Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Каптах балбатаў і казаў усю гэтую лухту, каб неяк выйграць час, думаючы, што я змяню рашэнне, але, зразумеўшы, што я ўсё адно не адмоўлюся, злосна вылаяўся і, заклікаўшы на дапамогу ўсіх багоў, якіх толькі памятаў з часоў нашых падарожжаў, сказаў:
— Можа, цябе, мой гаспадар, укусіў шалёны сабака або скарпіён укалоў сваім джалам? Спачатку я думаў, што ты няўклюдна жартуеш, кажучы такія неразумныя словы! Але ж гэтае тваё рашэнне давядзе нас да галечы, хіба толькі наш скарабей выратуе нас. Праўда, і мне не падабаецца глядзець на схуднелых людзей, так што я нават адварочваюся ад іх, чаго і табе жадаю, бо тое, чаго чалавек не бачыць, яму і не абавязкова ведаць. Дый я і так раздаваў зерне беднякам, не толькі каб супакоіць сваё сумленне, але і таму, што гэта было выгадна пры тых дурных падатковых законах, якія ўстанавіў фараон. Але самае паганае, што ты загадваеш мне выпраўляцца ў цяжкае падарожжа і пэцкаць мае ногі ў гліне, а я ж магу там спатыкнуцца і ўпасці ў якую-небудзь канаву, бо я чалавек стары і стомлены, мае суглобы даўно страцілі гнуткасць, мне патрэбен мяккі ложак, страва, якую гатуе Муці, і апроч таго, я задыхаюся на хаду.
Але я бязлітасна сказаў:
— Усё ты брэшаш, Каптах, прычым яшчэ больш, чым раней: за апошнія гады ты зусім не састарэў, а памаладзеў, і твае рукі ўжо не трасуцца, і вочы зусім не чырвоныя, а калі і пачырванелі, дык толькі цяпер ад выпітага віна. Таму як лекар я прызначаю табе гэтае нялёгкае падарожжа, бо люблю цябе і хачу, каб ты трошкі скінуў вагі і каб мне не было сорамна за слугу, які растаўсцеў без меры. Напраўду, Каптах, успомні, як радасна было калісьці крочыць пыльнымі шляхамі Вавілоніі, як радасна было ехаць па гарам Лівана на асле, а яшчэ радасней было злезці з яго ў Кадэшу. I напраўду, каб я быў крыху маладзейшы, я маю на ўвазе, каб на мне не ляжаў цяжар адказнасці за шматлікія даручэнні фараона, якія мяне ўтрымліваюць туг, я і сам паехаў бы з табой у гэтае падарожжа, каб пачуць, як людзі будуць потым услаўляць тваё імя.
Каптах слухаў мяне змрочна, а калі я прыгадаў пра асла, яшчэ больш спахмурнеў. Ён увесь час ён загінаў пальцы, робячы нейкія разлікі, і ўрэшце сказаў:
— Трэба спяшацца: каб паспець зрабіць усё неабходнае і адсеяцца, мне трэба паслаць усіх сваіх слуг ды наняць новых, каб хутчэй раздаць зерне. Таксама мне трэба ўзяць з сабою пісарчукоў, каб запісаць усё законным чынам, бо гэтыя слугі Атона вялікія круцялі, і я здзяру з іх тры скуры, калі яны не змогуць пасеяць зерне і сабраць ураджай. На шчасце ў нас ёсць наш уласны карабель, так што падарожжа маё не будзе надта цяжкім, апроч таго, я думаю ўзяць з сабой карабель для кухні, бо мой страўнік разбэсціўся і можа прымаць толькі самую лепшую страву, за што ты мяне ўжо дакараў. Праз пратокі мяне будуць пранасіць у насілках, бо паглядзі на мяне, мой гаспадар, і падумай, ці гожа мне скакаць цераз канавы, я ўжо не здольны на такія скачкі з прычыны старасці і нягнуткасці. Але астатнія твае словы цалкам муд-
рыя, бо дзеўкі ў дамах уцех сапраўды смяюцца з мяне, дый мне ўжо не так прыемна бавіць час з імі, бо я пачынаю задыхацца, калі хачу павесяліцца як след, а гэта даволі сумна! Гэта пры тым, што я магу пацешыцца з любой фіванскай жанчынай! Зрэшты, я не такі дурны, каб траціць на іх сваё золата, і ў адрозненне ад цябе добра ведаю, што любая рабыня дасць мне тое самае, што і намазаная дарагім алеем дзеўка з залатым кальцом у носе. Але які сэнс казацьтабе пра жанчын, калі ты ў іх нічога не цяміш, як і ва ўсіх іншых простых зямных радасцях, ад чаго на тваім твары застыў гэты нязменна кіслы выраз. Аднак я спадзяюся, што наш скарабей дапаможа ператварыць тваё неразумнае рашэнне ў выгадную здзелку, а не ў пракляцце, дзеля чаго я буду рабіць розныя справы, пра якія таксама казаць табе марна, бо ты і ў іх нічога не разумееш. Напаследак мне хацелася б пажадаць, каб і цябе аднойчы паслалі ў такое самае цяжкае падарожжа па такой самай дурной справе і каб ты на ўласным карку адчуў тое, што цяпер адчуваю я.
Гэтае яго пажаданне спраўдзілася даволі хутка, пра што я распавяду пазней. Mary сказаць толькі, што мы болей не спрачаліся і не сварыліся, Каптах падпарадкаваўся майму рашэнню, і мы доўга бавілі час, пацягваючы віно аж да вечара. Мэрыт піла з намі, і яе смуглявыя калені былі аголеныя так, што час ад часу я мог іх цалаваць. Каптах пачаў успамінаць пра дарогі і гліняныя такі Вавілоніі, але ж калі з ім сапраўды некалі адбывалася тое, пра што ён распавядаў, дык я, напэўна, быў сляпы і глухі ад кахання да Мінеі. Я памятаў Мінею, хоць і правёў гэтую ноч на ложку Мэрыт і нам было добра разам так, што маё сэрца пацяплела і самота пакрысе растала. Але я не сказаў ёй «сястра», бо яна была мне сяброўкай, і ўсё, што яна рабіла дзеля мяне, было самым сяброўскім, што можа зрабіць жанчына для мужчыны. Таму я быў гатовы разбіць з ёю гаршчок, але яна не захацела, кажучы, што нарадзілася ў шынку, а я для яе — занадта высокапастаўленая асоба. Аднак думаецца мне, што яна проста хацела зберагчы сваю свабоду і застацца мне толькі сяброўкай.
4
Наступным днём я павінен быў наведаць Залаты палац і паўстаць перад царскай маці, якую ўсе ў Фівах называлі чараўніцай або негрыцянскай вядзьмаркай, і нікому не патрабавалася тлумачыць, пра якую вядзьмарку ідзе гаворка. I я лічу, што нягледзячы на ўсю сваю мудрасць і ўсе свае веды, яна заслугоўвала такіх найменняў, бо была жорсткай і зламыснай старою жанчынай, а бязмежная ўлада знішчыла ўсё добрае, што ў яе калісьці было. Пакуль я пераапранаўся ў вопратку з царскага льну і пачапіў усе адзнакі сваёй высокай пасады, да мяне з былога дома медніка прыйшла Муці, якая злосна сказала:
— Хай будзе блаславёны той дзень, які прывёў цябе дадому, мой гаспадар, але ж ты па мужчынскай звычцы прабасцяўся ўсю ноч па дамах уцехаў і не прыйшоў дадому на снеданне, хоць я старалася табе дагадзіць і згатаваць што-небудзь смачнае, правёўшы дзеля гэтага ўсю ноч на нагах. Я пякла, смажыла ды варыла, я прыспешвала гэтых лайдакоў кійком, каб яны хутчэй прыбіралі ў доме, я так старалася, што мая правая рука нават і цяпер баліць. Я старая і стомленая жанчына, якая даўно не мае ніякай веры мужчынам, і твае паводзіны сённяшняй ноччу і ўранні не дадаюць такой веры. А цяпер ідзі дадому ды з'еш сняданак, які я табе згатавала! Можаш узяць з сабой і сваю самадайку, калі ўжо не здольны расстацца з ёю ні на хвіліну!
Яна так казала заўсёды, хоць я добра ведаў, што яна вельмі любіць Мэрыт. Такая ўжо ў яе была звычка! Я прывык да яе за гады, што правёў у доме медніка, калі быў маладым і бедным лекарам, а таму яе з'едлівыя словы гучалі для маіх вушэй, як пяшчотная музыка, і я нарэшце адчуў, што вярнуўся дадому. Таму я з вялікім задавальненнем паслаў ганца па Мэрыт у «Кракадзілаў хвост», а Муці, ідучы старэчай хадой побач з маімі насілкамі, няспынна бурчэла:
Я думала, што ты супакоіўся, навучыўся паводзіць сябе прыстойна, калі ўжо табе давялося жыць у царскім палацы, але бачу, што нічому ты не навучыўся, застаўся гэткім жа бесталковым, як раней! Дарма я радавалася, гледзячы ўчора на твой спакойны і добрапрыстойны твар. Маё сэрца цешылася, калі я глядзела на твае круглыя шчокі, бо мужчыны, таўсцеючы, робяцца больш ціхамірныя. Але схуднееш ты за час жыцця ў Фівах не па маёй віне, а праз дурны свой характар! Усе мужчыны на свеце аднолькавыя, і ўсё зло на свеце толькі ад мужчын ды ад той маленькай прылады, якую яны сарамліва хаваюць пад вопраткай! Ды мне й не дзіва, што яны яе саромеюцца.
Яна чаўпла гэта бясконца і бесперапынна і нечым напомніла маю маці маю, Кіпу, так што я ледзь не пусціў слязу, але потым стрымаўся і сурова загадаў:
— Змоўкні, жанчына, бо твая балбатня замінае маім думкам, а твае словы падобныя да зыкання мухі ў вушах маіх!
Тады яна змоўкла, задаволеная, што я на яе накрычаў, тым самым засведчыўшы, што гаспадар напраўду вярнуўся ў хату.
Да майго прыходу яна вельмі гожа прыбрала ў доме: калоны на верандзе былі ўпрыгожаныя вянкамі, двор і вуліцу перад домам чыста падмялі, і шкілет кошкі, які раней ляжаў тут, цяпер валяўся перад суседскімі веснічкамі. Вулічныя хлапчукі, якім Муці дзеля гэтага заплаціла, выгукнулі хорам:
— Хай будзе блаславёны той дзень, які прывёў дадому майго гаспадара!
Яна падстроіла гэта таму, што яе засмучала, што ў мяне няма дзяцей, і яна вельмі ўзрадавалася б, калі б дзеці ў мяне раптам вось так, без жонкі, нейкім цудоўным чынам завяліся. Мне як лекару невядома, як такое магло б адбыцца, але Муці пра гэта марыла. Я даў дзецям медзі, а Муці пачаставала іх мядовымі аладкамі, і яны пайшлі вельмі задаволеныя. Хутка прыехала Мэрыт у прыгожых строях, з кветкамі ў валасах, ад якіх прыемна пахла вохным алеем, так што Муці доўга прынюхвалася ды круціла носам, паліваючы нам на рукі. Муці згатавала такія стравы, якіясамі раставалі ў роце, і гэта была сапраўдная фіванская ежа, пра якую я ўжо забыўся ў Ахетатоне, — параўнацца з ёю не можа ніякая іншая кухня ў свеце. Але можа, мой голад тлумачыўся прысутнасцю Мэрыт, якая вярнула мне маладосць, і я адчуваў, што і сэрца, і цела ў мяне зноў сталі юныя. А Муці падавала на стол і не сціхала ні на хвілінку:
— Напэўна, ты будзеш лаяцца, мой гаспадар, што я крыху перасмажыла гэтую птушку, ды ты і маімі прыправамі ніколі не быў задаволены. А ты, Мэрыт, ці паспытала стрыжні пальмавых парасткаў? Я спякла іх з ныркамі! Звычайна такую ежу я добра гатую, але гэты раз ныркі перапякліся. А ты, мой гаспадар, нават не ведаеш, колькі разоў я гутарыла з гэтай прыгожай і прыстойнай жанчынай, як я перасцерагала яе ад цябе ды запэўнівала, што ты чалавек легкадумны і зменлівы, з дурным норавам, але яна не хоча верыць таму, што я кажу! А я вось не разумею, што яна знаходзіць у табе прывабнага, бо ты ўжо і злысеў. Але, што казаць: маладыя жанчыны не разумнейшыя за мужчын, іх так і вабіць тая праклятая прылада — не буду казаць пры Мэрыт, а ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе. Дый яна здагадваецца, бо зусім маладой яе не назавеш. Але досвед патрэбен жанчыне не менш, чым мужчыне, — жанчыне нават патрэбен болей, бо яна павінна трымацца як мага далей ад мужчын і не даваць веры іх хлуслівым абяцанкам. А вось гэтую рыбку я згатавала на крыцкі лад, але, здаецца, яна атрымалася горкая.