• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Але бяссонне, роспач, блізкі шум бітвы і недалёкая смерць цалкам адбілі ў мяне розум, і я ўжо не чуў свайго сэрца. Таму я адказаў:
    — Што мне мой дом, што мне я сам, што мне ты і твой Тот! Кроў, якая ліецца паўсюдна, гэта кроў маіх братоў пры Атоне, і я не хачу жыць, калі царства Атона загіне!
    He ведаю, ці паспеў бы я выратавацца і выратаваць каго-небудзь, бо праз хвіліну ў дзверы пачалі грукаць і ў шынок уварваліся негры і сарданы на чале са жрацом Амона, чыя галава ільснілася ад каштоўнага алею. Першым чынам яны ўзяліся дабіваць параненых, якія ляжалі на падлозе ў лужынах крыві. Жрэц рогам выколваў ім вочы, а размаляваныя палосамі негры скакалі на іх галовах, і кроў пырскала з ранаў. Жрэц крычаў:
    — Вось яно, гняздо Атона! Ачысцім яго агнём!
    На вачах у мяне маленькаму Тоту разбілі галаву, а Мэрыт працялі дзідай, калі яна кінулася абараняць хлопца. Я не паспеў нічога зрабіць, бо жрэц ударыў мяне рогам па галаве, і я болей нічога не памятаю. Апрытомнеў я ў завулку насупраць «Кракадзілавага хваста» і не мог зразумець, дзе я і што са мной, сплю я ці ўжо памёр? Жраца не было, воіны, пакідаўшы дзіды, пілі віно, якое ім падносіў Каптах, а военачальнікі гналі іх срэбнымі бізунамі на бітву. Я ўбачыў, што будынак шынка палае, як сухі трыснёг, бо ўсярэдзіне ён быў абшыты дрэвам. I тады я ўсё ўспомніў. Я паспрабаваў устаць, але мае ногі падагнуліся. Тады я папоўз да дзвярэй, у агонь. Я хацеў дабрацца да Мэрыт і Тота. Але далёка запаўзці я не змог, апаліўшы свае рэдкія валасы. I вопратка на мне таксама загарэлася, рукі і калені пакрыліся апёкамі. Але ў гэты момант Каптах з крыкам і стогнам выцягнуў мяне з агню. Потым ён узяўся качаць мяне па зямлі, каб патушыць вопратку, а воіны захоплена рагаталі, гледзячы на такую пацеху. Каптах патлумачыў ім:
    — Ён трохі здурнеў, бо жрэц ударыў яго рогам па галаве, за што будзе адпаведна пакараны. Гэта царскі лекар, асоба недатыкальная, ён жрэц першай ступені, хоць яму і давялося пераапрануцца ў рызманы і зняць з сябе знакі сваёй высокай пасады, каб уратавацца ад ашалеўшага быдла.
    А я сядзеў на пыльнай зямлі, абхапіўшы галаву абгарэлымі рукамі, і слёзы цяклі з маіх абпаленых вачэй. Я галасіў і клікаў:
    — Мэрыт, мая Мэрыт!
    Але тут Каптах злосна штурхануў мяне ў бок і прашыпеў на вуха:
    — Змоўкні, дурань! Ці мала табе бедаў, што прычыніліся з намі праз тваю дурноту?
    А я ўсё не сціхаў, і тады Каптах наблізіў свой твар да мяне і горка прамовіў:
    — Можа ты хоць цяпер паразумнееш, бо твая мера, мой гаспадар, сапраўды ўжо напоўнілася нават больш, чым ты думаеш. Хоць запозна, але я скажу табе: Тот быў тваім сынам, ад твайго семя ён з'явіўся на свет, калі ты ўпершыню абняў Мэрыт. Я кажу табе гэта, каб ты адумаўся. Мэрыт не хацела табе нічога казаць, бо была гордай жанчынай, а ты кінуў яе дзеля фараона і з"ехаў у Ахетатон. Калі б ты праз свайго Атона не быў зусім ашалелы, то заўважыў бы, што ў тым хлопчыку цякла твая кроў: у яго былі твае вочы і вусны. Я не пашкадаваў бы жыцця, каб выратаваць яго, але праз тваю дурноту не змог уберагчы. А Мэрыт не хацела пакідаць цябе. Вось яны абое і загінулі — праз тваю дурасць. Дык можа, хоць цяпер ты абразумішся?.
    Я агаломшана глядзеў на яго, і потым спытаў:
    — Гэта праўда?
    Але і без яго адказу ўсё было зразумела. Я сядзеў пасярод пыльнай вуліцы, забыўшыся на боль, і нават не плакаў, бо ўсё ўва мне застыла і маё сэрца змоўкла. Мне было ўсё адно, што са мною станецца.
