• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я спыняўся ля многіх пасяленняў і запрашаў да сябе старастаў пагутарыць з імі. У сувязі з гэтым маё падарожжа не было такім непрыемным, якім уяўлялася напачатку. На мачце майго карабля развіваўся царскі штандар, мой ложак у карабельнай хацінцы быў мяккі і ўтульны, a сустрэчны паток вады не прыносіў мух. Мой кухар ехаў следам на адмысловым чоўне-кухні і ва ўсіх стрэчных вёсках яму неслі дарункі, так што на маім стале заўжды была свежая ежа. Але калі да мяне прыходзілі мужчыны з новых вёсак, я бачыў, што яны былі худыя, як шкілеты, жанчыны глядзелі спалохана, баючыся кожнага шолаху, а дзеці мелі хваравіты выгляд і скрыўленыя ногі. Людзі паказвалі мне засекі, і напалову не запоўненыя збожжам, якое было чамусьці ў чырвоных плямах, нібыта закапанае крывёю, і казалі:
    —	Спачатку мы думалі, што няправільна апрацоўваем зямлю, бо раней ніколі не былі земляробамі. Мы думалі, што самі вінаватыя, што скаціна дохне, а ўраджаі зусім невялікія, але цяпер мы ведаем, што зямля, якую нам даў фараон, — праклятая, і кожны, хто апрацоўвае яе, таксама пракляты. Па начах нябачныя ногі вытоптваюць палеткі, нябачныя рукі ламаюць садовыя дрэвы, скаціна гіне без дай прычыны, вадзяныя каналы забруджваюцца, а ў студнях мы знаходзім падлу, так што нам не хапае нават пітной вады. Многія ўжо кінулі гэтую зямлю і вярнуліся ў гарады яшчэ больш збяднелымі, чым раней, а таму праклінаюць фараона і ягонага бога. Але мы засталіся дзеля нашай веры, мы спадзяемся на чароўныя пісьмёны і жыватворныя крыжы, якія фараон прыслаў нам. Мы павесілі іх на высокіх жардзінах сярод палёў, каб аберагчы нашы пасевы ад саранчы, Аднак, Амон мацнейшы за фараона, і нам нічога не дапамагае, хоць мы і молім ягонага бога аб дапамозе. Але і наша вера слабее, мы ўжо доўга не вытрываем і, відаць, хутка кінем гэтую праклятую зямлю, пакуль не памерлі ўсе да аднаго, як многія нашы жонкі і дзеці.
    Я наведаў школы, дзе настаўнікі, убачыўшы мой жыватворны крыж Атона на вопратцы, паспешліва хавалі дубцы і жагналіся знакам Атона, а дзеці сядзелі на гліняных таках, падціснуўшы ногі і так спалохана, так неадрыўна глядзелі на мяне, што забываліся выціраць насы. Настаўнікі казалі мне:
    —	Мы разумеем, што няма болей шалёнай задумы, чым навучыць пісаць і чытаць усіх дзяцей, але чаго не зробіш дзеля фараона, якога мы любім, які для нас і бацька, і маці, і мы шануем яго, як сына бога Атона. I ўсё ж мы, людзі вучоныя, наносім шкоду сваёй годнасці, калі сядзім
    тут на таках са смаркатымі дзецьмі і выводзім вычварныя знакі на пяску, бо няма ў нас ні таблічак, ні чаротавых пісалаў, а хоць бы і былі, дык новым пісьмом нельга перадаць усю мудрасць, якую мы набылі цяжкай працай і неймаверным стараннем. Заробак нам плацяць нерэгулярна, бацькі таксама плацяць не на поўную меру, бо піва ў іх вадзяністае і кіслае, а алей ў гаршчках з'ёлклы. Але мы не адступімся, каб фараон напраўду пабачыў, што навучыць усіх дзяцей пісьменнасці немагчыма, што толькі лепшыя з лепшых могуць спасцігнуць навуку пісьменства, толькі тыя, у каго галовы найбольш здатныя да навучання. Таксама глупства, на нашу думку, вучыць пісьму дзяўчынак, бо такога не было спрадвеку, і думаецца нам, што царскі пісар напісаў гэта памылкова, што таксама сведчыць пра непрыдатнасць новай пісьменнасці.
    Я правёў іспыты настаўнікаў і застаўся незадаволены іх уласнымі ведамі, але больш за ўсё мяне расчаравалі самі настаўнікі: іх выгляд і блукаючыя вочы казалі мне, што гэта былі не настаўнікі, а проста разбэшчаныя пісарчукі, якіх ніхто не хацеў браць на службу. Яны былі не надта разумныя і насілі знак жыватворнага крыжа Атона толькі дзеля кавалка хлеба, а калі і трапляліся сярод іх выключэнні, дык гэта і былі менавіта выключэнні, а як вядома, адна ластаўка — не вясна з выраю. Земляробы і старасты прасілі мяне ў імя Атона:
    — Сінухе, гаспадар наш, папрасі за нас фараона, хай ён вызваліць нас хоць бы ад аднаго цяжару, ад гэтых няшчасных школ, бо з імі мы ўжо пэўна не выжывем. Нашы сыны вяртаюцца ў сіняках ад біцця, з вырванымі пасмамі валасоў, а гэтыя паганыя настаўнікі, ненасытныя, як кракадзілы, абжыраюць нас дашчэнту, ім ніколі не хапае ні піва, ні хлеба, яны вытрасаюць з нас апошнія медзякі і забіраюць скуры, каб купляць сабе віно, яны прыходзяць у нашы хаты і цешацца з нашымі жонкамі, кажучы, што такая воля Атона, бо ў ягоных вачах няма розніцы паміж адным і другім чалавекам, а значыць паміж адной і другай жанчынай!
    Я нічым не мог дапамагчы ім, бо фараон загадаў мне толькі вітаць іх ад свайго імя. Таму я адказаў:
    — Фараон не можа зрабіць усё за вас. Вы самі вінаватыя, калі Атон не хоча блаславіць вас і вашу зямлю. Я чуў, што вы сквапныя і не хочаце пускаць у школы дзяцей, прымушаючы іх працаваць на палях, a пакуль вашы дзеці капаюць канавы, вы самі лайдачыце. I ў тым, што тычыцца цнатлівасці вашых жонак, я таксама не магу дапамагчы, бо яны выбіраюць самі, з кім ім весялей. Я гляджу на вас і саромеюся перад тварам фараона, бо ён паслаў вас на вялікую справу, надзяліў звыш усялякай меры, каб вы маглі здзейсніць вялікія змены ў жыцці. А вы замест таго толькі псуяце ўрадлівыя егіпецкія землі ды па наказе жрацоў рэжаце на продаж добрую скаціну.
    У адказ яны гучна залямантавалі:
    — Напраўду, мы не хацелі ніякіх зменаў, бо хоць і былі ў горадзе беднымі, але болей шчаслівымі, і кожны дзень прыносіў нам што-небудзь новае, а тут мы не бачым нічога, апроч брудных канаваў і дохлай гавяды! Праўду казалі нам: «Асцерагайцеся ўсяго новага, бо кожная змена ў жыцці ідзе толькі на горшае бедным! Што б ні рабілася ў свеце, усё будзе да горшага, і хлеба ў бедняка паменшае, і ўзровень алею ў гарлачы папаўзе ўніз».
    Сэрца падказвала мне, што яны кажуць праўду, і я больш ім не пярэчыў і працягваў падарожжа. Але думаючы пра фараона, я адчуваў на душы цяжар і з засмучэннем здзіўляўся, чаму ўсё, да чаго толькі ён не дакранаецца, аказваецца праклятым, чаму руплівыя дзякуючы яму робяцца лайдакамі, а да Атона, як мухі на падлу, злятаюцца толькі самыя нікчэмныя людзі. I я ўспомніў, пра што сам думаў, калі спускаўся па рацэ яшчэ да таго, як пачалі ўзводзіць Ахетатон: «Сам жа нічога не згублю, калі паеду ўслед за Атонам». Дык ці маю я цяпер права ў нечым папракаць гультаёў, хціўцаў дый проста ўбогіх людзей, якім не было чаго губляць, калі яньі пайшлі за Атонам разам са сваёю лянотай, хцівасцю і ўбогасцю? Хіба сам я не правёў гэтыя гады ў Залатым палацы, абжыраючыся і апіваючыся? I хіба не прынёс бы я болей карысці, усяго месяц бясплатна лечачы хворых у Фівах, у параўнанні з тымі гадамі, якія правёў у залатым і багатым горадзе Ахетатоне?
    I тут у сэрца маё закралася страшная думка: «Фараон хоча, каб настаў час, калі не будзе ні багатых, ні бедных. А калі ў гэтым і заключаецца мэта, дык, значыць, прасталюдзін, які ўсё робіць сваімі рукамі, і ёсць галоўная сутнасць жыцця, а ўсё астатняе — толькі залачонае покрыва на паверхні і нічога болей. I тады выходзіць, што сам фараон і ўсе насельнікі Залатога палаца, усе багацеі і вяльможы, ды і я сам, які правёў апошнія гады ў ляноце і гультайстве, — усе мы проста паразіты на целе народа, падобныя да блох на целе сабакі. Можа блыха ў сабачай поўсці таксама думае, што яна і ёсць соль жыцця, а сабака існуе толькі дзеля яе блышынага існавання. А можа і сам фараон са сваім Атонам падобны да такіх сабачых паразітаў і прычыняе целу, на якім жыве, толькі непакой і болей нічога, бо без блох сабаку жывецца нашмат лепей і здаравей».
    Так вось здарылася, што маё сэрца прачнулася пасля доўгага сну і скінула з сябе насланнё Ахетатона. Я агледзеў усё навокал новымі вачыма, і ўсё, што толькі траплялася мне на вочы, было нядобра. А можа так адбывалася таму, што патаемныя чары Амона скрыўлялі ўсё вакол, бо мелі нябачную ўладу над усім Егіптам, за выключэннем Паднябеснага горада, адзінага месца, дзе ўлада Амона была бяссільная. Дзе крылася праўда — я не бяруся даводзіць, скажу толькі што на свеце ёсць
    людзі, якія не хочуць змяняць сваіх поглядаў і кожны раз, калі ім трапляецца што-небудзь новае, паводзяць сябе, як чарапаха, уцягваючы галаву пад панцыр, а мае ўяўленні пастаянна змяняюцца пад уздзеяннем таго, што ўдаецца пачуць, пабачыць, даведацца, і гэта вонкавае так лёгка ўплывае на мае меркаванні, што я і сам таго не заўважаю.
    Такім вось чынам я ўбачыў тры вяршыні на даляглядзе, трох спрадвечных вартавых Фіваў, зноў перада мною паўсталі дахі і сцены храма, але цяпер спічакі абеліскаў не зіхцелі пазалотай, бо не было каму аднавіць яе. I ўсё ж іхні выгляд быў прыемны майму сэрцу, я выліў чашу віна ў воды Ніла, як гэта робяць мараплаўцы, вяртаючыся дамоў пасля доўгага падарожжа, — праўда, яны выліваюць не віно, а піва, зберагаючы віно на свае ўцехі, калі толькі тое віно яшчэ застаецца пасля доўгага плавання, бо запасы ў жбанах у маракоў ніколі не бываюць занадта вялікімі. А потым я ўбачыў высокія каменныя дамбы і ўдыхнуў водар гавані, гэта быў пах сапрэлага зерня, вады, напоўненай брудам, востры пах прыправаў, вохнасцяў і смалы, асабліва прыемны быў мне пах смалы.
    Але былы дом медніка ў бядняцкай частцы горада здаўся мне ўбогім і цесным, а завулак перад ім — смярдзючым і поўным мух. He парадаваўся я і паглядзеўшы на смакоўніцу, якую пасадзіў сваімі рукамі, за гэты час яна ўзнялася вельмі высока. Так вось сапсавалі мяне багацце і раскоша Ахетатона. Мне стала сорамна перад сабой, і маё сэрца напоўнілася тугою. Каптаха не было дома, і мяне сустрэла толькі кухарка Муці, якая, убачыўшы мяне, жаласна залямантавала:
    — Хай будзе блаславёны той дзень, які прывёў дадому майго гаспадара! Толькі пакоі пана не прыбраныя, а бялізну я аддала памыць! Твой прыезд, мой гаспадар, прынясе мне шмат клопатаў і непакою, хоць я і так нічога вясёлага ад жыцця не чакаю! Але тваё нечаканае вяртанне не здзіўляе мяне, бо так ужо робяць усе мужчыны, і чакаць ад іх чагосьці добрага — марная справа!
    Я паспрабаваў уціхамірыць яе, сказаўшы, што правяду ноч на караблі, але яна, нічога не слухаючы і заклікаючы ў сведкі печку, веранду і садовыя кусты, скавытала і енчыла пра непамерны клопат, які кладзецца на яе старыя плечы пасля майго вяртання. 3 тым я яе і пакінуў, загадаўшы аднесці мяне ў шынок «Кракадзілаў хвост», дзе мяне сустрэла Мэрыт. Праўда, у маёй новай вопратцы і ў насілках, яна адразу не пазнала мяне і спытала: