• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    зберагаю срэбную павязку, якую насіла ў сваіх валасах мая сястра Мінея. Гэта я, Сінухе, на свае вочы бачыў здохлага марскога быка, які гайдаўся ў вадзе, і бачыў твар сваёй каханай, калі марскія крабы жэрлі яе цела. Дык ці мае значэнне, якая ў мяне кроў, калі ўсё было загадзя наканавана зоркамі яшчэ да майго нараджэння і ўжо тады я быў асуджаны быць чужаніцай у гэтым свеце. Спакой Ахетатона быў усяго толькі залатым падманам, але цяпер, калі я ведаю сваю жахлівую таямніцу, маё сэрца прачнулася і я зноў змог упэўніцца, што самота наканавана мне на ўсе дні майго жыцця на зямлі».
    Аднак калі з-за Ўсходніх гор узнялося залатое сонца і змрочныя начныя цені расталі ў яго святле, я — вось яны дзівосы чалавечага cappa — горка пасмяяўся са сваіх начных трызненняў. Што з таго, што я ў трысняговым маленькім чоўне плыў уніз па рацэ тою самаю ноччу і прасмоленыя сцяблінкі былі звязаныя вузламі птушкалова, — кожную ноч па рацэ плылі такія чаўны з пакінутымі дзецьмі, а тыя жанчыны з ніжніх земляў маглі навучыцца вязаць такія вузлы. I тое, што мая скура дымчатага колеру і значна святлейшая, чым у іншых, таксама не даводзіць нічога — лекар шмат часу праводзіць у памяшканні, і ад таго скура робіцца святлейшай. Цяпер, пры святле дня, ніякіх цвёрдых сведчанняў свайго высокага паходжання я ўжо не знаходзіў. I яшчэ я думаў, што, калі бачыў смерць вялікага фараона Аменхатэпа, гэта зусім мяне не засмуціла, — наадварот, я радаваўся, што, будучы ўсяго толькі вучнем у Доме жыцця, ужо ачышчаю і падаю прылады Птахору, і калі той ускрыў фараону чэрап, маё сэрца не сціснулася. А каб ён сапраўды быў маім бацькам, яно сціснулася б абавязкова. He, я тады бачыў у ім толькі старога паміраючага чалавека, нягледзячы на ўсю ягоную ўладу. I калі б негрыцянскія рукі царыцы Тэйе трымалі мяне ў ноч майго нараджэння і ўкладвалі ў трысняговы човен, каб пусціць па вадзе насустрач смерці, маё сэрца здрыганулася б, калі я бачыў яе, але гэтага не адбылося. Я заўсёды глядзеў на яе з толькі цікаўнасцю, і мая істота не паўставала супраць яе. Так я думаў, і гэтыя думкі былі мацнейшыя за ўсе сведчанні вачэй і розуму, бо мне хацелася верыць, што ўсё гэта толькі сон, жахлівая мроя, якую я спадзяваўся забыць назаўсёды.
    Таму я спакойна памыўся і апрануўся, і Муці, з чырвонымі ад слёз вачыма, падала мне піва і салёную рыбу. Усім сваім выглядам яна выказвала пагарду мне і ўсяму мужчынскаму роду. Я загадаў аднесці мяне ў Дом жыцця і пэўны час правёў там, аглядаючы хворых, але не сустрэў ніводнага выпадку, калі трэба было б ускрыць чэрап. Вяртаючыся з Дома жыцця, я мінуў апусцелы храм і выйшаў праз браму паміж пілонамі. Наўздагон мне ляцеў крумкачоў грай, бо процьма растлусцелага гругання сядзела на вільчыку храма перад акном з каменнымі кратамі.
    Тут над маёй галавой у кірунку храма Атона праляцела ластаўка.
    Я пайшоў за ёй у храм, дзе жрацы ўзносілі хваласпевы Атону і прыносілі ахвяры, распальваючы духмяныя травы і ўскладаючы на алтар садавіну, гародніну і зерне. Гэты раз храм быў не пустым, наадварот — тут было шмат народу, людзі слухалі гімны і ўздымалі рукі, услаўляючы Атона, а жрацы навучалі іх, у чым хаваецца фараонава праўда. Зрэшты, гэта яшчэ нічога не значыла: Фівы былі вялікім горадам і цяжка было знайсці месца, дзе не збіраўся б натоўп цікаўных. Ластаўка зноў прамільгнула перада мной, і я зноў пайшоў за ёй следам, а з вышыні дзесяткаў каменных калонаў на мяне глядзеў трывожны і натхнёны твар фараона Эхнатона. Але я заўважыў яшчэ адну статую. Яна была зроблена ў новай мастацкай манеры: фараон Аменхатэп, Эхнатонаў бацька, стары і хворы сядзеў на царскім троне, і яго галава схілялася пад цяжарам падвойнай кароны, а побач з ім сядзела царыца Тэйе. Потым я знайшоў выявы ўсёй царскай радзіны і доўга разглядаў, як мітаннійская царэўна Тадукіпа прыносіць ахвяры егіпецкім багам. Першапачатковы надпіс на камяні быў збіты, а новы абвяшчаў, што царэўна прыносіць ахвяры Атону, хоць пры жыцці Тадукіпы ў Фівах пра Атона яшчэ не ведалі.
