• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    А паперадзе караблёў Тутанхамона ўверх па рацэ паляцелі ваенныя караблі, каб уціхамірыць землі па абодвух берагах ракі. Харэмхеб навёў парадак у Фівах і спыніў разбой на вуліцах, але на мурах нікога не вешалі, бо Харэмхебу быў патрэбен кожны, хто мог насіць зброю. Уздоўж Алеі бараноў жрэц Эйе загадаў узняць сцягі новага фараона, і жрацы наладзілі ўрачыстую сустрэчу новаму ўладару. Я, Сінухе, быў сведкам, як яго неслі ў залатых насілках па Алеі бараноў, а царыца Неферціці з дочкамі Эхнатона суправаджала яго, так што перамога Амона была поўнай. Жрацы намазалі новага фараона алеем перад выявай Амона і з усімі свяшчэннымі цырымоніямі ўсклалі яму на галаву чырвоную і белую кароны, ліліі і папірус, кароны Верхняга і Ніжняга царства. Робячы гэта на вачах у народа, жрацы паказвалі, што новы фараон атрымлівае ўладу з іх рук. Фараон прынёс Амону багатую ахвяру з усяго, што паспешліва змог сабраць Эйе па збяднелай краіне. Зрэшты, і Херыхор абяцаў пазычыць золата Амона на вайну з хетамі: з Ніжняй зямлі прыходзілі зусім дрэнныя звесткі. Але Харэмхеб знарок іх перабольшваў, каб народ адчуў яшчэ большы жах перад хетамі.
    А народ Фіваў, вітаючы Амона і новага фараона, хоць той быў яшчэ малым дзіцём, радаваўся, бо чалавечае сэрца неразумна спадзяецца на будучыню і не хоча вучыцца на памылках мінулага, думаючы, што заўтрашні дзень будзе лепшы за сённяшні. Таму народ тоўпіўся абапал Алеі бараноў і ў дварах храма, радасна вітаючы новага фараона і пасыпаючы кветкамі яго шлях, а калі хто не выказваў радасці і стаяў моўчкі са змрочным выглядам, воіны Эйе і Харэмхеба дрэўкамі дзідаў тлумачылі яму, што такія паводзіны не стасуюцца з вялікім святам.
    Але ў порце і ў бядняцкіх кварталах горада яшчэ дыміліся руіны, ад якіх падымаўся едкі смярдзючы дым, а рака пахла крывёй і трупамі. На
    вільчыках храмаў сядзелі падлажэры, з цяжкім крумканнем выцягваючы шыі і не маючы сілы ўзляцець пасля багатага пачастунку чалавечынай, а кракадзілы ляжалі ўздоўж берага, лянуючыся нават варухнуць хвастом, і маленькія птушкі выдзёўбвалі з іх разяўленых пашчаў рэшткі жахлівага банкету. Дзе-нідзе па руінах блукалі спалоханыя жанчыны і дзеці, яны капаліся ў рэштках сваіх дамоў, шукаючы хоць які гаспадарчы рыштунак, а дзеці рабоў і насільшчыкаў бегалі за баявымі калясніцамі і падбіралі конскія крутлякі, выкалупваючы з іх неператраўленыя конскімі жыватамі зярняты. Я ішоўуздоўж прычалаў, дзе па-ранейшаму пахла гнілою вадой, глядзеў на пустыя кашы і караблі, што стаялі без грузаў, і ногі неслі мяне да «Кракадзілавага хваста». Я ўспамінаў Мэрыт, якая сказала: «Я ўсяго мяккая посцілка для тваёй самоты, калі не стары сяннік». Я думаў пра маленькага Тота, які быў маім сынам, хоць я не здагадваўся пра гэта. Я выразна бачыў яго пяшчотныя дзіцячыя шчокі і рукі, якімі ён абдымаў маю шыю, прыціскаючыся да мяне тварам. Я ішоў па пыльнай гавані і бачыў перад сабой працятае дзідай цела Мэрыт, заліты крывёю твар Тота і крывавыя плямы на яго валасах. Усё гэта так жыва паўставала перада мной, што я думаў, што смерць фараона Эхнатона была надта лёгкай. Я думаў, што няма на свеце нічога небяспечнейшага за царскія відзежы, бо яны сеюць па свеце смерць і ад іх таўсцеюць адны кракадзілы. Я ішоў па спусцелай гавані, а здалёк даносіліся прыглушаныя крыкі натоўпу, які вітаў фараона Тутанхамона, думаючы, што гэтае дураслівае дзіцё, якое марыць аб прыгожай грабніцы, знішчыць несправядлівасць і ўсталюе мір, спакой і дабрабыт у зямлі Кэмет.
    Я ішоў, куды мяне неслі ногі, і балюча адчуваў сваю самоту, разумеючы, што на Тоце мая кроў скончылася і што мне гэтага не паправіць, бо не было ў мяне спадзеву на бессмяротнасць і вечнае жыццё, смерць здавалася мне адпачынкам і сном, яна была падобнай да цяпла жарніцы ў халодную ноч. Усе мае спадзяванні і радасці ўкраў у мяне бог фараона Эхнатона, і цяпер я ведаў, што ўсе багі жывуць у Цёмных палацах, адкуль не вяртаецца ніхто. Фараон Эхнатон выпіў смерць з маёй рукі, але гэта не прынесла мне палёгкі, бо разам са смерцю ён выпіў літасцівае забыццё, а я застаўся жыць і памятаць. Маё сэрца поўнілася лютасцю, якая раз'ядала яго, нібы шчолак, я адчуваў злосць да ўсіх людзей, я адчуваў злосць да здурнелага народа, які так нічому не навучыўся і збіраўся перад храмам Амона, як статак бязмозглай скаціны.
    Руіны ў гавані як вымерлі, але раптам ад кучы пустых кошыкаў аддзялася нейкая падобная да чалавека здань і на карачках наблізілася да мяне. Гэта быў маленькі схуднелы мужчына, рукі і ногі ў якога скрывіліся ад недаеду яшчэ ў дзяцінстве. Ён аблізаў вусны счарнелым языком і спытаў, гледзячы на мяне шалёнымі вачыма:
    — Ці не ты — Сінухе, царскі лекар, які перавязваў раны беднякам у імя Атона?
    Ён устаў і засмяяўся жахлівым смехам, потым паказаў на мяне пальцам і сказаў:
    — Гэта ты, Сінухе, які раздаваў хлеб і казаў: «Гэта хлеб Атона! Ешце яго ў імя Атона». А калі так, дык у імя ўсіх багоў апраметнай дай мне кавалак хлеба, а то я шмат дзён хаваўся ад воінаў і нават баяўся падысці да ракі, каб папіць вады. У імя ўсіх багоў апраметнай дай мне хлеба, бо мой рот зусім перасох, а жывот пазелянеў, як трава.
    Але хлеба ў мяне не было, ды ён і не хацеў ад мяне нічога — ён вылез проста паздзекавацца, каб хоць неяк наталіць сваю злосць і акрутнасць.
    — У мяне была хата, — казаў ён, — хай сабе ўбогая і прапахлая гнілой рыбай, але гэта была мая хата. У мяне была жонка, хай сабе непрыгожая і схуднелая, але мая. У мяне былі дзеці, яны галадавалі на вачах у мяне, але гэта былі мае дзеці. I дзе цяпер мая хата, мая жонка і дзеці? Твой бог забраў іх, Сінухе! Атон, забойца і вынішчальнік усяго існага, забраў іх і не пакінуў мне нічога, апроч жменькі зямлі, і я сам хутка памру і не шкадую пра гэта.
    Ён зноў сеў перада мной на зямлю, прыціснуў кулакі да разбухлага жывата і прасіпеў:
    — Сінухе, а можа, нашы гульні былі чаго-небудзь вартыя? Бо няхай я памру, як і мае таварышы, але, можа, што-небудзь застанецца ў людской памяці і пра нас што-небудзь раскажуць чалавечыя вусны? Можа, памяць пра нас застанецца ў сэрцах тых, хто працуе сваімі рукамі і чые спіны прывыклі да палачных удараў? Можа, памяць пра нас застанецца нават тады, калі ўсе ўжо даўно забудуцца на твайго Атона, а імя праклятага фараона сатруць з усіх надпісаў? Можа, якая-небудзь цьмяная памяць пра нас застанецца ў душы народа, і дзеці засвояць яе разам з горкім малаком мацярок і чаму-небудзь навучацца на нашых памылках? Тады яны з самага нараджэння будуць ведаць тое, чаму нам давялося так цяжка вучыцца. Яны будуць ведаць, што няма розніцы паміж людзьмі, што скура багацея і вяльможы лёгка разрываецца, калі разануць яе нажом, і што кроў і ёсць кроў, і няма розніцы, яна цячэ з сэрца галоднага ці сытага чалавека. Яны даведаюцца, што рабы і беднякі не павінны давярацца фараонам і царскім лекарам, іх законам і абяцанкам, што яны павінны давяраць толькі сваім кулакам, каб з іх дапамогай прыдумаць новыя законы, а хто не пераходзіць на бок беднякоў — той іхні вораг, і тут не можа быць ніякай спагады і розніцы паміж людзьмі. У сваім сэрцы ты, Сінухе, не быў з намі. А значыць, ты быў супраць нас і быў нашым ворагам, хоць ты і раздаваў нам хлеб, але збіваў нас з панталыку сваімі прамовамі пра Атона. Усе багі на адзін
    капыл, як і фараоны, як і вяльможы, хоць яны і не прызнаюць гэтага. Так кажу я, Мэці, чысцільшчык рыбы, бо мне губляць нечага — я хутка памру, і маё цела скінуць у ваду, яно знікне, і мяне болей не будзе. Але часцінка мяне ўсё ж застанецца блукаць па зямлі, і ты пазнаеш мяне ў неспакойных сэрцах рабоў, у прыхаванай усмешцы іхніх вачэй, у горкім малацэ, якім схуднелыя зняможаныя маці будуць карміць сваіх слабых дзяцей. Я, Мэці, чысцільшчык рыбы, прымушу падысці тое цеста, з якога спякуць вялікі хлеб.
