Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Вось так Харэмхебу, які з'явіўся пад Газай, удалося разграміць войскі, якія трымалі крэпасць у аблозе. Рэшткі сірыйскіх і хецкіх войскаў пахаваліся за мурамі навакольных гарадоў. А егіпецкія караблі, якія вялі бой з караблямі сірыйцаў непадалёк ад Газы, увайшлі ў гэты час у гарадскую гавань. Марская бітва скончылася без выніку, бо егіпецкія караблі мусілі проста схавацца ў гавані Іпрычым некаторыя пайшлі на дно ўжо каля самага ўваходу ў порт, пакуль недаверлівы начальнік гарнізона вырашаў, ці варта адкрываць ім праход), а аб’яднаны сірыйскі і
хецкі флот паплыў у Цір і Сідон залапліваць там свае дзіркі. Бітва скончылася без перамогі аднаго з бакоў, бо абодва флаты пакінулі месца бою, але Харэмхебу і з гэтага ўдалося здабыць выгоду, бо ў выніку ён змог падвезці морам прыпасы ў Газу, а з яе адправіць у Егіпет параненых.
Дзень, калі брама непераможанай Газы адчыніліся перад войскамі Харэмхеба, дагэтуль святкуецца ва ўсім Егіпце і прысвячаецца багіні Сэхмет. У гэты дзень хлапчукі на вуліцах б’юцца палкамі і трысняговымі дзідамі, гуляючы ў аблогу Газы, Напэўна, ніводзін горад не абараняўся з такой упартасцю, і, бясспрэчна, начальнік гарнізона заслужыў славу і знакі пашаны, якімі яго асыпалі за абарону Газы. Таму я назаву яго імя, хоць ён і быў сведкам маёй ганьбы, калі мяне ў кашы ўсцягвалі на гарадскі мур. Гэтага чалавека звалі Ройю.
Воіны празвалі яго Бычыны карак, і гэтая мянушка выдатна яму пасавала, бо больш упартага і недаверлівага чалавека сустракаць мне не даводзілася. Пасля перамогі над хетамі Харэмхебавы воіны цэлы дзень марна дулі ў трубы пад мурамі Газы, пакуль Ройю нарэшце адважыўся адчыніць браму, упусціўшы ў горад аднаго Харэмхеба, каб упэўніцца, што гэта сапраўды ён, а не пераапрануты сірыйскі шпіён. Але і тады, калі Ройю зразумеў, што Харэмхеб разбіў хетаў і Газе нічога не пагражае, ён не вельмі ўзрадаваўся, а застаўся такім самым злосным і змрочным і распараджаўся ў горадзе так, быццам сам не павінен нікому падпарадкоўвацца.
Пра гэтага Ройю я хачу расказаць яшчэ, бо чалавек ён быў яўна прыдуркаваты і праз сваю неверагоднаю ўпартасць змог пасварыцца ў Газе з усімі. Відаць, яго ўпартасць была ўсё-ткі ўпартасцю вар'ята. Але ж трэба прызнаць, што каб не яна, Азіру і хецкія войскі даўно ўзялі б горад. Я думаю, нідзе ў іншым месцы Ройю не здабыў бы такіх славы і поспеху, і багі ці шчаслівы выпадак прызначылі яму месца менавіта ў Газе, адпаведна з яго характарам. Ён быў у свой час сасланы ў Газу за заўсёдныя спрэчкі з начальствам. Сярод узбярэжных гарадоў Газа лічылася самым нязначным і непрыкметным, і таму была выдатным месцам для ссылкі самых непакорлівых — пакуль падзеі не зрабілі яе важнейшым ваенным і палітычным пунктам. Але ж гэтым важнейшым пунктам Газа стала менавіта дзякуючы Ройю, калі ён адмовіўся перайсці пад уладу Азіру і парваў адносіны з саюзам сірыйскіх гарадоў.
Але спачатку я раскажу, як мы ўвайшлі ў Газу і як яна выглядала. Я ўжо казаў пра высокія муры крэпасці, і як я калаціўся ад страху, калі гэты самы Ройю загадаў усцягнуць мяне на мур у вялікім кашы, абварыўшы спачатку гарачай смалой мне калені і рукі. Гэтыя муры і ўратавалі Газу, бо былі збудаваныя з вялізарных каменных глыбаў у старадаўнія часы. Ніхто нават не памятаў, кім і калі яны будаваліся, і толькі казалі, што іх узводзілі нейкія асілкі. Таму хеты і не здолелі нічога
зрабіць, нягледзячы на ўсё сваё ваеннае майстэрства, хоць, праўда, сямтам пашкодзілі мур і нават абрынулі адну вартавую вежу, зрабіўшы пад ёй падкоп.
Стары горад па большасці цалкам згарэў, у ім не засталося ніводнага дома з цэлым дахам. А Новы горад, які месціўся па-за мурамі крэпасці, Ройю-Бычыны карак загадаў спаліць, як толькі даведаўся пра мяцеж Азіру. Ён зрабіў гэта ўласнай уладай і толькі таму, што ўсе ягоныя дарадцы былі супраць такога рашэння, а жыхары ўзнялі вялікі гвалт, пагражаючы яму ўсімі бедамі. Гэтым учынкам Ройю, сам таго не ведаючы, выклікаў паўстанне сірыйскіх насельнікаў горада, якое выбухнула заўчасна, калі нічога яшчэ не было гатова (бо Азіру думаў пачынаць такія паўстанні ў сірыйскіх гарадах толькі тады, калі пад іх мурамі апынуцца ягоныя войскі з баявымі калясніцамі). У выніку Ройю змог толькі сіламі свайго гарнізона задушыць гэтае паўстанне ў Газе, не звяртаючыся па дапамогу да фараона, якую той усё адно не паслаў бы. Паўстанне было задушанае з вялікай крывёй, а жыхары горада так запалоханыя, што з тае пары і не думалі больш паўставаць.
Калі да яго прыводзілі паўстанца, які без супраціву здаўся са зброяй у руках, Ройю казаў:
— Дайце гэтаму чалавеку кіюгай па галаве, бо ён супраціўляецца мне і просіць літасці.
Калі ж хто здаваўся і не прасіў літасці, Ройю казаў:
— Дайце гэтаму непакорліваму мяцежніку кіюгай па галаве, бо ён асмельваецца задзіраць перада мной нос.
Калі да яго прыходзілі жанчыны з дзецьмі, якія прасілі злітавацца з іх мужоў і бацькоў, ён бязлітасна загадваў іх забіць, заклікаючы:
— Вынішчыць гэтае сірыйскае кубло дарэшты, бо гэтыя людзі не разумеюць, што мая воля вышэй за іхнюю, як неба вышэй за зямлю!
I ніхто не мог дагадзіць яму, бо ў кожным слове ён бачыў непакорлівасць і абразу. А калі яму нагадвалі пра фараона, які забараніў праліваць кроў, ён ганарліва адказваў:
— У Газе я сам фараон!
Яго адольвала вялікая пыха, але трэба сказаць, што казаў ён усё гэта ў горадзе, абложаным варожымі войскамі.
Але аблога войскаў Азіру была яшчэ дзіцячай гульнёй у параўнанні з жорсткай і паслядоўнай вайной, якую вялі хеты. Днём і ноччу яны шпурлялі ў крэпасць і горад агонь, закідвалі праз муры падлу і гаршчкі, напоўненыя смяротна ядавітымі змеямі. 3 дапамогай ваенных машынам яны кідалі і звязаных палонных егіпцян, якія разбіваліся аб крапасныя муры. У горадзе нам трапілася мала ацалелых жыхароў, яны вылазілі са сваіх сховаў страшна схуднелыя, жанчыны і старыя былі падобныя да ценяў, а дзеці ў Газе ўсе памерлі. Загінулі пад бізунамі
Ройю і амаль усе мужчыны, якіх ён прымушаў рамантаваць пашкоджаныя муры. Ніводзін жывы не радаваўся, гледзячы на егіпецкіх воінаў, якія ўваходзілі ў горад, наадварот — жанчыны махалі ім сваімі кашчавымі кулакамі, а старыя абсыпалі праклёнамі. Харэмхеб загадаў даць ім хлеба і піва, ад чаго многія ўначы сканалі ў пакутах, бо ўпершыню за шмат месяцаў наеліся ўдосталь і іх знясіленыя жываты не здолелі ператравіць столькі ежы. Але думаю, за час аблогі яны нагледзеліся такіх жахаў і перажылі такія пакуты, што жыццё было ім ужо не ў радасць.
Калі б я быў здольны, я хацеў бы паказаць Газу такой, якой убачыў яе ў дзень перамогі, калі нашы войскі прайшлі пад аркай разбітай брамы. Я апісаў бы высахлую чалавечую скуру, што вісела на гарадскіх мурах, насаджаныя на колле чалавечыя галовы, абкляваныя падлажэрамі, жудасныя руіны і закуродымленыя косці жывёл у завулках, заваленых абрушанымі сценамі будынкаў. Я расказаў бы пра невыносны смурод у абложаным горадзе, які прымушаў затыкаць насы воінаў Харэмхеба. Вось пра што мне хацелася б напісаць і патлумачыць, чаму ў гэты дзень доўгачаканае перамогі ў мяне на сэрцы не было радасці.
Я апісаў бы воінаў гарнізона Газы, якія засталіся жывымі, — іх рэбры, што выпіралі з-пад скуры, распухлыя калені, спаласаваныя бізунамі спіны. Я апісаў бы вочы гэтых людзей, зусім не падобныя на чалавечыя, — яны ў змроку свяціліся, як у драпежных звяроў. Абаронцы горада трэслі дзідамі і крычалі Харэмхебу: «Утрымлівайце Газу! Утрымлівайце Газу!» I невядома, ці крычалі яны гэта, каб пасмяяцца, хоць прычынаў смяяцца ў іх не было, ці проста таму, што гэта апошняя разумная думка, якая засталася ў іх бедных галовах. Але воіны ўсё ж былі не ў такім жахлівым стане, як іншыя жыхары горада, яны атрымлівалі ваду і харчаванне, а цяпер Харэмхеб загадаў зарэзаць для іх яшчэ быкоў і авечак і даць віна ды піва, — балазе, усяго гэтага было ўдосталь пасля таго, як войска захапіла хецкі лагер, а потым склады абложнікаў. Але воінам Газы не хапіла цярпення дачакацца, пакуль мяса зварыцца ў катлах, яны хапалі сырыя кавалкі і разрывалі іх голымі рукамі, запіхвалі іх у рот і запівалі півам, хмялеючы ўжо ад першых глыткоў. Неўзабаве яны на ўсю глотку зацягнулі непрыстойныя песні і пачалі выхваляцца сваімі подзвігамі.
А пахваліцца ім сапраўды было чым, і таму ні Харэмхебавы навабранцы, ні нават вопытныя каляснічыя не спрабавалі спаборнічаць з імі ў пахвальбе, — яны разумелі, што воіны Газы ўчынілі немагчымае, утрымаўшы горад для Егіпта. А тыя, выхваляючыся, услаўлялі і Харэмхеба, які шчодра паіў іх цяпер віном, а ў час аблогі, каб падтрымаць, падсылаў начамі бадзёрыя весткі і хлеб. Яны ўзносілі хвалу хітрамудрасці Харэмхеба, дзякуючы якому, калі ў крэпасці скончыліся запасы хлеба і людзі палявалі на пацукоў, да іх цераз муры пачалі далятаць
запячатаныя гаршчкі са збожжам, якія перакідвалі самі ж хеты, і ў кожным гаршчку яны знаходзілі пасланні ад Харэмхеба: «Трымайце Газу!». Гэта ўмацоўвала іх адвагу і мужнасць, і Харэмхеб быў для іх падобны да бога.
Кожнага абаронца Газы, які застаўся жывы, Харэмхеб узнагародзіў залатым ланцугом, але нельга сказаць, што ад гэтага ён збяднеў: прыдатных да службы воінаў заставалася ўсяго каля дзвюх соцень. Гэта сапраўдны цуд, што ім удалося ўтрымаць Газу! Каб яны маглі пазабавіцца і забыць пра свае пакуты, Харэмхеб аддаў ім сірыйскіх жанчын, але тыя ад знямогі не маглі з імі пацешыцца, як звычайныя мужчыны, а таму цешыліся на хецкі лад — колючы кабет дзідамі ды рэжучы іх нажамі. Ад іх екатання яны адчувалі вялікую асалоду. I ўвогуле яны набылі шмат новых звычак за час хецкай аблогі: напрыклад, яны разразалі горлы і жываты жывым палоннікам і вывешвалі іх скуры на гарадскіх мурах. А жанчын яны катавалі за тое, што гэта былі сірыйскія жанчыны. Яны казалі:
— He паказвайце нам сірыйцаў, бо калі мы хоць аднаго ўбачым, дык адразу зарэжам ці задушым голымі рукамі.
Бычынаму карку Ройю Харэмхеб уручыў каралі з каштоўных зялёных камянёў, аздобленых золатам і эмаллю, і залаты бізун, а потым загадаў воінам пракрычаць прывітанне ў гонар героя. Ройю падазрона памацаў каралі і спытаў:
— Можа ты, Харэмхеб, лічыш мяне за каня, калі ўпрыгожваеш такой збруяй? I скажы, гэты бізун з нашага чыстага золата або з нячыстага сірыйскага?