Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Дурні! Чаму вы не засяваеце свае палеткі, вы ж сканаеце ўзімку ад голаду!
А яны варожа глядзелі на мяне, бо на мне была вопратка з тонкага льну, і адказвалі:
— Навошта мы будзем сеяць, калі збожжа, якое расце на нашых палях, праклятае і забівае кожнага, хто яго есць.
Ахетатон быў такі далёкі ад паўсядзённага жыцця, што я толькі цяпер пачуў ад перасяленцаў, што плямленае зерне забівае дзяцей. Раней я ніколі не чуў пра такую хваробу, але яна нібыта перадавалася ад дзіцяці да дзіцяці, жываты ў іх раздзімаліся, і яны паміралі з жаласным енкам. Ім не маглі дапамагчы ні лекары, ні чараўнікі, да якіх прыходзілі звычайна жыхары новых вёсак. Але, думаю, прычынай хваробы было не зерне, а рачная вада, якая падчас разводдзя прыносіць зімовыя хваробы. Незвычайным было хіба тое, што хвароба губіла толькі дзяцей, не кранаючы дарослых. Гледзячы на гэтых людзей, якія баяліся засяваць палі, лічачы за лепшае памерці ад голаду, я разумеў, што хвароба
забіла іх сэрцы. Але я вінаваціў у гэтым не фараона, а бога Амона, які да такой ступені атруціў чалавечае жыццё страхам, што смерць пачала здавацца ўсім лепшай.
Плывучы далей уверх па рацэ, да Фіваў, я аглядаў берагі ясным, нічым не замутнёным позіркам і бачыў ураддівыя апрацаваныя палеткі з укінутым у зямлю зернем, але рабы пракліналі тут сваіх уладальнікаў, а парабкі наракалі на гаспадароў за цяжкую працу і палкі наглядчыкаў. У глыбіні душы я лічыў, што такая несправядлівасць нічым не лепшая за запусценне на землях Атона. Але нецярпенне гнала мяне наперад, і я прыспешваў весляроў, якія ў адказ паказвалі свае пакрытыя мазалямі рукі. Тады, жадаючы зрабіць ім дабро, я палячыў іх мазалі срэбрам і даў прамачыць глоткі півам. Аднак, калі яны зноў узяліся за вёслы, я пачуў, як адзін нехта буркнуў:
— Чаму мы надрываемся дзеля гэтай тлустай свінні, калі перад ягоным богам усе людзі роўныя. Хай бы павеславаў сам, тады зведаў бы, які смак мае гэтая праца. Хай прасушыць сваю глотку ды змазоліць рукі, а мы паглядзім, як ён будзе лячыцца півам ды срэбрам.
Мне вельмі захацелася пахадзіць палкай па яго спіне, але маё сэрца поўнілася дабрынёй, і я прызнаў, што вясляр меў рацыю. Тады я спусціўся да іх і запатрабаваў:
— Дайце вясло і мне!
Я стаў побач з імі і веславаў, пакуль ад цвёрдага дрэва рукі ў мяне не распухлі і скура ні іх не лопнула. Мая спіна балела ад частага нагінання, суглобы гарэлі, як у агні, і я думаў, што мой хрыбет зараз зламаецца. Я ледзьве дыхаў ад болю. Але я казаў свайму сэрцу: «Няўжо ты адмовішся ад працы, за якую ўзяўся? Ужо тады напраўду твае рабы змогуць з цябе пасмяяцца. А такое і нашмат горшае ім даводзіцца трываць кожны дзень. Дык паспытай да апошняй кроплі смак поту весляроў, смак болю ад распухлых далоняў, — даведайся, якое жыццё ў гэтых людзей. Ты ж, Сінухе, сам хацеў, каб твая мера была выпітая да апошняй кроплі». I я веславаў далей, пакуль дыханне ў мяне не збілася і слугі не знеслі мяне ў ложак.
Наступным днём я зноў веславаў сваімі рукамі, пакрытымі крывавымі мазалямі, і весляры ўжо не смяяліся з мяне, а прасілі:
— Ты наш гаспадар, а мы твае рабы. He вяслуй болей, іначай усё стане дагары нагамі, і столь стане падлогай, а падлога падымецца над нашымі галовамі. He вяслуй болей, наш добры гаспадар Сінухе, ты ж зноў задыхнешся! Усё павінна стаяць на сваім месцы, як вырашылі багі, а тваё месца зусім не тут.
Але я веславаў да самых Фіваў, і еў разам з імі сухі хлеб і кашу, піў горкае піва, і з кожным днём мог веславаць усё долей, мае рукі і цела ўсё больш мацнелі і рабіліся гнуткімі, і я радаваўся, заўважаючы, што
дыхаю роўна і не задыхаюся. Але слугі, непакоячыся за мяне, перашэптваліся:
— Гаспадара, мабыць, укусіў скарпіён ці ён з глузду з'ехаў? Ды ў Ахетатоне ж усе ненармальныя, — калі не насіць там ахоўнага амулета, дык захварэць вельмі лёгка. Але нам баяцца няма чаго — у нас пад вопраткай схаваны рог Амона.
Але я з глузду не з'ехаў і рабіцца весляром не збіраўся, — затое я даведаўся, што гэта вельмі цяжкая праца. Перад Фівамі я кінуў вясло.
Ужо здалёк да мяне даляцеў непаўторны водар вялікага горада — той водар, які чалавеку, што нарадзіўся тут, смачнейшы за ўсе духмяныя алеі на свеце. Я загадаў слугам нацерці мне далоні гаючымі мазямі, памыць і апрануць мяне ў лепшую вопратку. Пры гэтым я адзначыў, што паясная павязка стала мне завялікай, і слугі замацоўвалі яе шпількамі, бядуючы:
— Наш гаспадар захварэў, у яго зусім не засталося жывата, гэтай прыкметы вяльможнасці! Цяпер нам будзе сорамна перад слугамі іншых знатных людзей!
Але я пасмяяўся і паслаў іх у дом медніка папярэдзіць Муці, што я прыехаў: я пабойваўся з'явіцца дадому без папярэджання. А веслярам я даў срэбра і нават золата і сказаў:
— Дзеля Атона, ідзіце і наешцеся так, каб у вас надзьмуліся жываты! Парадуйце свае сэрцы півам, павесяліцеся з прыгожымі фіванскімі дзяўчатамі, бо радасць — гэта дарунак Атона, які любіць бедных больш, чым багатых за тое, што яны задавальняюцца простымі радасцямі.
Пасля маіх словаў твары ў весляроў сталі змрочныя, яны тапталіся босымі нагамі па мосце чоўна, круцілі ў руках золата і срэбра, што я ім даў, і потым сказалі:
— Нам не хацелася б цябе пакрыўдзіць, наш гаспадар, але раптам гэтае срэбра — праклятае, бо ты кажаш тут пра Атона. Мы не можам узяць праклятае срэбра, бо яно апячэ нам рукі, дый кожны ведае, што пад пальцамі яно ператвараецца ў брудны пыл.
Яны ніколі не сказалі б мне такога, каб я не веславаў разам з імі і каб мне яны не давяралі. Я супакоіў іх:
— Ідзіце і хуценька абмяняйце гэтае золата і срэбра на піва, калі так баіцеся. Але вам няма чаго баяцца, бо ні золата, ні срэбра не праклятыя, паглядзіце — там стаіць кляймо старых часоў, гэта чысты метал без медных прымесяў Ахетатона. А яшчэ скажу я вам, што дурні вы дурні, калі баіцеся бога Атона, бо нічога грознага ў ім няма,
Яны адказалі:
— Атона мы зусім не баімся, бо хто ж баіцца бяссільнага бога. Табе добра вядома, каго мы баімся, шаноўны пане. Проста мы не хочам прамаўляць яго імя, шануючы фараона.
Маё сэрца гарэла нецярпеннем, і я не хацеў больш з імі спрачацца. Таму я адпусціў іх, і яны подскакам пабеглі па гавані, смеючыся і гарлаючы песні нільскіх весляроў. Мне таксама хацелася пабегчы подскакам, спяваць і рагатаць штомоц, але ўсё гэта не стасавалася з маёй годнасцю, дый голас у мяне быў хрыпаты.Таму я напрасткі пашыбаваў у «Кракадзілаў хвост», не чакаючы насілак. Вось так, праз доўгі час я зноў сустрэўся з Мэрыт, і мае спадзяванні спраўдзіліся, бо яна здалася мне яшчэ прыгажэйшаю, чым раней. Тут я павінен прызнацца, што каханне дзіўным чынам псуе чалавечы зрок, бо Мэрыт была не надта маладой, але яна была маім сябрам і самым блізкім чалавекам на свеце. Убачыўшы мяне, яна ўзняла рукі, потым схілілася ў паклоне, але пасля падышла і дакранулася да маёй шчакі, сказаўшы:
— Сінухе, Сінухе, што з табой здарылася? Чаму так блішчаць твае вочы? А жывот ты, мусіць, згубіў па дарозе?
— Мэрыт, каханая, мае вочы гараць ад маркоты й кахання, а жывот растаў ад суму і згубіўся недзе па дарозе — так я спяшаўся да цябе, мая любая сястра.
— Вой, Сінухе, — адказала яна, выціраючы вочы, — якім салодкім бывае падман таму, чыя вясна даўно мінула. Але пасля твайго прыезду, я адчуваю, што яна зноў расквітнее, і я гатова паверыць тваім казкам, мой сябра.
Але болып пра маю сустрэчу з Мэрыт я расказваць не хачу. Раскажу лепш пра Каптаха. Яго жывот быў на месцы. Наадварот — Каптах стаў яшчэ больш дзябёлым і навешаў на сябе яшчэ болей аздобаў: на яго руках і нагах бразгаталі бранзалеты, а залатую пласціну на месцы выбітага вока ён загадаў упрыгожыць каштоўнымі камянямі. Убачыўшы мяне, ён заплакаў ад радасці і залямантаваў:
— Блаславёны той дзень, які прывёў дадому майго гаспадара!
Ён адразу павёў мяне ў асобны пакой, пасадзіў на мяккія падушкі, і Мэрыт падала нам саму лепшую ежу, якая была ў «Кракадзілавым хвасце». Наша радасць ад сустрэчы была бязмежнай. Перадусім Каптах пачаў мне расказваць пра маё багацце:
— Мой гаспадар, Сінухе, ты мудрэйшы з людзей, бо перахітрыў усіх гандляроў збожжам, якіх мала хто можа перахітрыць і ашукаць. Мінулай вясною ты сваёй хітрасцю абкруціў іх усіх, хоць, можа, і наш скарабей дапамог табе ў гэтым. Як ты памятаеш, ты загадаў мне раздаць усё тваё зерне навасёлам на насенне і браць з іх толькі мера за меру, a я называў цябе вар'ятам, бо для разумнага чалавека гэта быў бязглузды ўчынак. Дык ведай, што дзякуючы такім хітрыкам ты стаў яшчэ багацейшы — багацейшы яшчэ на палову твайго багацця, так што я нават не магу прыпомніць усю суму, якая табе належыць, а фараонавы зборшчыкі падаткаў канчаткова замардавалі мяне. Рэч у тым, што цана на
збожжа ўпала, як толькі гандляры даведаліся, што навасёлы атрымалі для пасеву насенне, а калі яшчэ пайшлі чуткі пра мір, дык яна ўпала яшчэ больш. Усе кінуліся прадаваць зерне, каб пазбавіцца ад сваіх абавязкаў, гандляры неслі вялікія страты, і шмат хто цалкам збанкрутаваў. Вось тады я і пачаў скупляць збожжа па таннай цане і складаць у нашыя свірны. Я скупіў яго незлічоную колькасць, хоць ураджай быў яшчэ на палях, не толькі не зжаты, а нават не выспелы. Увосень я сабраў з навасёлаў — як ты і загадваў мера за меру, так што аднавіў старыя запасы цалкам, і магу табе сказаць па сакрэце, мой гаспадар, што казкі пра плямленае зерне проста навыдумлялі, — яно такое самае чыстае, як усякае іншае, і ніякай шкоды прычыніць не можа. Думаецца мне, што жрацы ды іхнія паслугачы абпырсквалі яго крывёю яшчэ ў свірнах, каб яно стала плямленым і пагана смярдзела. Гэтыя мае словы небяспечныя, і мне не хацелася б, каб ты іх каму-небудзь пераказваў, тым больш што, апроч цябе, ніхто гэтаму не паверыць, бо ўсе свята вераць, быццам зерне навасёлаў праклятае. Нам жа, мой гаспадар, гэта пойдзе толькі на карысць, хай сабе людзі і вераць у гэтыя казкі. Дык вось, узімку кошт зерня зноў узрос, бо заключылі мір, і Эйе імем фараона пачаў пасылаць караблі са збожжам у Сірыю, каб выцесніць з сірыйскіх рынкаў вавілонскае зерне. Збожжа вырасла ў цане так, як у Егіпце не было спрадвеку, і ад таго нашы прыбыткі аказаліся незлічонымі і будуць яшчэ расці, пакуль мы трымаем зерне ў свірнах, а прычынай гэтаму будзе голад, які пачнецца ў Егіпце ўвосень, бо навасёлы зямлю болып не апрацоўваюць, рабы з фараонавых земляў уцякаюць, a земляробы хаваюць збожжа, каб яго не забралі і не павезлі ў Сірыю. Таму я нястомна дзякую нябёсам за тваю вялікую мудрасць, мой гаспадар, бо ты перахітрыў тут нават мяне, які называў цябе вар'ятам.