    «Кракадзілаў хвост» палаў, у твар мне патыхала полымем, у якім гарэлі целы маленькага Тота і прыгажуні Мэрыт. Яны гарэлі разам з целамі забітых рабоў і насільшчыкаў, і я не мог зберагчы іх дзеля вечнага жыцця. Тот быў маім сынам, і, калі мае здагадкі былі праўдай, у яго жылах цякла свяшчэнная кроў фараонаў. Калі б я ведаў гэта раней, то можа, усё склалася б іначай, бо дзеля сына чалавек здольны зрабіць тое, што ніколі не будзе рабіць дзеля сябе. I вось яго свяшчэнная кроў згарала разам з крывёю рабоў і насільшчыкаў, яго болып не было на свеце. I я ведаў, што Мэрыт утойвала гэта не толькі ад гордасці і адзіноты, але і з прычыны маёй жахлівай і грознай таямніцы. А я сядзеў на пыльнай вуліцы, і полымя ад іх целаў апальвала мой твар.
    Я зрабіўся абыякавы да ўсяго на свеце і дазволіў Каптаху павесці мяне, куды ён хацеў. А ён павёў мяне да Эйе і Пэпітамона, бо бітва была скончаная і бядняцкія кварталы гарэлі. Жрэц і военачальнік сядзелі на залатых крэслах, пастаўленых на брукаваным прычале, і тварылі суд над палоннымі, якіх воіны і «рогі» прыводзілі і ставілі перад імі. Кожнага злоўленага са зброяй у руках вешалі на гарадскім муры дагары нагамі, кожнага, хто рабаваў чужое дабро, кідалі ў раку на спажыву кракадзілам, кожнага з крыжам Атона на вопратцы білі палкамі і адсылалі на катаргу, жанчын аддавалі неграм і воінам на забаву, а дзяцей адводзілі ў храм Амона, каб яны там выхоўваліся. Так лютавала смерць на беразе ракі ў Фівах, і Эйе не ведаў літасці, бо хацеў заваяваць прыхільнасць жрацоў. Ён казаў:
    Ачысцім Егіпет ад атручанай крыві!
    Пэпітамон лютаваў таксама: рабы і насільшчыкі абрабавалі яго дом і выпусцілі з клетак кошак. Яны забралі ў кошак вяршкі й малако і занеслі іх сваім дзецям. Цяпер ад голаду кошкі здзічэлі. Таму Пэпітамон быў у шаленстве. За два дні ён павесіў столькі рабоў, што целамі павешаных дагары нагамі былі пакрытыя амаль усе гарадскія муры.
    Жрацы з радасцю аднавілі выяву Амона ў ягоным храме і прынеслі богу шчодрыя ахвяры. На свае былыя месцы пачалі вяртацца і іншыя старыя багі. I жрацы ўрачыста абвясцілі:
    — Больш не будзе ні голаду, ні слёз на зямлі Кэмет, бо Амон вярнуўся і бласлаўляе ўсіх, хто ў яго верыць! Дык засеем ягонае поле, і Амон нам аддасць тысячакроць! Егіпет зноў расквітнее і забагацее!
    Нягледзячы на гэты абяцанкі, голад у Фівах дасягнуў небывалай сілы, і не было ў горадзе дома, дзе не праліліся б слёзы, бо негры і сарданы рабавалі ўсіх, не разбіраючы, дзе «рогі», а дзе «крыжы». Яны гвалцілі жанчын, прадавалі ў рабства дзяцей, і Пэпітамон не мог суняць іх, а ў Эйе не хапала ўлады, і воіны нахабна казалі:
    — Цяпер улада трымаецца на канцах нашых дзідаў і на нашых кіюгах. Таму заткніце ляпы і не замінайце нам.
    I не стала ў Егіпце больш фараона, бо жрацы абвясцілі Эхнатона фальшывым фараонам, праклялі яго горад, а яго пераемніка запатрабавалі ў Фівы, каб той схіліўся перад Амонам і склаў яму клятву, — толькі тады яны загадзіліся б прызнаць яго сапраўдным фараонам.
    3 прычыны беспарадкаў і неспакою Эйе назначыў Пэпітамона сваім намеснікам у Фівах, а сам спешна паехаў у Ахетатон, каб прымусіць Эхнатона адрачыся ад трона і ўмацаваць сваю ўладу пры новым фараоне. Мне ён сказаў:
    — Паедзем са мной, Сінухе. Можа, мне спатрэбіцца парада лекара, каб ілжэфараон зрабіў так, як я хачу.
    I я адказаў:
    — Што ж, я паеду з табой, Эйе, бо мая мера яшчэ не поўная.
    Але ён не зразумеў маіх словаў.
    5
    Тым часам і да Харэмхеба ў Танісе дайшлі весткі пра тое, што чыніцца ў Фівах і паўсюль па абодвух берагах ракі. Адразу падрыхтаваўшы ваенныя караблі, ён спешна выправіўся да Ахетатона. Па меры таго, як ён плыў уверх па рацэ, усе гарады і вёскі на яго шляху супакойваліся, у іх адчыняліся храмы і статуі старых багоў займалі свае ранейшыя месцы. Але Харэмхеб спяшаўся, ён хацеў трапіць у Ахетатон адначасова з Эйе, каб уступіць з ім у спрэчку за ўладу. Таму ён не караў ні рабоў, якія самі складвалі зброю, ні тых, хто добраахвотна змяняў крыж Атона на рог Амона. Людзі бясконца ўсхвалялі яго за незвычайную
    літасць і міласэрнасць, але Харэмхеб рабіў гэта не праз міласэрнасць, a па голым разліку: ён хацеў зберагчы як мага больш тых, хто зможа ўзяць у рукі зброю ў будучай блізкай вайне. Жрацы таксама яго ўсхвалялі, бо паўсюль, дзе ён праходзіў, адчыняліся зачыненыя храмы і зноў ставіліся статуі старых багоў, якім Харэмхеб, калі быў у добрым настроі, нават сам прыносіў ахвяры.
    Але Ахетатон зрабіўся праклятым месцам, жрацы і «рогі» пільнавалі ўсе дарогі, якія вялі ў горад, і забівалі кожнага, хто спрабаваў з яго ўцячы і не згаджаўся змяніць крыж Атона на рог і прынесці ахвяру Амону. Яны перагарадзілі раку меднымі ланцугамі, каб ніхто не мог уцячы па рацэ. Па большасці ўцекачы ахвотна прыносілі ахвяру Амону і шчыра пракліналі Атона, бо новы бог усім былым жыхарам Ахетатона аж да знямогі ўстыў. Калі мы падплылі да горада, я яго не пазнаў: тут панавала мёртвая цішыня, кветкі ў парках і садах зніклі і зялёная трава пажоўкла, бо цяпер іх ніхто не паліваў. Птушкі на дрэвах, згарэлых ад спёкі, больш не спявалі, і паўсюдна лунаў саладжавы пах пракляцця, які ўзнік невядома адкуль. Пакінутыя дамы вяльможаў спусцелі, але слугі, уцякаючы з іх, не адважваліся ўзяць нічога з праклятага месца. Пэўны час у горадзе вылі толькі сабакі, але потым і яны паздыхалі ў сваіх будках. Так памёр прыгожы горад Ахетатон. I я адразу адчуў пах смерці, як толькі мая нага ступіла на бераг.
    Але фараон Эхнатон па-ранейшаму жыў у Залатым палацы са сваёю сям'ёй, з самымі адданымі слутамі і састарэлымі прыдворнымі, якія не ўяўлялі сабе існавання ўдалечыні ад фараона, усё жыццё правёўшы ў Залатым палацы. Ніхто з іх не ведаў, што адбываецца ў знешнім свеце, бо вось ужо два месяцы ў Ахетатон не прыязджаў ніводзін ганец. Нават у Залатым палацы скончыліся харчы, і ежай для ўсіх па волі фараона былі сухары і рэдзенькая каша. Але самыя кемлівыя здабывалі рыбу, б'ючы яе дзідамі, і адмысловымі палкамі збівалі птушак, а потым елі сваю здабычу ўпотай ад іншых.
    Жрэц Эйе паслаў мяне наперад паведаміць, што адбылося, бо мне фараон давяраў, як сябру. Але калі я паўстаў перад ім, маё сэрца закрылася у ім не было больш ні спагады, ні шкадавання, ні радасці, ні смутку. Фараон павярнуў да мяне зняможаны шэры твар, яго рукі бяссільна ляжалі на каленях, і гледзячы на мяне згаслымі вачыма, ён спытаў:
    — Сінухе, ты вярнуўся да мяне адзін? А дзе ўсе, хто мяне любіў і каго любіў я?
    Я адказаў:
    — Старыя багі зноў пануюць у Егіпце, і жрацы прыносяць ахвяры Амону ў Фівах на вачах ва ўзрадаванага народа. Яны праклялі цябе, Эхнатон, праклялі твой горад і тваё імя і цяпер сціраюць яго з усіх надпісаў.
    Ён нецярпліва паварушыў рукой, і былое натхненне на хвіліну ўзнікла на яго твары. Ён сказаў: