• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Мы паказалі яму свае малаткі і сякеры і растлумачылі, што прыехалі знішчаць выявы ілжывых багоў ды збіваць іх імёны з усіх надпісаў. Каптах з мудрым выглядам паківаў і сказаў:
    — Намеры ў вас разумныя і прыйдуцца даспадобы быдлу, але трэба пастарацца, каб ніхто не даведаўся, хто вы напраўду, бо ўсё можа здарыцца, і калі перамогуць «рогі», яны вам адпомсцяць за вашы справы. Я сам не надта веру, што ўсё гэта будзе цягнуцца доўга, бо адкуль рабы возьмуць збожжа, каб пракарміцца? А за час безуладдзя яны нарабілі такога, што «крыжы» пачалі паціху ператварацца ў «рагоў», каб усталяваць былы парадак. Безумоўна, рашэнне фараона Эхнатона вызваліць рабоў вельмі мудрае і дальнабачнае, яно дазваляе мне пазбавіцца ад лайдакоў і старых бяссільных рабоў, якія толькі дарма ядуць мой хлеб і алей. Цяпер у мяне не будзе вялікіх выдаткаў на пракорм і ўтрыманне рабоў, я змагу наймаць іх, калі захачу, і праганяць, калі захачу, — цяпер я з імі больш не звязаны і магу наймаць каго заўгодна і плаціць па сваім жаданні. Збожжа сёння неверагодна дарагое, і калі яны праспяцца, дык навыперадкі прыбягуць да мяне прасіць хоць якую-небудзь працу, і яна абыдзецца мне танней за працу маіх рабоў, таму што яны мусяць згадзіцца на любыя ўмовы, каб атрымаць любую працу і зарабіць на хлеб. Калі раней раб абкрадваў свайго гаспадара, бо так было прынята, і гаспадар нічога не мог з ім зрабіць, — хіба толькі адлупцаваць, — дык з наймітамі зусім іншая справа: найміта можна прысудзіць да выплат за нанесеную шкоду, а раней за крадзеж можна толькі адрэзаць нос і вушы. Такім чынам, мне застаецца ўсхваляць фараонаву мудрасць, і я пэўны, што і іншыя будуць усхваляць яе, калі ўсё як след абдумаюць і зразумеюць сваю выгаду.
    — Дарэчы, пра збожжа, Каптах, — сказаў я. — Ведай, што палову свайго збожжа я абяцаў Харэмхебу, бо яму трэба ваяваць супраць хетаў, і ты павінен неадкладна паслаць у Таніс караблі з грузам. А другую палову збожжа ты павінен змалоць, напячы з мукі хлеба і раздаваць галодным ва ўсіх гарадах і вёсках, дзе мы маем свірны, а твае работнікі, раздаючы хлеб, павінны казаць: «Гэта хлеб Атона, бярыце і ешце яго ў імя Атона, дзякуючы фараону Эхнатону і ягонаму богу!»
    Выслухаўшы мяне, Каптах не пашкадаваў парваць на сабе вопратку, балазе яна была бядняцкая, і залямантаваў:
    — Ды ты ж гэтак зусім збяднееш, мой гаспадар! I як я тады буду нажывацца?! Пэўна, ты падхапіў ад фараона яго вар'яцтва і цяпер стаіш дагары нагамі і ходзіш задам наперад! Вой, бедны я, гаротны я небарака, да якога дня я дажыў! Нават наш скарабей не дапаможа нам, і «дзякуй» табе ніхто за твой хлеб не скажа, а гэты пракляты Харэмхеб нахабна адказвае на мае пасланні з напамінкам пра доўг, запрашаючы мяне самому прыехаць па золата, якое ён мне вінаваты. Ды ён горшы за рабаўніка, гэты твой сябар, бо рабаўнік толькі абрабуе, а твой паганы Харэмхеб наабяцае барышоў, а потым катуе сваімі пустымі абяцаннямі так, што ажно пячонка лопаецца ад прыкрасці! Але бачу я па тваіх вачах, мой гаспадар, што ты ўсё ўжо вырашыў, і мае скаргі не дапамогуць. Выходзіць, я павінен выканаць твой загад, хоць гэта і зробіць цябе поўным жабраком.
    Мы пакінулі Каптаха ў «Кракадзілавым хвасце» падлізвацца да рабоў і таргавацца ў задніх пакоях за свяшчэнныя сасуды і іншыя каштоўнасці, якія насільшчыкі нарабавалі ў храмах. Усе прыстойныя людзі сядзелі па дамах, зачыніўшы дзверы, вуліцы спусцелі, а некалькі храмаў, дзе знайшлі сховішча жрацы, падпалілі, і яны яшчэ гарэлі. Мы заходзілі ў разрабаваныя храмы і грабніцы, каб збіць з надпісаў імёны ілжывых багоў і сустракалі іншых прыхільнікаў фараона, якія гэтак сама, як і мы, выконвалі яго волю. Так мы шчыравалі шмат дзён запар. Часам насустрач нам кідаўся раз'юшаны натоўп пад кіраўніцтвам жрацоў, а мы адбіваліся сваімі прыладамі, і аднойчы Тутмес разбіў малатком галаву старому жрацу, які хацеў абараніць свайго бога. 3 кожным днём нас ахоплівала ўсё большае шаленства, і мы ўсё больш заўзята махалі нашымі прыладамі, каб не бачыць нічога, што дзеялася навокал.
    Людзі пакутавалі ад голаду і нястачы, а вызваленыя рабы і насільшчыкі, ашалелыя ад свабоды, выставілі ў гавані сінія і чырвоны жардзіны і збіраліся вакол іх, стварыўшы нават свае ахоўныя атрады, якія рабілі налёты на дамы «рагоў» і знаці, рабуючы і адбіраючы ў іх збожжа, якое потым раздавалі беднякам разам з нарабаваным алеем. Каптах наняў людзей малоць зерне і пячы хлеб, але гэты хлеб раскрадалі прама з-пад рук у ягоных работнікаў са словамі: «Гэты хлеб укралі
    ў народа, і будзе справяддіва яго народу вярнуць». Ніхто не славіў маё імя за раздачу збожжа, хоць за адзін месяц я ператварыўся ў апошняга бедняка.
    Так мінула сорак дзён і сорак начэй, і смута толькі нарастала ў Фівах, і тыя, хто раней узважвалі золата на шалях, цяпер жабравалі на вуліцах, а іх жонкі прадавалі рабам свае аздобы, каб купіць дзецям хлеба. I адной такой ноччу да мяне прыйшоў Каптах і сказаў:
    — Мой гаспадар, табе трэба зараз жа ўцякаць, бо царству Атона настае канец, і я не думаю, што хоць адзін прыстойны чалавек будзе шкадаваць пра гэта. Закон і парадак мусяць быць адноўленыя. Цяпер ранейшыя багі вернуцца на свае месцы, але перад гэтым кракадзілы атрымаюць такі пачастунак, які ні з чым ранейшым не параўнаецца па сваім багацці, бо жрацы вырашылі ачысціць Егіпет ад хворай крыві.
    Я спытаў:
    — Адкуль ты ведаеш?
    I ён адказаў з бязвінным выглядам:
    — Хіба ж я не быў заўсёды сапраўдным і самаадданым «рогам» і ці не маліўся ўпотай Амону? Я пазычыў безліч золата жрацам, бо яны плацілі добрую ліхву, аж чацвёртую з паловай частку. Апроч таго, за золата яны закладвалі землі Амона. Ратуючы сваё жыццё, жрэц Эйе дамовіўся са жрацамі, і ахова перайшла на іх бок. Уся знаць і ўсе багацеі ў Егіпце шукаюць абароны ў Амона, і дзеля гэтага жрацы запрасілі з зямлі неграў Куш і нанялі на службу сарданаў, якія дагэтуль беспакарана рабавалі наш край. Сапраўды, Сінухе, млын хутка закруціцца і зерне змелецца, але за хлеб з гэтай мукі будуць дзякаваць Амону. Я сябе адчуваю стомленым ад усёй гэтай калатні, хоць яна мяне і ўзбагаціла.
    Я быў уражаны яго словамі і ўскрыкнуў:
    — Фараон Эхнатон ніколі не пойдзе на такое!
    У адказ на гэта Каптах хітра ўсміхнуўся і, пацёр пальцам сляпое вока, сказаў:
    — А яны і не будуць пытацца дазволу ў фараона. Горад Ахетатон пракляты, і кожны, хто застанецца там, памрэ страшнай смерцю, як толькі ўлада трапіць ім у рукі, яны перакрыюць усе дарогі і раку, і ўсе тамтэйшыя жыхары памруць ад голаду. Яны запатрабуюць, каб фараон вярнуўся ў Фівы і скарыўся Амону.
    Mae думкі праясніліся, і я ўбачыў перад сабой твар Эхнатона і яго вочы, поўныя незямной горычы, якая бывае горшай за смерць. Таму я сказаў:
    — Каптах, такая ганебная справа не павінна адбыцца! Мы з табой прайшлі безліч розных шляхоў, дык давай пройдзем разам і гэты шлях да канца. Гэта нічога, што цяпер я збяднеў, раздаўшы ўсё сваё збожжа, затое ты багаты і можаш купіць зброю: дзіды, стрэлы, кіюгі — столькі,
    на колькі хопіць грошай. Падкупі золатам ахоўнікаў і перацягні іх на наш бок, а зброю раздай партовым рабам і насільшчыкам, і хай ахоўнікі абараняюць іх і фараона. Я не ведаю, Каптах, што з гэтага атрымаецца, але наш свет не будзе мець другой магчымасці пачаць новае жыццё. Калі землі раздадуць пад жыллё беднякам, а ў садах будуць гуляць дзеці рабоў, тады, безумоўна, усе супакояцца і кожны будзе рабіць сваю справу, і ўсё пойдзе іначай і лепей, чым раней.
    Але Каптах закалаціўся ўсім целам і адказаў мне:
    — Мой гаспадар, пад старасць я не хачу зноў брацца за працу, якую выконваюць рукамі, а рабы і беднякі ператварылі багатых і знатных людзей у рабоў на млынах, дзе яны круцяць цяжкія жорны, дзе іх б'юць палкамі, а іх жонкі і дочкі абслугоўваюць рабоў і насільшчыкаў у дамах уцехаў, і няма ў тым нічога добрага, а толькі зло. Мой гаспадар, не патрабуй, каб я пайшоў гэтай дарогай, бо думаючы пра яе, я ўспамінаю Цёмны палац на Крыце, куды пайшоў за табой, і хоць я пакляўся не гаварыць пра гэта, але сёння мушу сказаць. Мой гаспадар, ты зноў вырашыў увайсці ў Цёмны палац, не ведаючы, што цябе чакае там! А можа, ты знойдзеш там гнілое страшыдда і смяротны смурод? Мяркуючы па тым, што нам давялося ўбачыць, фараонаў бог не менш жорсткі й бязлітасны, чым бог крыцкі. Ён прымушае найлепшых і самых здольных людзей Егіпта скакаць перад быкамі, а потым вядзе іх у Цёмны палац, адкуль ніхто не вяртаецца. А яны з радасным прыскокам ідуць туды, спадзеючыся на сваё майстэрства, з надзеяй атрымаць вечнае шчасце на Палях захаду! He, мой гаспадар, у Палац Мінатаўра я за табой больш не пайду.
    Ён не рыдаў і не галасіў, як звычайна, а прамаўляў сур'ёзна, пераконваючы мяне адмовіцца ад гэтай задумы, а пад канец дадаў:
    — Калі ты не думаеш пра сябе і пра мяне, дык падумай пра Мэрыт і маленькага Тота, якія любяць цябе. Забяры іх адсюль і схавай у надзейным месцы, бо жорны на млыне Амона пачалі круціцца, і іх жыццё ў небяспецы.
    Але мая ўтрапёнасць асляпіла мяне, я палічыў глупствам усе яго перасцярогі і з непамернай пыхаю адказаў:
    — Ды хто можа пагражаць жанчыне і малому хлапчуку? У маім доме яны ў поўнай бяспецы, Атон пераможа, ён павінен перамагчы. Іначай жыццё не вартае таго, каб жыць далей. Народа павінен мець розум, дый ён ведае, што фараон хоча яму толькі дабра. Хіба магчыма, каб народ зноў выбраў царства страху і цемры? А Цёмны палац, пра які ты кажаш, — гэта якраз храм Амона, а не Атона. Некалькі прадажных ахоўнікаў ды баязлівых вяльможаў не здолеюць зрынуць Атона, калі за яго стане ўвесь народ:
    Каптах адказаў:
    — Я сказаў усё, што абавязаны быў сказаць і не буду паўтараць зноўку. Мая жоўць аж кіпіць ад жадання паведаміць табе адну таямніцу, але гэта не мая таямніца, і таму я не скажу нічога — тым болей, што гэта на цябе ўсё адно не падзейнічала б, бо цябе цалкам апанавала шаленства. Але потым не вінаваць мяне, мой гаспадар, калі будзеш біцца ў бяссільнай роспачы галавой аб камень. Што да мяне, дык я ўсяго толькі былы раб, у якога няма дзяцей, і мая смерць не засмуціць нікога. Таму, мой гаспадар, я пайду за табой гэтым апошнім шляхам, хоць ведаю, што нічога добрага нас на ім не чакае. Што ж, хадзем у чарговы Цёмны палац, толькі я зноў прыхаплю з сабою гарлач віна.