваё сэрца, гэта табе не дапаможа, твае магчымасці ўсё адно застануцца ранейшымі.
Яна падняла руку да сваёй лебядзінай шыі, глыбока ўздыхнула і паглядзела на мяне так, нібы хацела забіць гэтым позіркам. Але яна стрымана адказала:
— He ведаю, пра што ты кажаш, напэўна, ты ўкладаеш у свае словы нейкі таемны сэнс, каб пераканаць мяне, але гэта дарэмна, бо мне дастаткова твайго праўдзівага адказу. I я ўдзячная табе за яго.
Тутмес смела ўмяшаўся ў нашу размову і сказаў, гледзячы ёй у вочы:
— Неферціці, прыгажэйшая з прыгажэйшых, нараджай толькі дачок, каб яны перанялі тваю прыгажосць, — ад таго пабагацеў бы ўвесь свет. Маленькая Мэрытатон ужо прыгажуня, і прыдворныя паненкі і пані, зайздросцячы яе прыгажосці, з дапамогай прычосак імкнуцца надаць сваім галовам форму яе галавы. А тваю выяву я высеку з каменя, каб назаўсёды зберагчы тваю прыгажосць.
Я супакоіўся і здзівіўся яе чароўнай сіле, якая прымусіла мяне казаць неразумныя словы. Як лекар я параіў ёй, якую страву не трэба есці, і сказаў, каб яна грызла спелыя пшанічныя зярняты, бо гэта адзіны спосаб надаць сілу семю і ашукаць сілы прыроды, прымусіўшы іх схіліцца да мужчынскага зародку ў мацярынскім чэраве.
— Адзіная боская таямніца, — сказаў я, — заключаецца ў тым, што жанчына апладняецца мужчынскім семем. Усе лічаць гэта натуральным, але ніхто не можа растлумачыць, як гэта адбываецца.
Тады яна зноў усміхнулася мне, адпіла віна з маёй чашы і сказала:
— Я ўсяго толькі неразумная жанчына і маці, а ўсе маці прымхлівыя. Аберагай мяне ад маіх забабонаў, каб я нарадзіла здаровае дзіцяці — хай гэта будзе хлопчык або дзяўчынка.
Ад яе вуснаў на беразе маёй чашы застаўся чырвоны след, і ўвечары я паказаў яе Мэрыт. Я меў падвойную падставу ганарыцца: з гэтай чашы піў фараон, а потым яго Вялікая жонка Неферціці, пра сведчыў след ад яе вуснаў. Я вырашыў захаваць гэты адбітак — я нічога не мог з сабою зрабіць, бо гэтая жанчына, нягледзячы на халодныя і жорсткія вочы, нараджала нязбыўныя мары. Але Мэрыт паставілася да чашы з пагардай і не дазволіла мне пагладзіць свае шчокі, сказаўшы, што я ап'янеў у Залатым палацы. На ёй быў новы летні ўбор, і я прапанаваў заўтра ўзяць яе з сабой паглядзець на ўрачысты выезд фараона па Алеі бараноў. Яна была такая прыгожая, што мне ніколі не давялося б яе саромецца, хоць яна і нарадзілася ў шынку.
5
Стан чалавечага духу прадказаць немагчыма, і вялікая праўда фараона так асляпіла мяне, што я нават не прадчуваў нічога дрэннага, хоць у паветры дагэтуль лунаў пах пажарышчаў, а з ракі цягнула смуродам паўзгнілых цел прыхільнікаў Амона. Алея бараноў была ўпрыгожаная
стракатымі сцяжкамі, яе напаўняў вялізны натоўп, хлапчукі, што хацелі пабачыць фараона, узлезлі на дрэвы, а Пэпітатон паставіў усцяж Алеі незлічоную колькасць кашоў з кветкамі, каб народ, як заведзена, мог кідаць кветкі на дарогу, па якой неслі насілкі з фараонам. Настрой у мяне быў лёгкі, і мроіва прадчуванняў свабоды і шчаслівай будучыні Егіпта ахутвала мяне. Учора я быў прызначаны царскім трэпанатарам і прынёс з палаца падораную фараонам залатую чашу. Побач са мною стаяла прыгожая сталая жанчына, якая была маёй сяброўкай і трымала мяне пад руку, а вакол нас на месцах для абраных стаялі вясёлыя людзі, якія смяяліся і жартавалі. Простага люду я нават не бачыў. Было незвычайна ціха, так ціха, што з вяршыні вялікага храма да Алеі бараноў далятала крумкачынае карканне: падлажэры ўжо ўтняздзіліся ў Фівах і, атлусцеўшы, проста не маглі паляцець назад у горы.