• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    3 марскіх выспаў і з Крыта прыходзілі ўсё новыя і новыя караблі, і Харэмхеб наймаў іх сабе на службу разам з камандамі і капітанамі. Ён прыхапіў і ваенныя караблі Крыта, схіліўшы на свой бок іх каманды, і яны плавалі ад аднаго порта да другога, не жадаючы вяртацца на Крыт. Казалі, што на выспе нібыта паўсталі рабы, якія падпалілі горад знаці, і той цэлы тыдзень гарэў, як паходня, так што пажарышча было бачна вельмі здалёку. Але напраўду ніхто не ведаў, што дзеялася на тым Крыце, бо крыцкім балбатунам-мараплаўцам мала хто верыў — яны былі паўсюдна вядомыя брахуны. Адны казалі, што на Крыце высадзіліся хеты, але як такое магло адбыцца, калі хеты не былі мараплаўцамі, зразумець я не мог. А хтосьці казаў, што з поўначы на Крыт прыплылі нейкія караблі з белымі людзьмі, якія ўсё зруйнавалі і разрабавалі, разбіўшы крыцкі флот, які ў гэты час ахоўваў марскія шляхі. I ўсе крыцяне сцвярджалі, што гэта адбылося таму, што марскі бог Крыта памёр. Таму яны ахвотна ішлі на службу ў Егіпет, а другія крыцкія мараплаўцы, якія яшчэ раней прыплылі да берагоў Сірыі, наймаліся да Азіру ды хетаў.
    Так ці гэтак, але ўся гэтая каламуць была выгаднай Харэмхебу, бо на моры ўсе ваявалі супраць усіх, палюючы на караблі і здабычу. У Ціры супраць Азіру ўспыхнула паўстанне, і ацалелыя пасля яго прыехалі на караблях у Егіпет і пайшлі на службу да Харэмхеба. Так ён змог стварыць флот і набраць вопытныя карабельныя каманды, але чаго гэта яму каштавала, я не мог нават уявіць, бо будаўніцтва караблёў ды іх абрыштоўка былі справай вельмі дарагой і патрабавалі золата больш, чым любая вайна. Увесь гэты час Газа ў Сірыі заставалася непераможанай, і пасля жніва, калі вада зноў пачала падымацца, Харэмхеб са сваімі атрадамі выйшаў х Мемфіса. Па моры і па сушы ён пасылаў у абложаную ворагамі Газу загады трымацца, а караблі і чаўны, якім пад прыкрыццём начной цемры ўдавалася дабрацца да Газы, везлі загады Харэмхеба: «Утрымлівайце Газу! Любой цаной утрымлівайце Газу!» Гру-
    каталі абложныя машыны, віраваў агонь, які ніхто не паспяваў тушыць, ляцелі ў горад стрэлы з загадамі Харэмхеба: «Утрымлівайце Газу!» А сярод гаршчкоў са смяротна небяспечнымі змеямі, якія кідалі ў горад хеты, трапляліся гаршчкі з зернем і загадамі Харэмхеба: «Утрымлівайце Газу!» Чаго каштавала гэта хетам і Азіру, чые аб'яднаныя войскі вялі аблогу горада, я не ведаю, але ўпарты начальнік крэпасці, які бачыў маю ганьбу, калі мяне ўсцягвалі на муры ў кашы, безумоўна, заслужыў добрую славу тым, што не здаў Газу і збярог яе для Егіпта.
    Як толькі вада ў рацэ пачала падымацца, Харэмхеб выйшаў з Мемфіса і загадаў войску рухацца хуткімі пераходамі да Таніса. Там, у лукавіне ракі, яму ўдалося зладзіць пастку хецкай дружыне баявых калясніц. Хеты лічылі сябе ў бяспецы — з трох бакоў іх абараняла вада — і бесклапотна пасвілі сваіх коней. Пад прыкрыццём начной цемры воіны Харэмхеба паглыбілі высахлыя за спякотнае лета каналы, і вада напоўніла іх. А ўранні хеты ўбачылі, што знаходзяцца на выспе і ад іх калясніцаў няма ніякай карысці. У шаленстве яны ўзяліся забіваць коней і ламаць калясніцы. Гэта раз'юшыла Харэмхеба, бо галоўная мэта яго нападу якраз і была — захапіць калясніцы і коней. Таму ён імгненна загадаў трубіць атаку і першы кінуўся на ворага. I хоць яго войска было мала спрактыкаваным, яно лёгка перамагло хетаў, бо тыя былі вымушаныя біцца пешкі. Так Харэмхеб завалодаў амаль сотняю калясніц і трыма сотнямі коней. На калясніцы ён адразу загадаў нанесці егіпецкія ваенныя знакі, а захопленых коней пазначыць егіпецкім ваенным таўром. Але галоўнай была не здабыча, а сама перамога, бо цяпер егіпцяне перасталі верыць у непераможнасць хетаў.
    Твар Харэмхеба свяціўся ўзрушанасцю, калі ён сказаў мне:
    — Калі думаеш біць — бі заўжды першы і моцна.
    Пасля бітвы ён сабраў калясніцы і коней і рушыў на Таніс, пакінуўшы далёка ззаду павольныя абозы і пешае войска. Ён імчаўся да Таніса, не зважаючы на небяспеку сустрэцца з хецкімі дружынамі, якія рабавалі Ніжнюю зямлю. Ад Таніса ён скіраваў у пустэльню, дзе хецкія вартавыя пільнавалі склады з вадой. Ён знаходзіў гэтыя склады, разбіваў хецкую варту і ставіў на ахову сваіх воінаў. Хеты назапасілі ў пустэльні сотні тысяч гліняных сасудаў з вадою для свайго пешага войска: яны не былі мараплаўцамі і не адважваліся даплысці да берагоў Егіпта на караблях. He шкадуючы людзей і коней, Харэмхеб імчаў наперад і страціў шмат жывой сілы пад час гэтага паходу. Тыя, хто застаўся жывы, расказвалі потым, што сотні калясніц імчаліся па пустэльні, аж да неба ўздымаючы вялізныя слупы пылу, а сам Харэмхеб, як вынішчальны ўраган, ляцеў наперадзе войска. I кожную ноч на схілах Сінайскіх гор запальваліся сігнальныя вогнішчы, і вольныя дружыны выходзілі са сваіх сховаў і нападалі на хецкіх вартаўнікоў і водныя
    склады па ўсёй пустэльні. Тады і ўзніклі паданні, што ўдзень Харэмхеб ляцеў над пустэльняй у выглядзе пыльнага слупа, а ноччу — вогненнага.
    Харэмхеб захапіў шмат водных складаў у Сінайскай пустэльні, і кожны раз яго напад быў для хетаў, упэўненых у сваёй сіле і слабасці Егіпта, поўнаю нечаканасцю. Спрыяла Харэмхебу і тое, што хецкія атрады не былі сабраныя разам: у чаканні, пакуль здасца Газа, яны былі раскіданыя па ўсёй Сірыі, бо наваколле Газы не магло пракарміць вялізнага хецкага войска, якое яны сабралі дзеля заваёвы Егіпта. Хеты заўсёды ставіліся да вайны грунтоўна і пачыналі дзеянні толькі тады, калі былі ўпэўненыя, што перавышаюць ворага колькасна ў некалькі разоў, а іх ваяводы старанна адзначалі на таблічках месца кожнай вёскі і кожнага выгану ў той зямлі, якую збіраліся заваёўваць. Але так грунтоўна рыхтуючыся да вайны, яны прамарудзілі з нападам, і ўдар Харэмхеба быў для іх нечаканым: на іх увогуле дагэтуль ніхто не адважваўся напасці, і яны былі цалкам упэўненыя, што Егіпет не мае дастатковай колькасці баявых калясніцаў для моцнага ўдару. Смелы напад Харэмхеба, які раптам узнік на калясніцах з Сінайскай пустэльні, агаломшыў іх. Хеты былі цалкам збітыя з тропу, яны выслалі выведнікаў, каб сабраць звесткі пра колькасць калясніцаў у Харэмхеба і высветліць мэту яго нападу.
    Але гэтую мэту не ведаў ніхто, апроч самога Харэмхеба, і нават ён сам выразна яе сабе не ўяўляў. Пазней, праўда, ён расказваў мне, што ў лепшым выпадку збіраўся знішчыць водныя склады хетаў і зблытаць усе іх ваенныя планы. Аднак лёгкі поспех ап'яніў яму галаву і прывёў у захапленне яго каляснічых. Ён маланкай паляцеў да Газы, ударыў абложнікам у спіну, разагнаў іх па наваколлю, разламаў і падпаліў іх ваенныя машыны. Але прарвацца ў Газу ён так і не змог: абложнікі, апамятаўшыся, заўважылі, што дружына ў Харэмхеба нешматлікая, і кінуліся на яго, а ўпарты начальнік гарнізона Газы не палічыў патрэбным адчыніць браму, не разабраўшыся ў мітусні пад мурамі горада.
    Харэмхеб пацярпеў бы паразу, калі б абложнікі мелі больш баявых калясніцаў, але ж калясніцы былі раскіданыя па ўсёй Сірыі: пры аблозе яны былі непатрэбныя, а перад вялікім паходам на Егіпет хеты хацелі даць коням адпачынак і адкарміць іх. I перш чым ім удалося цяпер іх сабраць у дастатковай колькасці, Харэмхеб паспеў вярнуцца ў Сінайскую пустэльню і па дарозе знішчыў на яе ўскрайку ўсе водныя склады.
    3 усяго гэтага Харэмхеб зрабіў выснову, што яго сокал па-ранейшаму з ім. А ўспомніўшы яшчэ і палаючы куст, што гарэў ды не згараў на схіле Сінайскіх гор, ён даў галоўным сілам загад рухацца хуткімі пераходамі ў глыбіню пустэльні па адной з дарог, пракладзеных хетамі, уздоўж якой былі прыхаваныя сотні тысяч гліняных гаршчкоў з запасам вады для пешага войска. Ён прыняў рашэнне весці вайну ў пустэльні, хоць мясціны тут былі больш прыдатныя да вайны ў калясніцах, якія і
    складалі галоўную сілу хетаў. Але я думаю, у Харэмхеба не было іншага выйсця, бо пасля ўцёкаў ад раз'юшаных хетаў у пустэльню, яго людзі і коні былі зняможаныя да таго, што наўрад ці дабраліся б жывымі да Ніжняй зямлі. А пакідаць сваіх любых паскуднікаў у пустэльні адных ён не хацеў і таму выклікаў да сябе ўсё войска. Гэта была нечуваная справа, бо ўсе фараоны, якія дагэтуль ваявалі ў зямлі Нахарына, садзілі сваё войска на караблі і ўвосень везлі яго морам да сірыйскіх гарадоў, адкуль і пачыналі пешыя паходы. Але трэба памятаць, што ў тыя часы пад уладай Егіпта знаходзілася ўся Сірыя, а ў Харэмхеба была толькі Газа, дый на моры вялікай перавагі ён таксама не меў.
    Увесь аповед пра першы паход Харэмхеба я пераказваю з яго словаў ці словаў ягоных воінаў — сам я з ім не быў, бо калі б быў, то не дажыў бы да дня, калі б змог напісаць гэтыя радкі: у тым паходзе вытрывалі толькі самыя дужыя і цягавітыя. Таму Харэмхеб пакінуў мяне ў Ніжняй зямлі ў тыле свайго пешага войска, сказаўшы, што пры імклівым нападзе няма часу лячыць параненых ці тых, хто ўпаў з калясніц. Такія людзі павінны выбіраць самі — ці перарэзаць сабе горла нажом, ці здацца на літасць хетаў. У параненых, дадаў Харэмхеб, такім чынам, ёсць пра што падумаць замест таго, каб маркоціцца па мазях і павязках. Кажуць, што тыя, хто ўпаў з калясніцы, часцей за ўсё выбіраюць нож, але некаторыя на штосьці спадзяюцца і здаюцца хетам. Але тыя ўсё адно забіваюць іх і ў вольны час робяць з іх скуры сумкі ды кашалі, бо яны вялікія майстры ў гэтым рамястве.
    Колькі праўды ў гэтых аповедах, сказаць не магу, бо Харэмхеб і сам любіў пахваляцца ды расказваць розныя неверагодныя байкі, а ягоныя каляснічыя — і пагатоў. Нельга было давяраць усяму, што яны расказвалі. А казкі, што хадзілі ў народзе, і ўвогуле былі бязглуздыя: у адной гаварылася, што Харэмхеб у выглядзе сокала сам ляцеў наперадзе войска, наводзячы жах на хетаў, а пра слупы з пылу ды агню я ўжо расказваў, — каб паказаць, як узнікаюць такія легенды. Напраўду ж Харэмхеб захапіў сваім імклівым націскам усе запасы вады, якія з вялікаю цяжкасцю збіраліся хетамі. Ён дапамог абложанай Газе і абудзіў у душах абаронцаў крэпасці мужнасць, загадаўшы сваім воінам хорам крычаць пад мурамі горада: «Трымайце Газу!» «Трымайце Газу дзеля Егіпта!»
    Увогуле ж здабыча з паходу была невялікая, і Харэмхебавы воіны зусім не разбагацелі, бо гаршчкі, пусцеючы, рабіліся проста гаршчкамі, хоць, праўда, вада ў пустэльні цанілася даражэй за золата. А тыя, хто парушыў забарону Харэмхеба і саскочыў з калясніцаў, каб парабаваць лагер хетаў пад Газай, загінулі жудаснай смерцю: іх галовы з адрэзанымі насамі былі насаджаныя на калы і глядзелі пустымі вачніцамі на высокія муры Газы, а з іх скураў хецкія начальнікі нарабілі сабе сеннікоў, напхаўшы іх сухім чаротам.