• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Але вось загадалі трубіць у трубы, начальнікі паднялі сцягі, калясніцы зрушыліся з месца, спачатку павольна, потым усё хутчэй, і вось яны ўжо дасягнулі ўмацаванняў, і тут я са здзіўленнем убачыў, што паміж
    калясніцамі імчаць коні з людзьмі на спінах, якія з усяе сілы іх падганяюць, малоцячы пяткамі па баках. Я не мог зразумець, навошта наперад кінулі лёгкіх безабаронных коннікаў, пакуль не заўважыў, што яны, звесіўшыся амаль да зямлі, рассякаюць нажамі і сякерамі вяроўкі, нацягнутыя паміж коллем, тыя самыя вяроўкі, у якіх павінны былі заблытацца ногі хецкіх коней! Але цяпер яны маглі бесперашкодна праскочыць па адкрытых прамежках, не баючыся егіпецкіх стрэлаў і дзідаў. Коннікі выпрасталіся на спінах коней і шпурнулі дзіды, — але не цаляючы ў егіпцянаў, не, яны шпурнулі іх так, каб яны стаўма ўторкнуліся ў зямлю, а на канцах дзідаў развіваліся рознакаляровыя сцяжкі. Усё гэта адбылося з маланкавай хуткасцю — хутчэй, чым я расказваю пра гэта, і я не зразумеў, чаго хочуць хеты, бо, прабіўшы нашы вяровачныя ўмацаванні і ўторкнуўшы ў зямлю дзіды, коннікі штомоц паімчалі назад і зніклі за строем калясніц, пакінуўшы ўсяго некалькі коней і людзей, параненых стрэламі.
    Калі ў наступ пайшлі групы лёгкіх калясніцаў, я быўуражаны, убачыўшы Харэмхеба, які выскачыў перад сваім атрадам і кінуўся прама да ўмацаванняў, насустрач бразготкім хецкім калясніцам. Я адразу пазнаў яго, бо ён быў на галаву вышэйшы за ўсіх нізкарослых дзяцей Ніла. Убачыўшы тое, я ўскочыў і закрычаў, махаючы кулакамі, а Харэмхеб вырваў з зямлі дзіду з апазнавальным сцяжком і шпурнуў яе далёка ўбок, дзе яна ўторкнулася ў пясок. Сваім хуткім розумам прыроднага воіна ён скеміў, што хеты выслалі наперад самых вопытных сваіх коннікаў, каб тыя пазначылі слабыя месцы ва ўмацаваннях, дзе прарыў мог быць паспяховым.
    Харэмхеб адзін з усіх егіпецкіх воінаў здагадаўся пра гэта, і ў яго хапіла ваеннай хітрасці кінуць дзіду ў іншае месца. Некалькі воінаў па яго прыкладзе падбеглі да ўмацаванняў, але яны толькі вырвалі дзіды і забралі сцяжкі, як здабычу. Але і гэта пайшло на карысць, збіўшы з тропу атакуючых хетаў, і іх атака змяшалася. Я лічу, што толькі магутны Харэмхебаў розум выратаваў Егіпет тым ранкам, бо калі б хеты скіравалі ўсю сілу сваёй першай атакі на месцах, пазначаных дзідамі, наўрад ці егіпцянам удалося б адбіць гэту атаку.
    Але тады я нічога гэтага не разумеў, і ўчынак Харэмхеба здаваўся мне шаленствам і дзіцячай выхадкай. Я злаваўся, думаючы, што ён проста хоча ўласным прыкладам падбадзёрыць воінаў, бо няма болей смелага ўчынку, чым выскачыць за лінію ўмацаванняў насустрач атакуючым калясніцам ворага. Але вопытны воін можа зрабіць гэта, калі добра разлічыць хуткасць варожых калясніцаў і свае сілы, каб паспець вярнуцца за ўмацаванні раней, чым на яго наляцяць ворагі. Напэўна, таму Харэмхебу і не пагражала вялікая небяспека, але ўсё войска ўбачыла яго, і гучны крык захаплення прагучаў над полем бітвы.
    Харэмхеб паспеў дабегчы да сваёй дружыны, калі лёгкія калясніцы хетаў наляцелі на лінію ўмацаванняў і ў многіх месцах уклініліся ўглыб абароны. Ад гэтага першага нападу ўзняўся такі грукат і гвалт, такая хмара пылу, што я не мог бачыць нічога. Я толькі бачыў, што стрэлы нашых лучнікаў збілі яшчэ некалькі коней перад лініяй умацаванняў, але хеты спрытна кіравалі калясніцамі і лёгка абміналі ўпалых коней, не спыняючы наступу. Праз пэўны час я згледзеў, што, нягледзячы на вялікія страты, калясніцы ў некалькіх месцах прарвалі ўсе лініі абароны. Але яны не пайшлі далей, а сабраліся ў тых месцах, і воіны, саскочыўшы з калясніцаў, пачалі адвальваць каменныя глыбы, якімі былі закрыты праходы, расчышчаючы іх для цяжкіх калясніцаў, якія чакалі сваёй чаргі на даволі вялікай адлегласці, недасягальныя для егіпецкіх стрэлаў.
    Дасведчаны воін, пабачыўшы такі поспех ворага, вырашыў бы, што ўсё загінула, але нявопытныя, ненавучаныя войскі Харэмхеба бачылі толькі коней, якія біліся ў перадсмяротных сутаргах перад умацаваннямі і ў выкапаных канавах. Яны бачылі толькі вялікія страты, якія панеслі хеты. Яны бачылі, што хеты спынілі наступ, і думалі, што гэта іхняя смеласць і майстэрства спынілі націск. Таму яны, гучна гарлаючы ад узрушэння і страху, скопам кінуліся на калясніцы, што стаялі на месцы, і, падлазячы пад коней, пачалі падразаць ім жылле, сцягваць на зямлю воінаў з калясніцаў, а лучнікі ўзяліся страляць у тых, хто расчышчаў ад валуноў праходы. Харэмхеб іх не спыняў, і перавага ў колькасці адыграла сваю ролю: пешыя воіны захапілі шмат калясніцаў, аддаўшы іх потым Харэмхебавай дружыне, бо самі не ўмелі кіраваць коньмі Яны баяліся конскіх храпаў, а залезшы на калясніцу, баяліся з яе ўпасці. Харэмхеб вырашыў не тлумачыць войску, што як толькі сюды падыдуць цяжкія калясніцы, усё будзе скончана. Ён верыў у сваю ўдачу і спадзяваўся на глыбокі роў, які загадаў выкапаць далей пасярод праходу і замаскаваць кустоўем і галлём. Таму хеты на лёгкіх калясніцах не заўважылі яго і спыніліся, думаючы, што ўсе лініі ўмацаванняў ужо прарвалі.
    Хеты, якім, расчышчаючы праход, пашчасціла ацалець, узлезлі на свае лёгкія калясніцы і паспешліва адступілі, што выклікала ў Харэмхебавым войску вялікую радасць, бо нявопытныя воіны вырашылі, што ўжо перамаглі, і старанна ўзяліся калоць дзідамі коней, якія ляжалі ў равах з пераламанымі нагамі, і параненых хетаў, якія спрабавалі схавацца між камянямі. Але тут Харэмхеб даў знак трубіць у трубы і загадаў зноў завальваць праходы валунамі ды ўбіваць у зямлю дзіды, нахіляючы іх у бок хетаў: нічога больш ён зрабіць не мог. Каб пазбегчы дарэмных стратаў, ён паставіў воінаў абапал праходу за лініяй умацаванняў, іначай разакі на колах калясніц скасілі б іх як калоссе ў жніво.
    Ён паспеў зрабіць гэта ў апошні момант, бо не паспела выцечы і самая малая мера з клепсідры і яшчэ не асеў пыл, як хецкія цяжкія калясніцы, гордасць і сіла іх войска, зрушылі з месца і з грукатам панесліся наперад, змятаючы ўсё на сваім шляху, Калясніцы былі запрэжаныя магутнымі высакарослымі коньмі, значна вышэйшымі за егіпецкіх, іх галовы былі закрыты металёвымі налобнікамі, а крыжы — абароненыя ад стрэлаў тоўстымі трывалымі гунькамі з воўны. 3-пад масіўных цяжкіх колаў адляталі ў бакі нават буйныя абломкі каменных глыбаў. Вось калясніцы ўварваліся ў хмару пылу, і пастаўленыя супраць іх дзіды зламаліся, як тонкія сухія трысцінкі, збітыя магутнымі коньмі. Я ўскочыў і пачаў азірацца, шукаючы паратунку, але ніякіх шляхоў для ўцёкаў не было.
    А хецкія калясніцы ўжо выскачылі з воблака пылу і паімчалі далей. Магутныя коні ў налобніках з бронзавымі рагамі ды стракатых гуньках на крыжах былі падобныя да нейкіх казачных пачвараў. Яны імчалі наперад доўгімі шэрагамі, і, здаецца, нічога на свеце не магло затрымаць іх рух. Для іх ужо не было перашкодаў, і ў егіпцянаў не было сілы іх затрымаць на шляху да водных складаў у пустэльні. Апроч таго, па загадзе Харэмхеба егіпецкае войска расступілася, прыціснуўшыся да горнага схілу. Хеты на калясніцах дзіка загукалі і панесліся наперад, пыл узняўся да неба і пакрыў усю даліну. Я ўпаў тварам на зямлю і пачаў горка аплакваць лёс Егіпта, долю безабароннай Ніжняй зямлі і смерць тых, хто памрэ праз шаленства Харэмхеба і яго бязглуздую ўпартасць.
    Але перамога не ап'яніла хетаў. Яны апусцілі на калясніцах тармазы, і тыя пачалі баранаваць зямлю, замаруджваючы бег коней. Хеты яўна мерыліся зноў паслаць па лёгкія калясніцы, каб тыя, праехаўшы наперад, разведалі мясцовасць. Яны былі вопытныя і асцярожныя воіны і стараліся заўсёды пазбегчы ўсякіх нечаканасцяў. Але яны зусім не паважалі егіпецкае войска і не здагадваліся пра падступства егіпцянаў. Цяжкім калясніцам не так лёгка спыніць свой рух, іх гіганцкія коні так магутна ляцяць наперад, што могуць абарваць лейцы і разбіць калясніцу, калі паспрабаваць іх рэзка спыніць. Таму каляснічыя маюць дзіду з шырокім наканечнікам, якім можна перарэзаць жылле на задніх нагах каня, калі калясніцу трэба спыніць рэзка.
    Але гэты раз хеты не бачылі такой патрэбы. Можа, не так хутка, як ім хацелася б, але яны па-ранейшаму рухаліся наперад шырокімі шэрагамі, і нічога не прадказвала бяды. I раптам зямля пад імі правалілася. Разам з калясніцамі хецкія воіны паляцелі ўніз раней, чым паспелі спыніць ці павярнуць коней уздоўж рова, пакрытага галлём і кустоўем. Роў цягнуўся ўпоперак усёй даліны, ад краю да краю, і цяжкія калясніцы, ламаючы стройныя шэрагі, падалі ўніз. Пачуўшы крыкі хетаў, я
    падняў галаву і, калі пыл рассеяўся, перад маімі вачыма адкрылася жахлівае відовішча.
    Калі б хеты збераглі прысутнасць духу і халоднасць думкі, яны змаглі б выратаваць частку калясніцаў і нанесці егіпцянам паразу. Яны маглі б павярнуць коней і выехаць на раўніну праз разбураныя ўмацаванні. Але ім і ў галаву не прыходзіла, што яны, непераможныя, могуць быць разбітыя! Хеты не прывыклі прайграваць, і таму не падумалі нават ад'ехаць далей ад егіпецкага пешага войска — яны збочылі да скалаў, сцішваючы бег коней, потым павярнулі назад і нарэшце саскочылі з калясніцаў, каб высветліць, як перабрацца праз роў і дапамагчы паплечнікам, якія ў яго ўпалі. Апроч таго, яны хацелі дачакацца, пакуль асядзе пыл, a тады ўжо намеціць наступны ўдар па егіпцянах.
    Але Харэмхеб чакаць гэтага не збіраўся, ён загадаў трубіць, абвяшчаючы войску, што яго хітрасць удалася: хеты страцілі большасць сваіх калясніц і засталіся бяззбройныя. Ён размясціўлучнікаў па схілах скал і загадаў не даваць хетам перадыху. Другіх воінаў ён паслаў у пустэльню з галінамі, загадаўшы ўздымаць як мага больш пылу — часткова, каб не даць хетам апамятацца, а часткова, каб схаваць ад егіпецкіх воінаў грозную колькасць ацалелага хецкага войска. I яшчэ вялікую частку воінаў ён паслаў скідваць са скалаў каменныя глыбы, каб закрыць прабітыя ў выніку атакі праходы і зачыніць пастку за хецкімі калясніцамі, а потым захапіць іх.
    Хецкія атрады лёгкіх калясніцаў тым часам сталі лагерам на раўніне, яны паілі коней, рамантавалі збрую. Хеты бачылі воблакі пылу ў даліне паміж гарамі, яны чулі крыкі, бразгат зброі, але думалі, што гэта іх цяжкія калясніцы душаць, як пацукоў, егіпцянаў.
    Пад прыкрыццём пыльных хмараў Харэмхеб выслаў самых смелых да рова, каб не даць хетам выцягнуць тых, хто ў яго трапіў, і засыпаць роў, а астатніх кінуў на ацалелыя калясніцы. Егіпцяне кацілі вялізныя камяні, цягнулі іх на валакушах, каб акружыць калясніцы шчыльнай сцяной і не даць ім крануцца з месца. I хутка па ўсіх схілах гор у напрамку калясніц пакаціліся вялізныя каменныя глыбы. Егіпцяне заўсёды славіліся сваім уменнем працаваць з каменем, а ў Харэмхебавым войску было шмат такіх, хто атрымаў добрую практыку ў каменяломнях.