Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Харэмхеб зарагатаў і сказаў:
— Вось табе і ўзнагарода за тваю працу, мой любы Каптах! Я ведаю цябе, а ты ведаеш мяне, і кінь свае бязглуздыя размовы пра золата: яны мяне вельмі ўзрушваюць і могуць нават раззлаваць!
Але Каптах заўпарціўся і змог вытаргаваць у Харэмхеба аднаасобнае права скупляць і прадаваць усю ваенную здабычу ў Сірыі. Ён атрымаў выключнае права купляць у воінаў або мяняць на піва, віно, цыркі для гульні ды жанчын усю здабычу, якую ўзялі з хецкага стану на Полі мерцвякоў і з лагера абложнікаў Газы. Апроч таго, ён атрымаў права купляць і абменьваць тыя часткі здабычы, якія належалі Харэмхебу і фараону, каб забяспечваць войска ўсім неабходным у вайне рыштункам. Толькі адно гэта права магло азалаціць яго, бо ў Газу прыплывалі гандляры з Егіпта і прыходзілі гандляры з сірыйскіх гарадоў, не баючыся дзеля нажывы ні хетаў, ні Азіру, але цяпер ніводзін з іх не мог гандляваць у Газе, не заплаціўшы з кожнай здзелкі адпаведнай пошліны Каптаху. Але Каптах не задаволіўся і гэтым і запатрабаваў сабе такое самае права на здабычу, якую войскі Харэмхеба возьмуць у Сірыі. I Харэмхеб згадзіўся, бо такая згода яму нічога не каштавала, а гандляром ён не быў. Каптах жа, у сваю чаргу, абяцаў шчодра яго ўзнагародзіць.
Але ўсё адно Каптах застаўся незадаволены. Харэмхебавы словы глыбока яго пакрыўдзілі, і калі мы вярнуліся да сябе, ён пачаў скардзіцца на чалавечую няўдзячнасць:
— Што ж ненатуральнага, калі мудры чалавек хоча быць на баку пераможцы і загадзя клапоціцца, каб апынуцца з ім побач, — незалежна ад таго, які бок пераможа? Дый не мог я, жывучы ў Сірыі, не рабіць паслугаў Азіру і хетам! А што, калі б Харэмхеб пацярпеў паразу? Тады мне проста давялося б аддаць Газу хетам, хоць я гэтага і не хацеў, бо хеты разбіраюцца ў гандлёвых справах лепш за Харэмхеба, а значыць,
выгады ад іх я меў бы нашмат менш. На шчасце, нічога такога не адбылося. Але напраўду, няўдзячнасць — вось адзіная ўзнагарода чалавеку на гэтым свеце. Вось і рабы ды насільшчыкі ў Фівах таксама праклінаюць маё імя, хоць я паіў іх віном, купляў ім — за тваё, праўда, золата, мой гаспадар, — зброю, падвяргаючыся смяротнай небяспецы перад Амонам, бо Амон ніколі мне гэтага не дараваў бы, калі б я не накіраваў людзей Пэпітамона на патаемны збройны склад, што належаў рабам, і не аддаў бы ім у рукі правадыра насільшчыкаў, убачыўшы, што справы Атона зусім дрэнныя. I шкоды ад таго не было нікому — наадварот, гэта ўратавала шмат жыццяў, а верхаводы рабоў ды насільшчыкаў усё адно трапілі б да Амона. I нельга мяне вінаваціць у тым, што Эйе з Пэпітамонам загадалі кідаць людзей у ваду на спажыву кракадзілам. А колькі я сам страціў ад таго, што згарэў мой «Кракадзілаў хвост»? У мяне там у задніх пакоях ды сутарэннях было схавана столькі дабра, скупленага ў рабоў і насільшчыкаў па добрай цане ці вымененага на віно! А яшчэ больш я страціў, калі яны пачалі мяне пераследаваць і спалілі мае свірны, млыны і дамы, хоць у Фівах тады было ўжо спакойна. Але ж яны вінавацілі мяне ў сваёй паразе! Яны ганяліся за мной паўсюль, і жыццё маё было ўвесь час у небяспецы, нягледзячы на прыстаўленых да мяне ахоўнікаў. Так было ў Фівах, a потым яны саткнуліся з карабельнай прыслугай і пераслалі звесткі пра мяне ў Мемфіс, так што і там небяспека была вялікая. I хоць Харэмхеб загадаў даць мне ахову, мне ўсё адно давялося ўцякаць у Сірыю. Але, на шчасце, усё скончылася добра, і я зноў разбагацею, а калі вайна скончыцца, буду яшчэ багацейшы, чым раней, а можа, нават самым багатым чалавекам у Егіпце, — вядома, калі Харэмхеб пераможа. Дый я пакуль і не сумняваюся ў яго перамозе і буду старанна і пачціва маліць аб ёй нашага скарабея. Я буду націраць яго каштоўным алеем і прыносіць яму ахвяры са свежага гною. Як мне надакучылі хеты! Гэта такія сквапныя людзі, што запісваюць кожную дробязь, і красці ў іх вельмі цяжка. Але вярнуся да няўдзячнасці фіванскіх рабоў: ты сам бачыў, Сінухе, як я іх падтрымліваў, пакуль улада была ў іх руках і мне была з таго хоць якая карысць! I няма нічога дрэннага, што я перадаваў жрацам Амона звесткі пра іх дзеянні, называў імёны іх важакоў ды іх прыкметы, — калі б рабы перамаглі, ім ад усяго гэтага не было б ніякай шкоды! А вось калі яны не перамаглі, дык я затое збярог сваё жыццё і прыхільнасць Амона. Безумоўна, я ведаю, што такія паводзіны лічацца непрыстойнымі і невысакароднымі, і ведаю, што ты, мой гаспадар Сінухе, не адабраеш іх, але ты заўсёды быў чалавекам дурнаватым і прастадушным, такая ўжо твая прырода, а я ўсяго толькі былы раб і нарадзіўся ў глінянай хатцы, і мне ніколі ніхто не дапамагаў стаць на ногі, калі я спатыкаўся і падаў. Таму я сам павінен клапаціцца пра свой дабрабыт і
сваю выгаду, і ніколі я не разумеў, якая карысць чалавеку ад ягонага высакародства, калі ён будзе валяцца ў брудзе з перарэзаным горлам. He, Сінухе, мудры заўсёды стаіць на баку пераможцы, і не варта лічыць гэта нечым ганебным — лепей ушанаваць мудрасць, якая аблягчае чалавеку жыццё і прыносіць вялікую карысць.
Так прамаўляў да мяне Каптах, але яго мудрасць атручвала кожны глыток выпітага мною віна, і, думаючы над яго словамі, я міжволі ўспамінаў усё, што чынілася вакол, і з засмучэннем мусіў прызнаць, што ў яго мудрасці якраз і ляжыць сутнасць зямнога жыцця, а ўсё, што па-за ёй, — гэта ўсяго толькі сон і мроі. Я сядзеў у крэпасці, на мурах якой віселі высахлыя чалавечыя скуры, удыхаў смурод згнілых Целаў і думаў пра марнасць быцця. Марнае геройства, марная хітрасць, марная высакароднасць, добрыя ўчынкі не лепшыя за злыя, і не было ў маіх вачах ніякай розніцы паміж добрым і злым, бо ўсе здзяйсненні чалавека ва ўсе дні яго жыцця — марныя. Тым часам Каптах прыслухоўваўся да гоману п'яных воінаў унізе на закопчаных вуліцах горада, да віскату жанчын у шатрах гандляроў і, склаўшы рукі на грудзях, з самазадаволеным выглядам працягваў:
— Дык хіба ж мая мудрасць, Сінухе, не сапраўдная? Ты сам — яе жывое пацверджанне, ты — бедны чалавек, які страціў сваё немалое багацце праз сваю неразумную слабасць. Ты ж быў багаты, мабыць, самы багаты ва ўсім Егіпце, пакуль па дурасці не загадаў патраціць сваё багацце на хлеб для Атона, каб накарміць галодных. У цябе сапраўды было ўсё, што можа пажадаць чалавек у сваім сэрцы, у цябе была любая жонка, хоць ты і не разбіў з ёю гаршчок, у цябе быў сын, а ты ў бязмежнай дурасці ахвяраваў імі, аддаўшы на смерць. Вось ты і сядзіш, Сінухе, перада мной збяднелы і са смуткам у сэрцы, і твар твой моршчыцца, нібыта ты ясі кіслы плод, а мне — добра, ад маёй скуры ідзе водар каштоўных масцяў, мяне грэе віно, і кожная кропля піва, якую выпівае воін там, унізе, дадае грошай у мой кашэль, а віскат жанчын у шатрах ганддяроў гучыць, як звон медзі, якая падае ў мой куфры. Дык не ўпарціся ў сваім глупстве, Сінухе, а жыві як чалавек сярод людзей, успрымай жыццё такім, якім яно ёсць насамрэч, і не спрабуй перабудаваць яго на свой капыл, бо нікому не дадзена змяніць усталяваны парадак жыцця, як і не дадзена змяніць прыроду чалавека.
Я не адказаў яму і пайшоў прэч, каб легчы й заснуць, але заснуць я не мог, бо рабы калацілі ў медныя шчыты перад дзвярыма прывязанага да ложка Ройю, каб ён думаў, што аблога ўсё яшчэ доўжыцца і мог спакойна заснуць. He ведаю, можа ён і спаў, але я заснуць не мог яшчэ доўга, пакуль да мне не прыйшла жывая Мэрыт, і маленькі Тот не пачаў гуляць са мной побач. А назаўтра ўранні, калі я прачнуўся, на маім сэрцы ляжаў камень, а рот поўніўся горыччу, нібыта я выпіў жоўці.
4
А цяпер я раскажу, як з Егіпта на караблях прыйшлі падмацаванні, як давялі да ладу баявыя калясніцы і як каля Газы правялі вялікія вайсковыя вучэнні, на якіх былі сабраныя коні з усёй Паўднёвай Сірыі. Харэмхеб выдаў адозву, у якой абвяшчаў, што прыйшоў у Сірыю не захопнікам, а вызваліцелем, бо сірыйскія гарады спрадвеку жылі незалежна і вольна гандлявалі кожны пад уладай сваіх уладароў, за якімі добразычліва наглядаў Егіпет, і толькі праз жахлівую здраду Азіру трапілі пад яго аднаасобную ўладу. Нягоднік Азіру самаўладна захапіў і прысвоіў спадчынныя царскія кароны, абклаў гарады вялізнымі падаткамі, а потым па сваёй хцівасці прадаў Сірыю хетам, чыя жорсткасць і бязлітаснасць разам з нялюдскімі звычаямі вядомыя ўсяму свету, і сведчанні таму сірыйцы могуць пабачыць на свае вочы ў любы час дня і ночы. Сірыю чакае сумны лёс хецкага рабства і поўная безабароннасць, бо хеты яшчэ не цалкам выкрылі сябе, яны спачатку хочуць пакончыць з Егіптам. Таму ён, непераможны Харэмхеб, Сын сокала, прыйшоў у Сірыю, каб вызваліць яе, вызваліць гарады і вёскі ад вечнага рабства, усталяваць вольны гандаль і вярнуць царам іх законныя правы, каб пад абаронай Егіпта Сірыя зноў ажыла і ўзнеслася ў царства багацця ды працвітання. Ён абяцаў поўную абарону ад рабаўнікоў на дарогах, волю і незалежнасць кожнаму гораду, які выганіць хетаў і зачыніць сваю браму перад Азіру. Але тыя гарады, якія будуць упарціцца і супраціўляцца, ён абяцаў аддаць на рабаванне сваім воінам, іх муры зруйнаваць, а гарады спаліць ды знішчыць навечна, прадаўшы жыхароў у рабства.
Выпусціўшы гэту адозву, Харэмхеб з войскам і калясніцамі рушыў да Яфы, а наперад паслаў караблі, каб яны перакрылі падыходы да горада з мора. Яго выведнікі распаўсюдзілі адозву па ўсіх сірыйскіх гарадах, што выклікала вялікі неспакой сярод насельніцтва і справакавала звады ў стане ворага, чаго і трэба было дамагчыся. Але Каптах, як чалавек асцярожны, застаўся ў Газе — на выпадак, калі Харэмхеб пацерпіць паразу, бо хеты і Азіру паспелі сабраць вялікія сілы. Сваю адмову ісці ў паход з войскам Каптах патлумачыў тым, што пасля перажытага ў вязніцы не зможа трываць цяжкасцяў ваеннага жыцця, і мяне папрасіў застацца таксама, нібыта каб лячыць яго немачы.
Ройю-Бычыны карак пачаў ставіцца да Каптаха з вялікай прыязнасцю пасля таго, як той растлумачыў, куды дзеліся чатыры сотні асліных падхвоснікаў. Хітрамудры Каптах сказаў, што тыя падхвоснікі з'елі воіны падчас аблогі, бо яны былі зробленыя з мяккай скуры і іх было лёгка жаваць. Пачуўшы гэтую байку, Ройю адразу супакоіўся і перастаў буяніць. Яго адвязалі ад ложка, і ён, спачатку вылаяўшы сваіх
воінаў, потым адразу дараваў ім правіну за тую адвагу, з якой яны абаранялі Газу. Ён сказаўтак: