Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Хворых было так мала, што мінула некалькі тыдняў, перш чым я ўскрыў тры чарапы, каб тым самым праверыць сваё майстэрства. Дзякуючы гэтым аперацыям я набыў вялікую славу, мяне прыўзносілі як лекары, так і навучэнцы, хвалячы цвёрдасць і спрыт маёй рукі. Але ў мяне самога ад аперацый засталося гнятучае пачуццё: мае рукі былі ўжо не такія цвёрдыя і спрытныя, як у мінулым, дый вочы — не такія відушчыя. Я не змог гэтак жа лёгка, як раней, вызначыць прычыну хваробы, а таму мусіў задаваць хворым шмат пытанняў і старанна іх
аглядаць. Каб вярнуць сваё былое майстэрства і цвёрдасць рукі, я кожны дзень прымаў у сябе дома хворых, не патрабуючы ніякай платы.
Але як бы там ні было, я такі ўскрыў тыя тры чарапы, прычым адзін — толькі з літасці да невылечна хворага мужчыны, які пакутаваў ад страшнага болю. Але два іншыя выпадкі былі даволі цяжкія, і ў іх спатрэбілася ўсё маё майстэрства. Першы быў мужчына, які два гады назад упаў з гарышча, дзе спякотным летнім днём цешыўся з чужой жонкай. Ён упаў, уцякаючы ад мужа, потым сам апрытомнеў, і не было ў яго прыкметна ніякіх вонкавых пашкоджанняў. Але праз пэўны час захварэў на свяшчэнную хваробу і пакутаваў ад прыпадкаў, якія здараліся кожны раз, як ён напіваўся віна. У яго не было ніякіх відзежаў, ён толькі брыкаў нагамі, нема роў, кусаў язык і мачыўся пад сябе. Ён так баяўся сваёй хваробы, што сам папрасіў, каб яму зрабілі аперацыю. Я згадзіўся ўскрыць яму чэрап і ўзяў у дапамогу супыняльніка крыві, якога мне нараілі лекары з Дома жыцця. Але гэты супыняльнік аказаўся яшчэ болыпым дурнем і лайдаком, чым той, пра якога я ўжо распавядаў paHeft,— таго, што сканаў у Залатым палацы. На працягу ўсёй аперацыі ён толькі таптаўся побач і мне замінаў. Нягледзячы на яго прысутнасць кроў безупынку цякла з разрэзу. Але я ўсё-ткі ўскрыў цемя і ўбачыў, што мазгі ў некаторых месцах пакрытыя чорнымі плямамі старой закарэлай крыві. Ачышчэнне заняло шмат часу і не магло прайсці без пашкоджанняў. Прыпадкаў свяшчэннай хваробы ў мужчыны больш не было, бо, як гэта звычайна здараецца, на трэці дзень пасля аперацыі ён памёр. Але аперацыю ўсё адно палічылі ўдалай, і лекары славілі маё майстэрства, а навучэнцы запісвалі ўсё, што бачылі падчас аперацыі.
Другі выпадак быў прасцейшы: непрытомнага юнака падабралі на вуліцы ахоўнікі — абрабаваны, ён паміраў з прабітаю галавой. Беручыся за гэтую аперацыю, я нічым не рызыкаваў, бо іншыя лекары адмовіліся лячыць хлопца, палічыўшы яго безнадзейным. Я пастараўся як мага хутчэй ускрыць яго прабіты чэрап, дастаў з мазгоў аскепкі касцей і накрыў адтуліну чыстай срэбнай пласцінай. Хлопец паправіўся і нават праз два тыдні, калі я ўжо збіраўся ад'язджаць з Фіваў, быў яшчэ жывы. Праўда, ён з цяжкасцю варушыў рукамі, і яго далоні і ногі не адчувалі дотыкаў, але я лічыў, што з часам ён цалкам выздаравее. Хоць на гэтую трэпанацыю іншыя лекары не звярнулі вялікай увагі, але гэты выпадак быў адметны тым, што з прычыны неадкладнасці аперацыі я не пагаліў галаву хвораму, а таму, пакрыўшы срэбраную пласціну скураю з валасамі, змог зашыць рану так, што не засталося ні следу, ні шнару.
Хоць за маю высокую пасаду да мяне ўсе ў Доме жыцця ставіліся з павагай, але старыя лекары ўсё-ткі не адважваліся размаўляць са мной шчыра: я быў з Ахетатона, і яны баяліся ўлады несапраўднага бога. Таму я стараўся гаварыць з імі толькі пра тое, што тычылася лекарскіх
справаў, а яны дзень за днём яны імкнуліся пранікнуць у мае думкі, абнюхваючы з усіх бакоў, як сабака ў пошуках следу. I так цягнулася, пакуль я не пачаў адкрыта здзіўляцца на такія паводзіны. Нарэшце пасля трэцяй аперацыі да мяне наблізіўся адзін вельмі мудры і дасведчаны лекар, які па-майстэрску валодаў нажом, і сказаў:
— Высокашаноўны Сінухе, ты, вядома, заўважыў, што Дом жыцця спусцеў у параўнанні з былымі часамі, і попыт на наша майстэрства зменшыўся, хоць хворых у Фівах стала не менш, а болей. Ты, Сінухе, падарожнічаў па розных землях і бачыў шмат выздараўленняў. Але я думаю, што такіх, якія робяцца патаемна ў Фівах і не патрабуюць ні нажа, ні агню, ні павязак, ні лекаў, ты нідзе не бачыў. Мне даручылі расказаць табе пра гэта і спытаць, ці не пажадаеш ты стаць сведкам такога выздараўлення. Але ты павінен паабяцаць, што нікому не раскажаш пра тое, што ўбачыш. I яшчэ павінен дазволіць завязаць сабе вочы, калі цябе павядуць у нашае свяшчэннае месца, каб ты не мог ведаць, дзе яно знаходзіцца.
Яго словы мне не вельмі спадабаліся, бо я не хацеў пасварыцца праз гэта з фараонам. Аднак мая цікаўнасць была такою вялікай, што я згадзіўся і сказаў:
— Я і сам чуў, што ў Фівах дзеяцца розныя дзівосныя справы. Мужчыны расказваюць казкі, а жанчыны бачаць відзежы, але наконт цудоўных выздараўленняў я нічога не чуў. Як лекар я стаўлюся да выздараўленняў, якія не патрабуюць ні нажа, ні агню, ні лекаў, ні павязак, з вялікім недаверам і не хацеў бы быць замяшаным у якое-небудзь махлярства, каб маё імя не выкарыстоўвалі, каб засведчыць тое, чаго не бывае і быць не можа.
Ён горача запярэчыў:
— Мы думалі, што ты не верыш у забабоны, бо падчас шматлікіх сваіх падарожжаў па розных краінах спазнаў такое, пра што ніколі не чулі ў Егіпце. Спыняюць жа кроў без зашчэпак і без агню, дык чаму нельга вылечыць чалавека без нажа і агню? Мы абяцаем, што тваё імя нідзе замяшанае не будзе, але мы не таму хочам зрабіць цябе сведкам цудоўнага выздараўлення, — мы хочам, каб ты ўпэўніўся, што ніякага махлярства ў гэтым няма. Ты самотны чалавек, Сінухе, і будзеш справядлівым сведкам — вось чаму мы абралі менавіта цябе.
Яго словы здзівілі мяне і яшчэ больш распалілі маю цікаўнасць. Як лекар я таксама хацеў даведацца чаго-небудзь новага. Таму я згадзіўся, і з наступленнем ночы ён прыйшоў да мяне з насілкамі і зараз жа завязаў мне вочы. Калі насілкі спыніліся, ён узяў мяне за руку і павёў некуды па доўгіх праходах і шматлікіх прыступках. Мы то спускаліся ўніз, то зноў падымаліся ўгору, пакуль мне ні надакучыла і я ні сказаў, што з мяне даволі гэткага глупства. Ён супакоіў мяне і зняў з маіх вачэй
павязку, пасля чаго мы ўвайшлі ў вялікую залу з каменнымі сценамі, дзе гарэла шмат свяцільняў. На падлозе на насілках ляжалі трое хворых. Да мяне наблізіўся жрэц з паголенай галавой і тварам, які ільсніўся ад каштоўнага алею. Ён назваў мяне на імя і запрасіў агледзець хворых, каб я мог пераканацца, што ніякага ашуканства няма. Ягоны голас быў пэўны і мяккі, а вочы свяціліся мудрасцю. Я паслухаўся ягонай парады і агледзеў хворых, а мой знаёмы лекар дапамагаў мне.
Я ўбачыў, што гэтыя трое былі такія хворыя, што самі падняцца з насілак ніяк не маглі. Першая была маладая жанчына з высахлымі суглобамі і нагамі без ніякіх прыкмет жыцця, на яе схуднелым твары жылі і рухаліся толькі вочы. Быў яшчэ хлопчык з целам пакрытым чырвонай высыпкай і гнойнымі струпамі. Трэцім быў стары, якога разбіў паляруш і які з гэтай прычыны не мог хадзіць. Каб упэўніцца, што стары не прыкідваецца, я пакалоў яму ў ногі іголкай, але болю ён не адчуў. Тады я сказаў жрацу:
— Я агледзеў гэтых хворых, і калі б я быў іхнім ворагам, дык адзінае, што я мог бы зрабіць, гэта паслаць іх у Дом жыцця. Жанчыну і старога наўрад ці можна вылечыць і там, а хлопчыку палегчыць пакуты маглі б штодзённыя серныя купанні.
Жрэц усміхнуўся і прапанаваў нам, абодвум лекарам, сесці на зэдлікі ў глыбіні залы, якая патанала ў змроку, і цярпліва чакаць. Потым ён паклікаў рабоў, загадаў ім паставіць насілкі з хворымі на алтар і запаліць у курыльнях дурманныя вохныя травы. 3 праходу пачуліся спевы і ў залу ўвайшла купка жрацоў, якія спявалі свяшчэнныя песні Амона. Яны згрудзіліся вакол насілак з хворымі і пачалі маліцца, падскокваць і нешта выгукваць. Яны падскоквалі і крычалі, пакуль пот не пацёк цурком па іх тварах, а тады сарвалі з сябе адзенне і зазванілі ў званочкі, якія трымалі ў руках. Потым яны пачалі раніць сябе ў грудзі вострымі камянямі так, што кроў заструменілася па іх аголеных целах. Я бачыў падобныя абрады ў Сірыі і таму спакойна назіраў за іх шаленствам, а яны закрычалі яшчэ гучней і пачалі малаціць кулакамі ў каменную сцяну, і тут каменне раздалося ў бакі, і перад імі ўзвысілася страшная і велічная выява Амона. У тую ж хвіліну жрацы змоўклі, і раптоўная цішыня была яшчэ жахлівейшая за ранейшы гвалт і лямант. Твар Амона свяціўся перад намі нябесным святлом пад змрочнымі скляпеннямі, і раптам галоўны жрэц выступіў наперад, стаў перад хворымі, выгукнуў імя кожнага і загадаў:
— Устаньце і ідзіце, бо вялікі Амон блаславіў вас у веры вашай!
Тады я на свае вочы ўбачыў, як усе трое, не адрываючы позіркаў ад выявы Амона, пачалі павольна ўставаць з насілак. Калоцячыся ўсім целам, яны падняліся на калені, потым сталі на ногі, не верачы сабе, яны мацалі рукамі свае целы, а потым зарыдалі і, заліваючыся слязьмі, пачалі
ўзносіць малітвы і ўслаўляць імя Амона. Тады каменныя сцены зноў сышліся, жрацы пайшлі прэч, а рабы вынеслі курыльні і запалілі яркія ліхтары, каб мы маглі агледзець хворых. Мы агледзелі іх і ўпэўніліся, што маладая жанчына пры нашай падтрымцы можа зрабіць некалькі крокаў, стары можа рухацца сам, а цела хлопчыка ачысцілася ад высыпкі і яго скура стала чыстай і гладкай. Усё гэта адбылося, пакуль выцекла ўсяго некалькіх мер вадзянога гадзінніка, і калі б я не бачыў таго на свае вочы, то ніколі не даў бы веры, што такое магчыма.
Жрэц, які нас сустракаў, наблізіўся з пераможнай усмешкай і спытаў: — Ну, што ты скажаш цяпер, высокашаноўны Сінухе?
Я без страху паглядзеў яму ў вочы і адказаў:
— Я разумею так, што жанчына і стары пакутавалі ад сурокаў, якія падпарадкавалі іх волю, і адны чары могуць быць пераможаныя другімі, больш моцнымі. Але высыпка на целе ёсць высыпка, і яе немагчыма знішчыць варажбой і чарамі. Каб вылечыць яе, трэба некалькі месяцаў лекавання. Таму я сведчу, што ніколі раней не бачыў нічога падобнага.
Ён скіраваў на мяне свой палаючы позірк і спытаў:
— Дык ці прызнаеш ты, Сінухе, што Амон усё яшчэ цар багоў?
Але я сказаў у адказ:
— Мне хацелася б, каб ты не прамаўляў уголас імя фальшывага бога, бо фараон забараніў гэта, а я верны слуга фараона.
Я бачыў, што мае словы не на жарт угнявілі яго, але ён быў жрацом вьішэйшай ступені і выдатна мог стрымліваць парывы свайго сэрца. Таму ён адказаў мне з прыязнай усмешкай: