Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Потым ён пералічыў мне ўсё, што яму магло спатрэбіцца і што я павінен быў ахвяраваць. Ён захапіўся і радаваўся як дзіцё, думаючы пра майно, якое атрымае дзеля падарожжа па падземным свеце. Але потым ён зноў засумаваў, цяжка ўздыхнуў і, схіліўшы галаву на рукі, сказаў:
— Калі ты ўсё гэта дзеля мяне зробіш, Сінухе, ты будзеш сапраўдным сябрам, хоць я і не разумею, нашто табе гэта рабіць, калі я прынёс столькі зла і табе, і ўсім егіпцянам. Ты так прыгожа казаў пра смерць... Можа, і праўда, смерць — гэта працяглы сон і летняя вада. Але маё сэрца шчыміць, калі я думаю пра яблыневую галінку ў квецені, а мае вушы поўняцца блекатаннем авечак і вочы бачаць ягнят, якія весела скачуць па схілах родных гор. Маё сэрца сціскаецца, калі я думаю аб вясне ў Амарэі, аб зацвітаючых ліліях і паху смалы ды бальзаму. Маё сэрца сціскаецца, бо я ведаю, што ніколі болын не ўбачу сваёй любай Амарэі ні ўвесну, ні ўвосень, ні спякотным летам, ні халоднай зімою.
Так мы гутарылі ў шатры паланёнага Азіру і ўспаміналі нашы сустрэчы, калі я жыў у Сіміры і мы абодва былі маладыя і дужыя. Азіру расказваў пра сваё дзяцінства, але я пераказваць не буду, бо гэта будзе
задоўга, дый дзяцінства аднаго чалавека падобнае да дзяцінства другога і дзіцячыя ўспаміны дарагія толькі сэрцу таго, хто ўспамінае. На досвітку мае рабы прынеслі прыгатаваную для нас ежу, і вартавыя бесперашкодна іх прапусцілі, атрымаўшы ад харчоў сваю долю. А нам прынеслі гарачую тлустую бараніну, напоўнілі нашыя чашы моцным сідонскім віном з мірам, і я загадаў рабам памыць Азіру ад бруду, якім яго закідалі, расчасаць і завіць яму валасы, а бараду ўкласці ў залатую сетку. Яго вопратка ператварылася ў рыззё, але пераапрануць яго я не мог, бо на ім былі медныя ланцугі. Затое я пакрыў яго царскім плашчом. Такім самым чынам мае рабы абслужылі Кефцью і царскіх сыноў у суседнім шатры, але Харэмхеб дазволіў Азіру пабачыць Кефцью і дзяцей толькі на месцы пакарання.
I вось настаў час, і Харэмхеб, смеючыся, выйшаў з шатра разам з п'янымі хецкімі князямі, якіх ён абдымаў за плечы. Тады я падышоў да яго і сказаў:
— Харэмхеб, я шмат табе паслужыў, і можа, нават выратаваў табе жыццё, калі пад Цірам дастаў з тваёй нагі атручаную стралу і вылечыў цябе. Зрабі і ты мне паслугу і дазволь Азіру памерці без ганьбы. Ён усётакі цар Сірыі і біўся адважна, і калі ты не зняславіш яго, гэта толькі ўславіць тваё імя. А твае хецкія сябры і так ужо нацешыліся, катуючы яго ды ламаючы яму косці, каб даведацца, дзе ён схаваў свае скарбы.
Харэмхеб змрочна выслухаў мае словы, бо прыдумаў ужо шмат спосабаў падоўжыць пакуты Азіру і ўсё дзеля гэтага было ўжо падрыхтавана. Войска сабралося на месцы пакарання яшчэ на досвітку, і людзі сварыліся за лепшыя месцы ў чаканні захапляючага відовішча. Харэмхеб рабіў гэта не дзеля таго, каб расцягнуць агонію Азіру і атрымаць асалоду ад яго пакутаў, ён рабіў гэта дзеля свайго войска і дзеля запалохвання Сірыі, каб пасля такой страшнай смерці нікому і ў галаву не прыйшла думка аб помсце. Я павінен гэта сказаць Харэмхебу ў апраўданне, бо, што пра яго ні казалі б, ён па сваёй прыродзе не быў чалавекам жорсткім і лютым, — ён быў воін, і смерць была ў яго толькі прыладай. Тым не менш, ён сам распускаў чуткі пра сваю жорсткасць, бо лічыў, што гэта карысна і сее ў народзе і сярод ворагаў страх. Ён лічыў, што жорсткіх уладароў народ шануе болей, чым мяккіх, а ўсякую лічыць дабрыню слабасцю.
Таму, пачуўшы мае словы, Харэмхеб нахмурыўся, зняў руку з пляча хецкага князя Супату і, паляпваючы залатым бізуном па назе, сказаў:
— Ты, Сінухе, вечная балючая стрэмка ў маім баку і пачынаеш ужо мяне натамляць. Ты ўсё робіш не так, як разумныя людзі: лаеш і дакараеш злымі словамі кожнага, хто разбагацеў ці праславіўся, а хто прайграў і пацярпеў паражэнне — таго гатовы аблашчыць. Ты ведаеш, як мне цяжка было знайсці і сабраць дасведчаных у сваёй справе ка-
таў, падрыхтаваць усе гэтыя катлы і прылады, — мне каштавала гэта цэлую кучу срэбра! Дый не маіу ж я ў апошнюю хвіліну пазбавіць сваё пацучынае адроддзе такой пацехі: яны шмат нацярпеліся і пралілі крыві праз гэтага Азіру.
Хецкі князь Супату ляпнуў Харэмхеба па плячы і з п'яным смехам крыкнуў:
— Правільна кажаш, Харэмхеб! I не думай пазбавіць нас такога відовішча: мы знарок пакінулі Азіру табе, вырашыўшы не абадраць да касцей, — так толькі: крыху паказыталі яго абцугамі ды патрымалі ў драўляных шчамлётках.
Такія грубыя словы абразілі Харэмхебава самалюбства, апроч таго, яму не спадабалася нахабнае паляпванне па плячы, і ён адказаў, нахмурыўшы бровы:
— Ты зусім п'яны, Супату. А што да Азіру, дык я толькі хацеў паказаць усяму свету, які лёс чакае кожнага, хто даверыцца хетам. Але гэтай ноччу мы з вамі выпілі столькі кубкаў за дружбу, што я прабачаю вашаму хаўрусніку Азіру і падарую яму лёгкую смерць.
Харэмхебаў адказ раззлаваў Супату. Яго твар перакрывіўся і спалатнеў, бо хеты заўсёды вельмі чулліва ставіліся да свайго гонару, хоць самі, як усім вядома, дзейнічаюць падступна і прадаюць сваіх хаўруснікаў, як толькі саюз з імі робіцца невыгодным, а здрада абяцае немалую выгоду. Насамрэч, так робіць кожны народ і кожны мудры ўладар, але хеты робяць гэта з непараўнальнай жорсткасцю, нават не прыдумляючы падставы і прыстойныя тлумачэнні, каб надаць сваёй здрадзе прыстойны выгляд. Супату быў гатовы ўжо ўспыхнуць, але яго прыяцелі паспешліва адвялі яго ўбок і трымалі, заціснуўшы яму рот рукамі. Нарэшце Супату званітаваў ад бяссільнай злосці і выпітага віна, і калі віно выйшла вон, супакоіўся.
Харэмхеб загадаў вывесці Азіру з шатра і сярдзіта нахмурыўся, убачыўшы, як той выходзіць з высока ўзнятаю галавой, гордым выглядам і ў царскай накідцы. Добра падсілкаваўшыся смачнымі стравамі і моцным віном, Азіру цяпер гучна смяяўся і задзіраўся з Харэмхебавымі ваяводамі, ідучы да месца свайго пакарання. Яго валасы былі завітыя і старанна ўкладзеныя, твар ільсніўся ад масцяў, і ён крычаў Харэмхебу па-над галовамі варты:
— Гэй, Харэмхеб! Ты, паскудны егіпцянін, не бойся мяне, я ж закаваны ў ланцугі, так што можаш не хавацца за дзіды ахоўнікаў! Выйдзі сюды, каб я мог выцерці гной са сваіх ног аб тваё адзенне. Такога паганага месца, як твой лагер, я ніколі ў жыцці не бачьгў! Падыдзі, бо я хачу паўстаць перад Ваалам з чыстымі нагамі!
Яго словы вельмі развесялілі Харэмхеба і ён, смеючыся, крыкнуў у адказ:
— Падысці да цябе я не змагу, бо мяне верне ад твайго сірыйскага смуроду: ад цябе так патыхае падлаю і дзярмом, што і ўкрадзеная царская накідка не дапамагае! Але добра, што ты ідзеш на смерць весела. Таму дзеля славы свайго імя я падарую табе лёгкую смерць.
I ён загадаў ахоўнікам правесці Азіру, не даючы воінам закідваць яго граззю і конскім дзярмом. Ахоўнікі адразу атачылі палоннага шчыльным колам і нават ударылі аднаго воіна дрэўкам дзіды, калі той выкрыкнуў нейкую абразлівую лаянку. Але ўвогуле, воіны ўжо не трымалі зла на палоннага амарэйскага цара, па віне якога перажылі столькі пакутаў і цяжкасцяў, яны больш захапляліся яго мужнасцю. У гэты час з другога шатра вывелі Кефцью з двума сынамі. Кефцью была прыбраная згодна са звычаем, прынятым у сірыйскіх жанчын, намазалася бяліламі ды румянамі, а хлопчыкі ішлі побач, узяўшыся за рукі, і выступалі горда, адпаведна годнасці царскіх дзяцей. Убачыўшы сваю сям'ю Азіру, адразу крыху аслабеў і сказаў:
— Кефцью, Кефцью, белая мая кабыліца, зрэнка маіх вачэй, каханая! Маё сэрца шчыміць ад таго, што ты ідзеш на смерць за мяне! Жыццё магло б быць для цябе такое салодкае!
Але Кефцью супакоіла яго:
— He засмучайся, мой уладар, бо я з радасцю пайду на смерць за табою. Ты мой адзіны, магутны, як бык, мужчына, і пасля цябе ніхто мне не будзе любы. Ва ўсе дні нашага жыцця я адваджвала ад цябе іншых жанчын і, як магла, прывязвала цябе да сябе, дык няўжо я адпушчу цябе аднаго блукаць па апраметнай? He, я пайду за табой, каб не спускаць з цябе вока, і не дазволю цешыцца іншымі прыгажунямі, якія чакаюць цябе там. Перасцярога не шкодзіць ніколі, і таму я пайшла б за табою, нават калі б мне пакінулі жыццё! Я задушыла б сябе сваімі ж валасамі, каб толькі пайсці за табой, мой уладар, бо я была простай рабыняй, а ты зрабіў мяне царыцай, і я дала табе двух прыгожых сыноў!
Азіру ад яе слоў узрадаваўся і зноў набыў горды царскі выгляд. Тады ён прамовіў да дзяцей:
— Mae любыя хлопчыкі! Вы нарадзіліся на свет царскімі сынамі, дык і прыміце смерць, як належыць царскім нашчадкам, каб мне не саромецца за вас. Паверце, паміраць не болей балюча, чым выдраць хворы зуб. Дык будзьце мужнымі, любыя мае сыны!
3 гэтымі словамі ён стаў на калені перад катам, павярнуўся да Кефцью і сказаў:
— Мне абрыдла глядзець на гэтых паганых егіпцян з іх запэцканымі ў крыві дзідамі. Агалі перада мной свае раскошныя грудзі, Кефцью, каб я, паміраючы, бачыў перад сабой тваю прыгажосць і прыняў смерць з такім самым шчасцем, з якім пражыў з табой усё жыццё.
Кефцью агаліла свае белыя раскошныя грудзі, кат узняў цяжкі меч і адным ударам адсек Азіру галаву. Яна адкацілася пад ногі Кефцью, з магутнага цела патокам хлынула кроў і запэцкала сынам Азіру вопратку. Малодшы спалохаўся і пачаў калаціцца ад страху, але Кефцью падняла галаву мужа, пацалавала яе ў разбітыя вусны, правяла рукой па параненых шчоках, прыціснула да грудзей і сказала сынам:
— Паспяшайцеся мае мужныя хлопчыкі! Ідзіце, мае любыя, без страху за бацькам, бо вашая маці таксама спяшаецца пайсці за ім.
I абодва хлопчыкі паслухмяна ўкленчылі, старэйшы па-ранейшаму трымаў малодшага за руку, нібы абараняючы ад зямных страхаў, і кат лёгка перасек іх тонкія дзіцячыя шыі. Потым, адпіхнуўшы нагой убок іх галовы, ён гэтак сама лёгка перасек белую шыю Кефцью. Яны прынялі лёгкую смерць. А іх целы Харэмхеб загадаў кінуць у яму на спажыву падлажэрам.
5
Так вось памёр мой сябар Азіру, нават не спрабуючы падкупіць смерць, а Харэмхеб заключыў мір з хетамі, хоць і ён, і хеты добра ведалі, што гэта не мір, а толькі перамір'е, бо Сідон, Сіміра, Бібл і Кадэш заставаліся па-ранейшаму ў руках хетаў. Яны збудавалі ў Кадэшу непрыступныя ўмацаванні і зрабілі яго апорай сваёй улады ў Паўночнай Сірыі. Але ж і Харэмхеб, і хеты ўжо стаміліся тады ад бясконцай вайны, а таму з вялікай радасцю заключылі мір.Апроч таго, Харэмхебу трэба было абараняць свае інтарэсы ў Фівах і ўтаймоўваць зямлю Куш і неграў, якія зусім разбэсціліся ад беспакаранасці і не хацелі плаціць даніну Егіпту.