Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Але на гонар Харэмхеба, павінен сказаць, што і ў хвіліну свайго трыумфу ён адрынуў усю знешнюю раскошу і ўразіў народ сваёй прастатой. Ён ехаў на звычайнай калясніцы, на галовах коней не было стракатага пер'я, а колы не ўпрыгожвалі залатыя аздобы. Затое па абодва бакі калясніцы, рассякаючы паветра, ззялі востра заточаныя медныя разакі, а ўзброеныя дзідамі і лукамі воіны роўнымі шэрагамі ішлі следам, грозны зладжаны тупат іх босых ног быў падобны да грукату марскіх хваляў, а негры размерана білі ў бубны, абцягнутыя чалавечай скурай.
Народ моўчкі і баязліва глядзеў на статную постаць, што ўзвышалася над натоўпам на калясніцы, на адкормленае і задаволенае войска тым часам, як краіна пакутавала ад голаду. Людзі прыцішана назіралі, як Харэмхеб набліжаецца да храма Сэхмет, нібыта прачнуліся пасля святочнай ночы і пачалі здагадвацца, што пакуты не скончыліся, а толькі яшчэ чакаюць наперадзе. Перад храмам Харэмхеб спусціўся з калясніцы і ўвайшоў у браму са світай сваіх ваяводаў. Жрацы з абмазанымі крывёю рукамі і тварамі, у запырсканым крывёю адзенні сустрэлі іх і правялі да статуя Сэхмет. Багіня была ў барвяных строях, насычаных крывёю ахвяраўтак, што яны прыліпалі да каменнага цела. Грудзі багіні горда ўздымаліся пад акрываўленаю тканінай, і кроў капала з барвянай вопраткі. У змроку храма здавалася, што яе ільвіная галава варушыцца, а вочы з каштоўных камянёў як жывыя глядзяць на Харэмхеба, калі ён, стаўшы перад алтаром, сціснуў у руках сэрцы ахвяраў і пачаў маліцца аб перамозе. А жрацы тым часам радасна скакалі вакол, наносілі сабе раны нажамі і крычалі:
— Вярніся пераможцам, Харэмхеб, Сын сокала! Вярніся пераможцам, і багіня сыдзе да цябе з алтара і абдыме сваёй галізнай!
Але скачкі і лямант не парушылі спакой Харэмхеба, ён з годнасцю выканаў усе абрады і выйшаў з храма. Пакуль ён прыносіў ахвяры, у двары і на плошчы перад храмам па закліку ваенных труб сабраўся вялікі натоўп спалоханых людзей. Харэмхеб выйшаў з брамы, узняў угору акрываўленыя рукі і загаварыў, звяртаючыся да народа:
— Слухай мяне, народ Кэмет, слухай мяне, бо я, Харэмхеб, Сын сокала, сваёю рукой нясу перамогу і вечную славу тым, хто захоча пайсці за мной на святую вайну. У гэтую хвіліну хецкія калясніцы з грукатам імчаць па Сінайскай пустэльні, а іх перадавыя атрады спусташаюць Ніжнюю зямлю. I ніколі яшчэ зямля Кэмет не была ў такой небяспецы, як цяпер, бо ў параўнанні з хетамі былая ўлада гіксосаў была міласэрнай і літасцівай. Хеты ідуць на нас незлічонымі хмарамі, a іх лютасць наводзіць жах на ўсе народы. Яны зруйнуюць вашы дамы, павыколваюць вам вочы, згвалцяць вашых жанок, а дзяцей звядуць у рабства. Хлеб не расце там, дзе пройдуць іх калясніцы, а зямля пад капытамі іх коней ператвараецца ў пустэльню. Таму вайна, якую я аб-
вяшчаю, — гэта свяшчэнная вайна! Гэта вайна за жыццё і за багоў зямлі Кэмет, вайна за вашых дзяцей, за вашы дамы! Калі ўсё будзе так, як я думаю, мы адваюем назад Сірыю, мы разаб'ем хетаў! I тады былое багацце і дабрабыт вернуцца ў нашы землі і кожны атрымае сваю меру напоўніцу. Да якой пары чужаземцы будуць апаганьваць нашу зямлю, смяяцца са слабасці нашай зброі і ганіць нашу краінуі? Настаў час вярнуць збройную славу зямлі Кэмет! Я павінен зрабіць гэта і зраблю! А таму, хто добраахвотна пойдзе за мною, я абяцаю меру збожжа і частку здабычы, а наша здабыча будзе вялікай, і калі вы вернецеся дадому ў дзень перамогі, вы будзеце такія багатыя, што нават не можаце сабе ўявіць. А хто не захоча пайсці са мной па сваёй волі, таго я прымушу гвалтам, і яму давядзецца цягнуць на сваім карку рэчы сапраўдных воінаў, з яго будуць смяяцца і здзекавацца, і ніякай долі ад здабычы не дастанецца такім людзям. Таму я спадзяюся і веру, што кожны егіпцянін, у якім б'ецца сэрца сапраўднага мужчыны, добраахвотна пойдзе за мной, калі ён здольны трымаць у руках зброю. Сёння ў нас вялікая нястача, і голад ідзе следам за намі, але пасля перамогі настане пара дабрабыту, а кожны, хто загіне ў бітве за свабоду зямлі Кэмет, адразу трапіць у Палі вечнай асалоды, і яму не трэба будзе клапаціцца пра зберажэнне свайго цела, бо пра яго паклапоцяцца багі Егіпта. Але перамагчы мы зможам толькі агульнымі намаганнямі. Таму хай жанчыны Егіпта сплятаюць са сваіх валасоў цецівы для лукаў, і хай з радасцю правядуць на вайну сваіх мужоў і сыноў. Хай мужчыны Егіпта перакуюць свае аздобы ў наканечнікі дзідаў і пойдуць за мной. I я павяду іх на вайну, якой яшчэ не бачыў свет! Душы вялікіх фараонаў паўстануць, каб змагацца побач з намі. I ўсе багі Егіпта на чале з вялікім Амонам таксама будуць пасабляць нам у бітвах. Мы вымецем хетаў з Чорнай зямлі, як магутны паток змятае на сваім шляху салому. Мы адваюем багацці Сірыі і крывёй змыем ганьбу з Егіпта. Слухай мяне, народ краіны! Харэмхеб, Сын сокала і пераможца, сказаў!
Ён змоўк, зняможана апусціў акрываўленыя рукі і, пераводзячы дых, цяжка ўвабраў поўныя грудзі паветра, бо ўсю прамову мусіў крычаць што ёсць моцы. Загулі трубы, воіны пачалі біць дзідамі аб шчыты і гучна тупаць, а з натоўпу паляцелі асобныя крыкі. Паступова яны перараслі ў суцэльны гуд, які ахапіў увесь народ на пляцы, усе аглушальна крычалі, уздымаючы рукі да неба, і думаецца мне, што многія самі не ведалі, чаму і што яны крычаць, бо кроў ударыла ім у галаву, адбіўшы ўсялякія думкі. Харэмхеб усміхнуўся і ўзышоў на калясніцу. Воіны расчышчалі яму дарогу, а натоўп абапал Алеі бараноў захоплена яго вітаў. Тады я і зразумеў, што для народа няма большай радасці, чым збіцца ў статак і пакрычаць разам, не надта разбіраючыся, з якой нагоды яны крычаць, бо ў агульным крыку кожны чалавек адчувае сябе мацней-
шым і дужэйшым, а справа за якую яны крычаць здаецца адзіна правільнай справай. Харэмхеб быў вельмі задаволены і ганарліва махаў рукой, вітаючы натоўп.
Ён паехаў прама ў гавань, каб на сваім караблі неадкладна адплыць у Мемфіс, бо і так задоўга прабыў у Фівах, тым болей, што па апошніх звестках, коні хетаў ужо пасвіліся ў самым Танісе. Я падняўся на карабель следам за ім, бесперашкодна падышоў да Харэмхеба і сказаў:
— Харэмхеб, фараон Эхнатон памёр, і я больш не царскі трэпанатар, а таму вольны падацца, куды захачу, тым болей, што нічога мяне тут не трымае. Я хачу пайсці за табой — на вайну, бо ўсё на свеце мне ўстыла і нічога не радуе. Я хачу паглядзець, што добрага нясе з сабою вайна, пра якую ты гаварыў усё жыццё. Сапраўды, я хачу паглядзець і даведацца, ці будзе твая ўлада лепшай за Эхнатонаву, ці толькі нячысцікі з апраметнай пануюць на гэтым свеце.
Харэмхеб вельмі ўзрадаваўся і сказаў:
— Хай гэта будзе добрым прадвесцем, таму што я нават і падумаць не мог, што ты, Сінухе, будзеш маім першым добраахвотнікам на гэтай вайне. He, такога я ад цябе не чакаў, ведаючы. што табе болей даспадобы мяккі ложак, чым цяжкасці ваеннага паходу. Праўду кажучы, я думаў пакінуць цябе тут, у Залатым палацы, каб ты абараняў мае інтарэсы праз сваіх шматлікіх знаёмцаў, але так будзе нават лепей, таму што ты чалавек прастадушны і цябе абкруціць хто захоча на сваю карысць, і ты лёгка праглынеш любую лухту, а калі ты паедзеш са мной, дык у мяне будзе з сабой выдатны лекар, а мне гэта, безумоўна, спатрэбіцца. Правільна мае воіны ў час вайны з хабірамі далі табе мянушку Сын дзікага асла: у цябе напраўду сэрца дзікага асла, бо ты не баішся хетаў.
Пакуль мы гутарылі, весляры адвялі карабель ад прычала, апусцілі вёслы ў ваду, і сустрэчны вецер разгарнуў сцягі над караблём. Фіванская прыстань бялела ад людскога натоўпу, і радасны лямант даносіўся да нашых вушэй. Харэмхеб глыбока ўздыхнуў, усміхнуўся і сказаў:
— Як бачыш, мая прамова вельмі ўразіла людзей. Але пойдзем да мяне ў каюту, я хачу змыць кроў багіні са сваіх рук.
Ён выгнаў пісараў, старанна памыў рукі, абнюхаў іх і спакойна сказаў:
— У імя Сэта з усімі яго нячысцікамі! Я і не ведаў, што жрацы Сэхмет дагэтуль прыносяць чалавечыя ахвяры. Але гэтыя дзяды, мусіць, ашалелі ад радасці, бо брама ў храм Сэхмет не адчыняліся каля сарака гадоў. А я здзіўляўся, нашто ім былі патрэбны хецкія і сірыйскія палонныя! А потым падумаў: хай робяць, як хочуць.
Мяне так жахнулі ягоныя словы, што мае ногі аслабелі. А Харэмхеб працягваў бесклапотным голасам:
— Калі б я ведаў пра гэта загадзя, дык, павер, Сінухе, я не дазволіў бы гэтага. Зрэшты, можаш не паверыць. Але я сам быў агаломшаны,
калі апынуўся перад алтаром з чалавечым сэрцам у руцэ. Вядома, мне хацелася як мага хутчэй вымыць рукі, але ж калі ад гэтага залежыць прыхільнасць Сэхмет да нашай зброі, дык, можа, справа таго вартая: нам будзе патрэбна ўсякая дапамога, магчымая і немагчымая, хоць, праўду кажучы, некалькі добра зробленых дзідаў прынеслі б большую карысць, чым блаславенне Сэхмет. Але пакінем жрацам тое, што ім належыць, і яны пакінуць нас у спакоі.
Ён зноў пачаў выхваляцца сваёй прамовай перад народам, думаючы, што і я пачну захапляцца ёю, але я сказаў, што прамова, з якой ён выступіў перад воінамі ў Ерусаліме, мне спадабалася куды болей. Харэмхеб абразіўся і патлумачыў:
— Гаварыць з народам — адно, а з войскам — зусім другое. Ты яшчэ пачуеш, як я выкажуся перад войскам — проста і без хітрыкаў. А прамова, якую я сказаў перад храмам Сэхмет, прызначаная болып для нашчадкаў, — я ўпэўнены, што мае словы высекуць на камянях і будуць чытаць праз стагоддзі. Таму я і выбраў не зусім тыя словы, якія звычайна прамаўляю да войска перад пачаткам бітвы. Я ўставіў у прамову ўзвышаныя і ўзнёслыя словы, ад якіх людзі чадзеюць, а іх вочы слепнуць, і яны лічаць чорнае белым. Нездарма я навучыўся пісьменству і прачытаў у старажытных рукапісах прамовы да народа вялікіх фараонаў і ваяводаў. Але ж паколькі ты нічога не цяміш у гэтай справе, то я табе растлумачу, што мая прамовам змяшчала ўсё, што звычайна ва ўсе часы казалі народу, калі трэба было распачаць вайну. Першым чынам я абвясціў, што гэтая вайна — абарончая, і заклікаў народ адбіць напад захопнікаў-хетаў, якія робяць спусташальныя набегі на памежныя землі Кэмет. Збольшага гэта праўда, і я не захацеў хаваць, што збіраюся захапіць для Егіпта Сірыю. Я адзначыў, што з тымі, хто пойдзе са мной на вайну добраахвотна, усё будзе добра, а з тымі, каго пацягнуць гвалтам, — дрэнна. Потым я растлумачыў, што гэтая вайна — свяшчэнная, і заклікаў на дапамогу ўсіх егіпецкіх багоў. Я сам не лічу, што адна зямля свяцейшая за другую і егіпецкія багі магутнейшыя за хецкіх, але ў старажытных рукапісах пра гісторыю былых войнаў я вычытаў, што як толькі вайна пачыналася, усе, у тым ліку ваяводы, заўжды заклікалі багоў на дапамогу. Народу такія рэчы вельмі даспадобы, і ты, Сінухе, павінен пагадзіцца, што мая прамова вельмі ўразіла людзей, хоць для пэўнасці я паставіў у натоўпе сваіх людзей, каб яны сваімі крыкамі ўслаўлялі мяне. Звярні ўвагу, Сінухе, што, абяцаючы ім перамогу, я не апісваў цяжкасцяў вайны, якія чакаюць нас наперадзе, бо цяжкасцяў і пакутаў народу і так хопіць, навошта яго палохаць загадзя. Але перамога ў гэтай вайне яшчэ за высокімі гарамі, і пачынаючы яе з такім няўмелым і неспрактыкаваным войскам, я адчуваю сябе як хлапчук, які тыцкае саломінай у морду льву. Але я ні на імгненне не