• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    У гэтыя гады Егіптам кіраваў фараон Тутанхамон, які нягледзячы на хлапечы ўзрост клапаціўся толькі пра пабудову сваёй грабніцы, і народ вінаваціў яго ва ўсіх нягодах і бедах, выкліканых вайной, людзі ненавідзелі яго і казалі: «Што можна чакаць ад уладара, калі ў жылах ягонай жонкі цячэ кроў праклятага фараона!» Жрэц Эйе зусім не стараўся выкараняць такія размовы, бо яны спрыялі яго інтарэсам. Наадварот, ён сам распускаў чуткі пра сквапнасць і неразумнасць фараона і казаў, што той нібыта хоча сабраць усе скарбы Кэмет, каб аздобіць сваю грабніцу. А фараон сапраўды ўвёў новы падатак на нябожчыкаў, каб сабраць на сваю грабніцу сродкі, і кожны памерлы ў Егіпце цяпер павінен быў плаціць падатак дзеля вечнага зберажэння цела. Але гэтую думку фараону ў галаву ўклаў сам Эйе, ведаючы, як гэта раз'юшыць народ.
    Усе гэтыя гады мяне не было ў Фівах, бо я вандраваў з войскам, якому патрэбнае было маё лекарскае майстэрства, але ўсе, хто прыязджаў з Фіваў, расказвалі, што фараон Тутанхамон слабы і хваравіты і
    што нейкая таямнічая немач пажырае ягонае цела. Казалі, што вайна ў Сірыі дзіўным чынам знясільвае яго, бо калі ў Фівы прыходзіць вестка аб перамогах, фараон захворвае і кладзецца ў ложак, а калі егіпецкія войскі церпяць паразу — ачуньвае і ўстае з ложка. Казалі таксама, што тут пахне чарадзействам, і кожны, хто мае вочы, можа заўважыць сувязь стану фараонава здароўя з вайной у Сірыі.
    Але з часам жрэц Эйе рабіўся ўсё больш нецярплівым і раздражнёна пісаў Харэмхебу: «Калі ж ты, нарэшце, пераможаш? Я стары чалавек і стаміўся чакаць. Перамагай хутчэй, Харэмхеб, і прынясі мір у Егіпет, каб я мог атрымаць па дамове сваё, а ты — сваё».
    Я не адчуў здзіўлення, калі, ідучы пад усімі ветразямі на баявых караблях, мы атрымалі вестку, што вялікі фараон Тутанхамон урачыста ўзышоў у залаты човен бацькі Амона, каб адплыць у Палі захаду. Казалі, што ў дзень, калі ў Фівы прыйшло паведамленне пра ўзяцце Мэгіды і заключэнне міра, таямнічая хвароба зноў апанавала фараона Тутанхамона. Але ад якой хваробы ён памёр, лекары ў Доме жыцця вызначыць не змаглі. Хадзілі чуткі, што жывот у фараона пачарнеў ад атруты. Зрэшты, нічога пэўнага вядома не было, а ў народзе казалі, што калі скончылася вайна, фараон памёр ад злосці, бо галоўнай ягонай радасцю было глядзець на пакуты Егіпта. Але ж я ведаў, што прыкладаючы пячатку да глінянай таблічкі з мірнай дамовай, Харэмхеб забіваў фараона з такой самай непазбежнасцю, як калі б сам усадзіў яму нож у сэрца. Жрэц Эйе толькі і чакаў гэтай хвіліны, каб змесці Тутанхамона са сваёй дарогі і заняць царскі трон у вобразе фараона-міратворцы.
    Мы вымазалі граззю твары, спусцілі рознакаляровыя сцягі на караблях, а Харэмхеб з вялікай злосцю загадаў скінуць у ваду целы сірыйскіх і хецкіх военачальнікаў, якія па завядзёнцы вялікіх фараонаў, упрыгожвалі насы яго караблёў. I Харэмхебавы гаўнюкі, якіх ён узяў з сабой павесяліцца ў Фівах, пакінуўшы пацучынае адроддзе тлусцець на сірыйскіх харчах і падтрымліваць спакой у Сірыі, былі нездаволеныя і пракліналі імя фараона Тутанхамона, бо той як жывы, так і мёртвы рабіў ім толькі непрыемнасці. Раззлаваныя, яны гулялі на караблях у цыркі, ставячы на кон здабытае ў Сірыі, і ўчынялі бойкі за сірыйскіх палонніц, якіх везлі з сабой, каб прадаць пасля таго, як самі ўволю нацешацца. Яны набівалі гузакі, наносілі адзін аднаму раны і замест жалобных песень гарлалі непрыстойныя прыпеўкі, і богабаязныя людзі, якія збіраліся на берагах, з жахам глядзелі на іх паводзіны. Дый прызнаць у гэтых воінах егіпцянаў было цяжка: яны ўсе былі апранутыя ў сірыйскую ці хецкую вопратку, захопленую ў пераможаных, перасыпалі размову сірыйскімі ды хецкімі словамі, змяшанымі з мярзотнаю лаянкай, а шмат хто нават пачаў пакланяцца ў Сірыі Ваалу і вёз яго істод з сабой у Егіпет. Але не мне дакараць іх, бо я сам прынёс Ваалу
    Амарэйскаму вялікую ахвяру з віна і мяса ў памяць па маім сябры Азіру. Я кажу пра гэта толькі, каб растлумачыць, чаму народ пазбягаў воінаў Харэмхеба, як чужынцаў, хоць і славіў іх, як пераможцаўу Сірыі. Дый самі воіны глядзелі на Егіпет як чужынцы, бо не бачылі краіну шмат гадоў і не пазнавалі яе. He пазнаваў яе і я. Дзе б не прыставаў да берага наш карабель, паўсюль мы бачылі толькі смутак, галечу і заняпад. Вопратка ў людзей ад шматкротнага мыцця была шэрая і пакрытая нейкімі плямамі, скура на тварах высахла і загрубела без масцяў, вочы глядзелі стомлена і недаверліва, а спіны беднякоў пакрыліся слядамі ад бізуноў і палак, з дапамогай якіх зборшчыкі выбівалі фараонавы падаткі. Грамадскія будынкі не абнаўляліся і старэлі, на дахах судоў гнездаваліся птушкі, а цагляныя сцены фараонавых гмахаў крышыліся і абвальваліся прама на вуліцу. Дарогі таксама ўжо шмат гадоў не прыводзіліся ў парадак праз недахоп жывой сілы, якую пасылалі на вайну ў Сірыю, схілы арашальных каналаў абваліліся, а вузенькія канавы на палях спрэс зараслі травой.
    Квітнелі толькі храмы, іх сцены ззялі свежаю пазалотай і яркімі новымі малюнкамі ды пісьмёнамі з услаўленнем Амона. Жрацы Амона вызначаліся сваёй дзябёласцю і бліскучымі ад алею паголенымі галовамі. I пакуль яны жэрлі мяса ахвяраў, беднякі душыліся сухім хлебам, запіваючы яго вадой з Ніла. Былыя багацеі, якія ў ранейшыя часы пілі віно з залатых сасудаў, цяпер задавальняліся слабым півам, дый тое, можа, адзін раз на круг маладзіка. Маўклівыя жанчыны білі бялізну пранікамі ў схуднелых руках, а дзеці крадком, нібы спалоханы звяркі, перабягалі дарогу і выкопвалі з глею карані водных раслінаў, каб неяк наталіць голад. Вось такім вайна зрабіла Егіпет, знішчыўшы ўсё, што зберагаў Атон. Таму людзі ўжо нават не радаваліся міру, а спалохана глядзелі на баявыя караблі Харэмхеба, якія ішлі ўверх па рацэ.
    Толькі ластаўкі, як і раней, сноўдалі над вадой на сваіх лёгкіх крылах, і ў чаратах рыкалі бегемоты, а на водмелях ляжалі кракадзілы, і маленькія птушачкі чысцілі ім зубы ў разяўленых пашчах. Мы пілі нільскую ваду, падобнай да якой няма на свеце, — ваду, якая лечыць і наталяе смагу. Мы ўдыхалі пах глею, слухалі шолах ветру ў зарасцях папірусу і крыкі качак, і, гледзячы, як плыве па бяздоннаму сіняму небу Амон на залатым чоўне, ведалі, што вярнуліся дадому.
    I вось настаў дзень, калі ўдалечыні паказаліся тры вяршыні, тры пракаветныя вартаўнікі Фіваў, Потым мы ўбачылі дахі вялізарных храмаў, і асляпляльна яркія залатыя абеліскі паўсталі перад нашым вачыма. Мы ўбачылі Заходнія горы і бяскрайні Горад мёртвых, высокія каменныя дамбы і фіванскую гавань, бядняцкія раёны горада з іх незлічонымі глінянымі хацінкамі без адзінай травінкі і раёны багацеяў, дзе месціліся палацы знаці, што патаналі ў кветках і зеляніне паплаўцоў.
    Так я вярнуўся ў Фівы, поўны рашучасці ніколі больш не пакідаць гэты горад, бо мае вочы нагледзеліся дастаткова ліха, і не было пад гэтым небам нічога новага. Я цвёрда вырашыў застацца ў Фівах і правесці рэшту свайго жыцця ў былым доме медніка ў бядняцкім квартале. Усё атрыманае ў Сірыі, я патраціў на ахвяру сябру Азіру, не жадаючы захоўваць нарабаванае, якое пахла крывёй і не магло радаваць ці прынесці карысць. Я пакінуў Азіру ўсё, што нажыў у ваенных паходах і вярнуўся ў Фівы бедняком.
    Але мая мера яшчэ была няпоўная, мяне чакала яшчэ адна падзея, якой я не жадаў, якой баяўся, але пазбегнуць не мог. А таму праз некалькі дзён я зноў мусіў пакінуць Фівы. Эйе і Харэмхеб меркавалі, што спрытна раскінулі свае нераты і мудра ажыццяўляюць свае задумы. Ім здавалася, што яны моцна трымаюць у руках уладу. Але гэтая ўлада, неўпрыкмет выслізнула ў іх з рук, і лёс Егіпта пачаў залежаць не ад іх, а ад зламыснай жанчыны. Таму раней, чым я скончу свой аповед і супакоюся, мне давядзецца расказаць яшчэ пра царыцу Неферціці і царэўну Бэкетамон. Але дзеля гэтага я пачну новы папірус, і хай ён будзе апошнім у тым, што я пішу дзеля сябе, каб хоць бы самому сабе растлумачыць, як магло стацца, каб я, народжаны лекарам, зрабіўся забойцам.
    ПАПІРУС ПЯТНАЦЦАТЫ
    Харэмхеб
    і
    Паводле дамовы з Харэмхебам Носьбіт царскага жазла Эйе рыхтаваўся ўскласці на сваю галаву кароны адразу пасля пахавання фараона Тутанхамона. Каб наблізіць гэтую падзею, Эйе прыспешыў бальзамаванне цела Тутанхамона і спыніў пабудову царскай грабніцы, якая так і засталася невялікай і вельмі сціплай у параўнанні з грабніцамі вялікіх фараонаў. Апроч таго, Эйе прысвоіў сабе частку скарбаў, якія Тутанхамон думаў узяць з сабой у Краіну захаду. Паводде гэтай самай дамоўленасці Эйе павінен быў угаварыць царэўну Бэкетамон на шлюб з Харэмхебам, каб той мог пасля смерці Эйе законным чынам узысці на трон фараонаў, хоць і быў народжаны ў хляве на кучы гною. Эйе дамовіўся са жрацамі, што адразу пасля пахавання фараона і дзён жальбы царэўна Бэкетамон з'явіцца перад Харэмхебам у вобразе багіні Сэхмет, у чый храм Харэмхеб прыйдзе, каб адсвяткаваць перамогу ў вайне. Там яны прылюдна разаб'юць гаршчок, і Харэмхеб возьме ў жонкі царэўну Бэкетамон. Атрымаецца, што іх шлюб блаславілі багі, і Харэмхеб стане боскай асобай. Такі план прыдумалі жрацы на чале з Эйе, але ў царэўны Бэкетамон быў іншы план, на які яе падбухторыла царыца Неферціці, — яна люта ненавідзела Харэмхеба і разлічвала стаць другой жанчынай ў Егіпце, калі яе план здзейсніцца.
    А той план быў напраўду бязбожны і злачынны, і толькі бязмежная жаночая зламыснасць магла спарадзіць яго. I ён ледзьве не ажыццявіўся — менавіта таму, што нікому такое не магло прыйсці ў галаву, а калі й прыйшло б, дык здалося б неверагодным. Значна пазней, калі ўсе акалічнасці гэтай справы сталі вядомыя, высветлілася, чаму хеты былі такія шчодрыя і падатлівыя і нават самі прапанавалі мір, аддаўшы Мэгіду і Амарэю і прыняўшы ўсе ўмовы, прапанаваныя егіпцянамі. Хеты былі людзі мудрыя і прыхоўвалі яшчэ адну сваю стралу, пра якую ні Харэмхеб, ні жрэц Эйе не здагадваліся. Заключаючы мір і згаджаючыся на ўсе ўмовы, хеты былі ўпэўненыя, што нічога не страчваюць, Пры такой іх падатлівасці Харэмхеб мусіў бы западозрыць нядобрае, але ваенныя поспехі зусім асляпілі яго, дый, апроч таго, ён і сам прагнуў міру, каб умацаваць сваю ўладу ў Егіпце і заключыць шлюб з царэўнай Бэкетамон. Ён так доўга чакаў гэтага шлюбу, што чаканне давяло яго да слепаты, і ён не прачуў хітрасці хетаў.