Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Спрачацца з ім не было сэнсу, і я развітаўся. Потым я абняў Мэрыт і Тота, якіх, на вялікі мой жаль, не мог узяць з сабой, бо фараон прыспешваў мяне, і такое падарожжа не дало б ім ніякага задавальнення. Але я сказаў Мэрыт:
— Прыязджайце да мяне з маленькім Тотам, вы будзеце жыць са мной ў Ахетатоне, у маім доме, і мы будзем шчаслівыя разам.
Мэрыт адказала:
— Калі ўзяць кветку з пустэльні і перасадзіць ва ўрадлівую глебу, яна счэзне і загіне, нават калі яе паліваць кожны дзень. Так будзе са мной у Ахетатоне. Твае сяброўскія адносіны да мяне звянуць і загінуць, калі ты пачнеш параўноўваць мяне з прыдворнымі жанчынамі, і ўсе яны будуць паказваць на мяне пальцамі, адзначаючы, што ў мяне не так, як у іх, бо я добра ведаю жанчын. Дый мужчын, мабыць, ведаю не горай.
Я запярэчыў:
- Мэрыт, каханая мая, я вярнуся да цябе, як толькі змагу, бо я пакутую ад голаду і смагі кожны раз, калі цябе няма побач. Многія ўжо выехалі з Ахетатона, каб больш туды не вяртацца. Можа, і я прыеду да цябе і не вярнуся туды.
Але яна не згадзілася:
— Ты абяцаеш мне болей, чым можа вытрываць тваё сэрца, Сінухе. Я ведаю цябе, і ведаю, што твой гонар ніколі не дазволіць табе пакінуць фараона, калі ўсе кідаюць яго ў адзіноце. Можа быць, у шчаслівыя дні ты яго і пакінуў бы, але толькі не ў дні няшчасця. Такое ўжо тваё сэрца, Сінухе, і можа, таму я стала тваёй сяброўкай.
Ад гэтых словаў маё сэрца моцна закалацілася, і пры адной думцы, што я магу яе страціць, камяк пераціснуў мне горла, як кавалак чэрствага хлеба. Я горача сказаў ёй:
— Мэрыт, на свеце ёсць шмат краінаў, і Егіпет — не адзіная, дзе можна жыць. Мне ўстыла бясконцая барацьба багоў і фараонава вар'яцтва. Давай паедзем куды-небудзь далёка і будзем жыць разам — ты, я і маленькі Тот, не хвалюючыся за заўтрашні дзень.
Мэрыт усміхнулася, яе вочы пацьмянелі ад журбы і жалю, і яна адказала:
— Ты кажаш лухту, і сам гэта добра ведаеш, але твая хлусня мне прыемная, бо ў ёй адчуваецца тваё каханне да мяне. Я добра ведаю, што нідзе, апроч Егіпта, ты не будзеш шчаслівы, бо аднойчы ты ўжо сюды вярнуўся. А я не змагу быць шчаслівая нідзе, апроч Фіваў. Ты сам ведаеш, што той, што аднойчы выпіў нільскай вады... He, Сінухе, чалавеку не ўдасца збегчы ад свайго сэрца, а твая мера павінна стаць поўнай. Апроч таго, з цягам часу я патаўсцею, стану старой і брыдкай, я апастылею табе, і ты пачнеш ненавідзець мяне за турботы, прычынай якіх я буду. Лепш мне страціць цябе, чым перажыць такое.
— Ты мой дом і мая радзіма, Мэрыт, — адказаў я. Ты хлеб у маіх руках і віно ў маіх вуснах, і ты сама ведаеш, што гэта так. Ты адзіны чалавек на свеце, з кім я не адчуваю сваёй вечнай самоты, і таму я кахаю цябе.
— Вось яно так і ёсць, — сумна адказала Мэрыт, — менавіта так, бо
я — мяккая посцілка для тваёй самоты, калі толькі не падраны сяннік пад табой. Але хай сабе і так, ды я і не хачу нічога іншага. Таму я не адкрыю табе сваю таямніцу, якая згрызае мне сэрца, хоць, можа, табе яе і трэба было б ведаць. Але я зберагу яе, хоць па сваёй слабасці хацела даверыцца табе. He, я пакіну яе сабе — дзеля цябе, Сінухе.
Так яна і не адкрыла мне сваёй таямніцы, бо была болей гордая, чым я, і, напэўна, болей самотная, хоць я тады не разумеў гэтага, думаючы толькі пра сябе. На маю думку, так робяць усе мужчыны ў каханні, але гэта, вядома, не можа быць мне апраўданнем. I як бы мужчыны не цешылі сябе думкай, што ў каханні яны клапоцяцца не толькі пра сябе, але і пра кагосьці яшчэ, гэта ўсё толькі пустыя мроі, як і шмат што іншае ў гэтым свеце.
Так я пакінуў Фівы, каб вярнуцца ў Ахетатон, а ў тым, пра што я распавяду далей, ужо не будзе нічога добрага. Таму я, дарэчы, і распісваў так доўга сваё жыццё ў Фівах, хоць нічога цікавага ў ім не было, — я распавядаў гэта толькі дзеля самога сябе.
ПАГІІРУС ТРЫНАЦЦАТЫ
Царства Атона на зямлі
і
Калі я вярнуўся ў Ахетатон, фараон Эхнатон быў зусім хворы і яму патрабавалася мая дапамога. Яго шчокі ўваліліся, скулы рэзка выступілі, а шыя выцягнулася яшчэ больш і не магла ўжо трымаць цяжар падвойнай кароны, якую ён надзяваў ва ўрачыстых выпадках. Яго клубы сталі надзвычай шырокія, а ногі — танюткія, як лазовыя дубцы. Ад няспыннага галаўнога болю вочы апухлі і пад імі цямнелі фіялетавыя кругі. Ён ужо не глядзеў у вочы людзям, яго позірк блукаў недзе ў іншым свеце, і часта, думаючы пра свайго бога, ён забываўся нават, з кім у гэты момант вядзе размову. Галаўны боль узмацняла і тое, што ён завёў звычку хадзіць на шпацыр пад паўдзённым сонцам без царскага галаўнога ўбору і без махалаў, падстаўляючы аголеную галаву блаславёным промням бога Атона. Але промні Атона не былі для яго блаславеннем, яны атручвалі яго, ён трызніў і яго наведвалі жахлівыя відзежы. Ягоны бог, напэўна, быў да яго падобны, бо шчодрай рукой раздаваў людзям дабро — нечакана для іх і нават гвалтоўна — так, што яго дабро выходзіла злом, а любоў сеяла вакол толькі пагібель.
Але ў хвіліны прасвятлення, калі я прыкладваў да ягонай галавы халодныя прымочкі і сцішаў боль супакаяльнымі лекамі, яго вочы былі поўныя такой горычы і тугі, нібыта нейкае невыказнае расчараванне патаемна завалодала ягонай душой, і яго позірк працінаў маё сэрца. Я зноў любіў яго ў яго слабасці і быў гатовы ахвяраваць многім, каб пазбавіць ад расчаравання, якое душыла яго. А ён мне казаў:
— Сінухе, ці магчыма, каб мае відзежы былі падманам і стварэннем толькі маёй хворай галавы? Калі гэта так, значыць, жыццё нашмат страшнейшае, чым я думаў, а ў свеце пануе не дабро, а адвечнае і бясконцае зло. Але такога быць не можа, і мае відзежы былі сапраўдныя. Ты чуеш, неўтаймоўны Сінухе, мае відзежы мусяць быць сапраўднымі, няхай нават і мае сябры апаганьваюць мой ложак! Я не сляпы, я добра бачу чалавечыя сэрцы! I тваё сэрца — таксама, Сінухе, яно ў цябе добрае і слабое, і я ведаю, што ты лічыш мяне за вар'ята, але дарую табе, бо яго святло некалі сагрэла і тваё сэрца.
Калі боль мацнеў, ён ускрыкваў, стагнаў і прамаўляў:
— Сінухе, нават хворую жывёліну шкадуюць, літасціва дабіваючы кіюгай, параненаму ільву літасць даруюць дзідай, і толькі чалавека ніхто 476
не шкадуе. Расчараванне для мяне страшнейшае за смерць, а паміраць мне не страшна, бо яго святло сагрэе мне сэрца, і хоць чалавечае цела можа памерці, яго дух будзе вечна жыць, сагрэты і асветлены ягоным святлом, якім ён залівае ўвесь свет. Я народжаны ад сонца, Сінухе, і да сонца вярнуся, і я сумую па сонцу, і таму вярнуся да яго, нягледзячы на ўсе расчараванні.
Так ён прамаўляў да мяне, ахоплены ліхаманкай сваёй хваробы, і я не разумеў, ці ведае ён сам, пра што кажа. Аднак з надыходам восені, дзякуючы майму дагляду, яму палепшала, хоць, магчыма, лепш было б даць яму памерці. Але ж лекар не можа зрабіць так, калі здольны вылечыць хворага, і часта гэта ператвараецца ў сапраўдны праклён. Але што зробіш: лекар павінен лячыць усіх — і добрых, і злых, і праведнікаў, і распуснікаў.
Дарэчы, яго словы пра сяброў, якія апаганьваюць яго ложак, былі праўдай, бо пасля нараджэння пятай дачкі царыца Неферціці канчаткова адвярнулася ад мужа і нават узненавідзела яго. He думаючы ўжо, што яна робіць, яна ўзялася ўсяляк ганьбаваць і абражаць яго. У час, калі паспявае ячмень, царыца Неферціці зацяжарала шосты раз, але дзіця ў яе чэраве мела царскую кроў адно па сваім найменні, бо царыца пусціла ў сваё ўлонне чужое семя: забыўшыя на ўсе межы прыстойнасці, яна цяпер цешылася, з кім хацела, з маім сябрам Тутмесам у тым ліку. Ёй не даводзілася доўга нудзіцца адной у сваім ложку: хоць яе вясна даўно мінула, яе прыгажосць заставалася непараўнальнай, і ў вачах і з'еддівай усмешцы было штосьці такое, што зачароўвала мужчын, і яны не маглі стрымаць сябе. Ад нянавісці і злосці яна наўмысна спакусіла самых адданых Эхнатону людзей, прымушаючы іх адвярнуцца ад фараона, звужаючы тым самым кола фараонавых прыхільнікаў.
Яна мела цвёрдую волю і надзвычай востры розум, а кожная жанчына, якая спалучае зламыснасць з розумам і прыгажосцю, уяўляе вялікую небяспеку. Але стакроць небяспечнейшая тая, якая трымае ў сваіх руках яшчэ і ўладу Вялікае царскай жонкі. Шмат гадоў яна ўтаймоўвала сябе, не даючы волі сваім жаданням, шмат гадоў прывучала сябе ўсміхацца налева і направа, падпарадкоўваць людзей сваёй прыгажосцю, цешыцца аздобамі, віном, вершамі і нявіннымі заляцаннямі. Але пасля нараджэння пятай дачкі штосьці зламалася ў ёй, бо яна сябе пераканала, што ўжо ніколі не зможа нарадзіць сына. I ўсю віну за гэта яна ўсклала на фараона Эхнатона. Безумоўна, гэта не стасуецца з прыродным парадкам і можа памуціць жаночы розум. Але трэба памятаць, што ў жылах Неферціці цякла чорная кроў жраца Эйе, кроў ілжывая, каварная, распусная, атручаная прагай улады, а таму не дзіва, што царыца была такой, а не іншай.
У яе абарону трэба сказаць, што за ўсе папярэднія гады ніхто не мог
сказаць пра яе дрэннага слова, ані распусціць злой плёткі, бо яна была вернай жонкай і кахала фараона, ставячыся да яго з вялікай пяшчотай і аберагаючы яго ў яго шаленстве. Яна сама верыла нават у сапраўднасць ягоных відзежаў. Таму шмат хто здзівіўся такой нечакана рэзкай перамене і ўбачыў у гэтым праклён, які смяротным ценем вісеў над Ахетатонам. Распуста царыцы была такою вялікай, што казалі, быццам яна цешыцца са слугамі, сарданамі і нават магільшчыкамі, у што я не магу паверыць. Калі толькі з'яўляецца падстава для плётак, людзі з радасцю ўсё перабольшваюць і перакручваюць, нават тое, што і без таго варта жалю і асуджэння.
Але я не хачу асуджаць царыцу занадта строга, бо якая жанчына магла б вытрываць такое, асабліва калі яна — царыца і самая прыгожая жанчына ў свеце, жанчына разумная і з тонкай душой, якую ўсе абагаўлялі і якая доўга цярпела жыццё са звар'яцелым фанатыкам-мужам, што прымушаў яе кожны год, як карову, выношваць яму дзяцей, прычым толькі дачок, і вёў у ложку бясконцыя размовы пра свайго бога Атона! Апроч таго, калі вочы Неферціці адкрыліся, а пяшчота ў сэрцы змянілася злосцю, яна, жанчына разумная і кемлівая, адразу заўважыла, што фараон Эхнатон сее вакол сябе адно разбурэнне і, сам таго не заўважаючы, аслабляе сваю ўладу, штурхаючы сябе да пагібелі. Таму цалкам магчыма, што яе распуста і цяга да мужчын вынікалі не з раптоўнай жаночай страсці, што ў ёй абудзілася, а з загадзя зробленага цвярозага разліку — найбольш зручным для прыгожай жанчыны спосабам перацягнуць на свой бок адданых фараону людзей і егіпецкую знаць. Зрэшты, усё гэта былі толькі мае здагадкі, а на справе ўсё магло быць зусім не так.