Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Я не пытаюся, што адбылося ў Фівах, я пытаюся, дзе вернікі, якія любілі мяне і якіх любіў я?
Я адказаў:
— 3 табой па-ранейшаму твая прыгажуня Неферціці. I твае дочкі з табой. Малады Сменхкара палюе з дзідай на рыбу, а Тут, як і раней, гуляе з лялькамі ў пахавальныя абрады. Дык што табе да іншых?
Ён спытаў:
— А дзе мой сябар Тутмес, ён жа і твой сябар, якога я любіў? Дзе ён, гэты мастак, пад рукамі якога ажывае камень?
— Ён загінуў дзеля цябе, Эхнатон, — адказаў я. — Негры працялі яго дзідай і кінулі яго цела ў раку на спажыву кракадзілам, бо ён застаўся табе верны. А калі ён і апаганьваў твой ложак, дык ці варта ўспамінаць пра гэта цяпер, калі ў яго спусцелай майстэрні выюць шакалы, а вучні разбегліся, пакідаўшы прылады і незакончаныя статуі, якія Тутмес змог бы ажывіць дзеля вечнага жыцця?
Фараон Эхнатон правёў рукою па твары, нібы скідваючы павуцінне, што засланяла яму вочы. Ён пачаў пералічваць імёны людзей, якіх ён любіў, і шмат пра каго я адказваў: «Ён загінуў дзеля цябе, Эхнатон». Але часцей я казаў: «Ён прыносіць ахвяры Амону, апрануўшы святочныя строі і праклінаючы тваё імя, Эхнатон». Урэшце я сказаў:
— Царства Атона загінула. Няма больш на зямлі царства Атона, і Амон зноў пануе ў краіне.
Ён паглядзеў перад сабой мёртвым позіркам, нецярпліва паварушыў сваёй бяскроўнай рукой і сказаў:
— Так, я гэта ведаю. Mae відзежы распавялі мне пра гэта. Вечнае царства не змяшчаецца ў зямных межах. Усё будзе, як раней, ізноў запануюць на зямлі страх, нянавісць і несправядлівасць. Таму лепш мне было б памерці, а можа, і ніколі не нараджацца, каб не бачыць усё кепскае і злое, што адбываецца на свеце.
Яго слепата раззлавала мяне, і я горача крыкнуў:
Ты не бачыў і малой часцінкі таго зла, якое ўчынілася па тваёй віне, фараон Эхнатон! Кроўтвайго сына не цякла па тваіх руках, і тваё сэрца не застывала ў грудзях ад перадсмяротнага крыку тваёй каханай жанчыны! Таму ўсе твае словы — пустая балбатня, фараон Эхнатон!
Ён сказаў стомленым голасам:
— Калі я прычына ўсіх бедаў, дык пакінь мяне, Сінухе. Пакінь мяне, каб не давялося табе перажыць яшчэ большых пакутаў па маёй віне. Пакінь мяне, бо мне ўстылі і твой твар, і твары іншых людзей, з якіх выглядвае драпежны звер.
Але я сеў перад ім і сказаў:
— He, я не пакіну цябе, Эхнатон, я хачу, каб мая мера напоўнілася, — можа, дзеля таго я і з'явіўся на гэтым свеце, і гэта наканавалі мне зоркі яшчэ да майго нараджэння. Ведай жа, што сюды прыехаў жрэц Эйе, а на паўночнай мяжы горада Харэмхеб загадаў разламаць медныя ланцугі, працягнутыя цераз раку, каб прыплыць да цябе.
Ён слаба ўсміхнуўся, развёў рукамі і сказаў:
— Эйе і Харэмхеб — злачынства і гвалт! Вось тыя адзіныя, хто да мяне вярнуўся.
Ён змоўк і болып не прамовіў ні слова. Я таксама маўчаў, і мы слухалі ў цішыні, як размерана падаюць кроплі ў вадзяным гадзінніку, пакуль перад фараонам не паўсталі Эйе і Харэмхеб. Па дарозе яны моцна пасварыліся, іх твары пацямнелі ад нянавісці і злосці, яны цяжка дыхалі і загаварылі адначасова, не зважаючы на годнасць фараона. Эйе сказаў:
— Ты павінен адмовіцца ад трона, фараон Эхнатон, калі хочаш зберагчы жыццё. Хай замест цябе ўладарыць Сменхкара. Хай ён паедзе ў Фівы і прынясе ахвяру Амону, тады жрацы абвесцяць яго фараонам і ўскладуць яму на галаву чырвоную і белую кароны.
А Харэмхеб сказаў:
— Mae дзіды ўратуюць тваю карону, фараон Эхнатон, калі ты вернешся ў Фівы і прынясеш ахвяру Амону. Можа, жрацы крыху і пабурчаць, але я змагу хутка суняць іх сваім бізуном. А потым, калі ты абвесціш свяшчэнную вайну за вяртанне Сірыі пад уладу Егіпта, яны наогул не адважацца сказаць слова.
Фараон Эхнатон падняў зняможаны твар і паглядзеў на іх з мёртвай усмешкай.
— Я жыў і памру ўладаром, — адказаў ён. — Я ніколі не схілюся перад фальшывым богам, каб крывёй утрымаць уладу. Фараон сказаў!
3 гэтымі словамі ён захінуў твар краем вопраткі і выйшаў, пакінуўшы нас у троннай зале, дзе пах смерці казытаў нам ноздры.
Эйе бяссільна развёў рукамі і паглядзеў на Харэмхеба. Харэмхеб таксама развёў рукамі і паглядзеў на яго. А я сядзеў на паддозе, бо ногі не трымалі мяне, і знізу глядзеў на іх. Раптам Эйе ўсміхнуўся і сказаў:
— Харэмхеб, ты валодаеш дзідамі, дык валодай і тронам. Надзявай на галаву кароны, якіх ты так прагнеш.
Але Харэмхеб з'едліва засмяяўся і адказаў:
— Я не такі дурны! Забірай, калі хочаш, гэтыя паганыя кароны сабе. А дзіды толькі колюць задніцу, калі на іх паспрабуеш сесці. Дый потым — ува мне няма царскай крыві. Ты сам ведаеш, што пасля таго, што здарылася, вярнуцца да мінулага ўжо немагчыма. Егіпту пагражаюць вайна і голад, і калі я зараз сяду на трон, народ ва ўсіх бедах абвінаваціць мяне, а калі настане твой час, ты мяне лёгка скінеш.
Эйе адказаў:
— Тады хай будзе Сменхкара, калі толькі ён захоча вярнуцца ў Фівы. А калі не захоча, дык Тут — гэты яўна згодзіцца. У жылах іх жонак цячэ свяшчэнная кроў. Вось хай яны і церпяць народны гнеў, пакуль не настануць лепшыя часы.
— А ты застанешся ў ценю і будзеш кіраваць імі, — адказаў Харэмхеб.
Эйе запярэчыў:
— Ты забываеш, што войска ў тваіх руках і што табе зараз ваяваць з хетамі. А калі ты бярэшся за такую справу, дык ва ўсёй зямлі Кэмет няма чалавека, мацнейшага за цябе.
Так яны сварыліся, пакуль не зразумелі, што іх лёсы цяпер цесна перапляліся і адзін не можа абысціся без другога. Урэшце Эйе сказаў:
— Скажу шчыра, што я зрабіў усё, што мог, каб зваліць цябе, Харэмхеб. Але ты стаў цяпер мацнейшы за мяне, і я не магу без цябе абысціся, бо калі хеты на нас нападуць, у маім становішчы мала будзе вясёлага. Я нават думкі не дапускаю, што нейкі там Пэпітамон зможа весці вайну супраць хетаў, хоць ён нядрэнна пускае кроў паўстанцам і катуе злачынцаў. Хай сённяшні дзень стане днём нашага саюза, Харэмхеб, бо мы толькі разам зможам кіраваць Егіптам, паасобку нам не ўтрымацца. Без мяне тваё войска не мае сілы, а без твайго войска загіне Егіпет. Давай жа паклянёмся імёнамі ўсіх багоў, што з гэтага часу мы будзем разам. Я ўжо стары чалавек і хачу паспытаць смак улады. А ты, Харэмхеб яшчэ малады, і ў цябе ёсць час пачакаць.
— Я хачу не каронаў, а сапраўднай вайны, — адказаў Харэмхеб. — Але апроч усяго іншага, мне патрэбна зарука, што ты мяне не падманеш, бо я цябе добра ведаю.
Эйе развёў рукамі і спытаў:
— Якую заруку я магу табе даць? Хіба тваё войска малая зарука?
Харэмхебаў твар пацямнеў, яго позірк устрывожана прабег па сценах залы, а ногі ў сандалях заварушыліся на каменных плітах, нібы ён хацеў закапацца ў пясок. Потым ён сказаў:
— Я хачу ажаніцца з дачкой фараона Бэкетатон. Гэта праўда, я хачу разбіць з ёй гаршчок, і так будзе, хай нават зямля і неба праваляцца ў апраметную! I нават ты не зможаш перашкодзіць мне!
— Ага! — ускрыкнуў Эйе. — Цяпер я разумею, куды ты цаляеш! Ты хітрэйшы, чым я думаў, і я паважаю цябе за гэта. Яна, дарэчы, памяняла ўжо імя назад на Бэкетамон, і жрацы супраць яе нічога не маюць. Калі ты ажэнішся з ёю, ты атрымаеш законнае права на карону, нават большае, чым Эхнатонавы зяці, бо за імі стаіць толькі кроў ілжэфараона. Твой разлік сапраўды вельмі хітры, Харэмхеб, але я на гэта не пайду, прынамсі пакуль, іначай я цалкам апынуся ў тваіх руках і ў мяне не будзе над табой ніякай улады.
— Ды забяры сабе гэтыя паскудныя кароны, Эйе! — злосна закрычаў Харэмхеб. — Я хачу яе больш за кароны, хачу з той хвіліны, калі ўпершыню ўбачыў яе прыгажосць у Залатым палацы. Я хачу змяшаць сваю кроў са свяшчэннай крывёй вялікага фараона, каб ад мяне пайшлі будучыя ўладары Егіпта. Ты прагнеш толькі каронаў, Эйе? Бяры іх, як толькі палічыш, што настаў час, і мае дзіды падтрымаюць твой трон, нават калі ты пражывеш яшчэ доўгі час, бо я магу доўга чакаць, як ты сам сказаў.
Эйе працёр рот рукой і надоўга задумаўся. Але неўзабаве яго твар задаволена засвяціўся ён нарэшце знайшоў кручок, на якім можна было трымаць Харэмхеба. А я сядзеў на падлозе і са здзіўленнем слухаў, як яны дзеляць паміж сабой царскія кароны ў той час, калі фараон жывы і здаровы быў у суседніх пакоях палаца. Нарэшце Эйе сказаў:
— Ты доўга чакаў царэўну — пачакай і яшчэ крыху. Табе трэба рыхтавацца да цяжкай вайны, а вайна не найлепшы момант для вясельных святаў. Апроч таго, патрэбен час, каб царэўна паставілася да цябе прыхільна, бо цяпер яна табой надта ўжо грэбуе, кажучы, што ты нарадзіўся на кучы гною ў хляве. Але я і толькі я маю сродак дабіцца ад яе згоды. Клянуся ўсімі багамі: у той жа дзень, калі я ўскладу на сваю галаву чырвоную і белую кароны, я сваімі рукамі разаб'ю паміж вамі гаршчок. Ты атрымаеш сваю царэўну, але больш саступіць я нічога табе не магу, бо і так амаль цалкам апынуўся ў тваіх руках.
Але Харэмхеб не меў ужо сілы таргавацца далей і сказаў:
— Хай будзе так, і давай давядзём гэтую паскудную справу да канца. Я думаю, табе не варта яе занадта зацягваць. Ты ж надта ўжо хочаш завалодаць гэтымі дзіцячымі цацкамі, царскімі каронамі.
Ён быў так узрушаны, што падчас іх ганебнага гандлю зусім забыў пра мяне, але цяпер, азірнуўшыся, здзіўлена ўсклікнуў:
— Сінухе, ты што — увесь час сядзеў тут!? Гэта нешчаслівы дзень для цябе, бо ты пачуў тое, чаго табе лепей не чуць, а таму, напэўна, давядзецца цябе забіць, хоць мне гэта будзе вельмі непрыемна, бо ты мой сябар.
Яго словы мяне рассмяшылі: гэтыя два нягоднікі, Эйе і Харэмхеб, дзялілі царскі вянец, а побач з імі сядзеў, можа, адзіны законны спадкаемца царскага трона, чалавек, у жылах якога цякла свяшчэнная кроў вялікага фараона. Я не мог стрымаць свайго смеху і захіхікаў, як старая баба, закрыўшы рукою рот. Мой смех абразіў Эйе, і ён абурана сказаў:
— Табе не варта смяяцца, Сінухе, бо тут вырашаюцца такія важныя справы, што не да смеху. Але мы не заб'ем цябе, хоць ты і заслугоўваеш смерці. Можа, і добра, што ты пачуў усё, бо ты зможаш быць сведкам у нашай спрэчцы, а расказаць пра тое, што пачуў сёння, ты ўсё
адно ніколі і нікому не раскажаш. Ты нам патрэбен, і мы прывяжам цябе да сябе мацней, чым любою клятвай, бо ты і сам думаеш, што фараону Эхнатону настаў час памерці. Таму табе, як царскаму лекару, давядзецца сёння ж ускрыць фараону чэрап і паклапаціцца, каб твой нож пранік як мага глыбей у ягоную галаву і каб ён памёр прыстойна, як таго патрабуе стары добры звычай.