• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Ён дакрануўся да маёй шчакі, яго слёзы капалі мне на рукі, а рыбны смурод поўніў мае ноздры. Ён сказаў:
    — Ідзі, брат Сінухе, каб воіны не забілі цябе за мяне. Ідзі і хай мой плач будзе заўсёды з табой, пакуль твае вочы не расплюшчацца і ты не ўбачыш тое, што цяпер бачу я, і тады мае слёзы зробяцца для цябе даражэйшымі за каштоўныя камяні і перлы, бо гэта не я плачу, а плачуць ува мне цэлыя пакаленні зняволеных і закатаваных. Вада ў рацэ — гэта слёзы тых, якія жылі да нас, а вада, якая падае на зямлю ў іншых краях, — гэта слёзы тых, хто з'явіцца на свеце пасля нас. Калі ты зразумееш гэта, ты болей не будзеш самотны, Сінухе.
    Ён да зямлі схіліўся перада мной, і яго слёзы шэрымі перлінкамі падалі ў пыл партовага бруку. Я не зразумеў яго словаў, хоць і быў гатовы прыняць смерць ад яго рукі. Я пайшоў прэч, выцершы аб вопратку руку, мокрую ад яго слёз, і яго смурод яшчэ доўга не пакідаў мяне. Але я хутка яго забыў і па-ранейшаму ішоў, куды мяне неслі ногі, і маё сэрца было поўнае злосці, якая раз'ядала яго, нібы шчолак, бо мае гора й самота здаваліся мне болей пранізлівымі, чым у астатніх людзей. Так ногі прынеслі мяне да былога дома медніка. Насустрач мне трапляліся спалоханыя дзеці, якія хаваліся, калі я падыходзіў бліжэй, а жанчыны, якія капаліся ў руінах, хавалі ад мяне свае твары.
    Былы дом медніка згарэў, яго гліняныя сцены стаялі запэцканыя сажай, сажалка ў садзе высахла, і галіны смакоўніцы пачэзлі і пачарнелі. Але сярод руінаў нехта збудаваў павець, пад якой я ўбачыў гарлач з вадой, і насустрач мне ўстала Муці. Яе сівыя валасы былі запэцканы граззю, яна кульгала, і спачатку мне здалося, што я бачу яе Ка, ад чаго я на хвіліну скамянеў, але яна пакланілася мне, і з усмешкай сказала:
    — Блаславёны той дзень, які прывёў майго гаспадара дадому!
    Болей яна нічога не змагла сказаць, бо яе голас сарваўся, і, асеўшы на зямлю, яна закрыла твар рукамі. Яе схуднелае цела было пакрытае слядамі ад удараў рогам Амона, ногі былі таксама знявечаныя, але раны амаль зажылі, і я ўжо не мог дапамагчы ёй.
    — Дзе Каптах? — папытаўся я:
    — Памёр твой Каптах, — адказала яна. — Кажуць, яго забілі рабы, убачыўшы, як ён частуе віном воінаў Пэпітамона.
    Але я не паверыў яе словам, бо Каптах не мог памерці. Каптах будзе жыць заўсёды, што б ні здарылася.
    Муці страшэнна раззлавалася, убачыўшы, што я не паверыў яе словам:
    — Табе, мабыць, прыемна смяяцца, калі ўсё адбылося, як ты хацеў: твой Атон святкуе цяпер перамогу! Усе вы, мужчыны, аднолькавыя, і ўсё злое ў ідзе ад вас! Бо вы ніколі не робіцеся дарослымі, вы — вечныя дзеці: б'ецеся палкамі, кідаецеся камянямі, разбіваеце адзін аднаму насы, і няма вам болыпага задавальнення, як давесці да роспачы тых, хто вас любіць і жадае вам дабра. Сапраўды, Сінухе, ці ж не жадала я табе дабра, а што маю за гэта? Знявечаную нагу, раны ад рога на целе і жменю прэлага зерня на кашу! Але я не скарджуся. А вось Мэрыт, Мэрыт, якая была з табою такая добрая! А ты яе загубіў, ледзь не сваёй рукой усадзіў ёй нож у сэрца! Я выплакала ўсе вочы па маленькім Тоту, ён быў мне як родны сын, я пякла яму мядовыя аладкі, заўсёды старалася суцішыць яго мужчынскі нораў. Але табе ўсё гэта нічога, ты прыходзіш з самазадаволеным выглядам, увесь абадраны, з падрапанаю пысай, змарнаваўшы ўсё багацце! Прыходзіш спаць пад маім дахам, які я з вялікай цяжкасцю адбудавала на руінах твайго дома, каб хоць нешта мець над галавой! А можа, ты хочаш, каб я цябе яшчэ і пакарміла? Mary залажыцца, што не сядзе сонца, як ты запатрабуеш і піва, а заўтра раніцай паб'еш мяне палкай, калі я абслужу цябе не так хутка, як табе хочацца, і пашлеш мяне на заробкі, каб самому абабіваць на ложку бакі! Я ведаю, усе мужчыны такія, і я не здзіўлюся, я ўжо да ўсяго прывыкла.
