Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Харэмхеб пацёр нос, хітра зірнуў на мяне і адказаў:
— Ты даў мне мудрую параду, Сінухе, і, мабыць, я скарыстаўся б ёю, калі б быў, як і ты, такі самы мудры. Але ж я так люблю сваіх паскуднікаў, што не магу кінуць іх адных паміраць з голаду ў пустэльні. Вядома, аднаму мне было б лягчэй уратавацца, пакінуўшы тут вадзяныя склады, а ў наступным годзе распачаць новую вайну. Чаму я не ўцякаю, я і сам не ведаю, хоць на маім месцы любы разумны чалавек зрабіў бы менаві-
та так. Потым я мог бы ўшанаваць іх памяць у помніках і высекчы іх імёны на камянях. Але я так не зраблю, і ніякая іншая парада, апроч як змагацца і перамагчы хетаў у гэтай пустэльні, нам не падыходзіць. Вось так усё проста, Сінухе. Мы пераможам хетаў, бо іншага выйсця ў нас няма, і можа, прывёўшы войска сюды, я якраз зрабіў мудра, бо адсюль няма куды бегчы, і ўсім давядзецца біцца за сваё жыццё насмерць, хочуць яны таго ці не. А зараз мне лепш за ўсё пайсці спаць у сваю калясніцу, але перад гэтым я вып'ю яшчэ віна, каб пахмелле не прайшло да раніцы, бо тады я злосны і ваюю лепш, чым на цвярозую галаву.
Ён пайшоў да калясніцаў, узяў гарлач з віном, і з начной цемры да мяне данеслася булькатанне. Потым здалёк пачуўся грукат калясніцы, нейкая валтузня і спалоханы крык егіпцянаў перад лініяй умацаванняў. Воіны з зайздрасцю глядзелі на Харэмхеба, і тады ён пачаў частаваць віном кожнага, хто стаяў побач, і яны пілі з гарлача, з якога піў сам Харэмхеб. А той, частуючы воінаў, злосна бурчэў:
— У вас што — лантухі без дна? Вы зараз выжлукціце ўсё маё віно, і я сам не паспею як след напіцца! Ну вось, сваімі паганымі пысамі вы ўжо запэцкалі ўвесь гарлач.
Ён ляпаў іх па плячах, называў кожнага на імя і ўспамінаў іх «подзвігі» пад Газай, дзе яны, нібыта, заблыталіся ў лейцах і коні іх білі азадкамі.
Так прайшла ноч, і ранне ўзнялося над зямлёй, як шэры прывід, і з пустэльні разам з крыкамі падлажэраў павеяла смуродам смерці. Перад умацаваннямі валяліся перакуленыя калясніцы, забітыя коні, грыфы выклёўвалі вочы хецкім забітым вазніцам. На золку Харэмхеб загадаў трубіць у трубы, сабраў усё войска і звярнуўся да яго з прамовай.
2
Пакуль хеты закідвалі пяском свае вогнішчы, запрагалі коней і рыхтавалі зброю, Харэмхеб ускараскаўся на шчарбаты выступ скалы і пачаў прамаўляць да войска, жуючы сухі хлеб і закусваючы яго цыбуляй:
— Зірніце перад сабой і вы ўбачыце вялікі цуд, бо Амон сапраўды перадаў хетаў у нашы рукі, і сёння мы здзейснім вялікія подзвігі, бо пешае войска хетаў праз недахоп вады затрымалася на ўскрайку пустэльні і не паспела сюды прыйсці. Іх баявым калясніцам цяпер давядзецца адным пракладваць сабе дарогу і здабываць ваду, калі яны хочуць прайсці далей да Егіпта. Але іх коні знясілелі ад смагі, і ім не хапае кармоў, бо я спаліў усе іх запасы, а гліняныя гаршчкі з вадою пабіў на чарапкі па ўсёй пустэльні — адсюль аж да Сірыі. Таму хеты павінны або любою цаной прабіцца на сваіх калясніцах праз нашы шэрагі, або пайсці назад у Сірыю, або стаць лагерам і, не завязваючы з намі бітвы, чакаць, пакуль прывязуць ваду. Каб у іх быў розум, яны вярнуліся б назад у Сірыю, але ж яны сквапныя і прагныя, яны ўклалі ў гаршчкі з
вадой, якія расклалі па ўсёй пустэльні ў нас за спінай, усё сваё срэбра і золата і цяпер без бою ад вады не адмовяцца. Амон аддаў хетаў нам у рукі, бо калі яны надумаюць атакаваць нашы ўмацаванні, то не змогуць выкарыстаць моц сваіх калясніц. Іх коней спыняць канавы, якія вы так адважна капалі, а каменныя глыбы і агароджы пераломяць вастрыё іх націску.
