Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Ён крыху памаўчаў і дадаў:
— I выведзі сваіх воінаў з горада, бо іх тут занадта многа, яны непакояць мяне і бясконцым сваім гоманам перашкаджаюць мне спаць, хоць раней я на сон ніколі не скардзіўся і спакойна спаў у сваёй вежы, нягледзячы на грукат таранаў, бразгат зброі і шум пажараў. Напраўду кажу, выведзі іх з горада, бо ў Газе я — фараон, і я магу загадаць сваім воінам пакараць тваіх, калі яны не перастануць шумець і будуць перашкаджаць мне спаць.
Ройю-Бычыны карак і праўда не мог спаць з той пары, як знялі аблогу. Яму не дапамагалі ні сонныя зёлкі, ні віно, наадварот — ад выпітага ён спаў яшчэ горш. Ён усё ўспамінаў, якія прыпасы ляжаць на складах, як яны былі патрачаныя, ён імкнуўся ўспомніць усё да апошняй дробязі і ад таго ніяк не мог заснуць. Потым ён з'явіўся да Харэмхеба і пакорліва сказаў:
— Ты мой уладар і ты вышэй за мяне. Таму загадай мяне пакараць, бо я абавязаны даць фараону справаздачу за ўсё, што ён мне даверыў, а я не магу зрабіць гэтага, бо ўсе дакументы згарэлі, калі хецкі гаручы
гаршчок трапіў у мой пакой. А мая памяць болей не служыць мне, яна аслабела ад турботаў і бяссоння. Я, здаецца, успомніў усё, апроч аднаго. У мяне на складзе было чатыры сотні асліных падхвоснікаў, а цяпер я не магу іх нідзе знайсці, і мае пісары таксама не могуць, хоць я штодзень лупцую іх бізунамі так, што яны не могуць ні сядзець, ні хадзіць, а толькі поўзаюць на карачках. Харэмхеб, я не ведаю, куды яны дзеліся, гэтыя чатырыста асліных падхвоснікаў, бо мы ўжо даўно з'елі ўсіх аслоў у горадзе і гэтая збруя нам была непатрэбная. У імя Сэта і ўсіх ягоных нячысцікаў, Харэмхеб, адлупцуй мяне за гэты падхвоснікі, бо я баюся фараонава гневу і не магу з'явіцца яму на вочы, пакуль я не знайду тыя падхвоснікі, як таго патрабуе мая годнасць,
Харэмхеб паспрабаваў яго супакоіць, сказаўшы, што падаруе яму чатыры сотні падхвоснікаў, каб усе лічбы ў справаздачы супалі, але Ройю ад такой прапановы расхваляваўся яшчэ болей і закрычаў:
— Ты, напэўна, хочаш назаўсёды пагубіць мяне ў вачах фараона! Калі я вазьму ў цябе гэтыя падхвоснікі, гэта ўжо не будуць тыя самыя, што трапілі на мае склады і якія фараон літасціва даверыў мне зберагаць, як начальніку Газы! Ты хочаш зганьбіць мяне перад фараонам і злавіць мяне на хлусні, бо зайздросціш маёй вялікай славе і хочаш стаць галоўным начальнікам у Газе! Можа, гэта твае паганцы і ўкралі ў мяне гэтыя падхвоснікі, каб ты мог абвінаваціць мяне і стаць галоўным у горадзе? Але я адмаўляюся ад тваёй падступнай прапановы і не вазьму тваіх падхвоснікаў, бо я адзін адказваю за Газу і буду ўтрымліваць яе да апошняга са сваімі воінамі. А тых чатырыста падхвоснікаў я знайду, хоць бы мне дзеля гэтага давялося перакапаць па каменьчыку ўсю Газу!
Пачуўшы гэта, Харэмхеб занепакоіўся аб душэўным здароўі Ройю і прапанаваў яму паехаць адпачыць у Егіпет з жонкай і дзецьмі. Але прапанаваць такое Ройю было не варта: гэта толькі пацвердзіла яго падазрэнні наконт Харэмхебава жадання заняць самую высокую пасаду ў Газе і пазбавіцца ад яго. I ён так адказаў Харэмхебу:
— Газа — вось мой Егіпет, муры Газы — вось мая жонка, а вартавыя вежы — вось мае дзеці. Але я распароў бы жывот сваёй жонцы і пазабіваў бы дзяцей, каб толькі знайсці тыя падхвоснікі!
He сказаўшы ні слова Харэмхебу, ён загадаў пакараць смерцю пісарчука, з якім перажыў усе пакуты хецкай аблогі, і раскапаць рыдлёўкамі ды разбіць ламамі падлогу ў вартавых вежах, шукаючы няшчасныя падхвоснікі. Даведаўшыся пра такое свавольства, Харэмхеб загадаў зачыніць яго ў пакоі, паставіў да дзвярэй вартавых і звярнуўся да мяне па параду. Я пагутарыў з Ройю самым ветлівым чынам, хоць ён не выказваў ніякай дружалюбнасці і падазраваў, што я таксама кваплюся на яго месца. Пасля размовы я сказаў Харэмхебу:
— Гэты чалавек не супакоіцца, пакуль ты не выйдзеш са сваімі воі-
намі з Газы і ён не зачыніць за вамі браму, пачаўшы нарэшце ўладарыць у горадзе, як фараон.
— У імя Сэта з усімі нячысцікамі! — усклікнуў Харэмхеб. — Як жа я магу пайсці, калі з Егіпта не прыйшлі караблі з падмацаваннямі, зброяй і харчамі, без якіх мне не выйсці ў паход на Яфу. Муры Газы мая адзіная абарона, і пакінуўшы іх, я магу страціць усё, чаго дабіўся з такімі цяжкасцямі.
Я падумаў і няўпэўнена прапанаваў:
— Можа, для яго самога было б шчасцем, каб я ўскрыў яму чэрап і паспрабаваў вылечыць? Ён вельмі пакутуе, і яго трэба прывязаць да ложка, іначай ён нашкодзіць табе і сабе.
Але Харэмхеб не захацеў, каб ускрывалі чэрап самаму славутаму егіпецкаму герою, бо, калі б Ройю памёр, гэта пашкодзіла б славе самога Харэмхеба. Таму ён паслаў да Ройю мяне, і з дапамогай некалькіх дужых воінаў я змог прывязаць яго да ложка і напаіць супакаяльным зеллем. Але яго вочы па-ранейшаму свяціліся зялёным агнём, як у драпежніка, ён з усяе сілы выпручваўся і, пырскаючы пенай, у шаленстве крычаў:
Ці я ўжо не начальнік у Газе, ты, шакал Харэмхеба!? Я ўспомніў: у мяне ў сутарэнні сядзіць адзін сірыйскі віж, я пасадзіў яго туды перад прыходам твайго гаспадара! Я проста забыўся павесіць яго ўніз галавой на гарадскім муры! Але цяпер я зразумеў, што якраз гэты пракляты зламыснік і вінаваты ў тым, што мае чатыры сотні падхвоснікаў немаведама куды зніклі. Прывядзіце яго, і я прымушу яго іх знайсці! Прывядзіце яго хутчэй і дайце мне спакойна заснуць!
Ён яшчэ доўга лютаваў і крычаў пра сірыйскага выведчыка. Тады мне нарэшце надакучыла яго слухаць, і я, загадаўшы прынесці паходню, пайшоўу падзямелле, дзе прыкаваныя да сценаў ланцугамі сядзелі вязні. Вартаваў вязенне сляпы дзед, які аслеп, бо ўсё жыццё правёў у сутарэннях Газы і навучыўся хадзіць па заблытаных падземных праходах без агню. Я спытаўся ў яго пра сірыйскага шпіёна, якога ўзялі ў палон перад самым канцом аблогі, але ён пакляўся, што такога не ведае. Ён запэўніваў мяне, што ўсе вязні даўно ўжо памерлі, бо Ройю пасля таго, як аднойчы выклікаў іх на допыт, потым загадаў больш не карміць. Але я добра ведаю людзей, і таму не паверыў старому, прыгразіўшы жорсткім пакараннем. Тады ён кінуўся на калені і загаласіў:
— Злітуйся, мой гаспадар, я ўсё жыццё аддана служыў Егіпту, дзеля яго я катаваў палонных і адбіраў у іх ежу. Але гэта шпіён не такі, як усе, ён мае дзівосны язык і заліваецца салаўём. Ён абяцаў мне вялікае багацце, калі я буду карміць яго і зберагу яму жыццё да прыходу Харэмхеба. А яшчэ ён абяцаў вярнуць мне зрок, бо некалі ён сам быў сляпы, але адзін цудадзейны лекар вылечыў яму вока, і ён абяцаў, што
прывядзе мяне да гэтага лекара, каб той зрабіў мяне відушчым і я мог жыць у горадзе сярод людзей, карыстаючыся сваім багаццем, бо за хлеб і ваду, якія я насіў яму, ён мне вінаваты больш за два мільёны дэбенаў золатам. Праўда, я не сказаў яму, што Харэмхеб ужо ў Газе, бо хацеў каб яго доўг яшчэ павялічыўся. А ён хацеў, каб я таемна правёў яго да Харэмхеба, як толькі той увойдзе ў Газу, і запэўніваў мяне, што яго зараз жа вызваляць і ўзнагародзяць залатым ланцугом. Я верыў яму, бо супраць яго языка не ўтрымаешся, але я збіраўся павесці да Харэмхеба, калі яго доўг дасягне трох мільёнаў, бо гэта круглая лічба і мне лягчэй трымаць яе ў галаве.
Я слухаў старога і адчуваў, як калені ў мяне пачынаюць калаціцца і сэрца робіцца млявым, нібы ператвараючыся ў ваду. Я здагадваўся, пра каго ён кажа. Але, стрымаўшыся, сказаў:
— Дзед, столькі золата няма ва ўсім Егіпце разам з Сірыяй. I, мяркуючы па тваіх словах, гэты чалавек вялікі круцель і хлус і заслугоўвае жорсткага пакарання. Зараз жа вядзі мяне да яго і маліся багам, каб з ім не здарылася нічога дрэннага, бо за яго ты адкажаш сваёй дурною сляпой галавой.
Роспачна галосячы і заклікаючы на дапамогу Амона, дзед павёў мяне ў дальні канец пячоры, які заваліў каменнем, каб воіны Ройю не знайшлі яго. Пасвяціўшы паходняй, я згледзеў прыкаванага да сцяны чалавека ў сірыйскай вопратцы. Яго спіна бала пасечаная бізуном, а скура на жываце звісала да самых каленяў. Ён глядзеў на мяне адзіным вокам, адсланяючы яго рукой ад яркага святла, якое пасля доўгага сядзення ў цемры прычыняла яму рэзкі боль. Вязень сказаў:
— Ці гэта ты, мой гаспадар Сінухе? Блаславёны той дзень, які прывёў цябе да мяне! А цяпер паспяшайся загадаць, каб сюды прывялі каваля і разбілі гэтыя ланцугі, ды прынясі мне гарлач піва, бо гэта дапаможа мне забыцца на свае беды і пакуты, а яшчэ загадай сваім рабам нацерці мяне самым лепшым алеем, бо я прывык да раскошы, а гэтыя цвёрдыя камяні сцерлі ўсю скуру на маёй задніцы. Я не буду пярэчыць, калі ты загадаеш падрыхтаваць мне мяккі ложак і прыслаць некалькі дзеў з храма Іштар ддя ўцехі — як ты можаш бачыць, мой вялізны жывот цяпер не перашкодзіць мне ў любоўных забавах, хоць за некалькі дзён я з'еў хлеба на два мільёны дэбенаў.
— Каптах, Каптах, — сказаў я, апускаючыся каля яго на калені і абдымаючы яго пакусаныя пацукамі плечы. — Цябе не выправіць і магіла! А ў Фівах казалі, што ты загінуў. Праўда, я не верыў гэтаму і вось, у пацверджанне сваіх думак, знайшоў цябе. Як я рады, што ты жывы!
Каптах адказаў:
— А ты, мой гаспадар, такі самы пустабрэх, як раней! Больш не кажы мне пра багоў, бо ў сваіх няшчасцях я ім маліўся ўсім, якіх толькі
ведаю, — і вавілонскім, і хецкім, але ніводзін не дапамог мне. Я толькі разарыўся праз хцівасць гэтага турэмшчыка! Адзін наш скарабей дапамог мне! Гэта ён прывёў цябе сюды! А начальнік гарнізона — вар'ят: ён не верыць ніводнаму разумнаму слову, і загадаў сваім воінам абабраць мяне да ніткі ды расцягнуць на коле — так, што я роў нема. Але нашага скарабея я, на шчасце, збярог, хоць сховішча ў яго было не прыдатнае для любога іншага бога. Я схаваў яго ў адно хітрае месца на целе... Але ж яму яно добра падышло, калі ён прывёў цябе да мяне! Такі цуд мог здарыцца толькі па яго свяшчэннай волі.
I ён паказаў мне скарабея, усяго запэцканага тым, што выходзіць з хітрага месца, дзе Каптах хаваў яго. Я загадаў кавалям раскаваць ланцугі і павёў Каптаха ў свае пакоі, бо ён аслабеў і не мог глядзець на святло. Там я распарадзіўся, каб рабам памылі яго, нацерлі вохнымі масцямі і апранулі ў тонкае адзенне, а тадві надзеў на яго свой залаты ланцуг, бранзалеты ды іншыя аздобы, якія надалі яму адпаведны ягонай годнасці выгляд. I ўвесь час, пакуль рабы завіхаліся вакол яго, KanTax еў мяса, піў віно і задаволена адрыгваў. А яго былы вартаўнік безупынна грукаў у дзверы і крычаў, што Каптах вінаваты яму два мільёны трыста шэсцьдзесят пяць тысяч дэбенаў золатам за тое, што, рызыкуючы жыццём, ён цягаў яму харчы з гарнізонных свірнаў. 3 усяго гэтага я зрабіў выснову, што ў Газе, апроч начальніка Ройю, ёсць і іншыя вар'яты. Нарэшце гэты дзед мне ўстыў, і я сказаў Каптаху: