Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Азіру, — сказаў я, — ты павінен пакараць бізунамі хоць бы таго воіна, які бессаромна нанёс мне шматлікія раны дзідай ніжэй ад спіны, прымушаючы шпарчэй бегчы за калясніцай. Адсцябай яго бізуном, і гэта будзе дастаткова, каб задаволіць мяне, пасланца фараона, які прынёс мір табе і Сірыі.
Азіру гучна зарагатаў і, стукнуўшы сябе кулаком у грудзі, адказаў:
— Што мне з таго? Хай нават твой нікчэмны фараон сам выціраў бы каленямі пыл перада мною і маліў аб міры! Але ў тваіх словах ёсць пэўная рацыя, а паколькі ты мой сябар, сябар маёй жонкі і майго сына, я загадаю пакараць бізунамі таго воіна, які калоў цябе дзідай у зад, бо гэта супярэчыць нашым добрым звычаям, а ты ведаеш, што я вяду вайну чыстай зброяй і з высакароднымі мэтамі.
Такім чынам, я з задавальненнем паглядзеў, як майго самага зацята-
га ворага адхвасталі бізунамі перад усім войскам побач з шатром Азіру, і ніхто з ягоных хаўруснікаў не спачуваў яму, а калі той лямантаваў, усе толькі смяяліся і паказвалі на яго пальцам, бо гэта было вялікая забава сярод аднастайнай нуды вайсковага жыцця. Ніколькі не сумняваюся, што Азіру дазволіў бы захвастаць яго да смерці, але я, убачыўшы, як мяса адстае ад касцей і кроў цячэ ручаём, падумаў, што яго спіна зараз будзе балець мацней, чым мае калені і зад, і, падняўшы руку, спыніў пакаранне. Тым самым я падараваў яму жыццё. Я загадаў аднесці яго ў намёт, дзе па загадзе Азіру і да вялікага засмучэння начальнікаў, якія там месціліся, было адведзена месца і мне. Але яны раптам усе ажывіліся і паднялі радасны крык, спадзеючыся на новыя забавы, бо вырашылі, што я буду здзекавацца з бедалагі нейкім адмысловым чынам. Але я змазаў яму спіну тымі самымі мазямі, якімі лячыў свае калені і зад, потым перавязаў раны і напаіў яго півам, пасля чаго ён палічыў, што я зусім з'ехаў з глузду, і страціў усялякую да мяне павагу.
Вечарам Азіру ў сваім шатры частаваў мяне смажанай баранінай і рысам з вялікай колькасцю тлушчу, і я еў разам з ім і яго вяльможамі, а таксама з хецкімі военачальнікамі, чые плашчы і нагрудныя пласціны былі ўпрыгожаныя відарысамі сякераў і крылатых сонечных дыскаў. Мы разам пілі віно, і ўсе ставіліся да мяне са спачувальнай і прыязнай ветлівасцю, як звычайна ставяцца да вулічных прыдуркаў, бо я прыехаў прасіць міру тады, калі ён ім самім быў найбольш патрэбны. Яны натхнёна гаварылі пра незалежнасць Сірыі, пра яе будучую магутнасць і прыгнёт заваёўнікаў, які яны ўрэшце скінулі з сваёй шыі. Але пазней, калі ўсе перапіліся і пасварыліся, адзін воін з Яфы выхапіў нож і разануў па горле воіна з Аморы. Пралілося багата крыві, але рана была няцяжкая, і я апрацаваў яе з усім сваім майстэрствам, за што ад параненага атрымаў багатыя падарункі. Гэта таксама паспрыяла маёй славе дурнаватага чалавека.
Зрэшты, лепш бы я даў яму памерці, бо калі мы былі ў лагеры сірыйцаў, гэты паскуднік загадаў сваім воінам забіць крыўдзіцеля з Яфы. Пазней Азіру дзеля падтрымання дысцыпліны і парадку загадаў яго павесіць дагары нагамі, і яго рана на шыі так і не паспела зажыць. Увогуле, да сваіх падданых Азіру ставіўся болей жорстка і бязлітасна, чым да іншых сірыйцаў, бо яны зайздросцілі яго ўладзе і плялі супраць яго змовы, так што яго ўлада і трон увесь час стаялі як на растрывожаным мурашніку.
2
Пасля вячэры Азіру папрасіў сірыйскіх вяльможаў і хецкіх ваяводаў пакінуць шацёр і паклікаў сына, бо вельмі хацеў паказаць мне хлопчыка, які падарожнічаў з ім ва ўсіх ваенных паходах, хоць яму было ўсяго
сем гадоў. 3 немаўляці вырас прыгожы хлопец з персікавымі пяшчотнымі шчокамі і бліскучымі чорнымі вачыма. Валасы ў яго былі чорныя і кучаравіліся, як бацькава барада, а чыстую далікатную скуру ён атрымаў ад маці. Азіру ўскудлаціў яму валасы і сказаў мне:
— Ці бачыў тьі калі-небудзь такога прыгожага хлопца? Я захаплю для яго шмат земляў, і ён стане такім вялікім уладаром, што я не адважваюся і думаць, да якіх межаў будзе сягаць яго ўлада! А я ўжо прадбачу гэта — па тым, як ён смела ўсадзіў свой маленькі меч у жывот рабу, які пакрыўдзіў яго. Ён не баіцца грукату бітваў, бо я паўсюль браў яго з сабой. Праўда, зблізку ён быў сведкам толькі задушэння сялянскіх бунтаў, бо там я не баяўся за яго жыццё.
Пакуль Азіру ваяваў, Кефцью заставалася кіраваць у Амарэі. Ён вельмі па ёй маркоціўся і дарэмна імкнуўся перамагчы гэтую маркоту з палонніцамі і храмавымі дзевамі, якія былі ў абозе ягонага войска. Хто аднойчы паспытаў кахання Кефцью, той ніколі не зможа забыць яе, бо, казаў ён, яе прыгажосць з часам толькі расквітнела так, што я не даў бы веры сваім вачам, убачыўшы яе. А сына Азіру, не асмельваючыся пакінуць яго ў Амарэі, возіць з сабой, чакаючы таго дня, калі хлопчык стане ўладаром сірыйскіх земляў.
Падчас нашай гутаркі ў лагеры пачуўся жахлівы жаночы лямант, ад чаго Азіру спахмурнеў і злосна сказаў:
— Гэта хецкія начальнікі катуюць жанчын, хоць я забараніў ім гэта. Але што я магу зрабіць — яны мне вельмі патрэбныя з іх ваенным майстэрствам. Катаванне жанчын у іх як забава, хоць я іх не зразумею: хіба не прыемней прымусіць жанчыну стагнаць ад асалоды, а не ад болю? Але кожны народ мае свае звычкі, і я не хачу іх асуджаць за тое, што іх звычаі не такія, як сірыйскія. Але я таксама не хачу, каб яны навучылі маіх людзей сваім паганым звычкам, бо вайна і без таго ператварае людзей у драпежных звяроў.
Яго словы жахнулі мяне, бо я ведаў хетаў і ведаў, што можна ад іх чакаць, а таму, карыстаючыся зручным выпадкам, сказаў:
— Азіру, вялікі цар цароў, адступіся ад гэтых хетаў, пакуль не позна, пакуль яны не збілі тваю карону разам з тваёй галавой, бо хетам нельга давяраць ні ў чым. Замест гэтага заключы мір з фараонам, пакуль хеты ўвязлі ў вайне з Мітанні. Ты ж ведаеш, што і Вавілон узбройваецца супраць іх, і ты не зможаш атрымліваць адтуль зерне, пакуль з хетамі ў цябе будзе хаўрус. I голад лютым ваўком будзе блукаць па сірыйскай зямлі, калі ты не заключыш мір з фараонам, бо ён, як і раней, не будзе пасылаць зерне ў твае гарады.
Азіру запярэчыў:
— Ты кажаш неразумныя словы, бо хеты добрыя сябры і страшныя толькі іх ворагам. Я не звязаны з хетамі ніякай дамовай, і хоць яны
пасылаюць мне цудоўныя дарункі і бліскучыя нагрудныя пласціны з каронамі, я магу заключаць мір з кім хачу, незалежна ад хетаў. Яны працівяцца заключэнню дамовы аб авалоданні Кадэшам, а портам Бібла карыстаюцца так, нібы ён належыць ім. Але з другога боку, яны прыслалі мне цэлы карабель, нагружаны зброяй з новага металу, і гэтая зброя робіць маіх воінаў непераможнымі ў бітвах.Так ці гэтак, я люблю мір больш за вайну і вяду вайну толькі дзеля ганаровага міру. Я з вялікай ахвотай заключу мір з фараонам, калі толькі ён аддасць мне Газу, якую егіпцяне захапілі хітрасцю і падступствам, і паабяцае раззброіць хеўры злодзеяў у пустэльні, а таксама аплаціць зернем, золётам і алеем усю шкоду, якую панеслі сірыйскія гарады за час вайны, бо, як ты сам добра ведаеш, гэтую вайну распачаў Егіпет.
Ён глядзеў на мяне сваімі вострымі вачыма і ўсміхаўся, прыкрываючы рот далонню, а я горача запярэчыў:
— Азіру, злодзей, кат і рабаўнік! Хіба ж табе невядома, што па ўсёй Ніжняй зямлі ў кузнях куюць наканечнікі для дзідаў, а баявых калясніцаў у Харэмхеба болып, чым блох у тваім лагеры, і яны балюча пакусаюць цябе, калі паспее ўраджай. Харэмхеб, чыя слава табе добра вядомая, плюнуў мне пад ногі, калі пачуў, што я еду па мір з табой, і толькі фараон дзеля свайго бога не хоча праліваць кроў. Я прапаную табе апошнюю магчымасць, Азіру. Газа застанецца Егіпту, а з пустэльнымі рабаўнікамі ты разбярэшся сам, бо Егіпет не адказвае за іх дзеянні. Толькі твая жорсткасць прымусіла сірыйцаў уцячы ў пустэльню і пачаць з табою вайну, а значыць, гэта вашы ўнутраныя справы. Апроч таго, ты павінен даць свабоду ўсім егіпецкім палонным, а егіпецкім гандлярам аплаціць усе страты, якія яны панеслі ў сірыйскіх гарадах, і вярнуць ім усю маёмасць.
Азіру разадраў сваю вопратку, пачаў ірваць бараду і залямантаваў:
— Цябе ўкусіў шалёны сабака, Сінухе, і твае словы — словы вар'ята! Газа павінна быць аддадзена Сірыі, егіпецкія гандляры хай самі пакрываюць свае страты, а палонных мы прададзім у рабства, як вымагае наш добры звычай, калі толькі, вядома, фараон не выкупіць іх і ў яго хопіць на гэта золата.
Я адказаўяму:
— Заключыўшы мір, ты зможаш пабудаваць вакол сваіх гарадоў высокія муры і магутныя вежы, ты зможаш не баяцца ніякіх хетаў, бо Егіпет заўсёды табе дапаможа. Гандляры з тваіх гарадоў пачнуць багацець ад бяспошліннага ганддю з Егіптам, і хеты не здолеюць ім перашкодзіць, бо ў іх няма караблёў. 3 усіх бакоў, Азіру, табе выгадна заключыць мір, бо ўмовы, прапанаваныя фараонам, вельмі мяккія, і я не магу адступіць ад іх.
Так мы гутарылі і таргаваліся тым яшчэ шмат дзён, і Азіру яшчэ не
раз ірваў на сабе вопратку і пасыпаў галаву попелам, абзываў мяне рабаўніком і злодзеем і ліў слёзы, аплакваючы цяжкую долю свайго сына, якому праз сквапнасці Егіпта наканавана памерці жабраком у канаве. Аднойчы я ў шаленстве пакінуў яго шацёр і запатрабаваў насілкі, каб накіравацца ў Газу, я нават сеў у іх і даў загад рушыць у дарогу, але тут Азіру запрасіў мяне назад. Я думаю, ён, як сапраўдны сірыец, адчуваў асалоду ад гэтага гандлю і тых уступак, якія ён дзень за днём нібыта рабіў, сам будучы перакананы, што ўдала мяне ашуквае, калі дабіваўся маёй згоды па тым або іншым пункце. Ён і не здагадваўся, што фараон загадаў мне купіць мір любою цаной, нават цаной усіх скарбаў Егіпта.
Таму я не траціў упэўненасці ў сабе і дасягнуў на перамовах шмат выгадных умоваў на карысць фараона. А час працаваў на мяне, бо нелады і сваркі ў лагеры Азіру разгараліся ўсё часцей і мацней, і кожны дзень хто-небудзь з яго людзей пакідаў войска і вяртаўся ў свой горад. Азіру не мог гэтаму перашкодзіць, бо яго ўлада яшчэ не ўмацавалася і была надта хісткай. I аднойчы ён вылучыў апошнюю ўмову: муры Газы мусяць быць зруйнаваныя, і ён будзе сам прызначыць туды цара, але і фараон зможа прызначыць свайго дарадцу, а сірыйскія караблі нароўні з егіпецкімі будуць заходзіць у гавань і гандляваць у Газе бяспошлінна. Вядома, на такое я не мог пагадзіцца, бо без муроў Газа не ўяўляла для Егіпта ніякай вартасці і аказалася б у поўнай уладзе Азіру.