    Выява была выразаная ў старой манеры, і царэўна на ёй была маладой і прыгожай, амаль дзяўчынкай у царскай кароне, са зграбным і стройным целам, з прывабнай галоўкай. Я доўта стаяў перад карцінай, і хоць нада мной з вясёлым шчэбетам праносіліся ластаўкі, сумныя думкі апаноўвалі мяне і душу напаўняла такая журба, што я схіліў галаву і заплакаў над лёсам гэтай самотнай дзяўчынкі, прывезенай з далёкіх краёў на чужыну. Дзеля яе мне захацелася быць, як яна, — такім самым прыгожым, але маё цела ўжо аслабла і растлусцела, галава пад лекарскім парыком злысела, цяжкія думкі пакрылі лоб зморшчынамі, a твар акруглеў ад салодкага жыцця ў Ахетатоне. He, параўноўваючы яе з сабою, я ніяк не мог уявіць сябе яе сынам, а таму журба напаўняла маю душу, і я плакаў над яе самотаю там, у Залатым палацы. Я ўспомніў прыгожыя дамы Мітанні і сумных тамтэйшых людзей, успомніў пыльныя дарогі і гліняныя такі Вавілоніі і ясна ўсвядоміў, што мая маладосць мінула назаўсёды, а сталыя гады патанулі ў твані стаячай вады Ахетатона.
    Так я правёў гэты дзень, а ўвечары пайшоў у «Кракадзілаў хвост» павячэраць і памірыцца з Мэрыт. Але Мэрыт сустрэла мяне варожа і абслугоўвала, як незнаёмага. Яна стаяла ў мяне за плячыма і час ад часу кідала на мяне халодны непрыязны позірк. Калі вячэра набліжалася да канца, яна спытала:
    — Ну што, ты сустрэўся са сваёй каханкай?
    Я раздражнёна адказаў, што цэлы дзень правёў у Доме жыцця, a потым заходзіў у храм Атона. Каб яна зразумела, наколькі абразлівым
    было яе пытанне, я падрабязна апісаў ёй кожны свой крок у гэты дзень. Але яна выслухала мяне з усмешкай і з'едліва сказала:
    — Я і не думала, што ты ўвесь дзень ганяўся за бабамі. Ты ўчора так ператаміўся! I таму сёння — тоўсты і лысы — быў ужо нікуды не варты. Я ўсяго толькі хацела сказаць, што твая каханка цябе тут шукала, і я накіравала яе ў Дом жыцця.
    Я ўскочыў так рэзка, што ажно перакуліў крэсла, і крыкнуў:
    — Пра што ты кажаш, дурная жанчына?
    Мэрыт спакойна паправіла валасы і насмешліва сказала:
    Я кажу, што твая каханка прыйшла сюды па цябе ў вясельных строях, размаляваная, як малпа, а смурод яе масцяў можна было ўчуць аж на рацэ. Яна перадала табе прывітанне і цыдулку на выпадак, калі вам не ўдасца сустрэцца. А я ад усяго сэрца табе кажу, каб ты параіў ёй трымацца адсюль далей. Гэта прыстойны дом, а яна падобная да гаспадыні бардэля.
    Тут Мэрыт падала мне запячатаны ліст, і я дрыготкімі рукамі разгарнуў яго. Я чытаў яго, і кроў ударыла мне ў галаву, а сэрца шалёна забілася ў грудзях, бо Мехунефер пісала: «Лекара Сінухе сардэчна вітае яго любая сястра Мехунефер, Захавальніца голак у Залатым палацы. Мой маленькі бычок, мой пяшчотны галубок Сінухе! Я прачнулася адна ў сваім ложку і мая галава моцна балела, але яшчэ мацней забалела маё сэрца, калі я ўбачыла, што мой ложак апусцеў, і ты пакінуў толькі водар свайго каштоўнага алею на маіх далонях. Мне хацелася вопраткай абвіцца вакол твайго чэрава, стаць алеем на тваіх валасах і віном у тваіх вуснах, Сінухе! Я загадаю насіць сябе ад аднаго дома да другога, пакуль не знайду цябе, нягледзячы на ўсе цяжкасці, асалода маіх вачэй. I хай не стрымлівае цябе твая сарамлівасць — а я ведаю, што ты вельмі сарамлівы і сціплы, — хай не перашкаджае яна табе паспяшацца да мяне, бо ўсім у Залатым палацы вядома мая таямніца, і слугі паблажліва паставяцца да твайго прыезду. Спяшайся ж да мяне, ляці да мяне на шпаркіх крылах, як толькі атрымаеш гэты ліст, бо маё сэрца плача па табе, мой каханы. Калі ж ты не паспяшаешся да мяне, то я сама прылячу да цябе шпарчэй за птушку. Сястра твайго сэрца Мехунефер вітае цябе».
    Я перачытваў гэтую ліхаманкавую лухту, не асмельваючыся зірнуць на Мэрыт, пакуль яна не вырвала ліст у мяне з рук. Яна зламала палачку, на якую быў наматаны папірус, парвала яго на кавалкі, шпурнула на падлогу перад маімі нагамі і сказала:
    — Я магла б яшчэ зразумець цябе, Сінухе, калі б яна была маладая і прыгожая, але ж яна зморшчаная, старая і брыдкая, як жаба, хоць і ўмее размаляваць сабе пысу, нібы тынкуе сцяну. He магу зразумець, пра што ты думаеш. А можа, раскоша Залатога палаца так цябе асляпі-
    ла, што ты ўсё бачыш дагары нагамі? Сваімі паводзінамі ты робіш сябе і мяне пасмешышчам ва ўсіх Фівах!
    Я ўчапіўся ў сваю вопратку і, драпаючы грудзі пазногцямі, прамармытаў:
    — Мэрыт, я зрабіў страшэннае глупства, але ў мяне былі на гэта свае падставы. Я не думаў, што мяне чакае за гэта такое жахлівае пакаранне. Мэрыт, пашлі па маіх весляроў, збяры іх як мага хутчэй, бо мне трэба неадкладна ехаць. Іначай гэтая жудасная баба прыедзе і гвалтам укладзе мяне ў свой ложак, а я бяссільны перад ёю! Яна піша, што прыляціць да мяне шпарчэй за птушку, і я думаю, гэта праўда!
    Мэрыт глядзела на маю спалоханую мітусню і, напэўна, пачала разумець, што паміж мной і Мехунефер не было нічога. Яна зарагатала і доўга трэслася ад смеху ўсім сваім зграбным целам. Потым яна сказала:
    — Гэта навучыць цябе быць з жанчынамі асцярожным, Сінухе, бо мы, жанчыны, — далікатныя сасуды, а ты ў нас такі чараўнік!
    Яна бязлітасна кпіла з мяне, а потым з насмешліваю спагадай сказала:
    — Напэўна, гэтая паненка спадабалася табе ў ложку больш за мяне — яна ж удвая лепш ведае мастацтва кахання, бо ўдвая старэйшая за мяне! Думаю, мне нават і не варта супернічаць з ёю, бо ты мяне ўсё адно дзеля яе кінеш.
    Я так расхваляваўся, што павёў Мэрыт да сябе ў былы дом медніка і расказаў ёй усё. Я раскрыў ёй таямніцу свайго нараджэння і распавёў усё, што ўдалося выведаць у Мехунефер. Яна слухала мяне і ўжо не смяялася. Яна задумліва глядзела паўз мяне, і яе вочы пацямнелі ад глыбока прыхаванай тугі. Нарэшце яна дакранулася да майго пляча і сказала:
    — Цяпер я многае зразумела, Сінухе, зразумела тое, чаго раней ніяк не магла ў табе зразумець: тваю самоту, якая бязгучна падымалася да мяне з глыбіні тваёй душы. Калі я ўпершыню цябе ўбачыла, я зразумела сваю слабасць, — яна ахапіла мяне з першага твайго погляду на мяне. У мяне таксама ёсць свая таямніца, і гэтымі днямі я шмат разоў хацела табе яе раскрыць, але цяпер удзячная багам, што не зрабіла гэтага, бо ўсякая таямніца кладзецца вялікім цяжарам на чалавечае сэрца і лепш трымаць яе пры сабе, не давяраючы нікому. Але я рада, што ты расказаў мне ўсё, і згодна з табою: лепш не катаваць сваё сэрца думкамі пра тое, чаго, магчыма, ніколі і не было. Лепш усё забыць, як забываюць начны сон. Вось і я так забуду пра гэта.