• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Можа быць, з той прычыны, што я лекар, а не вайсковец, я не магу ў поўнай меры ацаніць значэнне гэтага нападу Харэмхеба на хетаў. Можа быць, гэтая атака, як казаў Харэмхеб, сапраўды ўратавала Егіпет і яго воіны заслужылі незгасальную славу. Але з той славы яны не маглі ані пашыць сабе кашулю, ані пабудаваць дом, ані купіць кавалак зямлі, каб пад старасць пасадзіць сабе сад. Магчыма, шмат хто з іх памяняў бы сваю славу на жменьку срэбра, каб меў такі выбар, бо вельмі ўжо многія скардзіліся на мізэрную здабычу і казалі, што вярнуліся з пустымі рукамі.
    Можа, калі б я быў з імі, то разважаў бы іначай, бо ў грукаце калясніцаў, у шалёнай яздзе і ў самой перамозе сапраўды ёсць нешта п'янлівае — тое, што ўзрушае воінаў мацней за віно і прымушае забыцца на боль і пакуты ад ранаў. Але ж мне выпала ўбачыць толькі вынікі Харэмхебава паходу, калі я праязджаў на насілках следам за пешым войскам сярод спёкі і едкага пылу пустэльні. Я бачыў толькі целы вазніц, якія ўпалі з калясніцаў, разбіўшы сабе галаву, і цяпер падлажэры дзяўблі іх жываты. Я бачыў ссохлыя трупы коней абапал дарогі ды чарапкі гаршчкоў, з якіх выцекла вада, рэшткі целаў хецкіх вартавых, абабраныя да ніткі вольнымі атрадамі і рабаўнікамі пасля праезду Харэмхеба, іх галовы, насаджаныя на колле вакол складаў вады ў знак перамогі. Таму я не магу сказаць нічога пра славу ці ап'яненне перамогай — я магу казаць толькі пра смерць і пакуты.
    Пасля двух тыдняў знясільвальнага паходу па пустэльні, хоць, дзякуючы хетам, вады было ўдосталь, на змярканні мы ўбачылі на даляглядзе вялізны вогненны слуп і зразумелі, што там нас чакае Харэмхеб са сваімі калясніцамі. Гэтая ноч у пустэльні засталася ў маёй памяці, бо я ляжаў з шырока расплюшчанымі вачыма і глядзеў на вогненны слуп, які палаў на даляглядзе, і зіхоткія ружовыя іскры свяціліся ярчэй, чым зоркі на небе. Начамі ў пустэльні пасля дзённай спёкі станавілася холадна, і людзі, якія цэлы дзень босымі нагамі ступалі па гарачым пяску ды калючках, стагналі і ўскрыквалі ў сне, нібыта на іх напала хеўра нячысцікаў. Таму, напэўна, людзі і думаюць, што пустэльня населеная процьмай усялякай нечысці. Але на світанку зноў загулі трубы, і войска рушыла наперад. 3 кожным днём усё больш людзей заставалася ляжаць на пяску, не маючы сілы ісці і цягнуць на сабе груз, але палымяны заклік Харэмхеба прыспешваў нас. 3 усіх бакоў да нас прыбіваліся дробныя кучкі рабаўнікоў і вольныя атрады, якія вылазілі з патаемных сховаў. Яны прагнымі вачыма жэрлі нашы прыпасы, зброю і дабро на валовых павозках. Яны так і шлі побач, не змешваючыся з намі і, думаецца, ахвотней накінуліся б на нас, чым на хетаў, каб абабраць да ніткі.
    Аднак пры набліжэнні да лагера Харэмхеба мы заўважылі, што да-
    лягляд на ўскрайку пустэльні зацягваецца хмарамі пылу, — гэта былі калясніцы хетаў, якія спяшаліся выратаваць свае водныя запасы. Іх выведчыкі рухаліся па пустэльні маленькімі групамі і нападалі на нашы дружыны з тылу, прыводзячы ў жах добраахвотнікаў, якія не мелі досведу змагання з баявымі калясніцамі, дый увогуле ніколі яшчэ не ваявалі ні дзідамі, ні стрэламі. Наша войска ахапіла разгубленасць, і шмат хто кінуўся назад у пустэльню, дзе хеты іх усіх перабілі. На шчасце, Харэмхеб паслаў нам насустрач свае калясніцы (якія яшчэ маглі рухацца і не развальваліся), і страх хетаў перад воінамі Харэмхеба быў такі вялікі, што яны зараз жа пакінулі нас і зніклі ў пустэльні. А можа, яны адступілі зусім не таму, што спалохаліся, а проста мелі заданне ўсё выведваць, не ўвязваючыся ў вялікую бойку?
    Як бы там ні было, ужо само тое, што мы пагналіся за хетамі, а тыя кінуліся наўцёк, вельмі ажывіла пешае войска. Воіны трэслі дзідамі і гарлалі, а лучнікі бязладна сыпалі ўслед хецкім калясніцам цэлы рой стрэлаў. Крадком пазіраючы на далягляд, дзе сцяной уздымаўся пыл ад хецкага войска, усе падбадзёрвалі адзін аднаго, успамінаючы Харэмхеба: «Не бойцеся, яго моц абароніць нас. He бойцеся, ён сокалам наляціць на хетаў, разаб'е ім галовы, выдзеўбе вочы і аслепіць усіх!»
    Аднак калі яны разлічвалі знайсці ў лагеры Харэмхеба адпачынак, дык дужа памыляліся. А калі разлічвалі на ўдзячнасць і спагаду сваім збітым у кроў нагам, памыліліся яшчэ больш. Харэмхеб сустрэў нас з пачырванелымі ад пяску і стомы вачыма і чорным ад злосці тварам. Махаючы заплямленым крывёй залатым бізуном, ён зароў:
    — Дзе вы валэндаліся, гнойныя рабакі!? Дзе вы цягаліся, нячыстае адроддзе!? Заўтра вашы чарапы будуць бялець у пяску, а я буду толькі радавацца, бо мне брыдка глядзець на вас! Вы поўзаеце, як чарапахі, ад вас патыхае потам і падлай, і мне трэба затыкаць пальцам нос, каб стаяць каля вас! Вы недзе бадзяецеся, а мае воіны сцякаюць крывёй і мае лепшыя коні здыхаюць праз вас! Зараз жа ідзіце капаць зямлю, ды капайце як мага глыбей, калі хочаце застацца жывыя! Гэтая праца якраз больш за ўсё вам і падыходзіць, засранцы, бо вы з самага нараджэння капаецеся ў дзярме або калупаеце ў носе ці ў задніцы сваімі паскуднымі пальцамі!
    Але ненавучанае егіпецкае войска зусім не пакрыўдзілася на яго словы, а нават пацешылася. Усе, смеючыся, перадавалі іх адзін аднаму, і кожны адчуваў, што ў асобе Харэмхеба знайшоў абаронцу ад жахлівага сусвету пустэльні. Яны забыліся на збітыя ногі і перасохлыя глоткі і пад кіраўніцтвам Харэмхеба пачалі капаць глыбокія канавы, убіваць паміж камянёў колле і аплятаць яго трысняговымі вяроўкамі.
    Зняможаныя Харэмхебавы вазніцы таксама выпаўзлі са сваіх нораў — палатняных намётаў — на схіле гары і прыкандыбалі да новых
    ваяроў, каб паказаць свае раны ды пахваліцца подзвігамі. I кожны, пахваляючыся сваім геройствам, натхняў гэтым землякопаў, лучнікаў ды іншых воінаў і абуджаў у іх пачуццё зайздрасці. Яшчэ ўранні гэтыя людзі глядзелі, як у хмарах пылу набліжаюцца хеты, і ведалі, што хутка памруць, а цяпер, з прыходам пешага войска, прыкметна падбадзёрыліся, бо паміраць у вялікім натоўпе заўсёды прыемней, чым аднаму. А здольных пайсці ў бой вазніцаў з дзвюх з паловаю тысяч засталося не больш за пяцьсот. I нават іх коні спатыкаліся ад знямогі і тыцкаліся пысай у пясок.
    Увесь дзень у лагер Харэмхеба калона за калонай падыходзілі галоўныя сілы пешага войска, і Харэмхеб адразу пасылаў іх капаць канавы і будаваць умацаванні, рыхтуючыся сустрэць і адбіць атаку хецкіх калясніцаў. Тым, хто яшчэ не дайшоў, былі разасланы загады за ноч прыйсці ў лагер, бо ўранні ўсе, што застанецца ў пустэльні, маглі загінуць страшнаю смерцю пад коламі хетаў, калі тыя прарвуцца праз пустэльню і горныя праходы. Ніхто не лічыў, колькі воінаў прыйшло ў лагер: Харэмхеб не хацеў абцяжарваць сябе лічбамі, ад якіх усё адно не было карысці — у любым выпадку егіпецкае войска было вельмі маленькім у параўнанні з незлічонай хецкаю сілай.
    I тым не менш воіны Егіпта ўзбадзёрыліся, убачыўшы сваю шматлікасць сярод неабсяжных прастораў пустэльні. Яны слепа давяралі Харэмхебу, думаючы, што ён выратуе іх ад ворага і ўшчэнт разграміць хетаў. Будуючы ўмацаванні, яны толькі скоса пазіралі ў напрамку, адкуль, ахутаныя пылам, набліжаліся хецкія калясніцы, і з гэтых пыльных хмараў да іх ужо далятаў баявы кліч ворага. Тады іх насы халадзелі ад страху, і яны азіраліся, нібы шукаючы паратунку ад вострых разакоў на колах хецкіх калясніц.
    Але набліжалася ноч, і хеты не адважыліся напасці, не ведаючы мясцовасці і моцы егіпецкага войска. Яны сталі лагерам у пустэльні, распрэглі коней, пусцілі іх падмацавацца калючкамі, а самі распалілі вогнішчы, якіх было так многа, што ўсё вакол, дакуль сягала вока, было пакрыта вогненнымі кропкамі. I ўсю ноч іх выведчыкі кружлялі на лёгкіх калясніцах вакол егіпецкага лагера, нападаючы на вартавых і пачынаючы бойкі па ўсёй лініі ўмацаванняў. Затое там, дзе ўмацаванняў яшчэ не было, вольныя атрады ды пустэльныя рабаўнікі дзёрзка наскоквалі на хетаў, накідваючы на іх арканы, сцягваючы коннікаў на зямлю і захопліваючы іхніх коней. Таму не многія выведчыкі адважваліся ад'ехаць далёка ад пракладзенай хетамі дарогі.
    Ноч поўнілася грукатам калясніцаў, перадсмяротнымі крыкамі, посвістам стрэлаў і бразгатам зброі, і нявопытныя байцы былі вельмі напалоханыя і не маглі заснуць, а Харэмхеб супакойваў іх, кажучы:
    — Кладзіцеся спаць, пацучынае адроддзе, спіце і адпачывайце, Ды
    натрыце алеем вашы збітыя ногі, а я сам буду пільнаваць ваш сон і аберагаць вас.
    Я таксама не спаў. Я ўсю ноч хадзіў па лагеру і лячыў раны вазніц, a Харэмхеб падбадзёрваў мяне:
    — Лячы іх, Сінухе, лячы з усім сваім майстэрствам, бо няма на свеце адважнейшых воінаў, кожны з іх варты сотні, a то і тысячы гэтых няшчасных далакопаў. Лячы іх як след, бо я люблю гэтых паганцаў, якія ўмеюць утаймоўваць коней і трымаць лейцы ў руках. Мне няма кім іх замяніць, і трэба яшчэ навучыць новых кіраваць калясніцамі — прама ў баі. Таму я дам табе па дэбене золатам за кожнага, хто пасля твайго лекавання зможа зноў удзельнічаць у баях.
    Але я быў раздражнёны і стомлены цяжкім падарожжам па пустэльні, хоць правёў яго на насілках. У горле ў мяне перасохла, я кашляў ад сухога пылу, і мяне вельмі непакоіла, што праз дурную Харэмхебаву ўпартасць мне давядзецца памерці ў хецкім палоне, хоць сама смерць мяне ўжо не палохала. Таму я злосна адказаў:
    —	Пакінь гэтае золата сабе ці аддай тым вунь бедалагам, што так пакутуюць — хай і яны хоць перад смерцю адчуюць сябе багатымі. Так ці іначай, заўтра мы ўсе памрэм, бо ты зацягнуў нас у гэтую праклятую пустэльню. А калі я і лячу гэтых пакутнікаў, дык больш дзеля самога сябе, бо, на маю думку, толькі яны і здольныя змагацца ў тваім войску, а ўсе астатнія — разбягуцца па пустэльні, як толькі сустрэнуць першага хета. Я на свае вочы бачыў, як яны кідаюцца наўцёк, калі да іх раптам з цемры даляціць трэск зламанай галінкі, і чуў, як яны пачынаюць хорам маліцца ўсім егіпецкім багам, калі перад імі нечакана выскачыць заяц. Яны смела разбіваюць адзін аднаму галовы на вуліцах Фіваў, і калі збяруцца ў натоўп, могуць нават забіць якога-небудзь мінака за яго кашалёк. А тут, у пустэльні, гэта дурныя бараны, якія пакорліва ідуць за табою на смерць, але ў патрэбны момант разбягуцца хто куды, не разбіраючы дарогі. Таму я і лячу гэтых гаротнікаў дзеля сябе, спадзеючыся на цуд і іх трываласць, якія, можа быць, дапамогуць нам застацца жывымі. Але наймудрэйшым тваім рашэннем было б выбраць самых хуткіх коней, узысці разам са мной на лёгкую калясніцу і паспяшацца назад, да Ніжняй зямлі. Калі нам пашчасціць дабрацца туды жывымі, ты зможаш сабраць новае і лепшае войска.