Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
калі ўсміхаецца ён, і хмурыцца, калі хмурыцца іх уладар. Так здаўна рабілі іх бацькі і бацькі іх бацькоў, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну свае прыдворныя пасады і ганаровыя чыны, якімі яны ганарыліся. Быў сярод іх і носьбіт царскіх пантофляў, які за ўсё жыццё, напэўна, ніводнага разу не абуўся сам, быў і царскі падавальнік чашы, які за ўсё жыццё ніколі сам не выціскаў вінаграду, быў і царскі пекар, які ніколі ў жыцці не бачыў, як з мукі вырабляецца хлеб, і царскі захавальнік масцяў, і царскі выканаўца абразання, і яшчэ вялікая колькасць розных чыноў. Быў і я, царскі трэпанатар, хоць ніхто не думаў, што я магу ўскрыць фараону чэрап. Але ў адрозненне ад іншых лайдакоў я змог бы зрабіць сваю справу і нават змог бы зберагчы фараону жыццё.
Усе яны прыехалі ў Ахетатон, усе яны весяліліся і спявалі гімны ў гонар Атона. Яны прыехалі на караблях, упрыгожаных кветкамі, як на свята, яны прывезлі з сабою слуг і вялікую колькасць гарлачоў з віном. Яны пасяліліся ў шатрах і пад павецямі на беразе Ніла, пілі, елі і забаўляліся, бо вада ўжо сышла, квітнела і духмянілася вясна, чыстае паветра п'яніла, як маладое віно, а на дрэвах шчабяталі птушкі. Каб абслужыць іх, патрабавалася гэтулькі слуг і рабоў, што месца, дзе яны месціліся, нагадвала маленькі горад. А самі прыдворныя не ўмелі нават памыць як след рукі ці намазаць твар духмяным алеем, яны былі бездапаможныя, як малыя дзеці, якія толькі вучацца рабіць першыя крокі.
Але яны бясстрашна хадзілі за фараонам, калі той паказваў месцы для дамоў і вуліц, і рабы неслі над іх бясцэннымі галовамі парасоны, аберагаючы ад пякучага сонца. Яны захапляліся будаўніцтвам сваіх дамоў, якія рабілі будаўнікі, і часам фараон нават сам падымаў цагліну, каб пакласці яе на другую. I яны, задыхаючыся, таксама неслі цэглу на сцены свайго дома і рагаталі, падрапаўшы рукі, а высакародныя жанчыны на каленях мясілі гліну. Маладзейшыя і прыгажэйшыя скідвалі з сябе вопратку і пакідалі толькі паясную павязку, як гэта рабілі прасталюдзінкі, калі мясілі цеста.
Аднак, пакуль яны мясілі гліну, рабы павінны былі трымаць над іх галовамі парасоны, каб сонца не апякло іх тонкую скуру. Крыху папрацаваўшы, яны сыходзілі, а пасля іх заставаўся такі беспарадак, што будаўнікі на чым свет стаіць клялі іх ды іх дапамогу, робячы нанава працу, якую нібыта зрабілі высакародныя. Праўда, маладых знатных жанчын праклёны не тычыліся, будаўнікі з задавальненнем разглядалі іх і, прыкідваючыся няўклюднымі, шлэпалі далонямі па гліне, ад чаго маладзіцы вішчалі ад страху і задавальнення. Аднак, калі прыдворныя жанчыны былі старыя і непрыгожыя і пачыналі падбадзёрваць будаўнікоў словамі або казытаць ім запэцканыя глінай шчокі, будаўнікі ўсур'ёз лаялі іх і ранялі ім на ногі гліняныя цагліны, каб хутчэй прагнаць з будоўлі.
Прыдворныя вельмі ганарыліся сваімі будаўнічымі поспехамі і хваліліся імі, падлічваючы, калькі цаглін паклалі сёння, і паказваючы фараону падрапаныя рукі, каб заслужыць яго пахвалу.
Але хутка захапленне гульнёй у будаўніцтва прайшло, і, удосталь нацешыўшыся ім, яны ўзяліся капаць зямлю ды разбіваць сады. Садоўнікі клікалі на дапамогу багоў і пракліналі нязваных памагатых, бо тыя бесперапынна хацелі перасаджваць кусты і дрэвы з месца на месца, а грабары называлі іх адроддзем Сэта, бо яны кожны дзень знаходзілі ўсё новы месцы пад рыбныя сажалкі. Зрэшты, прыдворным не хацелася сапсаваць што-небудзь знарок — яны проста не разумелі, што замінаюць тым, хто працуе, думаючы, што сапраўды ім вельмі дапамагаюць. А ўвечары яны пілі віно і адзін перад адным хваліліся.
