• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Мы наведалі бацькоў Харэмхеба, якія дзякуючы багатым дарункам сына, цяпер жылі ў драўляным доме, хоць раней былі сярод самых бедных. Праз сваё славалюбства і фанабэрыю Харэмхеб папрасіў фараона прызначыць бацькоў на высокія прыдворныя пасады. Выглядала, нібыта яны спрадвеку былі знатнага роду, але напраўду яны ўсё жыццё пасвілі статкі ды варылі сыр. А цяпер Харэмхебаў бацька называўся Захавальнікам пячаткі і Наглядчыкам за будынкамі ў многіх гарадах і вёсках, а маці — Наглядчыцай за статкамі кароў, хоць яны абое не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Гэтыя пасады былі проста ганаровымі званнямі і ніякім чынам не ўплывалі на іх жыццё, затое Харэмхеб мог цяпер завяраць свой подпіс пячаткай з імёнамі вяльможных бацькоў, каб ніхто ў Егіпце не мог і падумаць, што ён выйшаў з прасталюдзінаў.
    А бацькі Харэмхеба былі простыя богабаязныя людзі, і хоць у храм яны прыйшлі ў адзенні з тонкага ільну, але каля статуі свайго сына стаялі на глінянай падлозе босыя. Пасля ўрачыстай цырымоніі яны запрасілі нас з Тутмесам да сябе, дзе адразу знялі свае тонкія святочныя строі і пераапрануліся ў паўсядзённую вопратку, якая навечна прапахнула каровамі. Яны частавалі нас сырам і кіслым віном і схіляліся перад намі, дакранаючыся рукамі да каленяў і просячы распавесці пра іхняга сына Харэмхеба, а бацька сказаў:
    — Мы лічылі яго прыдуркам, калі ён прывязваў медны наканечнік да свайго пастухова посаха і заточваў яго, як сапраўдную дзіду. Але нораў ён меў вельмі свавольны, хоць мы яго і вучылі, што трэба быць спакойным і пакорлівым.
    А маці дадала:
    — Маё сэрца сціскаецца ад страху за яго, бо ён з дзяцінства быў гатовы разбіць нос аб камень, абы не абысці яго. А пасля яго ад'езду я баюся, што ён або зламае галаву, або вернецца да нас знявечаны. Але выйшла так, што ён вярнуўся высечаны з каменя і ў вялікай пашане. Затое цяпер я баюся, што ён есць шмат мяса, а мяса шкодзіць яго жывату, і яшчэ я баюся, што ён утопіцца, бо, не зважаючы на мае перасцярогі, навучыўся плаваць.
    Кажучы гэтыя простыя словы, яны дакраналіся да нашай вопраткі. Яны распытвалі пра здароўе фараона, Вялікай фараонавай жонкі Неферціці і ўсіх чатырох іх дачок. Яны казалі, што кожны дзень моляць багоў, асабліва Гора, каб Вялікая фараонава жонка нарадзіла нарэшце хлопчыка, спадкаемцу фараонава трона. Мы па-сяброўску рассталіся з бацькамі Харэмхеба і пакінулі ў храме Гора ягоную статую, каб мясцовыя жыхары пакланяліся яму. Але Тутмес не захацеў ехаць са мной да Мемфіса, хоць я ўсяляк упрошваў яго — дзеля яго ж бяспекі. Mae намаганні аказаліся марнымі, і ён паехаў назад у Ахетатон, каб выразаць з дрэва статую царыцы Неферціці, бо ні пра іншае не мог думаць.
    У адзіноце маё падарожжа да Мемфіса было даволі нудным, і я прыспешваў весляроў, разважаючы, што калі мне наканавана памерці, дык няма сэнсу адкладваць гэтую падзею, а лепей хутчэй сустрэцца са смерцю, каб не надта пакутаваць ад сумных думак. Я сядзеў у мяккім крэсле на мосце фараонава карабля, глядзеў на зараснікі трыснягу, на раку і качак, што лёталі нада мной, і казаў свайму сэрцу: «Ці варта жыць толькі, каб глядзець на ўсё гэта?» I яшчэ я казаў свайму сэрцу: «Дзень гарыць спякотай, кусаюцца мухі, і чалавечая радасць такая малая ў параўнанні з яго турботамі. Чалавечыя вочы стамляюцца глядзець, незлічоныя гукі і пустыя словы знясільваюць чалавеку вушы, а сэрца перапаўняецца занадта салодкімі летуценнямі, каб быць шчаслівым». Такімі думкамі я суцяшаў сваё сэрца, плывучы ўніз па рацэ. Я еў найлепшыя стравы, якія мне гатавалі царскія кухары, піў цудоўнае віно і такім чынам дасягнуў поўнага спакою і задавальнення. Дзякуючы выпітаму смерць пачала здавацца мне добрай старой знаёмай, і нічога страшнага ў ёй не было. Жыццё з яго клопатамі і турботамі здавалася цяпер страшнейшым за смерць і было падобнае да гарачага пустэльнага пылу, a смерць здавалася свежай вадой.
