Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Ты яму аднаму адкрываеш задумы свае і турботы,
і ўвесь свет на далоні тваёй спачывае такім, як стварыў ты яго.
Ты з'яўляешся, і чалавек ажывае падласкавым цяплом, ты знікаеш, і без святла чалавек памірае, ты крыніца жыцця чалавека, і толькі ў табе ён жыве.
Яго натхненне было такое вялікае, што, каб не быў лекарам і не аберагаў яго здароўе, я сам паддаўся б ягоным чарам. Але я паспрабаваў яго супакоіць і, узяўшы за хударлявую руку, пачаў лічыць пульс, і яго сэрца білася часцей, чым падалі кроплі з вадзянога гадзінніка-клепсідры, і кроў не паспявала адліваць ад яго галавы. Ноч павольна цякла, і зоркі паволі плылі па начным небе, у вялізным палацы панавала мёртвая цішыня, і толькі фараон не спаў, а разам з ім і я, ягоны лекар. Раптам у нейкім далёкім пакоі пачаў выць сабачка. Яго жаласны голас пранікаў праз усе сцены і нарэшце стаў падобны да голасу шакала, які прадвяшчае смерць. Такія гукі заўжды страшаць чалавека, але асабліва жахліва гучаць перад світаннем, калі і чалавек, і жывёла найбольш набліжаюцца да смерці. Таму фараон абудзіўся ад сваіх мрояў, кроў адліла ад галавы, твар зрабіўся зямліста-шэры і раптоўна схуднеў, а вочы пачырванелі. Бог выйшаў з яго, і вонкі зноў выплыла чалавечая натура з усімі страхамі, турботамі і любоўю, якія напаўнялі бацькоўскае сэрца. Таму ён кінуўся праз усе пакоі, і я рушыў за ім, каб асвятляць яму дарогу свяцільняй. Мы дабеглі да пакоя, дзе ляжала царэўна Мэкетатон. Сп'яенелыя ад свята, віна і добрага пачастунку слуті заснулі мёртвым сном і пакінулі хворую без нагляду. Толькі маленькі сабачка ў нагах аберагаў сон дзяўчынкі, і калі ўначы хворая пачала кашляць, заліваючы ложак крывёю, сабачка нічым не мог ёй дапамагчы, а толькі пяшчотна лізаў дзіцячы тварык, а потым завыў, прадвяшчаючы смерць, бо сабакі лепш за людзей адчуваюць яе набліжэнне. Так памерла маленькая царэўна — на досвітку, на руках у свайго бацькі Эхнатона, і ўсё маё майстэрства нічым не змагло ёй дапамагчы. Па ўзросце яна была другая дачка ў фараона — ёй тады толькі споўнілася дзесяць год.
Я таксама плакаў над ёй, бо смерць дзіцяці заўсёды страшнейшая за смерць дарослага чалавека. А жальба фараона была наогул жахлівай. Я нават баяўся, што ён таксама памрэ, бо кожнаму пачуццю ён аддаваўся болей глыбока, чым звычайныя людзі. Таму я стараўся суцешыць яго і казаў:
— Фараон Эхнатон, я не пашкадаваў бы свайго жыцця, каб пазбавіць цябе ад гэтага гора. Але ўсякая кветка заўжды прыгажэйшая да таго, як цалкам распусціцца, а бязгрэшная смерць заўжды прыгажэйшая за грахоўную. Можа, твой бог так моцна палюбіў тваю маленькую дачку, што забраў яе ў свой залаты човен да часу, каб ёй не давялося
паспытаць паўдзённай спёкі і начной сцюжы, зведаць жальбу і боль, бо чалавечае жыццё падобна да распаленага пылу, а смерць гэта халодная свежая вада. Напраўду, фараон Эхнатон, яна будзе жыць вечна яе залаты шарык не ўпадзе ніколі, і ваўчок не перастане круціцца. Спрактыкаваныя майстры ў Доме смерці пакрыюць яе пальцы залатымі напарстнямі і зберагуць яе твар і пяшчотнае цела, спавіўшы іх царскім ільном, каб яна жыла вечна, не ведаючы ні гора, ні бяды.
Так я казаў фараону, спрабуючы суцешыць, бо цяпер, у час скрухі, адчуваў да яго любоў і спагаду, якіх не мог адчуваць, калі ён у шалёным натхненні захапляўся сваёй уладай. Перапалоханыя слугі змылі кроў з упалых дзіцячых шчок, і, здавалася, на схуднелым твары ўзнікла лёгкая ўсмешка. Я не надта вінаваціў сябе, што апошнім часам нічога не рабіў для яе: гэта і не было маім абавязкам, бо ў яе быў уласны лекар. Маленькага сабачку панеслі прэч, і ён, не сціхаючы, выў, выказваючы такім чынам сваю шкадобу.
А да фараона Эхнатона ніхто не асмельваўся наблізіцца, пакуль мае лекі нарэшце не пачалі дзейнічаць. Ён заснуў толькі на світанні, і насільшчыкі з Дома смерці паспяшаліся забраць цела маленькай царэўны, тым самым пазбавіўшы яго ад цяжкага развітання з дачкою. Бальзамоўшчыкі не палічылі за ганьбу набальзамаваць і труп сабачкі, які памёр ад смутку пасля таго, як гаспадыню забралі ў Дом смерці.
Пакуль мыйшчыкі трупаў у Доме смерці займаліся сваёй справай, фараон страціў спакой, ён бадзяўся начамі па ўсім палацы, блукаў у садзе і забараняў усім хадзіць за ім следам, адганяючы нават ахоўнікаў. На свята трыццацігоддзя ў Ахетатон прыехала шмат усякага люду, і аднойчы, калі фараон Эхнатон ішоў па беразе свяшчэннага возера, на яго напалі два падасланыя забойцы з нажамі. У той час каля возера сядзеў адзін юнак, вучань Тутмеса, які маляваў качак, бо Тутмес не дазваляў вучням замалёўваць толькі ўзоры, прымушаючы маляваць тое, што бачыш у жывой прыродзе, а не тое, што ведаеш пра яе, бо намаляваць тое, што бачыш, значна цяжэй, чым тое, што завучыў бяздумна. Гэты юнак адбіў напад забойцаў сваім пісалам і пратрымаўся, пакуль на дапамогу не прыбеглі ахоўнікі. Такім чынам фараона толькі лёгка паранілі ў плячо, а вось юнак ад ранаў памёр, і яго кроў пралілася на рукі фараону. Так смерць, якую раней фараон не ведаў, пачала неадступна хадзіць за ім.
Мяне спешна выклікалі перавязаць фараонаву рану, якая, на шчасце, аказалася не глыбокая. Убачыў я і забойцаў: у аднаго галава была чыста паголеная, а ў другога за нейкае ганебнае злачынства былі адрэзаныя вушы, і ён не мог глядзець людзям у вочы. Пакуль воіны звязвалі іх вяроўкамі, яны выкрыквалі страшныя праклёны фараону ў імя Амона, і не змаўкалі, нават калі ахоўнікі білі іх дрэўкамі дзідаў па вуснах, і
кроў цякла па іх тварах. Відаць, гэта жрацы Амона зачаравалі іх так, што яны не адчувалі болю.
Гэта быў жахлівы выпадак, бо раней ніводзін просты смяротны не асмельваўся падняць руку на свяшчэнную фараонаву асобу. Я маю на ўвазе тое, што і раней фараоны ў Залатым палацы паміралі не сваёй смерцю, але гэта рабілася з дапамогай атруты, падушкі ці тонкага пінура, — так, каб не засталося ніякіх слядоў, і гвалтоўную смерць можна было схаваць ад народа. Я пражыў у Залатым палацы даволі доўга і ведаў, што часам фараонам нават рабілі трэпанацыю чэрапа супраць іх волі. Але вось так, у адкрытую, падняць руку на фараона не асмельваўся ніхто. Апроч таго, цяпер было шмат сведкаў, і схаваць замах было немагчыма, тым болей, што фараон Эхнатон нікога не пасылаў у руднікі навечна, каб назаўсёды прышчаміць доўгія языкі.
Жрацы Амона паспяшаліся растлумачыць народу і сваім прыхільнікам, што ўзняць руку на несапраўднага фараона — значыць дагадзіць Амону, і той, каму яго ўдасца забіць, заслужыць вечнае жыццё, нават калі яго цела не зберажэцца. У сваіх патаемных казанях жрацы Амона абвясцілі фараона Эхнатона незаконным, а значыць, любы чалавек мог падняць на яго руку. Іншая рэч — законны і богабаязны цар: на яго нападаць ні ў якім выпадку нельга, бо тады забойца будзе асуджаны на вечныя пакуты ў апраметнай і на ўсе жахі ў пашчы Ахмі.
