• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    лівіцу Бэкетамон... я хацела сказаць — Бэкетатон... што зробіш, я старая жанчына і язык ужо часам мяне не слухаецца.
    Яна задобрыла свой язык віном і казала далей:
    — Усе хоць трошкі дасведчаныя людзі ведаюць, што семя, якое прарастала ў Тэйе, паходзіла з Геліяполіса, але мы казаць пра гэта не будзем. Як бы там ні было, Тэйе была вельмі засмучаная цяжарнасцю Тадукіпы і з дапамогай сваіх негрыцянскіх чараўнікоў, як магла, старалася ёй пашкодзіць. Яна ўжо рабіла так і з іншымі жанчынамі ў царскім палацы і ўжо двойчы пускала ўніз па рацэ трысняговыя чаўны з хлопчыкамі-немаўлятамі, але тыя сыны не мелі вялікага значэння, бо нарадзіліся ад малодшых жонак, якія да дрыжыкаў баяліся Тэйе. Яна рабіла тым жонкам багатыя падарункі, і яны маўчалі, калі замест хлопчыкаў знаходзілі каля сябе дзяўчынак. Але мітаннійская царэўна была нашмат небяспечнейшая суперніца, яна паходзіла з царскага роду і ў яе было шмат сяброў і прыхільнікаў, якія хацелі зрабіць яе замест Тэйе Вялікай жонкаю фараона, калі яна першая народзіць хлопчыка. Аднак улада Тэйе была такая вялікая, а яе жарсць, калі семя фараона дало ў ёй новыя парасткі, — такая неўтаймоўная, што ніхто не адважыўся выступіць супраць яе. I калі наблізіўся час родаў у мітаннійскай царэўны, усе яе сябры былі адасланыя прэч, а да яе, нібыта дзеля палягчэння родаў, запрасілі негрыцянскіх чарадзеяў. Вось і выйшла, што пасля родаў, калі Тадукіпа захацела паглядзець на сына, ёй паказалі нежывую дзяўчынку. Яна, праўда, так ніколі і не паверыла ў гэтае ашуканства. I я таксама ведала, што Тадукіпа нарадзіла хлопчыка і што ён не памёр і яго тою самаю ноччу пусцілі ў трысняговым чоўне ўніз па рацэ.
    Я гучна засмяяўся і спытаў:
    — Адкуль жа ты магла ведаць гэта, о прыгажуня Мехунефер?
    Яна адказала з такім запалам, што аблілася віном:
    — Клянуся ўсімі багамі! Я сваімі рукамі збірала трыснёг на човен, бо цяжарная Тэйе не захацела лезці ў ваду.
    Пры гэтых словах я ўскочыў у жаху, праліўшы віно на падлогу. Але Мехунефер схапіла мяне за руку і прымусіла зноў сесці побач.
    — He трэба было, відаць, мне гэта табе расказваць, бо я толькі зрабіла табе сваім аповедам прыкра. Але ёсць у табе, Сінухе, нешта такое, ад чаго я, сама не ведаю чаму, гатова раскрыць табе ўсе таямніцы. Таму я і прызнаюся, што сама нарэзала трыснягу, а Тэйе сваімі рукамі спляла з яго маленькі човен, бо ў такіх справах не давярала служанкам. А мяне яна прывязала да сябе чарадзействам, ну і з прычыны некаторых маіх учынкаў, якіх я па дурасці нарабіла ў маладосці, мяне за іх маглі б пакараць бізуном, ато і ўвогуле выгнаць з Залатога палаца. Але хто ў гэтым палацы не робіць такога! Дык вось, яна спляла маленькі човен, радуючыся блізкай перамозе над мітаннійскай царэўнай, а я су-
    цяшала сваё сэрца, кажучы сабе, што немаўлятку абавязкова знойдуць. Зрэшты, я разумела, што такога амаль не бывае, бо дзеці, якіх пускаюць у трысняговых чоўніках уніз па рацэ, гінуць ад спякоты, іх паядаюць кракадзілы ды драпежныя птушкі-падлажэры. Але мітаннійская царэўна не паверыла, што памерлае немаўляці — яе дачка. Колер скуры і форма галавы ў той дзяўчынкі былі зусім не такія, як у яе. Скура ў мітаннійскіх жанчын гладкая, як у свежага плода, а галовы ў іх маленькія і зграбныя. Царэўна пачала галасіць і вінаваціць ва ўсім Тэйе і негрыцянскіх чараўнікоў. Тады Тэйе загадала даць ёй дурманнага зелля, сказаўшы, што царэўна, нарадзіўшы мёртвую дзяўчынку, звар’яцела ад гора. А фараон, як гэта ўласціва мужчынам, паверыў Тэйе, а не Тадукіпе. 3 тае пары мітаннійская царэўна пачала чэзнуць і ўрэшце памерла.
    Я глядзеў на свае рукі, скура на іх была дымчатага колеру і яны былі зусім светлыя ў параўнанні з малпавымі пальцамі Мехунефер. Маё хваляванне і страх былі такія вялікія, што я ледзь змог спытаць перарывістым голасам:
    — Чароўная Мехунефер, ты можаш сказаць, калі гэта здарылася?
    Яна паказытала сваімі цёмнымі лапкамі маю патыліцу і адказала капрызлівым голасам:
    — Box, мілы хлопчык, навошта ты марнуеш час на ўсе гэтыя даўно забытыя справы, калі мы можам патраціць яго на болей прыемны занятак! Але я не магу табе адмовіць ні ў чым, спакуснік! Гэта адбылося тады, калі вялікі фараон цараваў ужо дваццаць два гады, асенняй парой у час высокай вады. Калі ты здзіўляешся, што я ўсё так добра памятаю, дык магу задаволіць тваю цікаўнасць і скажу, што тым жа годам нарадзіўся фараон Эхнатон, але крыху пазней, калі ўзышла зорка сабакі Сірыус і настала пара сяўбы. Таму я і памятаю гэта так добра.
    Пачуўшы гэтыя словы, я ледзь не самлеў ад жаху, — я ўжо не адчуваў нават дотыкаў Мехунефер, калі яна мокрымі ад віна вуснамі мачыла мне шчокі і пэцкала мяне сваёй шмінкай. Пажаддіва прыціснуўшыся да мяне, яна пачала называць мяне сваім маленькім бычком ды галубком. Я, як мог, ухіляўся ад яе абдымкаў, а мае думкі змяшаліся ў шалёным віры. Уся мая істота паўставала супраць жахлівай рэальнасці: калі расказанае ёю было праўдай, значыць, я быў адзінакроўны брат фараона Эхнатона і, калі б каварства Тэйе не пагубіла маю маці, павінен быў першы сесці на трон Егіпта. Змярцвелым позіркам я глядзеў перад сабой і ўпершыню асэнсаваў сваю самоту і адчужанасць у гэтым свеце, бо царская кроў заўсёды самотная сярод людзей. I толькі цяпер я зразумеў, чаму на зямлі Мітанні я адчуваў сябе не так, як паўсюль на свеце, і чаму мне заўсёды здавалася, што над гэтай дзівоснай краінай лунае цень смерці.
    Нарэшце навязлівасць Мехунефер прывяла мяне ў прытомнасць, і я мусіў заклікаць на дапамогу ўсё сваё цярпенне, каб вытрываць яе размовы і ласкі. Усё ў ёй здавалася мне агідным і брыдкім, як агідным і брыдкім здаваўся ўвесь Залаты палац разам з яго насельнікамі. Але розум і развага прымушалі мяне трываць, і я ўгаварыў яе выпіць яшчэ віна, падсыпаўшы ў яго макавага зелля, каб канчаткова пазбавіцца ад яе.
    Калі я нарэшце выбраўся з яе пакоя, ужо спусцілася ноч. Чэлядзь і ахоўнікі Залатога палаца паказвалі на мяне пальцамі і рагаталі, і я разумеў іх, бо ногі ў мяне дрыжэлі, уся вопратка была пакамечаная, і я глядзеў вакол як шаленец. А дома мяне чакала Мэрыт, занепакоеная маёй затрымкай у Залатым палацы. Яна чакала навінаў і падрабязнасцяў аб смерці Вялікай царскай маці, але, убачыўшы мяне, толькі паднесла рукі да вуснаў, і тое самае зрабіла Муці. Жанчыны пераглянуліся, і Муці сказала жаласным голасам:
    — Ці не казала я табе тысячу разоў, што ўсе мужчыны аднолькавыя і давяраць ім нельга.
    Але я быў цалкам знясілены і хацеў толькі аднаго: застацца самнасам з сваімі думкамі. Таму я злосна адказаў:
    — Я меў цяжкі дзень і не збіраюся слухаць вашую балбатню!
    Вочы Мэрыт пасуравелі, а твар аж пацямнеў ад злосці, яна падала мне срэбнае люстэрка і сказала:
    — Паглядзі на свой твар! Я ніколі не забараняла табе цешыцца з іншымі жанчынамі, але думала, што ты будзеш рабіць гэта ўпотай, каб не раніць мне сэрца. Ты ж не будзеш казаць, што быў самотны і гаротны, калі пайшоў з дому!
    Я паглядзеў на сябе і жахнуўся, бо ўвесь мой твар пакрывалі плямы ад фарбаў і масцяў Мехунефер, а сляды яе вуснаў засталіся на шчоках, на шыі і скронях, бо, каб прыхаваць сваю старасць і брыдоту, яна фарбавалася так, што фарбы на яе твары былі падобныя да тынкоўкі на сценах, а бляклыя вусны яна падмазвала пасля кожнага глытка віна. Выгляд у мяне быў брыдкі, і я ліхаманкава ўзяўся выціраць твар, a Мэрыт бязлітасна трымала люстэрка перад маімі вачыма.
    Я ачышчаў твар духмяным алеем і казаў:
    — Ты ўсё разумееш няправільна, Мэрыт, каханая мая! Дазволь я табе ўсё растлумачу.
    Але яна варожа паглядзела на мяне і сказала:
    — Сінухе, мне не патрэбныя твае тлумачэнні, і я не хачу, каб ты дзеля мяне паганіў свае вусны бруднай хлуснёй. Зразумець тваю размаляваную пысу няправільна проста немагчыма! Ты, напэўна, не думаў, што я буду чакаць цябе тут, і таму не знайшоў часу сцерці з морды сляды сваіх забаваў? А можа ты хацеў пахваліцца перада мной тым, як жанчыны ў Залатым палацы скараюцца перад табой і сцелюцца пад
    ногі, як тонкія травінкі? Ці ты проста напіўся, як свіння, і страціў уяўленне пра тое, што такое прыстойнасць?
    Мне каштавала шмат намаганняў неяк супакоіць яе, тым болей што Муці, спачуваючы ёй, таксама зайшлася ад плачу, схавала твар рукамі і пайшла на кухню, праклінаючы ўсё мужчынскае племя. Сапраўды, гэта была нялёгкая справа, а сілы на тое, каб яе супакоіць, я патраціў больш, чым каб пазбавіцца ад Мехунефер. Таму маё цярпенне нарэшце лопнула і я злосна сказаў, праклінаючы ўсіх жанчын:
    — Мэрыт, ты ведаеш мяне лепш за ўсіх і магла б мне паверыць! Дык павер, што калі б гэта залежала ад мяне, дык я адразу табе ўсё растлумачыў бы — толькі каб цябе суцешыць! Але ўсё завязана на адну таямніцу, якая належыць не толькі мне, а і Залатому палацу, і таму табе гэтага лепш не ведаць.
    Але язык у яе бьгў вастрэйшы за асінае джала, і яна з'едліва ўпікнула:
    — Я толькі думала, што ведаю цябе, Сінухе, але цяпер упэўнілася, што ўтваім сэрцы ёсць такія віры, пра якія я і падумаць была не здольная. Але ты, бясспрэчна, робіш высакародны ўчынак, так старанна аберагаючы гонар жанчыны, і я не збіраюся лезці ў твае таямніцы. Яны мне не патрэбныя! Я толькі дзякую ўсім багам, якія надалі мне розуму і я не разбіла з табою гаршчок. Якая ж я была дурніца, калі паверыла тваім хлуслівым словам, якія ты гэтаю ноччу нашэптваў на вуха ўжо якой-небудзь новай красуні. Лепей бы мне памерці!
    Каб яе супакоіць, я хацеў ласкава дакрануцца да яе рукой, але яна з агідаю адхіснулася:
    — He дакранайся да мяне, Сінухе! Ты ж, мусіць, стаміўся, куляючыся ўсю ноч на мяккіх дыванах. Вядома! Яны ж мякчэйшыя за мой ложак, дый для забаваў ты там знайшоў сабе маладзейшых і прыгажэйшых за мяне!
    Яна не змаўкала яшчэ доўгі час, і кожнае яе слова раніла маё сэрцу. Урэшце я паціху пачаў закіпаць. Толькі тады яна пакінула мяне ў спакоі, але забараніла праводзіць сябе да «Кракадзілавага хваста». Думкі бязладна круціліся ў маёй галаве, і больш за ўсё я хацеў застацца адзін. Таму яе адыход Мэрыт быў для мяне не вельмі пакутлівым, і я не стаў яе затрымліваць, чым моцна ўразіў.
    Усю ноч я правёў сам-насам са сваімі думкамі. Паступова хмель выпарваўся з маёй галавы, і мае думкі рабіліся болей спакойнымі і роўнымі. Я слухаў, як вада ціха выцякае з вадзянога гадзінніка, і такім самым няспынным патокам струменіўся час. Мне здавалася, што і сам я плыву некуды ўдалячынь, пакідаючы тут сваё стомленае цела. Я казаў свайму сэрцу: «Гэта я, Сінухе, я такі, якім стварылі мяне мае ўчынкі і справы, а ўсё іншае не мае значэння. Гэта я, Сінухе, заўчасна давёў да магілы сваіх бацькоў дзеля бязлітасна жорсткай жанчыны. Гэта я, Сінухе,