    Але ў Мемфісе мне стала зноў цяжка на сэрцы, бо я ўбачыў ваенныя караблі з прабітымі бартамі, расколатымі насамі, без мачтаў. Я ўбачыў баявыя калясніцы без колаў, з паламанымі дышлямі, пакрытыя засохлай крывёй. I я ўбачыў уцекачоў, якія атабарыліся на прычалах са сваімі шматлікімі клункамі. Стракатыя лахманы ледзь прыкрывалі іх целы, a на схуднелых тварах застыў выраз бясконцага жаху. Гэтыя людзі былі
    ўсе хворыя і змардаваныя. Убачыўшы фараонавы штандары, яны затрэслі бруднымі рукамі ў кірунку майго карабля і пракліналі мяне на розных мовах, пакуль ахоўнікі палкамі не праклалі мне дарогу, вывеўшы з прыстані.
    Як пасланца фараона, Харэмхеб прыняў мяне з усёю пачцівасцю: ён нізка перада мною схіліўся, бо яго дом царскага намесніка быў поўны знатнымі людзьмі, якія ўцяклі з Сірыі, егіпецкімі вяльможамі, якія нядаўна сядзелі пры сірыйскіх дварах, і пасламі чужаземных краінаў, якія не ўмешваліся ў вайну, а таму перад імі Харэмхеб ушаноўваў у маёй асобе самога фараона. Аднак калі мы засталіся сам-насам, Харэмхеб спытаў, нецярпліва ляпаючы сабе бізуном па сцёгнах:
    — Якім злым ветрам цябе прынесла сюды ў якасці фараонава пасланца? Якая дурасць зноў стукнула яму ў галаву?
    Я паведаміў, што мне даручана паехаць у Сірыю і купіць у Азіру мір любою цаной. Пачуўшы гэта, Харэмхеб злосна вылаяўся, абазваў фараона самымі рознымі словамі і потым сказаў:
    — Хіба я не казаў, што ён паламае ўсе мае планы! А я рыхтаваў з такімі цяжкасцямі і такой дарагою цаной! Калі хочаш ведаць — толькі дзякуючы мне Газа яшчэ належыць нам, і Егіпет мае ў Сірыі апорны пункт пад свае баявыя дзеянні. Я здолеў пагрозамі і хабарам схіліць Крыт, каб яго ваенныя караблі ахоўвалі марскія подступы да Газы. Зрэшты, і сам Крыт павінен быць зацікаўлены ў гэтым: магутны і незалежны сірыйскі саюз уяўляе пагрозу яго марской моцы. Апроч таго, я паспрыяў таму, што Азіру цяпер мае цяжкасці са сваімі хаўруснікамі: з тае пары, як егіпецкія войскі пакінулі некаторыя гарады, сірыйцы ўвесь час ваююць паміж сабой. А частка сірыйцаў, якія страцілі свае дамы і маёмасць, жонак і дзяцей, аб’ядналіся ў вольнае войска, захапілі землі ад Газы да Таніса і самі ваююць супраць войскаў Азіру. Я ўзброіў іх егіпецкай зброяй, і шмат адважных егіпецкіх хлопцаў далучыліся да іх. Я маю на ўвазе былых воінаў, рабаўнікоў, збеглых з руднікоў рабоў, якія кладуць цяпер свае жыцці ў пустэльні, каб абараніць межы Егіпта. Але трэба разумець таксама, што яны вядуць вайну супраць усіх на свеце і, здабываючы сабе харчаванне на спустошаных вайной землях, самі знішчаюць усё жывое на гэтых землях. I нам гэта вельмі выгадна, бо яны прыносяць больш шкоды Сірыі, чым Егіпту. Таму я і ўзбройваю іх і пасылаю ім зерне. Але важней за ўсё, што хеты нарэшце ўварваліся ў Мітанні сваімі галоўнымі сіламі і цалкам знішчылі мітаннійцаў. Мітаннійскае царства знікла, нібы яго ніколі і не было на свеце. А пакуль хецкія дзіды і калясніцы зашчаміліся ў Мітанні, Вавілон пачаў непакоіцца і паспешліва ўмацоўваць свае памежныя гарнізоны, і цяпер хеты не могуць належным чынам дапамагчы Азіру. Я лічу Азіру разумным чалавекам, ён пачаў пабойвацца хетаў, бо пасля знішчэння Мітанні,
    паміж Сірыяй і хетамі няма ніякай перашкоды. Менавіта таму мір, які фараон прапануе Азіру, будзе найлепшым яму падарункам. Ён зможа ўмацаваць сваю ўладу і агледзецца. Але дай мне хоць бы паўгода ці нават менш, і я посвістам сваіх стрэлаў ды грукатам баявых калясніцаў куплю Егіпту ганаровы мір і прымушу Азіру баяцца нашых багоў.
    — Але ж ты не можаш пачаць вайну, Харэмхеб, — запярэчыў я. Фараон забараніў пачынаць баявыя дзеянні! Дый ён не дасць табе на вайну золата!
    — Пляваць я хацеў на ягонае золата, — адказаў Харэмхеб. — Я і так напазычаў золата, дзе толькі мог, і сам ператварыўся ў жабрака, пакуль сабраў войска ля Таніса. Бо войска было сапраўды ўбогае: калясніцы непаваротлівыя, коні кульгавыя, — але цяпер разам з вольнанаёмнікамі яно павінна стаць наканечнікам дзіды, якая нанясе ўдар у самае сэрца Сірыі аж да Ерусаліма і Мэгіды (вядома, калі гэтую дзіду буду накіроўваць я). Няўжо ты не разумееш, Сінухе, што я пазычаў золата ва ўсіх егіпецкіх багацеяў, што нажываюцца на галечы і пакутах народа, які і так задыхаецца пад цяжарам падаткаў. Я пазычаў у іх золата і тлумачыш кожнаму, што мая мэта і ім прынясе карысць. Таму кожны даваў мне золата з радасцю, тым болей, што я абяцаў выплачваць штогод яго пятую частку. Але хацеў бы я паглядзець на таго, хто адважыцца запатрабаваць ад мяне за сваё золата яшчэ і ліхву! Бо ўсё, што я раблю, — я раблю, каб захаваць Сірьію для Егіпта, і самі багацеі першыя з гэтай вайны нажывуцца. Таму мне і не шкада іхняга золата.
    Харэмхеб задаволена засмяяўся, ляснуў сябе залатым бізуном па назе, потым паклаў мне руку на плячо і назваў сваім сябрам. Але зараз жа ён пасуравеў і змрочна сказаў:
    — Дзеля майго сокала, Сінухе! Ты ж не захочаш сапсаваць мне ўсе планьі і не паедзеш у Сірыю міратворцам?
    Я растлумачыў, што гэта загад фараона і што ён нават перадае са мною ўсе таблічкі, неабходныя дзеля заключэння міру. I мне было вельмі карысна даведацца, што Азіру таксама схільны яго заключыць, бо ў такім выпадку нам гэты мір абыдзецца болей танна. Пачуўшы мае словы, Харэмхеб прыйшоў у шаленства, ударам нагі адкінуў свой зэдлік і крыкнуў:
    — Напраўду кажу: калі толькі ты купіш у Азіру такі ганебны для Егіпта мір, я, як толькі вернешся, здзяру з цябе скуру з жывога і кіну на з'ядзенне кракадзілам, хоць ты і мой сябар,— клянуся, я так зраблю! Ты павінен пагаварыць з Азіру, распавесці яму пра Атона і сказаць, што фараон па сваёй незямной дабрыні хоча злітавацца з яго. Праўду кажучы, Азіру ні на кроплю не паверыць табе, бо ён вялікі прайдзісвет, але ж добра паламае галаву, перш чым цябе адпусціць назад: ён будзе таргавацца з табой да знямогі, як умеюць рабіць толькі сірыйцы, будзе
    пагражаць табе і ўтопіць у патоках хлусні. Але ты ні ў якім выпадку не аддавай яму Газы! Ты павінен яго запэўніць, што фараон не адказвае за дзеянні вольных атрадаўды іхнія непатрэбствы. А вольныя атрады ўсё адно ні ў якім выпадку не складуць зброі, бо ім напляваць на фараонавы таблічкі, Але гэта ўжо мой клопат. Казаць пра гэта Азіру не трэба. Скажаш яму, што гэтыя латрыгі з вольных атрадаў — бяскрыўдныя і гаротныя людзі, аслепленыя сваімі бедамі, і як толькі настане мір, яны добраахвотна складуць зброю і памяняюць дзіды на пастуховы пугі. Толькі Газу аддаваць не магі, іначай зарэжу сваімі рукамі. Надта ўжо шмат я за яе нацярпеўся, шмат усадзіў у пясок золата і шмат страціў сваіх лепшых выведчыкаў, перш чым яна адчыніла перад Егіптам сваю браму!