Але неўзабаве гэтыя гульні ім устылі, яны пачалі скардзіцца на спёку, у іх пасцелях завяліся пясчаныя блохі, так што ўсю ноч яны толькі стагналі ды вохкалі, а ўранні прыходзілі да мяне па якую-небудзь мазь ад блох. Нарэшце яны пачалі праклінаць Ахетатон, і шмат хто вярнуўся ў свае маёнткі, а некаторыя ўпотай ездзілі забаўляцца ў Фівы, і толькі самыя адданыя сядзелі ў ценю шатроў і павецяў, пілі халоднае віно ды гулялі ў цыркі, то прайграючы ўсю сваю маёмасць, то адгульваючы яе назад, у чым знаходзілі своеасаблівае суцяшэнне ад аднастайнасці жыцця. А сцены дамоў тым часам не пераставалі расці, і Ахетатон са сваімі дзівоснымі садамі ўзняўся сярод пустэльні, як чароўная казка, усяго за не калькі месяцаў. Але колькі гэта ўсё каштавала, я сказаць не магу. Ведаю толькі, што ўсяго золата Амона не хапіла, тым больш, што сутарэнні яго храма аказаліся пустыя, бо жрацы прадбачліва раздалі золата на зберажэнне сваім людзям.
Хачу яшчэ сказаць, што з прычыны будаўніцтва Ахетатона царская сям'я раздзялілася: царыца-маці адмовілася паехаць за сваім сынам у пустэльню, бо з тае пары, як у садах на левым беразе ракі зазіхацеў Залаты палац, пабудаваны ў гонар кахання да яе фараонам Аменхатэпам, Фівы сталі яе горадам. А некалі царыца Тэйе была беднай лаўчыхай птушак у чаратах Ніжняга Егіпта. Таму цяпер яна і не хацела з'язджаць з Фіваў, а з ёю засталася царэўна Бэкетамон. Кіраўніком Фіваў стаў жрэц Эйе, які меў тытул носьбіта фараонава жазла і сядзеў праваруч ад трона перад скуранымі скруткамі законаў. Так што ў Фівах усё ішло, як раней, а тое, што ілжэфараон з'ехаў, фіванцаў не надта маркоціла.
Царыца Неферціці таксама на час родаў вярнулася ў Фівы. Яна не адважвалася нарадзіць без фіванскіх лекараў і негрыцянскіх чарадзеяў, але зноў нарадзіла — ужо трэцюю — дачку, Анкесенатон, якая пазней стала царыцай. Негрыцянскія чараўнікі таксама зрабілі яе галаву доўгай і вузкай, каб аблегчыць роды, а калі прынцэса падрасла, пры-
дворныя дамы і знатныя жанчыны Егіпта, жадаючы набыць вытанчаны выгляд, пачалі насіць накладныя патыліцы, каб зрабіць галаву болей выцягнутай. Што да саміх прынцэс, то яны наўмысна галілі свае галовы, каб яшчэ больш падкрэсліць сваю прыродную прыгажосць. Мастакі захапляліся імі, рабілі іх каменныя бюсты, а потым расфарбоўвалі іх, не ведаючы, што гэты прыём паходзіць ад негрыцянскіх варажбітоў.
Пасля нараджэння дачкі царыца Неферціці адразу вярнулася ў Ахетатон і пасялілася ў пабудаваным за час яе адсутнасці палацы. Жаночыя пакоі ў Фівах яна паспяшалася пакінуць яшчэ і таму, што, будучы раздражнёнай нараджэннем трэцяй дачкі, не хацела, каб фараон траціў сваю мужчынскую сілу на іншых жанчын. Эхнатон таксама нічога не меў супраць, бо яму надакучылі мужчынскія абавязкі ў жаночых пакоях, дый ніхто, апроч Неферціці, яму і не быў патрэбен. Дый гэта было зразумела кожнаму, хто бачыў прыгажосць Неферціці, якой не пашкодзілі і трэція роды. Яна стала нават яшчэ прыгажэйшай і маладзейшай, а вось што гэтаму дапамагло — ад'езд з Ахетатона ці негрыцянскія чары, — сказаць не магу.
Так за год узняўся сярод пустыні горад Ахетатон. Гордыя вершаліны пальмаў загайдаліся ўсцяж галоўных вуліцаў, у садах выспявалі чырвоныя гранаты, а на сажалках квітнелі лотасы. Увесь горад быў квітучым садам, яго драўляныя дамы лёгка ўздымаліся ў вышыню, як грацыёзныя альтанкі, а стройныя калоны з трыснягу і пальмаў былі страката і ярка расфарбаваныя. Сады не проста набліжаліся да дамоў, яны ўваходзілі ў іх у выглядзе цудоўных малюнкаў, на сценах пад вечным вясеннім ветрыкам гайдаліся пальмы і сікаморы, на намаляваных палях зелянелі чараты, а сярод іх плавалі розныя рыбы, а з зарасцяў выляталі качкі з бліскучымі крыламі. У горадзе было ўсё, што толькі магло радаваць чалавечае сэрца: лёгкія газелі скакалі па садах, па вуліцах ездзілі прыгожыя каляскі, запрэжаныя маленькімі коньмі і ўпрыгожанымі пёрамі страўсаў, а кухні духмяніліся аскомістымі прыправамі з усяго свету.
Так вырас Паднябесны горад, і калі ўвосень, выкапаўшыся з глею, прыляцелі і неспакойнымі чародкамі загойсалі над прыбываючай вадой ластаўкі, фараон урачыста прысвяціў горад і навакольную зямлю Атону. Ён асвяціў памежныя камяні, пакладзеныя з чатырох бакоў свету, і на кожным камяні Атон бласлаўляў фараона і яго сям'ю сваімі промнямі, а кожны надпіс сведчыў, што фараон Эхнатон клянецца, што яго нага не ступіць за межы зямлі Атона. Дзеля такога абраду будаўнікі забрукавалі дарогі на ўсе чатыры бакі свету, і фараон змог даехаць да памежных камянёў на сваёй залатой калясніцы, а яго сям'я і прыдворныя рухаліся за ім у насілках і на калясніцах, кідаючы на дарогу кветкі пад гукі флейтаў і струн, якія гучалі ў славу Атона.
Фараон Эхнатон не хацеў пакідаць Ахетатон нават пасля смерці, і
таму, калі будаўніцтва горада было скончанае, паслаў будаўнікоў ва ўсходнія горы зямлі Атона высекчы там магілы. I ніхто адкуль больш не вярнуўся, бо на стварэнні свяшчэнных магіл фараона трэба было працаваць усё жыццё. Але я мушу заўважыць, што будаўнікі не маркоціліся па колішніх сваіх родных мясцінах, бо прывыклі жыць пад ценем фараона ў горадзе, які самі пабудавалі і дзе атрымлівалі шмат хлеба, дзе ў іх заўсёды было ўдосталь алею і дзе жанчыны нараджалі ім здаровых дзяцей. Закончыўшы будаваць сваю грабніцу і грабніцы прыдворных, што захацелі застацца вернымі ўладару пасля смерці і быць пахаванымі непадалёк ад яго ў Паднябесным горадзе, фараон Эхнатон загадаў пабудаваць па-за сценамі горада і Дом Смерці, каб целы тых, хто памёр у Ахетатоне, не зніклі, а, набальзамаваныя, зберагліся навечна. Дзеля гэтага з фіванскага Дома Смерці прывезлі самых спрактыкаваных майстроў бальзамоўшчыкаў і мыйшчыкаў трупаў, нават не цікавячыся, якому богу яны пакланяюцца, бо з прычыны адмысловасці іхняй працы ніякай пэўнай веры ў гэтых людзей быць не магло. Яны спусціліся ўніз па рацэ на чорным караблі, і вецер далёка разносіў іх брыдкі пах. Жыхары селішчаў на берагах хаваліся ў хатах, запальвалі вохныя палачкі і маліліся Атону, хоць шмат хто ўзносіў малітвы і старым багам і жагнаўся ахоўным знакам Амона.
Узяўшы свае прылады, мыйшчыкі трупаў і бальзамоўшчыкі спусціліся з карабля і заміргалі, бо прывыклі да цемры, што заўжды панавала ў Доме Смерці. Яны пракліналі святло, ад якога ў іх моцна балелі вочы. Яны паспешліва прайшлі ў свой новы Дом Смерці, занеслі туды свой смурод і зноў адчулі сябе, як дома. Сярод іх быў і стары майстар абцугоў Рамосэ, які даставаў з чарапоў мазгі, і неўзабаве я сустрэў яго ў Доме Смерці, загадчыкам якога мяне прызначыў фараон, бо жрацы Атона адчувалі да гэтага Дома страх. Мы сустрэліся, і Рамосэ доўга глядзеў на мяне, не пазнаючы, а пазнаўшы, вельмі здзівіўся. Каб заслужыць у яго давер, я расказаў яму ўсё пра сябе. Але мне не цярпелася даведацца, які плён прынесла мая помста ў Доме смерці ў Фівах, — сумнеў, як чарвяк, тачыў маё сэрца. Таму, пагаварыўшы крыху пра яго задачы і абавязкі, я спытаў: