• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Што да Неферціці, то і пасля таго, як яе муж памёр і яе прымусілі пакланіцца Амону, яна не звыкнулася з думкай, што стала цяпер проста адной са шматлікіх жанчын у Залатым палацы. Нягледзячы на ўзрост, яна заставалася прыгожай, хоць прыгажосць была ўжо не тая, яна трошкі падвяла і патрабавала заўсёднага клопату і дагляду. Але і цяпер Неферціці здолела прывабіць да сябе шмат прыдворных вяльможаў. Розумам і хітрасцю яна заваявала дружбу царэўны Бэкетамон і змагла распаліць яе кволую гордасць да памераў вынішчальнага пажару. Урэшце пыха так раз'ела сэрца царэўны, што ператварыла яе ледзь не ў вар'ятку. Бэкетамон да таго ганарылася сваім высокім паходжаннем, што не дазваляла звычайнаму чалавеку, нават вяльможы, не толькі дакранацца да яе, але і наступаць на яе цень. Усё жыццё яна пыхліва зберагала сваю недатыкальнасць, бо, на яе думку, ва ўсім Егіпце не было мужчыны, роўнага па годнасці ёй, у чыіх жылах цякла кроў вялікага фараона. Таму яна была незамужняя, хоць даўно прамінула свой шлюбны ўзрост. I я думаю, менавіта гэтая недатыкальнасць і ўдарыла ёй у галаву, зрабіўшы хворым яе сэрца, а вылечыць яе мог добры шлюбны ложак. Яна была прыгожая, а ганарлівая пастава і фанабэрыстасць зрабілі яе прыгажосць неадчувальнай да гадоў, тым болей што гэтую прыгажосць яна сама старанна песціла.
    Неферціці як магла падагравала ў Бэкетамон фанабэрыстасць і ўбівала ёй у галаву, што яна народжаная дзеля вялікіх здзяйсненняў і ёй наканавана выратаваць Егіпет ад дамаганняў рознага быдда і не даць яго ў рукі нізкародным захопнікам. Яна расказвала царэўне пра вялікую царыцу Хатшэпсут, якая прывязвала царскую бараду, апяразвалася ільвіным хвастом і ўладарыла, седзячы на фараонаўскім троне. Яны разам наведалі шматкаляровы скальны храм Хатшэпсут з белымі калонамі і прайшліся па міртавых тэрасах. I доўга разглядалі выявы вялікай жанчыны-фараона, а Неферціці запэўнівала Бэкетамон, што яе прыгажосць падобная да прыгажосці вялікай Хатшэпсут.
    Пра Харэмхеба Неферціці нагаварыла шмат нядобрага, і ў сваёй фанабэрыстасці царэўна Бэкетамон пачала яго проста баяцца: ён паходзіў з быдла, быў магутны, высакарослы — на галаву вышэйшы за іншых прыдворных, — а дачцэ вялікага фараона ўжо адна думка, што гэты чалавек можа, як грубы салдат, авалодаць ёй гвалтам і апаганіць яе свяшчэнную кроў, была невыноснай. Зрэшты, я думаю, яна магла ўзненавідзець Харэмхеба й нашмат раней — за тое, што яго грубая сіла патаемна вабіла яе, і калі ён, яшчэ зусім малады, упершыню з’явіўся ў Залатым палацы, яна надта часта заглядалася на яго і надта палка хвалявалася ад яго позіркаў, хоць, напэўна, нават сабе не прызнавалася ў гэтым.
    Словам, калі вайна ў Сірыі набліжалася да заканчэння, а фараон
    Тутанхамон згасаў на вачах, Неферціці было няцяжка схіліць Бэкетамон на свой бок. Неферціці была дачкой Эйе, але ненавідзела бацьку за тое, што пасля смерці Эхнатона ён скарыстаў яе, а потым, забраўшы ўсю ўладу, трымаў у Залатым палацы, як у вязніцы, не дазваляючы нават удзельнічаць у святочных цырымоніях. Можа, у яе былі і іншыя падставы для нянавісці, але казаць пра гэта я не лічу патрэбным, бо не хачу паўтараць плёткі Залатога палаца, хоць ведаю, што яго сцены сапраўды хаваюць шмат жахлівых таямніцаў. Я хачу толькі сказаць, што прыгажосць і розум жанчыны з закамянелым сэрцам — гэта тое спалучэнне, ад якога не даводзіцца чакаць нічога добрага, яно больш небяспечнае і смертаноснае, чым разакі на баявых калясніцах, бо, на маю думку, няма нічога страшнейшага за прыгожую і разумную жанчыну без сэрца, і задума Неферціці з Бэкетамон — лепшае таму сведчанне.
    Пра зламысны план стала вядома ў першыя дні, калі Харэмхеб прыехаў у Фівы і нецярпліва хадзіў ля пакояў Бэкетамон, каб сустрэцца і пагаварыць з ёю, а яна адмаўлялася яго прыняць. Выпадкова ён убачыў, як да Бэкетамон прыехала хецкае пасольства і пасла неадкладна дапусцілі ў яе пакоі. Ён прабыўтам незвычайна доўга, што вельмі зацікавіла Харэмхеба, і ён па сваёй волі, без чыйго-небудзь дазволу загадаў пасла затрымаць, на што той адказаў пагрозамі, паводзіў сябе фанабэрыста і размаўляў так, як гэта можа сабе дазволіць толькі ўладарная асоба.
    Харэмхеб паведаміў пра здарэнне жрацу Эйе, і ўначы яны гвалтам уламаліся ў пакоі Бэкетамон, забілі рабоў-ахоўнікаў і ўчынілі вялікі ператрус. У выніку была знойдзеная перапіска Бэкетамон з хетамі, якую царэўна хавала пад попелам у агменю. Прачытаўшы гліняныя таблічкі, Харэмхеб з Эйе жахнуліся. Яны зараз зачынілі Бэкетамон у яе пакоях і паставілі на дзвярах варту. Гэтак сама яны зрабілі з Неферціці і тою ж ноччу з'явіліся да мяне ў былы дом медніка, які Муці адбудавала на срэбра, прысланае Каптахам з Сірыі. Іх прынеслі ў простых насілках, іх твары былі закрытыя вопраткай, і таму Муці іх не пазнала. Пускаючы нечаканых наведнікаў у дом, яна злосна бурчэла, што ёй даводзіцца мяне будзіць гэтак позна. Але я не спаў, бо пасля таго, што давялося пабачыць у Сірыі, спаць спакойна было немагчыма. Я ўстаў з ложка, думаючы, што прыйшлі па тэрміновую дапамогу, але, пазнаўшы гасцей, нават крыху збянтэжыўся. Я загадаў Муці прынесці віна, а самой ісці спаць. Але Харэмхеб быў такі ўзрушаны, што сказаў, што Муці трэба забіць, бо яна бачыла іхнія твары і магла падслухаць размову. Раней я Харэмхеба такім разгубленым ніколі не бачыў і цяпер нават адчуваў ад гэтага задавальненне. Я сказаў яму:
    — He, Харэмхеб, я не дазволю табе забіць Муці! Я баюся, што нешта нядобрае адбываецца з тваёй галавой, калі ты нясеш такую лухту.
    Муці — проста глухая бабулька, якая храпе, як бегемоціха, калі спіць, і ты зараз гэта пачуеш. Так што пі віно і не бойся бабулек.
    Але Харэмхеб нецярпліва запярэчыў:
    — Хопіць гэтых дурных размоваў пра храп,Сінухе! Я не дзеля таго сюды прыйшоў! Што значыць жыццё адной бабулі, калі ўвесь Егіпет у небяспецы, і ты павінен выратаваць яго.
    Эйе пацвердзіў яго словы, сказаўшы:
    — Егіпту сапраўды пагражае смяротная небяспека, і мне разам з ім. Ніколі яшчэ небяспека не была такою вялікай, і мы просім тваёй дапамогі ў гэтым цяжкім становішчы.
    Я горка засмяяўся і паказаў ім свае пустыя далоні. Тады Харэмхеб даў мне пачытаць гліняныя таблічкі хецкага цара Супілуліумы, а потым — копіі адказаў Бэкетамон, пасланых ёю ў Хатушаш незадоўга да канца вайны. Калі я іх прачытаў, мне стала не да смеху і нават віно страціла смак. Бэкетамон пісала хецкаму ўладару: «Я дачка фараона, у маіх жылах цячэ свяшчэнная кроў вялікага фараона, і ва ўсім Егіпце не знойдзецца нікога роўнага мне па крыві і нараджэнні, а ў цябе шмат сыноў. Прышлі мне аднаго, каб ён мог стаць маім мужам і ўладарыць разам са мной у зямлі Кэмет».
    Гэтае пасланне было такім нечуваным, што асцярожны Супілуліума спачатку не паверыў і накіраваў у Егіпет пасла з таемным лістом да Бэкетамон, каб высветліць яе намеры. I яна пацвердзіла іх, перадаўшы з паслом другі ліст, у якім запэўнівала цара хетаў, што яе падтрымліваюць егіпецкія вяльможы і жрацы Амона. Гэта пераканала Супілуліуму, ён паспяшаўся заключыць мір з Харэмхебам і пачаў рыхтаваць сына Супату да паездкі ў Егіпет. Было дамоўлена, што Супату выедзе з Кадэша ў суправаджэнні каравана з падарункамі для Бэкетамон, і, калі верыць напісанаму ў апошняй таблічцы, ён быўужо на паўдарогі да Егіпта.
    Пакуль я чытаў гэтыя пасланні, мае госці пачалі сварыцца. Харэмхеб дакараў Эйе:
    — Гэта твая падзяка за ўсё, што я зрабіў для цябе?! Падзяка за вайну, у якую я столькі нацярпеўся, але перамог-такі хетаў?! Праўду кажу: больш было б карысці ад сляпога сабакі, якога я, пакуль ваяваў, пакінуў бы абараняць свае інтарэсы ў Егіпце! А ад цябе карысці як ад таго свата, што толькі вымагае хабар, а нявесту не паказвае. Ніколі ў жыцці я не сустракаў чалавека паганейшага за цябе і шкадую аб тым дні, калі датыкнуўся да тваёй рукі, заключыўшы з табой хаўрус. Цяпер мне застаецца адно: захапіць самому з дапамогай маіх малойцаў Фівы і сесці на фараонскі трон.
    Але Эйе спалохана запярэчыў:
    — Жрацы ніколі не дазволяць такога! Тым больш, што мы не ведаем, колькі сярод іх падтрымліваюць Бэкетамон і колькі вяльможаў удзель-
    нічае ў змове. Народ тут ні пры чым — гэта вол, на якога надзяваюць аброць і вядуць, куды хочуць. He, Харэмхеб, калі Супату прыедзе ў Фівы і разаб'е гаршчок з Бэкетамон, нашай уладзе прыйдзе канец, мы нават не зможам спыніць яго зброяй, бо гэта будзе азначаць новую вайну, а Егіпет яе ўжо не вытрывае. Апроч таго, вайна знішчыць усё, што мы наладзілі з такімі цяжкасцямі. Я, і праўда, быў сляпым сабакам, але ж такой здрады свет на бачыў і я ўявіць не мог такога! Сінухе, ты павінен дапамагчы нам!
    — Дзеля ўсіх багоў Егіпта! — адказаў я. — Чым гэта я вам магу дапамагчы? Я ўсяго толькі лекар і не магу прымусіць гэтую шалёную бабу палюбіць Харэмхеба, нават калі зраблю ёй трэпанацыю.
    — Аднойчы ты ўжо дапамог нам, — жорстка адказаў Харэмхеб. — А калі ўзяўся за вясло, дык трэба веславаць да канца, хочаш ты ці не. Таму ты павінен выехаць насустрач Супату і паклапаціцца, каб да ErinTa ён не даехаў. Як ты гэта зробіш, мы не ведаем дый ведаць не хочам. А калі мы заб'ем яго ў адкрытую, гэта будзе пачаткам новай вайны з хетамі, а я хачу сам выбіраць час, калі трэба пачынаць новую вайну.
    Яго словы жахнулі мяне, калені закалаціліся, і сэрца знямела. Касцянеючым языком я запярэчыў:
    — Гэта праўда, я некалі дапамог вам, але я зрабіў гэта як для сябе, так і для Егіпта. А гэты царскі сын нічога дрэннага мне не зрабіў, дый бачыў я яго толькі аднойчы каля твайго шатра ў дзень смерці Азіру. He, Харэмхеб, таемным забойцам ты мяне не зробіш, і я лепей памру, чым зраблю такое ганебнае злачынства. Калі я і напаіў фараона Эхнатона смерцю, то зрабіў гэта дзеля яго самога, бо ён быў хворы, а я быў ягоным сябрам.
    Харэмхеб спахмурнеў і пачаў хвастаць сабе бізуном па назе, а Эйе сказаў:
    — Сінухе, ты разумны чалавек і сам ведаеш, што мы не можам кінуць царства, як сяннік пад ногі звар'яцелай бабе. Супату павінен памерці па дарозе ў Егіпет, і нас цікавіць, як гэта адбудзецца — ад хваробы, ці яго проста заб'юць, — але іншага выйсця ў нас няма. Таму ты павінен сустрэць яго ў Сінайскай пустэльні, бо як прыдворны лекар павінен агледзець яго і ўпэўніцца, што ён можа быць мужам егіпецкай царэўны. Ён ахвотна ў гэта паверыць і гасцінна прыме цябе. Ён пачне распытваць пра царэўну Бэкетамон: царэвічы таксама людзі, і ён ламае цяпер сабе галаву, якую страшыдлу падсоўвае яму ў жонкі Егіпет. Справа гэта не простая, Сінухе, але ж, калі ты яе зробіш, ты станеш багатым чалавекам.