Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я браць удзел у гэтым свяце не захацеў, а калі апусцілася ноч, накіраваўся да шатра, дзе трымалі Азіру. Вартавыя не адважыліся затрымаць мяне, бо я быў асабістым лекарам Харэмхеба і ўсе ўлагеры мяне ведалі, лічачы чалавекам злосным і непрыветным, які мог сварыцца нават з самім Харэмхебам, выказваючыся з’едліва і непакорліва. Я пайшоў да Азіру таму, што цяпер у яго ва ўсёй Сірыі не было ніводнага сябра, бо ў чалавека, які страціў уладу, багацце і, закаваны ў кайданы, чакае смерці, сяброў быць не можа. Я пайшоў да яго, бо ведаў, як ён любіць жыццё, і спадзяваўся пераканаць, што жыццё не вартае таго, каб яго любіць. I яшчэ я хацеў як лекар сказаць, што смерць лягчэйшая за пакуты жыцця: боль, смутак ды марныя турботы. Жыццё — гэта пякучае полымя, а смерць — цёмная вада забыцця. А калі ён не захацеў бы мяне слухаць, то я проста пасядзеў бы з ім побач, каб яму не заставацца ў самоце ў апошнюю ноч жыцця. Чалавеку лёгка жыць без
сяброў, але паміраць, не маючы ніводнага сябра, цяжка, асабліва калі ты ўсё жыццё быў уладаром і тваю галаву вянчала царская карона.
Я ўвайшоў у цёмны шацёр і спытаў:
— Азіру, цар Амарэі, ці прымеш ты сябра ў ноч перад смерцю?
Азіру цяжка ўздыхнуў, і ў цемры пачуўся бразгат яго вярыгаў. Тады ён сказаў:
— Я ўжо не цар, і няма ў мяне ніякіх сяброў, але цябе я пазнаю па голасе. Гэта ты, Сінухе?
I я адказаў:
— Так, гэта я.
— У імя Мардука і ўсіх нячысцікаў апраметнай! Калі ты напраўду Сінухе, дык хай прынясуць агню, бо мне ўжо абрыдла валяцца тут упоцемку — я і так хутка перайду ў вечную цемру. Гэтыя праклятыя хеты падралі маю вопратку і так пакалечылі мае рукі і ногі, што я выглядаю зусім непрывабна, але ты, як лекар, бачыў усякае, і я магу цябе не саромецца, дый нашто перад смерцю саромецца сваёй убогасці. Дык прынясі агонь, Сінухе, каб я мог убачыць цябе і ўзяць за руку. Мая печань стогне ад смутку, а з вачэй ліюцца слёзы па сынах і жонцы. А калі табе ўдасца яшчэ і здабыць крыху піва, каб я мог прамачыць сваё перасохлае горла, дык заўтра ў апраметнай я распавяду ўсім падземным багам пра твае добрыя ўчынкі.
Я загадаў вартавым прынесці і запаліць свяцільню, бо дым паходні раз'ядаў мне вочы і смярдзеў нечым паганым. Яны прынеслі і запалілі свяцільню, а я, пакуль яны хадзілі, знайшоў у іх прыхаваны жбан сірыйскага піва, якое яны паціху цягнулі ў цемры, карыстаючыся тым, што Харэмхеб баляваў, і начальнікі з такой нагоды не вельмі строга сачылі за дысцыплінай. Азіру са стогнам падняўся і сеў на дол, а я даў яму саломіну, праз якую ён мог піць піва, густое ад ячменных зярнят і соладу. Пакуль ён прагна паглынаў піва, я разглядаў яго ў дрыготкім святле ад сальнага кнота: яго валасы пасівелі і віселі пасмамі, раскошная барада была выдраная сям-там разам са скурай. Пальцы на руках былі раздушаныя, пазногці счарнелі ад крыві, а ўсе рэбры былі паламаныя, ад чаго пры кожным уздыху ён стагнаў і пляваўся крывёй. Напіўшыся і адпляваўшыся, ён паглядзеў на агеньчык свяцільні і сказаў:
— Box, якое міласэрнае і мяккае гэтае святло для маіх стомленых вачэй, якія так доўга пакутавалі ў цемры. Дзякуй табе за гэтае святло, Сінухе, і за гэтае піва. Я з радасцю падараваў бы табе што-небудзь у адказ, але мае хецкія сябры ў сваёй хцівасці выламалі нават тыя зубы, якія ты некалі пакрыў золатам,
Кожны мудры, калі ўсё ўжо адбылося. Таму я не захацеў нагадваць, як засцерагаў яго наконт хетаў. Я проста ўзяў яго знявечаныя рукі ў свае далоні, і гарачыя слёзы капалі мне на рукі. Потым ён сказаў:
Я не саромеўся смяяцца і радавацца перад табой у дні весялосці і радасці, дык чаго ж я буду саромецца цябе ў час журбы? Але ведай, Сінухе, што плачу я не з-за сябе або страчанага багацця, не з-за страчанага царства, хоць я заўсёды чапляўся за ўладу і багацці зямныя. А цяпер я плачу па маёй жонцы Кефцью, я плачу па сваім старэйшым сынепрыгажуне і меншым пяшчотным сыночку, бо заўтра ім наканавана памерці разам са мною.
— Азіру, цар Амарэі, — адказаў я яму. — Ты падумай пра Сірыю, якая, дзякуючы тваёй ненасытнай празе ўлады, ператварылася ў вялізную магілу, поўную гніючых трупаў. Праз цябе, Азіру, загінула незлічонае мноства людзей. Таму будзе цалкам справядліва, што заўтра ўранні цябе пакараюць смерцю, і можа, правільна, што ўся твая сям'я загіне разам з табой. Аднак ведай, што я прасіў і нават маліў Харэмхеба пакінуць жыццё тваёй сям'і, але ён не згадзіўся. Харэмхеб не згадзіўся, бо хоча вынішчыць у Сірыі тваё семя і сцерці з людской памяці тваё імя. Ён не дазволіць нават пахаваць цябе, Азіру, і аддасць тваё цела на спажыву падлажэрам, бо ён хоча, каб на тваёй магіле потым збіраліся людзі дзеля нядобрых задум і спраў, заклікаючы на дапамогу тваё імя.
Вялікі жах ахапіў Азіру, калі ён пачуў такое:
— Дзеля майго Ваала, Сінухе, прынясі вялікую ахвяру з віна і мяса Ваалу Амарэйскаму пасля маёй смерці, іначай мне давядзецца векавечна пакутаваць ад смагі і голаду, блукаючы ў цемры па апраметнай. Прынясі такую самую ахвяру і дзеля Кефцью, якую ты некалі кахаў, але ў імя нашай дружбы аддаў мне. Зрабі тое самае дзеля маіх сыноў, каб я мог спакойна памерці і не смуткаваць душой па іх долі. Я не магу ганіць і асуджаць Харэмхеба за такое рашэнне, бо зрабіў бы, напэўна, тое самае з ім і ягонай сям'ёй, калі б ён апынуўся ў маіх руках. Праўду кажучы, Сінухе, я плачу і адначасова радуюся, бо мая сям'я зможа памерці разам са мною, і наша кроў зліецца ў адно, а іначай там, у апраметнай, я змучыўся б ад думкі, што нехта тут, на зямлі, абдымае і цалуе Кефцью ды лашчыць яе прыгожае цела. У яе ж было столькі багата паклоннікаў, і столькі вершаплётаў услаўлялі яе незвычайную прыгажосць. Лепш таксама і тое, што мае сыны памруць заўтра, бо яны нарадзіліся царамі і насілі кароны яшчэ ў люльках, і я не перажыў бы, каб яны сталі рабамі ў Егіпце.
Ён зноў пачаў піць піва і нават крыху ап'янеў, бо быў знясілены катаваннем. Ён збіраў сваімі знявечанымі пальцамі бруд, якім закідвалі яго ворагі, і казаў:
— Сінухе, мой сябра, ты дарэмна дакараеш мяне, кажучы, што праз мяне Сірыя стала адной вялізнай магілай, поўнай гніючых целаў. Адзіная мая віна ў тым, што я прайграў у гэтай барацьбе і даверыўся хетам. Калі б я перамог, то ўсю віну за ўчыненае зло я пераваліў бы на Егіпет,
і маё імя бласлаўляў бы кожны сірыец. А цяпер, калі я прайграў, усё валяць на мяне, і ўся Сірыя праклінае маё імя.
Ад моцнага піва ён зусім ап'янеў і, узняўшы скаваныя рукі, пачаў скубці сівыя пасмы і са стогнам сказаў:
— О Сірыя, Сірыя, мая пакута, мая надзея і любоў! Усё, што я рабіў, — я рабіў дзеля цябе, дзеля тваёй велічы, я паўстаў дзеля тваёй свабоды, а ў дзень маёй смерці ты плюеш на мяне і праклінаеш маё імя! О красун Бібл, о квітнеючая Сіміра, хітры Сідон і магутная Яфа! О вы, гарады, якія ззялі ў маёй кароне, як марскія перліны, чаму вы пакінулі мяне?! Але мая любоўда вас занадта вялікая, каб я ўзненавідзеў нават ваша адступніцтва, бо я люблю Сірыю такою, якой яна ёсць: ілжывай, жорсткай, капрызлівай і заўжды гатовай да здрады. Адзін род займае месца другога, народы ўтвараюцца і знікаюць, царствы змяняюць адно аднаго, як дым рассейваюцца слава і веліч, але вы, мае цудоўныя гарады, жывіце вечна, каб пыл майго цела, развеяны ветрам па пустэльні, мог прыляцець і пацалаваць вашыя камяні.
Я слухаў яго, і на душы ў мяне рабілася ўсё болей сумна. Я бачыў, як яго ахоплівае п'янае летуценне, і не хацеў яго будзіць, каб не прагнаць гэтыя мроі, якія суцяшалі яго перад смерцю. Таму я па-ранейшаму трымаў яго рукі ў сваіх далонях, а ён са стогнам прамаўляў:
— Сінухе, я не шкадую ні аб сваёй смерці, ні аб паражэнні, бо без вялікай адвагі і дзёрзкасці не бывае вялікіх перамогаў, а перамога і веліч Сірыі былі, здаецца, ужо зусім побач. Ва ўсе дні свайго жыцця я бязмежна кахаў, гэтак жа бязмежна ненавідзеў, а таму не магу нават уявіць сабе іншага жыцця, дый не хачу, каб яно было ў мяне іншым! Я ні аб чым не шкадую, не шкадую аб зробленым, хоць мае здзяйсненні ляжаць на мне вялікім цяжарам — яны аблыталі мяне і вядуць да ганебнай смерці, бо маё цела кінуць шакалам. Але я, Сінухе, чалавек цікаўны, ува мне, як і ў кожным сірыйцы, цячэ кроў гандляра. Заўтра мне трэба памерці, смерць абуджае ўва мне вялікую цікаўнасць, і я хачу ведаць, ці ёсць у мяне які-небудзь сродак адкупіцца ад смерці і ашукаць багоў, бо маю душу вельмі засмучае думка аб тым змрочным свеце, які векавечна жыве пагружаны ў цемру. Сінухе, ты ж сабраў у сваім сэрцы ўсю зямную мудрасць, дык назаві мне сродак, якім можна падкупіць смерць!
Але я толькі пакруціў галавой:
— He, Азіру. Яе не падкупіш і не падманеш, як што-небудзь іншае. Падкупіць можна каханне і ўладу, дабро і зло, розум і сэрца, але смерць і нараджэнне падкупіць немагчыма. Але гэтаю ноччу, пакуль трымціць яшчэ агеньчык у свяцільні, я хачу сказаць табе, Азіру, што няма нічога страшнага ў смерці, наадварот, смерць — гэта асалода. Параўнай яе са злом, якое дзеецца ў свеце, і ты ўбачыш, што смерць чалавеку — най-
дабрэйшы сябар. Як лекар, я не надта веру ў замагільнае жыццё, а як егіпцянін, не веру ні ў Палі захаду, ні ў зберажэнне цела. Смерць для мяне — гэта працяглы сон, гэта свежая прахалодная ноч пасля спякотнага дня. Напраўду кажу табе, Азіру: жыццё падобнае да гарачага пустэльнага пылу, а смерць — да свежай летняй вады. У смерці твае вочы заплюшчваюцца і нічога болей не бачаць, тваё сэрца супакойваецца і ні аб чым больш не баліць, у смерці твае стомленыя рукі не ірвуцца да працы, а натомленыя ногі не бягуць па запыленых бясконцых дарогах. Вось што такое смерць, мой дружа Азіру, і дзеля нашай дружбы я прынясу вялікую ахвяру табе і тваёй сям'і перад Ваалам Амарэйскім. Я прынясу табе і тваёй сям'і вялікую ахвяру, адпаведную тваёй царскай годнасці, калі гэта хоць неяк суцешыць цябе, хоць сам я не веру ў карысць ад ахвяраванняў. Але перасцерагчыся не пашкодзіць, і я прынясу ахвяру, пра якую ты просіш, — каб ты не пакутаваў ад смагі і голаду ў глыбіні апраметнай, нават калі той апраметнай зусім няма.
Ад маіх словаў Азіру прыйшоў у захапленне і заўважыў:
— Калі будзеш прыносіць ахвяры, бяры авечак толькі з Амарэі, бо ў іх самае пяшчотнае і тлустае ў свеце мяса, яно проста растае ў роце. He забудзься і на авечыя ныркі, бо іх я люблю больш за ўсё. Ды прынясі добрага сідонскага віна, у якое я зазвычай дадаю міра, бо маёй крыві патрэбна моцнае віно і багатая тлустая ежа. А яшчэ ахвяруй мне мяккі і трывалы ложак, які вытрымае вялікую нагрузку, і каб мне не валяцца на траве, як пастуху, хоць толькі зямля не будзе прагінацца і трашчаць пад целам Кефцью.