Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
А я казаў свайму сябру Тутмесу:
— Фараон Эхнатон падняў цябе з гразі і паставіў упоравень з сабой, зрабіўшы сваім сябрам. Чаму ж ты паказваеш яго так, нібы люта ненавідзіш, чаму апаганьваеш яго ложак і прадаеш ягоную дружбу?
Тутмес адказваў:
— He лезь у справы, у якіх нічога не разумееш, Сінухе. Можа, я і ненавіджу яго, але яшчэ больш ненавіджу сябе. Агонь творцы спальвае мяне, і яшчэ ніколі мае рукі не былі такімі спрытнымі. Можа, незадаволены мастак, які ненавідзіць сябе, здольны стварыць болей, чым мастак добрапрыстойны і ўсім задаволены. Усе колеры і формы я ствараю з сябе, з сябе я ствараю гэтую неаднастайнасць, і ў кожнай скульптуры высякаю сябе на вечныя часы. Таму ніводзін чалавек мне не роўны, я ўзвышаюся над усімі, і няма для мяне непахісных законаў і забаронаў, бо маё мастацтва вышэй за ўсе законы, а я сам, творца, болей бог, чым чалавек. Ствараючы гэтыя колеры і формы, я спаборнічаю з самім Атонам і перамагаю яго, бо ўсё, што стварае з сябе Атон — гіне, а тое, што ствараю я — застаецца навечна.
Праўда, кажучы гэта, ён быў п'яны, бо піў кожны дзень, і я дараваў яму таму, што пакуты адбіваліся на яго твары і яго позірк быў позіркам няшчаснага чалавека.
Тым часам з палёў сабралі ўраджай, вада паднялася і сышла, наступіла зіма, а разам з ёю на егіпецкай зямлі прыйшоў голад. I ніхто ўжо не ведаў, якія няшчасці прынясе з сабой заўтрашні дзень. На пачатку зімы ў Ахетатон прыйшла вестка, што Азіру пусціў хетаў у многія сірыйскія гарады і хецкія баявыя калясніцы, перайшоўшы Сінайскую пустэльню, напалі на Таніс і спустошылі вакол горада ўсе ўрадлівыя Ніжнія землі да самай ракі.
2
Следам за гэтымі звесткамі ў Ахетатон прыехалі Эйе з Фіваў і Харэмхеб з Мемфіса, каб парадзіцца з фараонам, як уратаваць тое, што яшчэ можна ўратаваць. Я быў на той нарадзе як лекар, бо баяўся, што ад турботаў ды непрыемнасцяў, фараону стане дрэнна, і ён зноў захварэе. Але фараон паводзіў сябе стрымана, холадна і не траціў спакою, пакуль жрэц Эйе і Харэмхеб гаварылі перад ім.
Жрэц Эйе казаў:
— Фараонавы свірны спусцелі, і краіна Куш не прыслала нам сёлета абавязковай даніны, на якую я так спадзяваўся. Паўсюль пануе вялікі голад, каб здабыць харчы, людзі выкопваюць з глею карані вадзяных раслінаў, абдзіраюць кару садовых дрэваў, ядуць жаб, саранчу і жукоў. Шмат людзей памерла, але яшчэ большай колькасці наканавана памерці ў хуткім часе, і нават пры самым строгім размеркаванні царскага збожжа ўсім не хопіць, а гандляры прадаюць сваё зерне па такіх высокіх цэнах, што збяднелыя людзі не могуць купіць яго. Вялікі неспакой пануе ў душах людзей, сяляне бягуць у гарады, а гараджане бягуць з гарадоў, і ўсе кажуць: «Гэта праклён Амона, і мы гінем па віне новага фараонава бога». Таму, фараон Эхнатон, нельга марудзіць, аллай Амону ягоную ўладу, хай людзі пакланяюцца яму і прыносяць ахвяры, і тады ўсе супакояцца. Аддай Амону ягоныя землі, і хай ён іх апрацоўвае, бо цяпер земляробы называюць твае землі праклятымі і не асмельваюцца іх засяваць. Таму трэба памірыцца з Амонам, і трэба зрабіць гэта як мага хутчэй, іначай я не магу прадказаць наступствы.
А Харэмхеб сказаў:
Бурабурыяш купіў у хетаў мір, а Азіру пад іх націскам адчыніў брамы сваіх гарадоў і зрабіўся іхнім хаўруснікам. Хецкіх воінаўу Сірыі, як марскога пяску, а калясніц у іх болей, чым зорак у небе, і гэта пагібель Егіпту, бо ў сваёй хітрасці яны прывезлі з сабою ваду ў незлічоных гаршчках, і іх войска не будзе адчуваць нястачы ў вадзе. На жаль, большасць гаршчкоў яны купілі ў Егіпце, а гандляры ў сваёй хцівасці выкапалі сабе магілу. Калясніцы Азіру і хетаў ужо рабілі набегі пад Таніс у егіпецкіх землях, і тым самым яны парушылі мірную дамову. Гэта невялікая шкода для нашага гонару, дый разбурэнні яны нарабілі невялікія, але я загадаў распаўсюдзіць чуткі аб звярынай жорсткасці хетаў, так што народ гатовы да вайны. Ёсць яшчэ час, фараон Эхнатон! Загадай затрубіць у баявыя трубы, узняць сцягі і абвясціць вайну. Збяры ўсіх здольных насіць зброю ў лагеры дзеля навучання ваеннай справе, загадай накіраваць усе запасы медзі на выраб дзідаў і наканечнікаў для стрэлаў, і ты ўбачыш, што царскі трон будзе выратаваны. Я выратую яго, я павяду нябачаную дагэтуль Егіптам вайну, я перамагу хетаў
і вярну Сірыю пад тваю высокую руку. Усё гэта я магу зрабіць, калі ўсе егіпецкія прыпасы і збожжа аддадуць войску. Голад робіць воінамі нават баязліўцаў, і ім усё адно што Атон, што Амон, народ забудзе аб Амоне падчас вайны, а любыя хваляванні знойдуць выхад у барацьбе з ворагам, і твой трон толькі ўмацуецца ў выніку пераможнай вайны. Я абяцаю табе, фараон Эхнатон, што вайна будзе пераможнай, бо я, Харэмхеб, Сын сокала, народжаны для вялікіх здзяйсненняў, і цяпер настаў мой дзень, якога я чакаў усё жыццё.
Пачуўшы гэта, жрэц Эйе паспешліва сказаў:
— He вер Харэмхебу, фараон Эхнатон, не слухай яго, мой любы хлопчык, бо падман прамаўляе ягонымі вуснамі, а ён сам хоча захапіць тваю ўладу. Заключы пагадненне са жрацамі Амона і тады абвяшчай вайну, але ні ў якім разе не давярай Харэмхебу кіраўніцтва арміяй. Пастаў на чале войска якога-небудзь сталага дасведчанага военачальніка, які вывучаў ваеннае майстэрства па старадаўніх рукапісах часоў вялікіх фараонаў і якому ты давяраеш.
— Калі б мы стаялі цяпер не перад фараонам, жрэц Эйе, — адказаў Харэмхеб, — я заткнуў бы твой паганы рот сваім кулаком. Ты мераеш мяне сваёй меркай, і тваімі вуснамі прамаўляе падман, бо ты ўпотай ужо даўно дамовіўся са жрацамі Амона і заключыў з імі пагадненне за плячыма фараона. I я не падманваю хлопчыка, чыю слабасць абараніў аднойчы, прыкрыўшы сваім плашчом у пустэльні каля фіванскіх гор! Мая галоўная мэта — веліч Егіпта, і толькі я змагу выратаваць краіну.
Тады фараон Эхнатон спытаў:
— Вы сказалі?
I яны адказалі ў адзін голас:
— Мы сказалі.
Тады фараон прамовіў:
— Мне трэба ўсю ноч маліцца, перш чым я прыму рашэнне. А заўтра збярыце на сход увесь народ, збярыце ўсіх, хто мяне любіць, збярыце знатных і прасталюдзінаў, гаспадароў і слугаў, прывязіце людзей з горных каменяломняў, каб я мог гаварыць з народам і абвясціць сваё рашэнне.
I яны зрабілі так, як загадваў фараон, і сабралі назаўтра ўвесь народ, — Эйе, спадзеючыся, што фараон памірыцца з Амонам, а Харэмхеб, думаючы, што фараон абвесціць вайну Азіру і хетам. А фараон не спаў усю ноч і маліўся, усхвалявана ходзячы па палацы. Ён не еў і не піў і ні з кім не заводзіў размовы, і, як царскі лекар, я быў занепакоены яго станам. Наступным днём яго вынеслі да народа, і з трона, які стаяў перад натоўпам, ён з ясным тварам прамовіў, узняўшы рукі ў свяшчэнным натхненні:
— Па маёй слабасці голад пануе сёння на егіпецкай зямлі, па маёй
слабасці вораг пагражае нашым межам, і вам трэба ведаць, што хеты рыхтуюцца нанесці ўдар з Сірыі па Егіпту, і хутка ногі ворагаў ступяць на Чорную зямлю. Усё гэта адбываецца з прычыны маёй слабасці, з прычыны, што я не зразумеў правільна голас майго бога і не выканаў яго волю. Але цяпер бог адкрыўся мне. Атон адкрыўся мне, і ягоная праўда гарыць у маім сэрцы, і ўва мне больш няма слабасці і сумневу. Я зрынуў фальшывага бога, але пакінуў іншых багоў цараваць побач з Атонам, і іх чорны цень накрыў увесь Егіпет. Дык хай зрынуцца ўсе старыя багі зямлі Кэмет і хай загарыцца над намі адзіны бог Атон! Хай знікнуць з гэтага дня ўсе старыя багі і на зямлі настане царства Атона!
Пачуўшы такое, горад застагнаў да жаху. Хто стаяў, узняўшы рукі, a хто ўпаў ніцма перад фараонам. А той узвысіў голас і працягваў:
— Той, хто любіць мяне, хай ідзе і звяргае старых багоў Кэмет! Ідзіце і знішчайце іх алтары, ламайце выявы, вылівайце на зямлю іх святую ваду і разбурайце храмы, сатрыце іх імёны з усіх надпісаў, не пакінуўшы нават у грабніцах, дзеля ўратавання Егіпта! Вяльможы, бярыце ў рукі кіюгі, мастакі, адкладзіце вашы прылады і вазьміце ў рукі сякеры, будаўнікі, вазьміце ў рукі молаты — і ідзіце па ўсёй зямлі, па гарадах і вёсках, звяргаючы старых багоў і вынішчаючы іх імёны! Так я ачышчу Егіпет ад улады зла!
Ад такіх словаў многія ў жаху кінуліся бегчы, а фараон набраў паветра і ліхаманкава казаў далей з палаючым тварам:
— Хай прыйдзе царства Атона на зямлю! А таму з сённяшняга дня не будзе ні рабоў, ні паноў, ні гаспадароў, ні слуг, а ўсе людзі будуць роўныя перад Атонам, і ніхто не павінен апрацоўваць чужую зямлі або круціць чужыя жорны, кожны будзе вольны ў тым, што рабіць, калі сыходзіць і калі прыходзіць! Фараон сказаў!
Усякі гоман у натоўпе ўжо сціх, усе стаялі знямеўшы і неадрыўна глядзелі на фараона, і мёртвая цішыня агарнула Ахетатон. I я раптам зноў пачуў той самы саладкаваты пах смерці. I тады пад напружанымі позіркамі натоўпу фараон Эхнатон раптам узрос у вачах людзей, і полымя, якім палаў яго твар, асляпіла іх, і сіла ягоная ўвайшла ў сэрцы людзей. Усе раптам захоплена закрычалі:
— Нам трэба слухацца яго, бо напраўду бог прамаўляе да нас ягонымі вуснамі!
Узрушаны народ пачаў разыходзіцца, спрачаючыся і нават адстойваючы кулакамі свае меркаванні, а пазней на адной з вуліц прыхільнікі фараона да смерці збілі двух старых, якія адважыліся ім запярэчыць.
Калі ўсе разышліся, жрэц Эйе сказаў фараону:
— Эхнатон, можаш зламаць сваю карону і выкінуць царскае жазло, бо твае словы перакулілі твой трон.
На гэта фараон адказаў яму:
— Словы, якія я прамовіў, зрабілі маё імя бессмяротным на ўсе часы, і мая ўлада над сэрцамі людзей будзе вечнай!
Тады жрэц Эйе пацёр рукі, плюнуў перад фараонам на зямлю і, утаптаўшы свой плявок нагой, сказаў:
— Калі так, то я абмываю рукі і далей буду дзейнічаць, як палічу патрэбным. Я не буду больш адказваць за свае ўчынкі перад вар'ятам!
Ён хацеў пайсці прэч, але Харэмхеб ухапіў яго за руку і за каўнер і, трымаючы так — хоць той быў мужчына мажны і высокі, — сказаў:
— Гэта твой фараон, і ты павінен выконваць яго загады! Ведай, што я не буду здраджваць яму, а калі здрадзіш ты, то я зарэжу цябе, нават калі дзеля гэтага мне давядзецца наняць за свае грошы цэлую дружыну. Я так сказаў, а я заўсёды выконваю свае абяцанні. Хай фараонава дурнота сапраўды вялікая, і хай я сам не спадзяюся, што з яе выйдзе нешта разумнае, але і ў яго вар'яцтве я люблю яго і не здраджу, бо даў клятву і накрыў яго слабасць сваім плашчом. Апроч таго, у ягонай дурасці ёсць і часцінка разумнага, бо калі б ён проста зрынуў старых багоў, то пачалася б братазабойчая вайна, але вызваліўшы рабоў на млынах і палях, ён зблытаў усе планы зламысных жрацоў і ў выніку перацягне народ на свой бок, хоць, магчыма, гэта і прывядзе да яшчэ болыпай смуты. Ды мне гэта ўсё роўна. Але што рабіць з хетамі, фараон Эхнатон?