• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Хеты пачалі ўсур'ёз непакоіцца, заўважыўшы, што пыл надта доўга не асядае. Яны не маглі зразумець, што адбываецца. А на іх увесь час сыпалі стрэлы, ранячы і забіваючы ўсё больш стралкоў і каляснічых. Хецкія начальнікі перасварыліся між сабой, бо нічога такога з імі paHeft не здаралася. Яны не ведалі, што рабіць у такіх абставінах, такому іх не вучылі. Яны паслалі некалькі калясніцаў выведаць, што робяць егіпцяне, але калясніцы назад не вярнуліся, бо коні не змаглі праціс-
    нуцца між каменных глыбаў, а каляснічых егіпцяне скінулі ўніз і забілі. Нарэшце хецкія военачальнікі загадалі трубіць, каб вярнуцца на раўніну і аднавіць свае баявыя парадкі. Але паспрабаваўшы прабіцца назад той жа дарогай, яны не пазнавалі яе, іх коні блыталіся ў вяроўках і пастках, калясніцы перакульваліся, наязджаючы на вялізныя валуны, і ўрэшце хетам давялося спешыцца. Але хоць яны і былі адважныя воіны, але біцца пешшу яны не ўмелі, яны прывыклі весці бой зверху, з высокіх калясніцаў. Бітва цягнулася да змяркання, і ўрэшце Харэмхебава войска адолела хетаў.
    Вечаровы вецер разагнаў пыл і адкрыў пачварную карціну хецкай паразы. Хеты страцілі большасць сваіх калясніцаў, і шмат якія разам са збруяй, коньмі і ваенным рыштункам трапілі ў рукі Харэмхебу. Але і егіпецкія воіны, ахопленыя баявым запалам, узрушаныя пахам крыві, жахнуліся сваім стратам. Целаў егіпцян на раўніне ляжала куды больш, чым хетаў. Тыя, хто застаўся жывы, са страхам казалі адзін аднаму:
    — Гэта страшны дзень! Добра, што мы не бачылі нічога падчас бітвы, бо калі б мы ўбачылі такую процьму хетаў і столькі нашых трупаў, дык сэрцы сталі б у нас камяком у горле і мы не змаглі б біцца, як ільвы.
    Затое хеты, якія біліся пад прыкрыццём лёгкіх калясніцаў і забітых коней, убачыўшы меру сваёй паразы, заплакалі і загаласілі:
    — О цяжкія нашы калясніцы, о сіла і слава нашага войска, усё прапала! Неба і зямля адступіліся ад нас! Ніколі пустэльня не зможа стаць блаславёнай зямлёю! Яна заўсёды застанецца прытулкам злых духаў! Мы марна змагаемся, а таму складаем зброю!
    I яны кінулі зброю і паднялі рукі над галовамі, і Харэмхеб загадаў звязаць палонных вяроўкамі, і ўсе нільскія пацукі і гаўнюкі падыходзілі падзівіцца на хетаў, дакраналіся да іх ранаў, адрывалі бліскучыя крылатыя кругі з баявых сякераў, вопраткі і шлемаў.
    А Харэмхеб хадзіў сюды-туды сярод гэтага тлуму, пераходзіў ад адной купкі воінаў да другой, лаяў іх на чым свет стаіць і, жартаўліва ляскаючы па плячах бізуном, звяртаўся на імя да тых, хто асабліва вызначыўся ў бітве, і называў іх сваімі дзецьмі і гаўнюкамі. Ён загадаў раздаць воінам віна і піва і, каб парадаваць іх, дазволіў разжыцца дабром пераможаных хетаў і забітых егіпецкіх воінаў. Але самай каштоўнай здабычай былі цяжкія калясніцы і ацалелыя коні. Спачатку коні шалелі, брыкаліся, але потым іх накармілі, далі ім вады, а спрактыкаваныя Харэмхебавы каняводы ласкава з імі пагаварылі, і коні ўтаймаваліся. Конь — жывёліна мудрая, яна разумее чалавечую мову, і калі з імі абышліся добра, хецкія коні згадзіліся служыць Харэмхебу. Аднаго толькі я не мог уцяміць: як пасля неразборлівага мармытання хетаў коні адразу здолелі зразумець егшецкую мову? Але Харэмхеба воіны запэўнілі мяне, што коні разумеюць усё, і я мусіў паверыць, асабліва ўбачыўшы,
    як гэтыя вялізныя жывёліны пакорліва дазвалялі егіпцянам здымаць са сваіх спінаў цяжкія набрынялыя потам гунькі.
    Тою ж ноччу Харэмхеб накіраваў пасланцоў на абодва флангі да вольных атрадаў і рабаўнікоў, запрашаючы ўсіх смелых зухаў ісці да яго на службу ў атрад калясніцаў. Гэтыя людзі ўмелі абыходзіцца з коньмі значна лепш за егіпцянаў. I новыя, і старыя вазніцы былі ў захапленні, гледзячы на цяжкія калясніцы і дужых коней. He менш радасці было і іншым насельнікам пустэльні — ваўкам, шакалам ды птушкам-паддажэрам, якія цэлымі зграямі і статкамі сцякаліся да месца бітвы, каб паласавацца і хетамі, і егіпцянамі, не робячы розніцы паміж пераможанымі і пераможцамі.
    Вядома, пасля такой бітвы, клопату ў мяне хапала: я зашываў ірваныя раны, лячыў вывіхнутыя рукі і ногі, ускрываў разбітыя хецкімі паліцамі чарапы. Хоць у мяне былі памагатыя, але пакуль мы перавязалі ўсіх параненых, давялося амаль не спаць тры дні і тры ночы. I, вядома, бітва ўвесь гэты час не сціхала. Хеты не пажадалі змірыцца з паразай і наступным днём учынілі новы наступ лёгкімі калясніцамі. Каб адбіць страчанае, яны спрабавалі зрабіць гэта і на трэці дзень, не асмельваючыся вярнуцца ў Сірыю да галоўнага военачальніка з весткай аб паражэнні.
    Але на трэці дзень Харэмхеб не захацеў толькі абараняцца. Ён загадаў зрабіць ва ўмацаваннях праход і выслаў наперад малойцаў на захопленых у хетаў цяжкіх калясніцах. Тыя адагналі хецкія лёгкія калясніцы і нанеслі хецкім дружынам паразу, праўда, і самі пры гэтым панесшы страты, што дадало мне працы. А Харэмхеб сказаў, што страты — рэч непазбежная, бо толькі на полі бою нявопытныя каляснічыя і воіны могуць навучыцца кіраваць коньмі, і лепш практыкавацца на непрыяцелі, які церпіць паразу і чый дух зломлены, чым на войску, якое добра адпачыла і з поўнаю сілай нападае на Егіпет.
    — Мы ніколі не заваюем Сірыі, калі ў нас не будзе цяжкіх калясніцаў, каб змагацца з хетамі, — сказаў Харэмхеб. — Уся гэтая вайна за ўмацаваннямі проста дзіцячая гульня, і ёй мы нічога не выйграем, a хіба толькі не дазволім хетам напасці на Егіпет.
    Ён думаў, што хеты пашлюць супраць яго ў пустэльню пешае войска, і яно, пазбаўленае складаў вады, стане яго лёгкай здабычай. Але хеты былі прадбачлівымі і асцярожнымі воінамі. Яны ў сваю чаргу спадзяваліся, што аслеплены сваімі поспехамі Харэмхеб рынецца ў Сірыю, дзе адпачнуўшае і добра ўзброенае хецкае войска лёгка яго разаб'е. Аднак вестка пра паражэнні хетаў выклікала ў Сірыі вялікі неспакой і хваляванні, і шмат гарадоў паўсталі супраць Азіру, зачыніўшы перад ім свае брамы: гараджане былі ўжо сытыя па горла ўладалюбствам Азіру і прагнасцю яго саюзнікаў-хетаў. Яны хацелі заслужыць прыхільнасць Егіпта
    і спадзяваліся на яго хуткую перамогу. Сірыйскія гарады спрадвеку варагавалі паміж сабой, а выведчыкі Харэмхеба яшчэ больш стараліся распаліць гэтую варожасць, распускаючы жахлівыя чуткі пра паразу хетаў у пустэльні.
    Некалькі дзён егіпецкае войска адпачывала каля пераможных скалаў, а Харэмхеб раіўся з выведчыкамі і складаў новыя планы. Ён выдатна разумеў, што доўга Газа трымацца не зможа, але яму абавязкова патрэбен быў апорны пункт на ўзбярэжжы дзеля пакарэння Сірыі. За дні адпачынку Харэмхеб распаўсюдзіў сярод сваіх воінаў чуткі пра казачныя багацці сірыйскіх гарадоў і жрыцах у храме Іштар, якія прапануюць адважным воінам самыя вытанчаныя спосабы асалоды. He ведаю, чаго чакаў Харэмхеб, але аднойчы ноччу праз умацаванні з боку сірыйскай пустэльні перапоўз худы і зняможаны ад смагі чалавек, які адразу здаўся дазорцам і папрасіў адвесці яго да Харэмхеба. Убачыўшы вярхоўнага ваяводу, чалавек нізка схіліўся, па егіпецкім звычаі апусціўшы да каленяў рукі, хоць быў апрануты ў сірыйскую вопратку, і потым прыклаў руку да вока, быццам яно моцна яму балела. Тады Харэмхеб спытаў:
    — Што — можа, цябе ўкусіў гнаявік у тваё вока?
    Я ў гэты момант таксама быў у шатры і падумаў, што Харэмхеб так па-дурному жартуе, бо гэтыя жукі — бяскрыўдныя істоты і нікога не кусаюць. Але чалавек адказаў:
    — Сапраўды гнаявік укусіў мяне ў вока, бо ў Сірыі дзесяць разоў па дзесяць такіх жукоў і іх джалы поўныя атруты.
    Тады Харэмхеб радасна ўсклікнуў:
    — Вітаю цябе, адважны чалавек! Можаш казаць свабодна, бо гэты лекар — сапраўдны ёлуп і нічога не зразумее.
    Але выведчык толькі і сказаў:
    — Мой гаспадар, сена прывезенае.
    Больш ён не дадаў ні слова, але я зрабіў выснову, што гэта Харэмхебаў выведчык. Харэмхеб паспешліва выйшаў з шатра і загадаў запальваць на вяршынях гор і ўзгоркаў сігнальныя вогнішчы, так што праз некалькі хвілін ад пераможных склаў аж да Ніжняй зямлі працягнуўся цэлы ланцуг агнёў. Такім чынам Харэмхеб паслаў у Таніс загад, каб караблі выходзілі ў мора і плылі да Газы, але ўступалі ў бой з сірыйскімі караблямі, толькі калі пазбегнуць сутычкі будзе немагчыма.
    Наступным ранкам загучалі трубы, і войска рушыла праз Сірыйскую пустэльню. Наперадзе ішлі дружыны калясніц, расчышчаючы дарогу ад непрыяцельскіх загонаў і адзначаючы месцы пад адпачынак воінам. Як Харэмхеб збіраўся біцца з хетамі на адкрытай прасторы, я не мог сабе ўявіць. Але войска, марачы пра багатую здабычу, з ахвотай ішло за ім. Я ж, гледзячы на твары воінаў, бачыў на іх толькі цень смерці.
    Аднак таксама сеў у насілкі і рушыў следам, пакідаючы ззаду пераможныя скалы і бялюткія косці егіпцян і хетаў, якія ляжалі побач па ўсёй перагароджанай умацаваннямі даліне.
    3
    А цяпер я мушу распавесці пра вайну ў Сірыі, хоць сказаць я магу няшмат, бо ў ваеннай справе нічога не разумею. Усе бітвы мне здаюцца падобнымі, і ўсе палаючыя гарады і разрабаваныя дамы, лямантуючыя жанчыны і знявечаныя целы выглядаюць аднолькава, дзе б гэта ні было. Таму мой аповед быў бы зусім аднастайны, калі б я ўзяўся апісваць усё, што бачыў на гэтай вайне. А вайна была жорсткая і бязлітасная, яна цягнулася тры гады, і шмат людзей ў гэты час загінула, сірыйскія пасяленні былі спустошаныя, сады высечаныя, а гарады абязлюдзелі.
    Перадусім раскажу пра адну хітрасць Харэмхеба. Ён бясстрашна перайшоў з войскам сірыйскую мяжу, перакуліў памежныя камяні Азіру і рушыў далей, падбадзёрваючы воінаў блізкасцю вялікай здабычы і дазваляючы ім рабаваць гарады і мястэчкі ды забаўляцца з сірыйскімі жанчынамі. Ён ішоў прама да Газы, і хеты, убачыўшы яго намер, сабралі каля гэтага горада на раўніне вялікае войска, каб заступіць яму шлях і дашчэнту разбіць, бо роўная мясцовасць выдатна падыходзіла іх калясніцам. Хеты не сумняваліся ў перамозе. Але зіма ўжо даўно лягла на сірыйскую зямлю, і хетам даводзілася карміць коней сенам і кормам, якія яны куплялі ў сірыйскіх гандляроў. I вось перад бітвай іх коні раптам захварэлі, яны ледзь стаялі ў запрэжках, іх дзярмо стала зялёным і вадкім, і шмат коней здохла. Таму Харэмхеб лёгка справіўся з імі, бо сілы былі прыкладна роўныя, а перамогшы каляснічныя дружыны, егіпецкае пешае войска разбіла і спалоханых хецкіх пехацінцаў, а лучнікі дакончылі справу, і хеты пацярпелі самую страшную паразу з усіх, якія толькі выпадалі на іхнюю долю, бо на полі бітвы іх засталося ляжаць значна болей, чым егіпцянаў. Таму гэтае месца і назвалі Полем мерцвякоў. Захапіўшы хецкі лагер, Харэмхеб першым чынам загадаў спаліць усе запасы конскіх кармоў, бо яны былі атручаныя: звычайная трава была перамяшаная з атрутнай, ад чаго хецкія коні і захварэлі і пачалі паміраць. Як Харэмхебу гэта ўдалося, я тады не ведаў.