• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Каптах прыйшоў у захапленне ад свайго аповеду і казаў далей:
    — Я ўсхваляю тыя блаславёныя часы, калі багацце багатых узрастае, незалежна ад таго, жадае гаспадар гэтага ці не. Настаў час парадавацца і гандлярам, бо яны багацеюць, не сыходзячы з месца. Сапраўды, цудоўная настала пара, бо срэбра і золата само сыплецца ў нашы куфры. Ці ведаеш ты, мой гаспадар, што, прадаючы пустыя гаршчкі, я нажыўся не меней, чым на гандлі зернем? He, гэта не дурныя жарты, a чыстая праўда, хоць паверыць у такое цяжка. Цяпер ва ўсім Егіпце стала процьма пакупнікоў старых пустых гаршчкоў, ім падыходзяць гаршчкі любой формы, а півавары і вінаробы вохкаюць ды рвуць на сабе валасы, бо ім не хапае посуду. Сапраўды, дзіўны час, калі чалавек можа разбагацець на пустым месцы. Я, прачуўшы пра тое, паспеў скупіць усе пустыя гаршчкі ў Фівах і загадаў некалькім сотням рабоў скупляць нават старыя гаршчкі, якія некаторыя аддавалі іх нам задарма, каб толькі прыбраць са двара гэты смярдзючы хлам. 1 калі я сказаў бы, што гэтай
    зімой прадаў тысячу разоў па тысячы гаршчкоў, гэта было б, можа, і невялікім перабольшваннем, але не хлуснёй. Дый навошта мне хлусіць, калі мая праўда неверагоднейшая за ўсю самую перакручаную хлусню!
    Але якому дурню спатрэбілася столькі пустых гаршчкоў? — спытаў я.
    Каптах хітра падміргнуў мне сваім адзіным вокам:
    — Пакупнікі кажуць, нібыта ў Ніжняй зямлі вынайшлі новы спосаб захоўваць рыбу ў салёнай вадзе, але я праверыў і аказалася, што гаршчкі вязуць у Сірыю. Вялізную колькасць гаршчкоў выгружаюць у Танісе і ў Газе і адтуль па сушы вязуць у Сірыю. Але што робяць сірыйцы з такой колькасцю пустых гаршчкоў — сказаць цяжка. Як я ні стараўся, ніхто не можа мне адказаць дакладна.
    Каптахаў аповед быў, безумоўна, цікавы і дзіўны, але я не захацеў ламаць галаву над гэтай загадкай — мяне болей цікавіла становішча са збожжам. Пасля таго, як Каптах скончыў, я сказаў яму:
    — Калі трэба, дык прадавай усё, што ў мяне ёсць, і купляй збожжа, Каптах, купляй збожжа, скупі ўсе запасы, нягледзячы на цану. Але купляй не тое зерне, якое яшчэ не прарослае ляжыць у зямлі, а толькі тое, якое можна пабачыць на свае вочы і памацаць рукамі. Падумай таксама, ці зможаш ты выкупіць зерне, якое паслалі ў Сірыю — хоць фараон па ўмовах мірнага пагаднення і павінен пасылаць яго туды, але ж Сірыя атрымлівае збожжа з Вавілона і ёй столькі яго проста не патрэбна. А ў Егіпце сёлета, напраўду, увосень чакаецца голад, і хай будзе пракляты той, хто прадае збожжа з царскіх запасаў, жадаючы паспаборнічаць з вавілонскімі хлебаробамі.
    Выслухаўшы мае словы Каптах ухваліў маю мудрасць:
    — Ты кажаш правільныя і разумныя словы, мой гаспадар, — калі гэтая здзелка закончыцца ўдала, ты станеш самым багатым чалавекам у Егіпце. Думаю, пэўную колькасць збожжа я дакупіць змагу, няхай і па ліхвярскіх цэнах. А вось чалавек, якога ты лаеш і праклінаеш, — гэта безгаловы жрэц Эйе. Гэта ён пачаў танна прадаваць фараонава збожжа адразу пасля заключэння міру, і па сваёй дурасці прадаў столькі, што цяпер Сірыі яго хопіць на доўгі час. Ён зрабіў гэта таму, што на правядзенне свята трыццацігоддзя яму патрабавалася шмат золата. Але цяпер сірыйцы не прададуць нам збожжа: яны складваюць яго ў свірны і, чакаючы зімы, не прададуць ні зярнятка, — яны хітрыя гандляры. А вось узімку, калі кожнае зярнятка стане залатым, яны напоўняць свае куфры сапраўдным золатам. Праўда, толькі тым, якім не паспеем завалодаць да таго часу мы з табою, мой гаспадар.
    Але хутка я забыўся і на збожжа, і на голад, які пагражаў Егіпту, на будучыню, схаваную ў змроку, які прыйдзе на змену апошняму барвоваму захаду над Ахетатонам, бо я глядзеў у вочы Мэрыт, і маё сэрца
    поўнілася асалодай ад яе прыгажосці, яна была салодкім віном у маіх вуснах і духмяным алеем у маіх валасах. Мы пакінулі Каптаха, і яна паслала мне ў сваім ложку. I я са спакойным сэрцам змог назваць яе сястрой, хоць раней думаў, што пасля колішняй юнацкай ліхаманкі не скажу такога слова ўжо ніводнай жанчыне. Пасля вялікіх падманаў і расчараванняў дружба Мэрыт стала мне хлебам і віном, якія наталялі голад і смагу, і дотык яе вуснаў п'яніў мяне болей, чым усё віно з гор і далін. Наталіўшы мой голад і смагу, яна ўзяла мае рукі ў свае, і ў начной цемры я адчуваў яе дыханне на сваёй шыі, і мы размаўлялі так, што нічога патаемнага не засталося ў мяне на сэрцы, і я гаварыў без хітрыкаў і падману. Але ў яе сэрцы зберагалася нейкая таямніца, пра якую я тады не здагадваўся.
    Так восв, п'яны ад кахання, я адчуваў тым вечарам, што мая мужнасць стала мацнейшай, чым у маладосці, бо маладосць — пара памылак і хібаў, маладое каханне заўсёды поўніцца тугой і не ведае ні сябе, ні сваёй сілы, думаючы, што гэтая сіла існуе сама па сабе, і не здагадваючыся, што год ад году яна з узростам будзе змяншацца, асабліва сіла мужчынская. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, у дні сваёй сталасці я ўзношу хвалу маладосці, бо тады голад быў лепшы за насычэнне, а смага хвалюе чалавека больш, чым душа, удосталь напоеная віном. Аднак цяпер, прыехаўшы ў Фівы, я думаў, што ў параўнанні з маладосцю мая мужчынская сіла ўзрасла, хоць, можа, гэта быў толькі салодкі падман, якім зменлівае жыццё часта засланяе чалавеку вочы. Гэты падман зрабіўусё навокал прыгожым, і я нікому на свеце не жадаў зла, а толькі дабра. Лежачы побач з Мэрыт, я не адчуваў сябе чужаніцай на гэтым свеце, мой дом быў у яе абдымках, а яе пацалункі развейвалі маю самоту. Але і гэта было яшчэ памылкай, якую мне было наканавана перажыць, каб мая мера напоўнілася дарэшты.
    У «Кракадзілавым хвасце» я зноў убачыў маленькага Тота. Пры поглядзе на яго ў мяне пацяплела на сэрцы, а ён абняў мяне і назваў «татам». Мэрыт сказала, што яго маці памерла і яна ўзяла хлопчыка да сябе, бо насіла яго на абразанне, а значыць, паводле звычаю, мусіла клапаціцца аб ім, калі бацькі рабіць гэтага ўжо не змогуць. Тот прыжыўся ў шынку, і заўсёдныя наведнікі песцілі яго і прыносілі яму розныя падарункі і цацкі, каб зрабіць прыемнае Мэрыт. Мне ён таксама вельмі спадабаўся, і я браў яго да сябе, у былы дом медніка, чым надзвычай парадаваў Муці. Я глядзеў, як ён гуляе пад дрэвам з іншымі дзецьмі, успамінаў сваё дзяцінства ў Фівах і зайздросціў Тоту. У мяне ён адчуваў сябе як дома і нават заставаўся начаваць, а я дзеля забавы пачаў вучыць яго пісьменству, хоць ён быў яшчэ малы, каб пайсці ў школу. Я заўважыў, што ён быў кемлівы хлопчык і лёгка засвойваў знакі і малюнкі, і таму я вырашыў аддаць яго ў лепшую школу ў Фівах,
    дзе вучыліся дзеці мясцовай знаці. Мэрыт вельмі ўзрадавалася такому рашэнню. А Муці ўвесь час пякла хлопцу мядовыя аладкі і расказвала казкі. Яе мара спраўдзілася: у доме быў сын, але не было жонкі, якая бясконца чаплялася б да яе і аблівала ёй ногі варам, як робяць зазвычай усе жонкі, калі сварацца са сваімі мужамі.
    Я, напэўна, мог бы адчуваць сябе шчаслівым у Фівах, калі б тут не панаваў вялікі неспакой, які адразу кідаўся ў вочы. He было, мусіць, дня, каб на вуліцы ці на плошчы не ўспыхвала бойка, а спрэчкі аб Амоне і Атоне абавязкова канчаліся ранамі ды разбітымі галовамі. У фараонавай вулічнай варты і ў суддзяў было шмат працы, і амаль штотыднёва ў гавані збіралі купкі звязаных людзей — мужчын, жанчын, старых і падлеткаў, амаль дзяцей, якіх за іх прыхільнасць да Амона адрывалі ад дому і пасылалі на прымусовыя работы на царскіх палетках, у каменяломнях ці нават у рудніках. Але тыя, каго адпраўлялі, былі зусім не падобныя да рабоў ці злачынцаў, праводзіць іх збіраліся натоўпы людзей у белых строях, яны гучна віталі пакутнікаў, не звяртаючы ніякай увагі на ахоўнікаў. Палонныя ўздымалі над галавой звязаныя рукі і крычалі:
    —	Мы хутка вернемся!
    А некаторыя асуджаныя ўзбуджана трэслі звязанымі рукамі і пагражалі:
    —	Мы вернемся і пасмакуем кроў Атона!
    Так крычалі яны, і вартаўнікі, баючыся натоўпу, не ўмешваліся і не пускалі ў ход палкі, пакуль карабель не адыходзіў ад берага.
    Народ у Фівах раздзяляўся, сын супрацьстаяў бацьку, а жонка мужу. Прыхільнікі Атона насілі на каўняры жыватворныя крыжы, а знакам прыхільнікаў Амона быў рог, які яны насілі адкрыта і па ім пазнавалі адзін аднаго. I ніхто не мог забараніць ім гэтага, бо рог здаўна лічыўся самай добрай аздобай вопраткі. Я дакладна не ведаю, чаму яны абралі сваім сімвалам менавіта рог. Можа, меўся на ўвазе рог Амонава барана, а можа, адно з незлічоных імёнаў бога, якое пішацца гэтак сама, як «рог», і якое жрацы выкапалі з даўняй даўніны і далі народу, як апазнавальны знак. Ва ўсякім выпадку, носьбіты гэтага знаку перакульвалі кашы гандляроў рыбай, білі вокны ў дамах і нападалі на сваіх супраціўнікаў са словамі: «Забадзём, заколем Атона рагамі!» У адказ прыхільнікі Атона пачалі насіць пад вопраткай нажы ў форме жыватворнага крыжа і абараняліся імі з крыкам: «Наш крыж вастрэйшы за рогі, і мы адправім вас гэтым крыжам у вечнае жыццё!» I яны сапраўды шмат каго адправілі сваімі крыжамі ў Дом смерці. Варта ніколі іх не спыняла і нават абараняла, хоць здаралася, што цэлы гурт «крыжоў» накідваўся на аднаго «рога», збіваў яго на горкі яблык і пакідаў, абрабаванага дагала, на вуліцы.
    На здзіў, улада Атона ў Фівах за мінулы год незвычайна ўмацавалася, але як яно так адбылося, я зразумеў не адразу. Адной з прычынаў было вяртанне ў Фівы новапасяленцаў, якія страцілі ўсё. Яны злаваліся на жрацоў Амона, вінавацячы іх у атручванні збожжа, і на чыноўнікаў, якія патуралі тым, хто засмечваў каналы і пускаў гавяду на засеяныя палеткі. У сваім адчаі яны прынеслі з сабой надзею на Атона. Многія, хто навучыўся новай пісьменнасці і хадзіў у школы Атона, — а моладзь заўсёды паўстае супраць старога і падтрымлівае новае, — былі палкімі вернікамі Атона. Падтрымлівалі яго і партовыя рабы і насільшчыкі. Яны збіраліся разам і казалі:
    — Нашая мера і так напалову парожняя, і губляць нам няма чаго. Перад Атонам няма ні паноў, ні рабоў, ні гаспадароў, ні слуг, а перад Амонам мы вечна вінаватыя!
    Асабліва палкімі прыхільнікамі Атона былі злодзеі, рабаўнікі магілаў і махляры, бо за гэты час яны моцна ўзбагаціліся і цяпер баяліся расплаты. Прыхільнікамі Атона былі і тыя, хто карміўся ад дзяржаўнай службы, — яны баяліся ўгнявіць фараона, а таму трымаліся за новага бога. Фівы падзяляліся на два варожыя лагеры, але самыя разважныя і міралюбныя людзі з болем глядзелі на гэтыя свары, кажучы: