• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    сумняваюся ў канчатковай перамозе, бо мне наканаваныя вялікія здзяйсненні. Праўда, перад тым, я думаю, яшчэ шмат каму давядзецца загінуць.
    — Харэмхеб, — спытаў я, — ці ёсць для цябе хоць што-небудзь святое?
    Ён задумаўся на хвіліну і адказаў:
    — Вялікі ваявода і ўладар павінен бачыць далей за ўсе словы і мроі і ўмець карыстацца гэтымі хімерамі, як зброяй у сваіх руках. Скажу табе праўду, Сінухе: гэта даволі цяжка і робіць жыццё бязрадасным. Але пачуццё, што ты самаўладна кіруеш людзьмі і прымушаеш іх рабіць вялікія справы, — мацнейшае за ўсе будзённыя радасці. Калі я быў малады, я верыў у сваю дзіду і свайго сокала. А цяпер я больш давяраю сваёй волі. Я ведаю, што мая воля — гэта мой лёс. Але мая воля сточвае мяне, як метал сточвае тачыльны камень. Я не маю ні хвіліны адпачынку ні днём, ні ўначы, ні ў сне, ні наяве, і няма ў мяне іншага спосабу адпачыць, апроч як напіцца п'яным. Калі я быў малады, я верыў у сяброўства і думаў, што кахаю толькі адну жанчыну, якая сваёй упартасцю і пагардай даводзіла мяне да вар'яцтва, але цяпер я ведаю, што ніводзін чалавек не можа быць для мяне мэтай, ён для мяне толькі сродак, і тая жанчына таксама — толькі сродак. Я, Харэмхеб, асяродак усяго на свеце, ад мяне ўсё сыходзіць і да мяне вяртаецца. Я — гэта Егіпет і ягоны народ. Таму, калі я ўзвялічваю і ўмацоўваю Егіпет, я ўзвялічваю і ўмацоўваю самога сябе. Як ты разумееш, Сінухе, гэта правільна і разумна.
    На таго, хто яго не ведаў, яго словы, можа, і зрабілі б вялікае ўражанне, але не на мяне, які ведаў яго маладым хвальком і бачыў ягоных бацькоў, ад якіх патыхала хлявом і гноем, хоць цяпер Харэмхеб і парупіўся іх узвысіць. Таму я не змог паставіцца да яго сур'ёзна, як бы ён ні стараўся выглядаць богам у маіх вачах. Зрэшты, я не падзяліўся з ім гэтымі думкамі і толькі сказаў, што царэўна Бэкетамон вельмі абразілася, бо падчас троннага выезду фараона Тутанхамона займала, на яе думку, не належнага ёй месца. Харэмхеб прагна слухаў мяне і, прапанаваўшы выпіць віна, прасіў расказваць пра царэўну Бэкетамон яшчэ і яшчэ. I так мы пілі ўсю дарогу, пакуль спускаліся ўніз па рацэ да Мемфіса. А тым часам хецкія калясніцы спусташалі Ніжнюю зямлю.
    ПАПІРУС ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
    Свяшчэнная вайна
    і
    Збіраючы войскі і рыхтуючьі ўсё неабходнае для вайны, Харэмхеб запрасіў у Мемфіс усіх багатых людзей Егіпта і звярнуўся да іх:
    — Вы ўсе заможныя людзі, а я ўсяго толькі сын пастуха, народжаны ў хляве на кучы гною. Але Амон блаславіў мяне, а фараон даверыў мне сваё войска, каб я павёў яго на вайну супраць ворага, які пагражае нашым землям, і, як вы ведаеце, гэта вораг люты і бязлітасны. Мне будзе прыемна, калі вы ўсе як адзін уголас скажаце, што вайна патрабуе ахвяраў ад кожнага і што вы ўзнялі цэны на ўсе тавары ў Егіпце і недасыпалі меры зерня вашым рабам і слугам толькі з прычыны вайны. Па вашых словах і справах я мяркую, што і вы таксама гатовыя панесці любыя ахвяры. Гэта добра і вельмі мяне радуе, бо цяпер я займаюся падрыхтоўкай войскаў, зборам вайсковага рыштунку і грошай для платы воінам, пабудовай баявых калясніцаў і яшчэ шмат якімі справамі, пра якія вы не маеце ніякага ўяўлення, але гэта справы неабходныя для блізкай вайны. Я думаю пазычыць у вас частку вашай маёмасці і навёў пра яе даведкі ў падатковых запісах. Апроч таго, я пацікавіўся, што вы ўтойвалі ад зборшчыкаў падаткаў у часы праклятага фараона, і ведаю ўсё пра ваша становішча. Але сёння імем Амона ў Егіпце ўладарыць сапраўдны фараон, і вам больш не трэба хаваць ваша багацце, наадварот, вы можаце адкрыта і з гордасцю ахвяраваць частку яго на вайну. А таму кожны з вас неадкладна мусіць пазычыць мне палову вашай маёмасці, і мне ўсё адно, як вы гэта зробіце, срэбрам, золатам, збожжам, скацінай, коньмі або калясніцамі, — галоўнае, каб вы зрабілі гэта як мага хутчэй.
    Пачуўшы такое, егіпецкія багацеі аглушальна загаласілі, пачалі раздзіраць на сабе адзенне і скардзіцца:
    — Ілжывы фараон давёў нас да галечы, мы сапраўдныя жабракі! А тое, што ты выведаў пра наша багацце, — мана і паклёп! Які ты дасі нам заклад, калі мы пазычым табе палову нашай маёмасці, і якую ліхву будзеш плаціць?
    Харэмхеб дружалюбна ўсміхнуўся і адказаў:
    — Мой заклад — мая перамога, якую я спадзяюся здабыць як мага хутчэй і з вашаю, мае любыя сябры, дапамогай, а калі перамогі я не даб'юся, дык прыйдуць хеты і забяруць у вас усё. Таму я думаю, што 523
    мой заклад будзе дастатковы. Што да ліхвы, то я збіраюся пагутарыць з кожным з вас паасобку і спадзяюся, што мы зможам дамовіцца. Але рана вы пачалі скардзіцца і плакаць, бо я яшчэ не скончыў. Я патрабую, каб вы неадкладна пазычылі мне толькі палову вашага багацця, і гэта пазыка, проста пазыка, любыя вы мае! Праз чатыры кругі маладзіка вы дасцё мне яшчэ палову ад той маёмасці, якая ў вас засталася, a праз год — яшчэ палову ад таго, што ў вас застанецца. Вы зможаце падрахаваць лепш за мяне, што ў вас пасля таго яшчэ застанецца, але я ўпэўнены, што вам гэтага хопіць на суп ды кашу да канца вашых дзён. Так што ні пра якое рабаванне сёння не можа ісці гаворкі.
    Багацеі з лямантам і плачам кінуліся перад ім на калені. Яны біліся галовамі аб дол і крычалі, што лепш ім аддацца ў рукі хетам. Харэмхеб прыкінуўся вельмі здзіўленым і сказаў:
    — Калі так, дык вы можаце рабіць усё, што захочаце. Але думаецца мне, што воіны, якія рызыкуюць сваёй скураю і жыццём на палях бітваў, прыйдуць у шаленства, даведаўшыся, што вы не жадаеце ахвяраваць нічога на вайну. I, праўду кажучы, я амаль упэўнены, што мае воіны ўжо чакаюць вас за парогам шатра з вяроўкамі, каб звязаць, пасадзіць на караблі і адвезці да хетаў, як вы самі хочаце. Гэта вельмі мяне засмучае, і я не магу зразумець, якая вам будзе радасць ад вашай маёмасці, якая застанецца тут, у маім распараджэнні, а вы з выкалатымі вачыма будзеце круціць цяжкія жорны на хецкіх млынах. Калі вы самі таго хочаце, дык я зараз жа перадам сваім воінам вашыя пажаданні.
    Ад такіх словаў багацеі жахнуліся яшчэ больш, завішчэлі яшчэ гучней і пачалі хапаць Харэмхеба за калені, згаджаючыся на ўсе патрабаванні. Ён суцешыў іх, сказаўшы:
    — Я таму і запрасіў вас сюды, бо ведаў, што вы любіце Егіпет і дзеля гатовы яго на любыя ахвяры. Вы самыя багатыя людзі Егіпта, і кожны з вас дасягнуў багацця, дзякуючы сваёй кемлівасці. Таму я ўпэўнены, што вы зноў хутка ўзбагаціцеся, бо багацей заўсёды багацее, нават калі часам яго і прыціснуць як след. Вы, любыя мае сябры, — мой бясцэнны сад, які я моцна люблю, і дазваляю сабе хіба толькі выціскаць сок, як з гранатавага плода, — няхай часам і сціскаючы яго так моцна, што зярняткі пырскаюць паміж пальцаў. Але ж я добры садоўнік, і ніколі не папсую самі дрэвы, якія прыносяць такі багаты ўраджай. Апроч таго, памятайце, што я даю вам вялікую вайну, такую вялікую, што вам і не снілася, а ў час вайны багаты чалавек робіцца яшчэ багацейшы і нажываецца тым больш, чым долей ідзе вайна, і ніякая сіла не перашкодзіць гэтаму, нават фараонавы зборшчыкі падаткаў. Таму вам застаецца толькі падзякаваць мне, а я адпушчу вас дадому з маім блаславеннем. Ідзіце з мірам і старанна таўсцейце, як цяжарныя самкі, і ніхто не будзе замінаць вам у гэтым, бо ўсё адно гэта ўжо нельга спыніць. Я не буду
    пярэчыць, калі час ад часу вы будзеце прысылаць мне дадатковыя падарункі, памятаючы, што я збіраюся адваяваць Сірыю. А што гэта азначае для Егіпта і асабіста для вас, вы добра разумееце, асабліва, калі пасля перамогі я скажу пра вас добрае слова. Зрэшты, калі хочаце, можаце і далей лямантаваць да енчыць, калі вам так лягчэй, а мне вашы плач і звяга лашчаць вушы, нібы звон золата.
    3 гэтымі словамі ён адпусціў багацеяў, і яны пайшлі прэч, лямантуючы ды раздзіраючы на сабе адзенне, але адышоўшы далей, адразу супакоіліся і пачалі абмяркоўваць страты ды падлічваць недалёкія ўжо барышы. А Харэмхеб сказаў мне:
    —	Гэтай вайной я раблю ім добры падарунак, бо цяпер яны змогуць рабаваць народ, валячы віну за нястачу і голад на хетаў і фараона. Так што плаціць за ўсё ў выніку давядзецца народу: багацеі здзяруць з яго куды больш, чым далі мне ў пазыку. Але прыйдзе час, і я прыцісну іх так, што з іх ажно сала пацячэ. Мне такі падыход падабаецца больш, чым адмысловы падатак на вайну, бо калі б я проста пачаў збіраць падатак, то народ праклінаў бы мяне, а калі я бяру грошы з багатых, то людзі называюць мяне справядлівым і бласлаўляюць маё імя. А я мушу клапаціцца пра сваю славу, думаючы пра высокае становішча, якое буду займаць.
    А Дэльта тым часам ужо палала, і хецкія перадавыя атрады пасвілі сваіх коней на сялянскіх палетках. Купкі ўцекачоў, якім пашчасціла дабрацца да Мемфіса расказвалі такія жахі пра лютасць хетаў, што маё сэрца нямела. Я маліў Харэмхеба паспяшацца з ваеннымі дзеяннямі, але той спакойна ўсміхаўся і адказваў:
    —	Хай спачатку Егіпет як след пазнаёміцца з хетамі, каб народ усвядоміў, што на свеце няма нічога страшнейшага за хецкае рабства. Я быў бы вар'ятам, калі б рушыўу паход з ненавучаным войскам і без баявых калясніцаў. Але не хвалюйся, Сінухе. Газа па-ранейшаму ў нашых руках, а Газа — гэта каменны падмурак, на якім я пабудую гэтую вайну. Хеты не адважацца пайсці з галоўнымі сіламі праз пустэльню, пакуль не завалодаюць Газай. I ў сваім панаванні на моры яны не надта ўпэўненыя. А я тым часам паслаў у пустэльню сваіх людзей, каб яны паднялі вольныя дружыны ды іншых рабаўнікоў. Так што я не бяздзейнічаю, і ты дарэмна мяне дакараеш. Сур'ёзная небяспека Егіпту не пагражае да той пары, пакуль пешыя войскі хетаў не пройдуць па пустэльні да Чорнай зямлі. Усё іх ваеннае майстэрства трымаецца на баявых калясніцах, але балоцістая мясцовасць у Ніжняй зямлі запавольвае іх рух. Яны марудна перабіраюцца з месца на месца, руйнуюць вёскі ды вытоптваюць палеткі, але чым менш будзе збожжа ў краіне, тым ахвотней егіпецкія мужчыны пойдуць пад мае штандары з ільвінымі хвастамі, дзе кожнаму дадуць па меры хлеба ды піва.
    Воіны сыходзіліся ў Мемфіс з усяго Егіпта. Адных гнаў голад, другія ўвогуле не даражылі жыццём, бо ў часы Атона страцілі свае дамы і сем'і, а трэція прагнулі здабычы ці шукалі прыгодаў. Харэмхеб, не зважаючы на жрацоў, абвясціў прошчу ўсім, хто ўдзельнічаў у стварэнні царства Атона, і вызваліў усіх сасланых у каменяломні, каб забраць іх у войска. Такім чынам, Мемфіс неўзабаве стаў падобны да вялікага вайсковага лагера, дзе жыццё бурліла і ўдзень, і ўначы, дзе ў дамах уцех і ў корчмах штовечар кіпелі бойкі і наносіліся раны, а мірныя жыхары хаваліся па дамах і калаціліся ад страху. 3 кузняў даносіўся звон молатаў, каваліся наканечнікі на стрэлы і дзіды, а нянавісць да хетаў была такая вялікая, што жанчыны аддавалі на ўзбраенне свае медныя аздобы.