Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Няхай тыя падхвоснікі будуць маім доўгам фараону, але цяпер маё сумленне спакойнае, бо я ведаю, куды яны дзеліся. Караць вас за тое, што вы ўчынілі, я не буду, хоць вы і заслугоўваеце пакарання. Апроч таго, мне прыемна даведацца, як вы распраўляліся з гэтымі пацучынымі вырадкамі, воінамі Харэмхеба, у цёмных завулках, як вы праломвалі ім галовы і праціналі наскрозь, каб навучыць прыстойным паводзінам у нашым горадзе. Я не буду караць вас і сам заплачу фараону за тыя праклятыя падхвоснікі, калі вы і далей будзеце біць і лупцаваць кожнага Харэмхебава пацука, які трапіцца вам пад руку. Можаце лупіць іх пранікамі і калоць вострымі наканечнікамі, адбіваць у іх дзевак і кідаць авечае дзярмо ім у піва. Рабіце з імі, што хочаце, а я буду радавацца, тым болей, што да мяне зноў вярнуўся нармальны сон.
Ён сапраўды цяпер спаў па начах і цалкам паправіўся, а яго воіны ўвесь час чапляліся да воінаў Харэмхеба, робячы іх жыццё невыносным, Але Харэмхеб не лічыў магчымым караць гераічных абаронцаў Газы за іхнія выбрыкі. А як толькі Харэмхеб выйшаў з войскам з Газы, Ройю зачыніў за ім браму і пакляўся, што болып не пусціць у горад ніякага войска. Ён піў з Каптахам віно і назіраў, як той гуляе ў цыркі з вартаўніком вязніцы, а трэба сказаць, што да адыходу Харэмхеба KanTax паспеў ужо выйграць болып за паўтара мільёны дэбенаў.
Так яны з рання да змяркання пілі віно, лаяліся, шпурлялі адзін аднаму цыркі ў твар, плявалі ў кулакі і махалі конаўкаю так, што цыркі разляталіся па ўсім пакоі. Стары быў сапраўдны скнара і хацеў гуляць толькі на маленькія стаўкі, ён рыдаў і галасіў пасля кожнага пройгрышу, нібы золата, якое ён прайграваў сапраўды існавала, а не было прыдумкай яго дурной галавы. Калі Харэмхеб аблажыў Яфу, Каптах ажывіўся і падвысіў стаўкі, а калі прыехаў ганец з паведамленнем, што муры Яфы прабітыя, Каптах за некалькі гульняў так абчысціў дзеда, што той застаўся яму яшчэ вінаваты сто тысячаў дэбенаў золатам. Але Каптах велікадушна злітаваўся і дараваў яму доўг. Каптах нават падараваў дзеду новаю вопратку і некалькі прыгаршчаў срэбра, ад чаго той да слёз расчуліўся і ўсяляк узносіў хвалу свайму дабрадзею.
He ведаю, махляваў Каптах ці загадзя пазначыў цыркі, але магу сказаць, што гуляў ён спрытна і яму неверагодна шанцавала. Чуткі пра тую гульню, якая цягнулася некалькі тыдняў і стаўкамі ў якой былі мільёны дэбенаў золатам, разнесліся па ўсёй Сірыі. I пазней, калі стары зноў аслеп і пасяліўся ў хацінцы пад гарадскім мурам, ён падрабязна распавядаў пра яе вандроўнікам, нават праз шмат гадоў дакладна памятаючы, колькі на кожным ходзе выпадала ў яго, а колькі ў Каптаха, бо сляпыя заўсёды маюць выдатную. памяць. Так ён і жыў шчасліва
на падарункі наведнікаў, якія прыходзілі адусюль паслухаць ягоныя байкі, і жыў нават лепш, чым калі б Каптах выплачваў яму пажыццёвую пенсію. Такая ўжо вялікая ўлада ўяўлення над сэрцам чалавека!
Як толькі Харэмхеб узяў Яфу, туды адразу паехаў Каптах, а разам з ім і я. Я ўпершыню ўбачыў горад у руках захопнікаў. I хоць калі воіны Харэмхеба ўжо ўварваліся ў горад праз праломы ў мурах, самыя адчайныя гараджане ўзняліся супраць Азіру і хетаў, каб уратаваць горад ад рабавання, Харэмхеб не пашкадаваў іх, бо ад запозненага паўстання ўжо не меў ніякай карысці. Ён аддаў Яфу свайму войску на два тыдні. Каптах неверагодна ўзбагаціўся, бо воіны абменьвалі на срэбра і віно дарагія дываны, каштоўныя статуі багоў і мэблю, якія не маглі забраць з сабой, а сірыйскіх прыгажунь можна было купіць за пару мядзяных пярсцёнкаў.