    Па яго словах і вачах я бачыў, што гора і страх памуцілі ягоны розум. Але ён чапляўся за мае калені, не даючы мне ісці, і шаптаў:
    — Ты, Сінухе, які так шмат вучыўся і ўмееш чытаць і пісаць, ты, вядома, лічыш, што чысцільшчык рыбы не здольны нарадзіць ніякай думкі, бо гэта цяжка і патрабуе шмат намаганняў, але ў мяне дастаткова часу думаць, жуючы траву ды салёныя вузялкі кашоў з-пад рыбы. Таму я цяпер ведаю, у чым была наша памылка і чаму нам давялося памерці. У нас была і зямля, і ўлада, але сваю ўладу мы не змаглі скарыстаць — мы навучыліся толькі рабаваць ды сварыцца за здабычу і п'янець ад сваёй улады і новага становішча. Мы жэрлі ды напіваліся замест таго, каб забіваць, забіваць і забіваць усіх, хто быў не з намі! У сваім убостве мы не засвоілі гэтай навукі! Мы, галодныя жабракі, надта высока ставілі чалавечую душу, і толькі гэты тлусты кот Пэпітамон ды чорны Эйе навучылі нас мастацтву забойства і забілі нас усіх. Але тады нам было ўжо запозна засвойваць гэтую навуку. Тут, сярод пустых кашоў, я бачыў шмат сноў пра забойствы, і я пакіну свае сны нашчадкам, мае сны будуць красціся да спячых рабоў і беднякоў у начной цемры і іх пальцы будуць торгацца ад прымроенага — хоць мяне самога ўжо даўно не будзе на свеце.
    Ён глядзеў на мяне вар'яцкімі вачыма і аберуч трымаў за калені. Тады я сеў у пыл побач і, уняўшы рукі, сказаў:
    — Мэці, чысцільшчык рыбы, я бачу, што пад вопраткай ты хаваеш нож. Дык забі мяне, калі я ў чым-небудзь перад табой вінаваты. Забі мяне, Мэці, чысцільшчык рыбы, бо я стаміўся ад сноў і радасці няма ў маім сэрцы. Забі мяне, калі гэта парадуе тваю душу. Больш я нічым не магу дапамагчы табе.
    Ён дастаў з-за пояса нож для чысткі рыбы, пакруціў у сваіх пакрытых шнарамі далонях, паглядзеў на мяне вільготнымі вачыма і заплакаў, адкінуўшы нож:
    — Забойства не прыносіць карысці, гэта я цяпер разумею, бо нож сляпы і можа забіць як вінаватага, так і нявіннага. Забудзь мае словы, Сінухе, і даруй мне маю злосць, бо чалавек, які б'е нажом другога, б'е свайго брата, і можа, мы, рабы і беднякі, разумелі гэта недзе ў глыбіні свайго сэрца, і таму не навучыліся забіваць. Можа, мы сталі перамож-
    цамі ў гэтай барацьбе, таму што яны зняславілі сябе забойствамі і тым пагубілі сябе. Сінухе, браце мой, можа, калі-небудзь настане дзень, калі чалавек убачыць брата ў другім чалавеку і не будзе забіваць яго. I хай да таго дня мой плач застанецца для беднякоў і рабоў, калі я памру. Хай водгукі майго плачу пачуюцца ў скрыгаце жорнаў, каб кожны пазнаваў яго ў сваім сэрцы і знаходзіў побач з сабою брата.