• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Хутчэй выбірай, — прыспешыў мяне Харэмхеб, — выбірай, Сінухе, паміж жыццём і смерцю, бо ты не можаш застацца жывы пасля таго, што пачуў. Гэта таямніца фараонаў, і сведкаўтут быць не павінна.
    Я не пагляджу, што ты мой сябар, — яшчэ адно слова, і я разрэжу табе горла ад вуха да вуха. Ты ўжо звязаны з намі адным агульным злачынствам, і мы ахвотна падзелім з табой другое, калі можна назваць злачынствам вызваленне Егіпта ад улады хетаў ды ашалелай бабы.
    Так я апынуўся ў нераце, які сплялі мне мае ўласныя ўчынкі. Вяроўкі, якая так моцна звязвала мяне, пачынала віцца з вельмі далёкіх часоў — з ночы смерці вялікага фараона, а можа й раней, калі стары Птахор прыходзіў у дом майго бацькі, ці яшчэ раней, калі я плыў у трысняговым чоўне ўніз па рацэ. Але толькі падаўшы фараону Эхнатону чашу са смяротным напоем, я неадрыўна прывязаў сябе да Харэмхеба і Эйе. Зрэшты, я быў тады ў такой жальбе і адчаі, што нічога не зразумеў.
    — Ты ведаеш, Харэмхеб, што я не баюся смерці, — адказаў я, дарэмна стараючыся надаць сабе бадзёры выгляд, бо мне зусім не хацелася гінуць пад нажом, які Харэмхеб трымаў каля майго горла.
    Я пішу гэта не дзеля таго, каб неяк прыўкрасіць сваю асобу, і павінен з сорамам прызнацца, што тою ноччу думка пра смерць вельмі палохала мяне, асабліва таму, што ўзнікла яна нечакана і я не меў часу да яе прызвычаіцца. Каб я мог падрыхтавацца да смерці, я так не спалохаўся б. Але тады я думаў не пра смерць, а пра палёт імклівых ластавак над вадой, пра тое, якое смачнае віно ў фіванскай гавані, пра смажаную па-фіванску гуску, якою так цудоўна гатуе Муці, і жыццё мне падалося такім салодкім. Я падумаў і пра Егіпет, пра тое, што фараону Эхнатону давялося памерці, каб выратаваць сваё царства і Харэмхеб ваеннаю сілай мог адбіць напад хетаў. А Эхнатон быў маім сябрам — не тое, што гэты чужаземны і невядомы мне сын хецкага цара, які за вайну, мабыць, натварыў такога, што тысячу разоў заслугоўвае смерці. Дык чаму б і не забіць яго дзеля выратавання Егіпта? У дадатак да ўсяго, мне вельмі хацелася спаць, і таму, пазяхаючы, я сказаў:
    — Схавай свой йож, Харэмхеб, выгляд гэтай дурной зброі мне непрыемны. Хай будзе так, як ты сказаў. Я гатовы зноў выратаваць Егіпет ад улады хетаў, хоць не маю ніякага ўяўлення, як мне ўдасца гэта зрабіць. Напэўна, мне давядзецца заплаціць жыццём, бо хеты безумоўна, мяне заб'юць, калі Супату памрэ. Але я не надта трасуся за сваё жыццё і зусім не хачу, каб хеты селі на трон егіпецкіх фараонаў. Аднак майце на ўвазе, што я згаджаюся не дзеля вашай узнагароды, а таму, што здзейсніць гэта мне наканавана зоркамі яшчэ да майго нараджэння і ўнікнуць наканаванага я не магу. Дык прыміце царскія кароны з маіх рук, вы, Харэмхеб ды Эйе, прыміце і ўслаўце маё імя, імя простага лекара Сінухе, які зрабіў вас фараонамі!
    Калі я завяршаў сваю прамову, мне так і рупіла зарагатаць, бо не ў іх, а ў маіх жылах цякла царская кроў, і напэўна, я быў адзіны законны
    спадкаемец царскай улады: Эйе паходзіў з нязначных жрацоў богасонца, а ад бацькоў Харэмхеба дагэтуль пахла хлявом і сырам. Я заціснуў рот рукой і захіхікаў, нібы старая баба, уяўляючы, што, калі б я валодаў такой цвёрдасцю і ўпартасцю, як Харэмхеб, або жорсткасцю і зламыснасцю, як Эйе, маё жыццё пайшло б зусім па-іншаму, і калі б я знайшоў пацверджанне свайго высокага паходжання, то цяпер сам узыходзіў бы на царскі трон, бо ў такія бурныя і цёмныя часы ўсё бывае магчыма. Але ўлада палохала мяне, і акрываўленыя царскія кароны ўсялялі ў маю душу жах, бо сонечная егіпецкая кроў ува мне змяшалася са слабой мітаннійскай крывёю, змрочнаю і вечаровай. Таму ў хвіліну небяспекі і выпрабаванняў мяне разбірае смех, а ад страху я хачу спаць, чым адрозніваюся ад астатніх.
    Мой смех вельмі злаваў Харэмхеба, і ён зноў пачаў нецярпліва хвастаць сябе бізуном па назе Але Эйе не звярнуў на мой смех ніякай увагі. Ён быў стары чалавек і шмат пабачыў у жыцці, каб зважаць на чужыя смех ці слёзы, — для яго значэнне мелі толькі ўласныя пачуцці і жаданні. У гэтую хвіліну я ўбачьгў іх сапраўдныя абліччы, без раскошнага ўбрання, — я ўбачыў, што гэта былі простыя рабаўнікі, якія абіралі мёртвае цела Егіпта, ці неразумныя дзеці, якія прагнулі ўдосталь нагуляцца з царскімі каронамі ды іншымі знакамі царскай улады. Я ўбачыў, што яны сталі рабамі сваіх жаданняў, неспатольнай прагі ўлады і цяпер ужо ніколі не будуць шчаслівыя. Я рэзка перастаў смяяцца, бо мае вочы выразна ўбачылі будучыню. I я сказаў Харэмхебу:
    —	Харэмхеб, мой дружа, царскі вянец — цяжкая ноша. Ты спасцігнеш гэта аднойчы, калі спякотны дзень будзе схіляцца да вечара, калі скаціну пагоняць да ракі на вадапой, а вакол цябе запануе мёртвая цішыня.
    Але Харэмхеб адказаў:
    —	Пара ў дарогу, бо карабель чакае. Ты павінен сустрэць Супату ў Сінайскай пустэльні, раней чым ён даедзе да Таніса.
    Так, сярод ночы я спешна выехаў з Фіваў. Харэмхеб даў мне самы хуткі свой карабель, на які я загадаў пагрузіць свой лекарскі куфэрак і рэшткі смажанай па-фіванску гускі, якую Муці згатавала мне на абед. Загадаў я пагрузіць і віно, каб неяк бавіць час у дарозе, бо якая доля мяне чакала наперадзе, мне ўжо было ўсё адно.
    2
    На караблі ў мяне хапала часу на роздум, і разважыўшы над тым, што сказаў Харэмхеб, я пачаў прыспешваць весляроў як мог: я падганяў іх палкамі і абяцаў багатыя дарункі, бо чым болей думаў, тым больш разумеў, што на Егіпет з пустэльні насоўваецца вялікая небяспека. Я мог бы лёгка цяпер апраўдаць і нават уславіць сябе, сказаўшы, што рабіў
    усё гэта дзеля Егіпта, але сутнасць чалавечых паводзінаў не такая простая — віно яго ўчынкаў ніколі не бывае чыстым, у ім заўсёды змяшана шмат розных матываў. Гэтыя радкі я пішу ддя сябе і таму магу прызнацца, што наўрад ці ўзяўся б за гэтую справу, калі б не адчуў тою ноччу вялікі страх смерці ў сваім доме. Але каб выканаць гэтае даручэнне, мне давялося спачатку яго старанна ўпрыгожыць і апрануць у квяцістыя строі, каб самому паверыць, нібыта я стараюся дзеля дабрабыту зямлі Кэмет, ратуючы яе ад вялікай небяспекі. Толькі цяпер, на старасці гадоў, я ўжо не веру гэтаму, як тады, калі мяне калаціла ліхаманка нецярпення і прага дзеяння і я ляцеў на караблі ўніз па рацэ і ад узрушэння не мог нават спаць. Я зноў адчуваў сябе адзінокім, але мая самота была не тая, што ў іншых, яна большая, бо я нікому не мог адкрыць сваю таямніцу і ні ў каго не мог папрасіць дапамогі. Мая таямніца была таямніцаю фараонаў, і калі б яна адкрылася, загінулі б тысячы. Я павінен быў стаць болей увішнымі вёрткім, чым змяя, бо, калі б мае намеры раскрыліся, мяне чакала б жахлівая смерць ад рук хетаў.
    Адначасова ўва мне расла спакуса проста ўцячы і схавацца, як некалі, у казцы, зрабіў мой цёзка Сінухе, падслухаўшы таямніцу фараона. Мной авалодвала вялікае жаданне кінуць усё і аддаць будучыню Егіпта на волю лёсу, і калі б я так зрабіў, падзеі пайшлі б зусім іншым шляхам і свет выглядаў бы цяпер інакш. Добра гэта было б ці дрэнна, сказаць не магу. Цяпер, на схіле сваіх дзён, я разумею, што ўсе ўладары і народы ўрэшце аднолькавыя і не мае значэння, хто сядзіць на троне і які народ прыгнятае другі, бо ў выніку пакутуе заўжды просты люд і, калі б я тады ўцёк, нічога не змянілася б.
    Але я не ўцёк, бо я слабы чалавек, а слабы заўсёды падпарадкоўваецца волі іншага і выкоцвае чужыя, нават самыя жахлівыя даручэнні, замест таго, каб самому вырашаць свой лёс. Напраўду, слабы чалавек лепш дазволіць задушыць сябе, чым адважыцца парваць пятлю на сваёй шыі, і такіх людзей, на маю думку, на свеце шмат.
    Так што Супату павінен быў памерці, і я, седзячы пад залатым баддахінам з гарлачом віна, напружваў увесь свой розум і вынаходлівасць, прыдумваючы такі спосаб забойства, які не дазволіў бы знайсці вінаватага і не паставіў бы Егіпет у небяспеку за мой учынак. Гэта было нялёгка, бо хецкі царэвіч, адпаведна яго царскай годнасці, падарожнічаў з вялікаю світай. Апроч таго, хеты — народ недаверлівы і заўсёды прымаюць усе магчымыя меры перасцярогі. Нават сустрэўшыся з ім сам-насам у пустэльні, я не мог бы забіць яго ні стралою, ні дзідай, бо тым самым пакінуў бы сляды свайго злачынства. Я думаў, што Супату можна было б завабіць на пошукі васіліска, у якога замест вачэй зялёныя каштоўныя камяні, а потым спіхнуць са скалы і сказаць, што ён сам падвярнуў нагу і забіўся насмерць. Але гэта было проста дзіцячаю
    казкай, бо ніхто не адпусціў бы царскага сына аднаго ў пустэльню: кожны ў свіце адказвае за яго жыццём перад ягоным бацькам, вялікім царом Супілуліумам. Я мог быць упэўнены, што мне не дадуць нават пагутарыць з ім сам-насам. Што да піцця і ежы, то і тут усе знатныя хеты былі абачлівыя і, асцерагчыся атруты, звычайна трымалі пры сабе адмысловых людзей, якія каштавалі ўсё перш, чым падаць гаспадару. Атруціць знатнага хета такім спосабам было немагчыма. Урэшце я пачаў перабіраць розныя гісторыі пра таемныя атруты жрацоў і яды Залатога палаца. Я ведаў, што атрутай можна насыціць няспелы плод яшчэ на галінцы, і той, хто яго сарве, потым немінуча памрэ. Я ведаў, што скруткі з пісьмёнамі маглі прынесці смерць таму, хто іх разгортваў. Я ведаў, што чалавек можа памерці ад водыру кветкі, якую жрацы апрацавалі адпаведным чынам. Але таямніцы гэтых ядаў былі мне невядомыя, дый якімі таемнымі ведамі я не валодаў бы, карысці ад гэтага не было: я не мог вырасціць у пустэльні пладовыя дрэвы, у хецкіх вяльможаў не было звычкі самім разгортваць скруткі — яны гэта даручалі пісарам, а што да кветак, дык хетам больш звыкла было іх таптаць ды ссякаць бізуном, а не нюхаць.
    Чым больш я думаў над даручанай справай, тым цяжэйшай яна здавалася. I тут патрэбна была ўся хітрамудрасць Каптаха, але даверыць гэтую таямніцу яму я не мог, дый сам ён пакуль заставаўся ў Сірыі, бо справядліва лічыў, што сірыйскі клімат пасля падзення царства Атона, быў яму болей карыснейшы за егіпецкі. Таму я заклікаў на дапамогу ўсю сваю вынаходлівасць і лекарскія веды, бо смерць для лекара старая знаёмая. Сваімі зёлкамі лекары могуць як залячыць хворага да смерці, так і зрабіць яго здаровым. Калі б Супату захварэў, і мне давялося б яго лячыць, і я лёгка звёў бы яго ў магілу так, што ніводзін лекар не папракнуў бы мяне, бо лекары заўсёды трымаюцца разам і разам хаваюць свае таямніцы і хібы. Але ж Супату не быў хворы, дый каб захварэў, наўрад ці даверыўся б егіпцяніну.