Тады я наяве ўбачыў, якім зверам можа быць чалавек чалавеку, бо не было злачынства, якога не ўтварылі б п'яныя воіны. Яны падпальвалі дамы дзеля пацехі ці дзеля асвятлення ўначы, каб было зручней рабаваць, гвалціць жанчын ці катаваць гандляроў, дапытваючыся, дзе яны закапалі свае скарбы. А былі такія, што дзеля забавы садзіліся на рагу вуліцы і білі кіюгай кожнага сірыйца, які праходзіў міма, або пратыкалі яго дзідай, незалежна ад таго, хто гэта — мужчына, жанчына, стары ці дзіцё. У Яфе маё сэрца загрубела ад убачанага зла, якое тварыў чалавек. Усё, што адбывалася праз Атона ў Фівах, цяпер здавалася жартам у параўнанні з тым, што чынілася ў Яфе з дазволу Харэмхеба. Рабаванне Яфы сталася важнай падзеяй, бо Харэмхебавы воіны, спазнаўшы смак беспакаранага рабаўніцтва, перасталі баяцца смерці ў бітвах, — цяпер кожны марыў пра перамогу і асалоду, якую яна прыносіць з сабой. Але Харэмхеб яшчэ мацней прывязаў да сябе воінаў і па іншай прычыне: пасля шаленства ў Яфе ім ужо не даводзілася разлічваць на літасць сірыйцаў, і воіны Азіру, беручы палонных, бязлітасна здзіралі з іх жыўцом скуру. Затое невялічкія мястэчкі на ўзбярэжжы, запалоханыя зверствамі, паспяшаліся паўстаць і выгналі хетаў, адчыніўшы брамы перад Харэмхебам. Mary таксама дадаць, што калі войска Харэмхеба брало Яфу, там было каля дваццаці тысячаў жыхароў, a калі пакідала горад, жывымі заставалася не больш за тры сотні.
Харэмхеб вёў вайну ў Сірыі, а я ішоў следам за яго войскам, лячыў раны і быў сведкам самага рознага зла, якое адзін чалавек можа прычыніць другому. Вайна доўжылася тры гады. Харэмхеб перамагаў войскі Азіру і хетаў у шматлікіх бітвах, а хецкія баявыя калясніцы ў Сірыі двойчы нечакана нападалі на яго, наносячы вялікую шкоду і вымушаючы хавацца за крапаснымі мурамі. Але Харэмхебу ўдавалася трымаць з Егштам сталую сувязь па моры, і сірыйцы не маглі перамагчы егшецкі флот, бо, апроч усіх караблёў самога Егіпту, у вайне бралі ўдзел і ка-
раблі яго саюзнікаў. Таму, нават атрымліваючы паражэнне, Харэмхеб неўзабаве меў новае падмацаванне з Егіпта і набіраўся сілы дзеля новых удараў. А сірыйскія гарады тым часам пусцелі, і жыхары хаваліся ў скалах, як дзікія звяры. Уся зямля спусцела, бо войскі, якія цярпелі паразу бязлітасна вынішчалі пасевы і высякалі пладовыя дрэвы, каб пераможцы не маглі пракарміцца з захопленай зямлі.
Але і Егіпет траціў сваю жывую сілу, сваё багацце на палях Сірыі, і ўся краіна была падобная да маці, якая раздзірае на сабе адзенне і пасыпае галаву попелам у знак жальбы па забітым сыне, і не было месца ў Ніжнім і Верхнім Царствах, дзе не плакалі б па сваяку, што загінуў на гэтай вайне.
Вось так Харэмхеб тры гады ваяваў у Сірыі, і за гэты час я пастарэў больш, чым за ўсё ранейшае жыццё: мае валасы выпалі, спіна сагнулася, а твар зморшчыўся, як ссохлы плод. Апроч таго, пад вачыма ў мяне ўзніклі мяшкі, што набрынялі ад слёз, — столькі злога ўбачылі за тыя гады мае вочы. Я замкнуўся ў сабе, мог раптам, без дай прычыны раззлавацца і накрычаць, а з хворымі размаўляў непрыветна і груба, як звычайна размаўляюць пажылыя лекары, нават самыя незласлівыя.
А на трэцім годзе ў Сірыю прыйшла чума, якая заўсёды ідзе следам за вайной і ўзнікае там, дзе гніюць трупы. А Сірыя на трэці год вайны ператварылася ў магілу, поўную непрыбраных трупаў. Чума забівала тых, каго не забіла вайна, як у Харэмхебавым войску, так і ў хецкім, і яна забрала столькі жыццяў, што ваенныя дзеянні спыніліся, і абодва войскі разбегліся, хто ў горы, хто ў пустэльню, куды паморак яшчэ не дайшоў. Чума не рабіла розніцы паміж вяльможам і прасталюдзінам, яна аднолькава бязлітасна губіла ўсіх, і ад яе не дапамагалі ніякія зёлкі, — хворы захінаў галаву вопраткай, клаўся ў ложак і паміраў праз тры дні. А тыя, хто паправіўся і выжыў, да канца сваіх дзён насілі пад пахай шнары, з якіх чума выходзіла гноем, пакуль яны выздараўлівалі.
Чума капрызліва выбірала, каго забіць, а з каго злітавацца, бо выжывалі зусім не самыя моцныя і здаровыя, а часта менавіта слабыя і знясіленыя, нібы чума не магла знайсці сабе дастатковай спажывы ў іх целах. Таму я лячыў хворых тым, што часта пускаў ім кроў, каб аслабіць, і не дазваляў удосталь есці падчас выздараўлення. Такім чынам я шмат каго вылечыў, хоць многія, нягледзячы на ўсе мае намаганні, памерлі ў мяне на руках, і я не ведаю, ці быў мой спосаб лячэння правільным. У любым выпадку я стараўся рабіць усё, каб хворы не расчараваўся ў лекары, бо калі ў яго даверу няма, смерць прыходзіць значна часцей, чым калі хворы верыць, што лекар яму дапаможа.
3 караблямі чума трапіла ў Егіпет, але людзей там загінула нашмат менш, чым у Сірыі, бо чума ўжо страціла сілу. Большасць хворых не памірала, а вылечвалася. У час разводдзя чума ў Егіпце знікла зусім, a
зіма задушыла яе і ў Сірыі. Тады Харэмхеб змог зноў сабраць сваіх воінаў і аднавіць вайну. Увесну ён перайшоў з войскам раўніну каля Мэгіды і ўступіў у вялікую бітву з хетамі. Адначасова вавілонскі цар Бурабурыяш, які даведаўся пра поспехі Харэмхеба, раптам стаў такі смелы, што, успомніўшы пра саюз з Егіптам, таксама нечакана рушыў войскі на хетаў і змог выгнаць іх з Мітанні. Тады хеты, зразумеўшы, што іх улада над спустошанай Сірыяй страчаная, запрапанавалі Харэмхебу мір: яны былі вопытныя воіны і ашчадныя гаспадары, а таму не хацелі дзеля пустой славы траціць сілы і ламаць баявыя калясніцы, так патрэбныя на ўтаймаванне Вавілона..
Харэмхеб вельмі радаваўся замірэнню, бо яго войска значна паменела і Егіпет збяднеў ад вайны, дый самому Харэмхебу не цярпелася пачаць аднаўленне Сірыі, наладзіць у ёй мірны гандаль і выгадна скарыстаць гэтую зямлю. Але найпершай умовай міру Харэмхеб выставіў здачу Мэгіды, крэпасці, якую Азіру зрабіў сваёю сталіцай і галоўнай апорай, атачыўшы непрыступнымі мурамі з высокімі вежамі. Тады хеты захапілі Азіру з усёю яго сям'ёй жонкай і двума сынамі — у Мэгідзе, разрабавалі яго незлічоныя багацці, сабраныя ў горадзе з усёй Сірыі, і перадалі закаваных у ланцугі палонных Харэмхебу ў знак сваіх добрых намераў і міралюбства. Яны прыслалі іх прама ў лагер Харэмхеба, каб крыху адцягнуць здачу Мэгіды і паспець яе добра парабаваць ды перагнаць да сябе статкі авечак і гавяды з земляў Амарэі, якія ўсё адно адыходзілі да Егіпта. Харэмхеб не перашкаджаў ім. Ён загадаў трубіць у трубы, адзначаючы канец доўгай вайны, і ўсю ноч баляваў з хецкімі князямі ды ваяводамі, пахваляючыся сваімі подзвігамі. 3 Азіру і ягонай сям'ёй ён пастанавіў расправіцца наступным ранкам — перад усім сваім войскам і хецкімі ваяводамі ў знак вечнага міру, які мае ўсталявацца паміж Егіптам і царствам хетаў.