Затрыманых дапыталі ў прысутнасці фараона, але яны адмовіліся адказваць на пытанні. Удалося толькі высветліць, што яны прыехалі з Фіваў і ўсю ноч хаваліся ў садзе. Ужо адно тое, што ўпаміналіся Фівы, сведчыла, хто іх паслаў. Але больш яны гаварыць не захацелі і пачалі толькі гучна заклікаць на дапамогу Амона ды праклінаць Эхнатона, хоць воіны і білі іх дрэўкамі дзідаў па твары. Пачуўшы пра Фівы, фараон да таго ашалеў, што дазволіў ахоўнікам не спыняць катаванні. Падасланым забойцам ужо выбілі зубы, знявечылі твары, а яны ўсё адно заклікалі Амона. Фараон ужо загадаў перастаць іх біць, а яны ў запале крычалі:
— Можаш катаваць нас, ілжывы фараон! Загадай паламаць нам косці, парэзаць нас на кавалкі, спаліць нам скуру, а мы ўсё адно не адчуем болю!
Нарэшце фараон авалодаў сабой і засароміўся, што дазволіў ахоўнікам біць палонных па тварах. Тады ён загадаў:
— Адпусціце іх, яны не ведаюць, што робяць.
Аднак калі воіны пачалі развязваць вяроўкі, палонныя, здавалася, зусім звар'яцелі, пена выступіла ў іх на вуснах, і, сыплючы праклёнамі, яны закрычалі:
— Забі нас, ілжывы фараон! Дзеля Амона падаруй нам смерць, каб мы заслужылі вечнае жыццё!
Калі ж яны зразумелі, што фараон намерыўся вызваліць іх без пакарання, то вырваліся з рук воінаў, разагналіся праз увесь двор і, ударыўшыся галовамі аб сцяну, неўзабаве сканалі. Такая вялікая была таемная ўлада Амона над душамі людзей.
Пасля гэтага выпадку ўсім у Залатым палацы стала зразумела, што зараз жыццё фараона Эхнатона будзе заўсёды ў небяспецы. Таму адданыя яму людзі ўзмацнілі ахову і не дазвалялі яму надоўга знікаць з вачэй, хоць у сваёй жальбе фараон хацеў хадзіць па берагах свяшчэннага возера ў самоце. Зрэшты, ён і лічыў, што ходзіць адзін, але нябачныя вочы сачылі за кожным ягоным крокам. Сапраўдныя прыхільнікі Атона загарэліся яшчэ большай верай, а тыя, што далучыліся да іх толькі дзеля ўлады ды выгодаў і баяліся страціць сваё становішча, падвоілі сваё старанне на фараонавай службе. Так у абодвух царствах разгаралася супрацьстаянне прыхільнікаў Атона і Амона, і гэта разлучала жонку з мужам, сына з бацькам, а брата з сястрой.
Гэта зараз жа выявілася ў Фівах, дзе ў гонар трыццацігоддзя і каб падкрэсліць магутнасць фараона наладзілі такія самыя шэсці і святы, як у Ахетатоне: тут гэтак сама неслі кашы з залатым пяском і страўсавы пёры, па беразе вялі пантэраў, жырафаў ды маленькіх малпаў, праносілі ў клетках папугаяў з бліскучымі стракатым пер'е,— і ўсё гэта рабілася, каб народ, упэўніўшыся ў ранейшай фараонавай моцы і велічы, уславіў яго. Але жыхары Фіваў глядзелі на шэсці змрочна і моўчкі, а часам на вуліцах успыхвалі бойкі, з каўняроў прыхільнікаў Атона зрывалі крыжы, і двух жрацоў Атона нават збілі да смерці, калі тыя асмеліліся паказацца ў натоўпе без аховы.
Самае горшае было, што чужаземныя паслы сачылі за святочнымі шэсцямі і сталі сведкамі беспарадкаў, даведаўшыся ў тым ліку пра замах на фараона, бо схаваць яго, дзякуючы ўпартасці самога Эхнатона, было немагчыма. Думаецца мне, пасол Азіру павёз свайму ўладару ў Сірыю шмат прыемных звестак. Апроч таго, ён вёз шмат каштоўных падарункаў ад фараона, дый я таксама паслаў дары Азіру і ягонай сям'і. Яго сыну я паслаў цэлае войска: па-майстэрску выразаных з дрэва і размаляваных воінаў з дзідамі і лукамі, калясніцы з пазалочанымі бакамі, вочы ў воінаў былі зробленыя з простых чорных камянёў, а ў начальнікаў — з каштоўных. Такі падарунак каштаваў даражэй за ўсе астатнія мае падарункі Азіру, але ж і яго сэрцу не было нічога даражэйшага за яго сына.