    Так яна лаяла мяне, не выбіраючы словаў, пакуль я не ўспомніў, што так некалі бурчэлі і мая маці Кіпа, і Мэрыт, і не заплакаў ад тых успамінаў. Тады яна спахапілася і пачала мітусліва супакойваць мяне:
    — Вой, Сінухе, адчайны ты чалавек, ты ж ведаеш, што я лаюся, не жадаючы табе нічога кепскага, — гэта ж толькі, каб павучыць цябе. У мяне прыхавана крыху зярнят — я хуценька іх зараз змялю і згатую табе смачную кашу, а потьім зраблю табе ўтульны ложак з сухога трыснягу сярод гэтых руінаў. Ты пачнеш займацца сваім рамяством, і мы як-небудзь пражывем. А пакуль і пра заробак можаш не турбавацца, бо я хаджу ў багатыя дамы мыць запэцканую крывёю бялізну і зарабляю дастаткова, каб нам не галадаваць. Я нават змагу пазычыць табе збанок піва ў доме ўцехаў, дзе цяпер жывуць воіны, і ты зможаш парадаваць сваё сэрца. He плач, хлопчык мой, Сінухе, бо слязьмі не дапаможаш, хлопчыкі ёсць хлопчыкі, і ім заўсёды трэба ўтварыць што-небудзь. Ад іх забаваў у мацярок баляць сэрцы, але з гэтым нічога не зробіш, бо так было і будзе заўсёды. Але я не хачу, каб ты прыцягнуў сюды яшчэ якіх-небудзь багоў, бо тады ад Фіваў сапраўды ўжо каменя на камяні не застанецца. Я вельмі спадзяюся, што такога болей не здарыцца, але не мне старой цёмнай кабеце вучыць мужчын. А я ж любіла Мэрыт больш за дачку, наколькі магу меркаваць пра гэта, бо сама ніколі не мела
    дзяцей, я была непрыгожая і мужчын не любіла. На свеце ёсць шмат жанчын, з якімі ты можаш павесяліць сваё сэрца, і з часам ты супакоішся. Час, Сінухе, — гэта самыя дзейсныя і літасцівыя лекі, ён засыпле твой смутак, як пустэльны пясок, і ты пачнеш заўважаць, што на свеце ёсць і іншыя жанчыны, якія могуць павесяліць тваю маленькую прыладу, якую ты носіш пад фартухам, і ты зноў пачнеш таўсцець і адчуеш задавальненне жыццём, бо для мужчын гэта самае важнае. Вой, мой гаспадар Сінухе, як ты схуднеў! Твае шчокі зусім праваліліся, і я не пазнаю цябе. Але зараз я згатую табе смачную кашу, зраблю смажанку з парасткаў трыснягу і пазычу збан піва, калі ты перастанеш плакаць.
    Пры гэтых словах я адчуў сорам, перастаў плакаць і сказаў:
    — Я прыйшоў зусім не дзеля таго, каб сесці табе на шыю, любая Муці. Я ад'язджаю і, напэўна, вярнуся не хутка, калі вярнуся наогул. Таму я хацеў перад ад'ездам зірнуць на дом, у якім быў шчаслівы, пагладзіць шурпаты ствол смакоўніцы, дакрануцца да парога, сцёртага нагамі Мэрыт і маленькага Тота. He трэба дзеля мяне завіхацца, Муці, я не змагу есці тваё зерне, бо ў Фівах цяпер пануе вялікая нястача. Я пастараюся табе прыслаць крыху срэбра, каб ты змагла пражыць, пакуль мяне не будзе. Хай будуць блаславёныя твае словы і ты сама, бо ты мне як родная маці, ты добрая жанчына, хоць часам твае словы і джаляць, як восы.
    Муці пачала ўсхліпваць, выціраючы нос шурпатымі далонямі, але не дазволіла мне сысці. Распаліўшы вогнішча, яна згатавала са сваіх небагатых запасаў ежу, якую, каб яе не пакрыўдзіць, мне давялося есці, хоць кавалак мне не лез у горла. А Муці глядзела на мяне і прыгаворвала:
    — Еш, Сінухе, адчайны ты чалавек, еш, хоць і сапрэла маё зерне, і я не разумею, чаму заклапацілася сёння, хоць звычайна ледзь магу распаліць агонь, і хлеб мой атрымліваецца напалам з попелам. Але ты еш, Сінухе, бо ежа вылечвае любы смутак, умацоўвае цела і весяліць сэрца, і для чалавека, які наплакаўся, нічога няма лепшага за добрую ежу. Я так думаю, што ты зноў сабраўся ў дарогу і будзеш соваць сваю галаву абы куды, ва ўсе пасткі і нераты, але затрымаць цябе не магу. Так што еш, Сінухе, мацуйся і абавязкова вяртайся назад. Я бласлаўлю той дзень, калі ты зноў вернешся, мой гаспадар, і буду чакаць цябе. Калі не маеш срэбра, то за мяне не турбуйся, я ж ведаю, што ты патраціў яго на хлеб для беднякоў і рабоў, хоць тыя па сваёй дурасці не падзякавалі табе. He варта праз мяне непакоіцца, бо хоць я старая і ў дадатак кульгавая, але змагу зарабіць на хлеб, мыючы бялізну і гатуючы ежу, пакуль у Фівах ёсць з чаго яе гатаваць. Толькі ты вяртайся хутчэй, мой гаспадар!
    Я праседзеў каля руінаў былога дома медніка аж да змяркання, і агонь, які распаліла Муці, самотна свяціўся ў начной цемры. Гэтае мес-
    ца было маім адзіным домам ва ўсім свеце. Я гладзіў шурпаты ствол смакоўніцы і адчуваў, што больш ніколі сюды не вярнуся, і, дакранаючыся да змазоленых рук Муці, думаў, што, можа, так яно будзе лепш, бо я заўсёды прыносіў толькі няшчасці тым, хто мяне любіў. Таму лепш мне жыць аднаму і аднаму памерці, бо так ужо склалася, што нават ноч свайго нараджэння я быў адзін, плывучы ўніз па рацэ ў трысняговым чоўне сярод начной цемрадзі.
    Калі запаліліся зоркі, і воіны пачалі ляпаць па шчытах дрэўкамі дзідаў, каб папалохаць насельнікаў партовых руінаў, я развітаўся з Муці і пакінуў былы дом медніка, каб яшчэ раз наведаць Залаты палац фараона.
    Калі я ішоў па вуліцах да берага, неба над Фівамі ўспыхнула барвяным святлом, бо на галоўных вуліцах, разганяючы начную цемру, запаліліся агні, і да маіх вушэй данесліся гукі музыкі: гэтая была святочная ноч у гонар новага фараона Тутанхамона, які сёння ўзышоў на трон. I Фівы ўрачыста адзначалі гэту падзею.
    7
    I гэтай самаю ноччу жрацы шчыравалі ў храме Сэхмет, ачышчаючы каменныя пліты ад прарослай між імі травы, ставячы на месца статую багіні з ільвінаю галавой, апранаючы яе ў барвяныя строі ды прычапляючы ёй знакі вайны і вынішчальнага спусташэння. Рабілася гэта таму, што жрэц Эйе, надзеўшы на галаву Тутанхамона чырвоную і белую кароны, кароны папіруса і ліліі, сказаў Харэмхебу:
    — Вось і настаў твой час, Сын сокала. Загадвай трубіць, абвяшчай вайну! Хай кроў ачышчальным патопам абмые зямлю Кэмет, каб усё зноў пайшло па-ранейшаму і народ забыўся пра фальшывага фараона.
    I наступным днём, калі фараон Тутанхамон са сваёй боскаю жонкай зноў гуляў у Залатым палацы ў пахавальныя абрады, а сп'янелыя ад улады жрацы Амона палілі вохныя смолы і на вечныя часы пракліналі імя Эхнатона, Харэмхеб загадаў трубіць на ўсіх скрыжаваннях, медныя брама ў храм Сэхмет адчынілася, і Харэмхеб на чале лепшай часткі свайго войска ўрачыста рушыў па Алеі бараноў, каб прынесці ахвяру багіні. Жрацы на той час ужо атрымалі сваю долю, і каменячосы збівалі з надпісаў праклятае імя Эхнатона, сціраючы памяць аб ім навекі. Фараон Тутанхамон таксама атрымаў сваю долю, і будаўнікі ўжо абмяркоўвалі месца будучай яго грабніцы. I Эйе атрымаў сваю долю, стаўшы правай рукой фараона і ад яго імя кіруючы зямлёй Кэмет: ён збіраў падаткі, назначаў суддзяў, узнагароджваў, караў і літаваў. А цяпер атрымаць сваю долю настала чарга Харэмхеба, і я пайшоў за ім у храм Сэхмет, бо ён вельмі хацеў паказацца мне ва ўсёй сваёй моцы і велічы. Ён нарэшце абвяшчаў вайну, дзеля якой патраціў столькі сілы і хітрасці і да якой рыхтаваўся ўсё жыццё!