Харэмхеб выплюнуў цыбульнае шалупінне, адгрыз моцнымі зубамі кавалак сухара і жаваў яго да тае пары, пакуль войска не пачало з нецярпеннем тупаць нагамі і крычаць, як робяць зазвычай дзеці, якім хочацца пачуць ад дарослага яшчэ адну казку. Тады Харэмхеб наморшчыў лоб і сказаў:
У імя Сэта і ўсіх ягоных нячысцікаў! Або нашы забеспячэнцы прывозяць нам хлеб з мышыным дзярмом, або гэта яшчэ не прайшло пахмелле? Вы хоць ведаеце, пацучынае адроддзе, што я сёння ноччу нават не змог напіцца як след ад радасці, што гэтыя паганыя хеты праз сваю дурасць знаходзяцца ад нас на адлегласці дрэўка дзіды. He, я ўсё ж загадаю павесіць пару забеспячэнцаў дагары нагамі на гарадскім муры за мышынае дзярмо ў хлебе! He дзеля вас, вядома, бо вы сцярэбіце ўсё запар, як тупыя валы! He, я зраблю гэта выключна дзеля свайго высакароднага страўніка. Мяне не цікавіць, што вы жараце, хай нават гной з мукою, — круглякі маіх коней мне даражэйшыя за ўвесь ваш бязглузды статак! Але я баюся, што вы можаце ўпусціць хетаў з рук, бо вы ж ніколі не былі воінамі, смярдзючае вы пацучынае адроддзе! Дык слухайце мяне: паленні ў вашых руках — гэта дзіды, і маюць наканечнікі не дзеля таго, каб вы часалі імі свае паганыя спіны, а каб праколваць жываты хетам. А зараз хай мяне паслухаюць лучнікі, якія, напэўна, лічаць сябе вялікімі героямі, калі шпурляюць стрэлы з цецівы немаведама куды, а потым гарлаюць, як смаркачы: «Глядзі, як высока паляцела мая страла!» А вы павінны цаляць не ў неба, а ў хетаў! I каб вы былі сапраўдныя лучнікі, то мусілі б выбіваць ім вочы! Але якая карысць казаць вам гэта?! Таму кажу другое: цаляйце ў коней, бо гэта дастаткова вялікая мішэнь, а ў каляснічых вы ўсё адно не патрапіце. I чым бліжэй вы падпусціце коней, тым з большай пэўнасцю ў іх патрапіце, якімі дрэннымі стралкамі вы ні былі б. Таму я загадваю: падпускаць коней як мага бліжэй, а хто будзе дарэмна траціць стрэлы, я з таго сам спушчу скуру, каб ён пашкадаваў, што нарадзіўся на свет! Мы не можам страціць дарэмна ніводнай стралы. Успомніце, што гэтыя наканечнікі былі выкаваныя з аздобаў, што віселі на грудзях вашых жонак, з бранзалетаў, што ўпрыгожвалі ногі дзяўчатам у дамах уцехаў, і хай гэты ўспамін падбадзёрыць вас. А цяпер я кажу зноў тым, у каго ў руках дзіды: калі коні наблізяцца, упрыце дзіды ў зямлю і трымайце іх абедзвюма рукамі, а наканечнікі кіруйце коням у жывот, тады вам не
будзе чаго баяцца — трэба толькі паспець адскочыць убок, каб конь не затаптаў вас. А калі хто ўпадзе на зямлю — рэжце на нагах коням жылле: гэта адзіны спосаб уратавацца ад колаў, іначай вас пераедуць і раздушаць. Вось што нас чакае, нільскія вы пацукі!
Ён з агідай панюхаў хлеб, адкінуў яго прэч, паднёс да вуснаў гарлач і доўга прагна піў, наталяючы пахмельную смагу. Потым ён працягваў:
— Зрэшты, я дарэмна марную час, даючы вам свае мудрыя парады, бо як толькі вы пачуеце грукат калясніцаў ды хецкі баявы кліч, вы пачняце вішчаць і хаваць галаву ў пясок, бо побач няма матчынай спадніцы і вам няма больш куды хавацца. Таму я павінен вас папярэдзіць: калі хеты прарвуцца праз умацаванні і захопяць склады з вадой у нас за спінай — кожны з вас будзе нябожчыкам раней, чым настане вечар, і ў лепшым выпадку праз адзін-два кругі месяца ваша скура будзе вісець у выглядзе сумкі на руцэ якой-небудзь гаспадыні з Бібла або Сідона, калі, вядома, у горшым выпадку, вам не давядзецца выць на сцяне з раздушанымі чэлесамі ці з выкалатымі вачыма круціць жорны ў лагеры Азіру. Вось што будзе з вамі, калі хеты прарвуць нашу абарону. Нас акружаць, бегчы нам не будзе куды, і ўсім нам прыйдзе канец. Павінен сказаць, што і цяпер ужо ў нас няма шляхоў для ўцёкаў, бо як толькі мы адыдзем ад умацаванняў, хеты кінуцца наперад і змятуць нас калясніцамі, як паток у разводдзе змятае салому. Я кажу гэта, каб ніхто з вас не падумаў бегчы ў пустэльню. А на выпадак, калі хто з вас забудзе, з якога боку вораг, я пастаўлю ў вас за плячыма пяць соцень адважных воінаў і дам ім магчымасць удосталь пацешыцца, назіраючы за вашаю бітвай, бо яны напраўду заслужылі такое права. I я абяцаю: таму, хто кінецца бегчы, яны адрэжуць галаву ці што-небудзь яшчэ — вы ж ведаеце, як з юрлівага быка робяць паслухмянага вала? Ну вось, а цяпер вы ведаеце, што калі наперадзе вас чакае небяспека, дык ззаду — безумоўная смерць. Затое наперадзе вас могуць чакаць і перамога, і слава, і я ніколькі не сумняваюся, што мы пераможам хетаў, калі кожны з нас пастараецца. Мы ўсе, любыя вы мае, варымся ў адной зацірцы, і няма іншага ў нас выйсця, як перамагчы, а каб перамагчы, вы павінны кінуцца на хетаў з усёй тою зброяй, якая ў вас у руках. Выліць як мага больш варожай крыві — вось адзіны спосаб выратавацца! I я буду біцца побач з вамі, з бізуном у руцэ, і калі мой бізун часцей пройдзецца па вашых спінах, чым па спінах хетаў, дык вы самі будзеце вінаватыя, пацучынае адроддзе!
Воіны слухалі яго як зачараваныя, забываючыся пераступаць з нагі на нагу і не памятаючы нават пра хетаў. Я, прызнаюся, пачаў ужо непакоіцца, гледзячы, як у вялізных слупах пылу да ўмацаванняў з усіх бакоў набліжаюцца хецкія калясніцы. Але думаю, Харэмхеб марудзіў знарок, каб усяліць у людзей свой спакой і тым самым пазбавіць ад
гнятучага чакання атакі. Нарэшце ён агледзеў са свайго ўзвышку пустэльню, узняў рукі і сказаў:
— Нашы хецкія сябры ўжо імчаць сюды на сваіх калясніцах, і я дзякую за гэта егіпецкім багам, бо, калі хеты так спадзяюцца на сваю сілу, значыць, Амон сапраўды іх асляпіў! Наш бог змагаецца побач з намі! Наперад, нільскія пацукі, хай кожны стане на адведзенае яму месца і хай ніхто не сыходзіць з яго без загаду! А вы, мае любыя гнойныя мухі, ідзіце за гэтымі слімакамі ды зайцамі, і калі хто намерыцца ўцякаць, палягчайце кожнага баязліўца, як барана. Скажу вам усім толькі адно: змагайцеся дзеля багоў Егіпта, змагайцеся дзеля Чорнай зямлі, дзеля вашых жонак і дзяцей! А зараз бяжыце, дзеці мае, бяжыце як мага хутчэй, іначай хеты першымі дабяруцца да нашых умацаванняў і бітва скончыцца раней, чым пачнецца.
Ён скончыў гаварыць, і воіны паімчаліся кожны да свайго месца, гарлаючы ці то ад узрушэння, ці то ад страху, — не ведаю, ды яны і самі, напэўна, не ведалі. Харэмхеб ляніва пайшоў за імі, а я застаўся сядзець на скале, каб сачыць за бітвай з бяспечнай адлегласці, бо я ўсё ж быў лекар і маё жыццё на вайне мае асаблівую каштоўнасць.
Хеты перасеклі раўніну і спыніліся ля падножжа ўзгоркаў, каб пастроіцца ў баявыя парадкі. Іх рознакаляровыя сцяжкі, бляск крылатых сонечных кругоў на калясніцаў, стракатыя гунькі, што пакрывалі конскія крыжы, абараняючы ад варожых стрэлаў, мелі святочны і грозны выгляд. Кідалася ў вочы, што хеты збіраліся нанесці ўдар усімі сіламі па адкрытай мясцовасці, дзе была пракладзена дарога, якая вяла да складаў з вадой. Яна была паспешліва перакрытая лёгкімі Харэмхебавымі ўмацаваннямі, і было бачна, што хеты не збіраюцца зварочваць у праходы паміж скаламі, ні раздрабняць свае сілы, выходзячы ў пустэльню, дзе вольныя атрады з хеўрамі рабаўнікоў прыкрывалі флангі Харэмхебава войска. Такі кружны шлях па пустэльні занадта падоўжыў бы адлегласць да вадзяных складаў, а хецкія коні і так знемагалі ад бяскорміцы й смагі. Апроч таго, яны, бясспрэчна, спадзяваліся на свае ваеннае майстэрства і сілу, бо дагэтуль іх націску не мог вытрываць ніводзін народ. Іх баявыя калясніцы ішлі ў бой шэрагамі па шэсць, з дзесяці шасцёрак складаўся полк, і такіх палкоў у хетаў, я думаю, было шэсцьдзесят супраць невялікага і ненавучанага Харэмхебава войска. Цэнтр атакі складалі цяжкія калясніцы з трыма коньмі і трыма воінамі, і, гледзячы на гэтыя магутныя калясніцы, я ніяк не мог зразумець, якім чынам Харэмхеб можа адбіць іх атаку, — калясніцы рухаліся цяжка і ўпэўнена, нібы караблі, змятаючы ўсё на сваім шляху.