• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Фараон сядзеў са згаслым тварам, бяссільна апусціўшы рукі на калені і нічога не адказваў. Тады Харэмхеб папрасіў:
    — Дай мне золата і збожжа, аддай зброю, калясніцы і коней, дай мне права плаціць воінам і забіраць ахоўнікаў адусюль у Ніжнюю зямлю, і я змагу адбіць напад хетаў.
    Фараон падняў на яго пачырванелыя вочы і ціха адказаў:
    — Я забараняю табе пачынаць вайну, Харэмхеб. Толькі калі сам народ захоча абараняць Чорную зямлю — тады я не змагу чыніць яму перашкоды. А пра збожжа, золата і зброю не можа быць і гаворкі, бо я іх не магу табе даць, дый не даў бы, каб нават усё гэта меў, бо не хачу адказваць злом на зло. Ты можаш наладзіць абарону Таніса, калі хочаш, але не пралівай крыві, а толькі абараняйся, калі на вас нападуць.
    — Хай будзе па-твойму, — адказаў Харэмхеб. — Паўсюль аднолькавае дзярмо. Значыць, памру ў Танісе, як ты загадаў, бо без збожжа і золата самае добрае войска доўга не паваюе. Але мне напляваць на ваганні і разважанні — я буду абараняцца, як лічу патрэбным, фараон Эхнатон. Бывай здаровы!
    Ён пайшоў. Жрэц Эйе таксама пакінуў фараона, і я застаўся з ім сам-насам. Ён паглядзеў на мяне бясконца стомленымі вачыма і сказаў:
    — Я змогся падчас гэтай прамовы, Сінухе, але і ў сваёй слабасці я шчаслівы. Ну а ты? Што ты збіраешся рабіць?
    Яго словы ўразілі мяне, і я глядзеў на яго няўцямным позіркам. Ён зняможана ўсміхнуўся і спытаў:
    — Ты любіш мяне, Сінухе?
    Я адказаў, што люблю, нават у ягоным вар'яцтве. Тады ён сказаў:
    — Калі любіш, значыць ведаеш, што табе трэба рабіць.
    Увесь мой розум паўстаў супраць гэтых словаў, бо я ў сэрцы здагадваўся, чаго ён ад мяне хоча. Нарэшце я раздражнёна адказаў:
    — Я думаў, што патрэбен табе, як лекар, але калі не патрэбен, то лепш пайду сваёю дарогай. 3 мяне атрымаецца дрэнны разбуральнік храмаў і знішчальнік старых багоў мае рукі занадта слабыя, каб махаць молатам. Але хай будзе твая воля. Народ, безумоўна, здзярэ з мяне жыўцом скуру, разаб'е мне галаву камянямі і павесіць дагары нагамі на гарадскім муры, але цябе гэта наўрад ці засмуціць. Так што я паеду ў Фівы, бо там шмат храмаў, і людзі мяне ведаюць.
    Ён нічога не адказаў мне, і я, раззлаваны, пайшоў прэч. Усё гэта, на маю думку, было вялікаю дурасцю. Ён застаўся адзін сядзець на сваім троне, а я пайшоў да Тутмеса, бо мне патрэбен быў сябар, перад якім я мог бы выліць свой гнеў. У Тутмесавай майстэрні сядзеў Харэмхеб, а з імі разам піў віно мастак і стары п'янюга, якога звалі Бек. Слугі тым часам складвалі Тутмесавы рэчы, збіраючы яго ў падарожжа.
    — У імя Атона, — сказаў Тутмес, уздымаючы залатую чашу. — Значыць, болей няма ні вяльможаў, ні прасталюдзінаў, ні рабоў, ні гаспадароў, а я, той, хто сваімі рукамі ажыўляе камень, паеду руйнаваць храмы і знішчаць мярзотныя выявы багоў. Давайце ж вып'ем з такой нагоды, любыя мае сябры, бо ніхто з нас не пражыве надта доўга.
    Мы выпілі, і Бек сказаў:
    — Ён падняў мяне з бруду і ўзвысіў, ён зрабіў мяне сваім сябрам і кожны раз, калі я прапіваў сваю вопратку, даваў мне новую. Дык няўжо я адмоўлюся даставіць яму радасць хоць бы ў такой малой справе? Спадзяюся толькі, што мая смерць не будзе занадта пакутлівай, ато сяляне ў маёй вёсцы не вызначаюцца мяккім характарам і маюць дурную звычку пускаць у ход серп, успорваючы жывот кожнаму, хто прыйдзецца ім не даспадобы.
    — He зайздрошчу я вам, — сказаў Харэмхеб, — хоць можаце мне паверыць, што звычаі хетаў яшчэ болей дзікія. Але як бы там ні сталася, я буду ваяваць з імі і думаю перамагчы, бо веру ў сваё шчасце, — аднойчы я бачыў у Сінайскай пустэльні, як гарэла ці то дрэва, ці то нейкі куст, гарэла і не згарала, і вось з тае пары я ведаю, што народжаны для вялікіх здзяйсненняў. Вядома, голымі рукамі шмат не зробіш, але, можа, мае воіны напалохаюць хетаў, закідаўшы іх сваім дзярмом.
    — У імя Сэта з усімі нячысцікамі! — сказаў я. — Растлумачце мне, за што мы ўсе так яго любім? Чаму падпарадкоўваемся яму, калі веда-
    ем, што ён вар'ят і ўсе яго словы — гэта словы вар'ята? Растлумачце мне, калі можаце.
    — На мяне ён ніяк не дзейнічае, — сказаў Бек. — Я стары п'янтос, і ад маёй смерці нікому не будзе шкоды. Але я проста хачу зрабіць яму што-небудзь прыемнае ў падзяку за тыя гады, што я правёў тут сыты і п'яны.
    — А я зусім яго не люблю, — горача перабіў Тутмес. — Я, калі і адпраўляюся выконваць яго загад, дык толькі таму, што яго ненавіджу, і таму, выканаўшы гэты загад, змагу наблізіць яго канец. Мне напраўду ўжо ўсё тут устыла, і я толькі жадаю, каб усё хутчэй скончылася.
    — Брэшаце, свінні, — сказаў Харэмхеб. — Прызнайцеся лепш, што калі ён глядзіць вам у вочы, па вашых паскудных спінах бягуць мурашкі і вам хочацца стаць дзецьмі, каб гуляць з ягнятамі на паплаўцы. Толькі на мяне не дзейнічае яго позірк! Але мой лёс з ім звязаны зусім іначай, і я гатовы пагадзіцца, што люблю яго, хоць ён і паводзіць сябе, як баба і размаўляе бабскім голасам.
    Так мы гаманілі, пілі віно і глядзелі, як караблі плывуць уверх і ўніз па рацэ, падняўшы ветразі, і вязуць людзей прэч з Ахетатона. Шмат знатных вяльможаў проста ўцякалі, прыхапіўшы найбольш каштоўныя свае рэчьі, але большасць ехалі па загадзе фараона скідаць старых багоў і на ўсю глотку спявалі гімны Атону (зрэшты, я думаю, што гэтыя спевы доўжыліся не доўга — да таго часу, пакуль яны не апыналіся твар у твар з раз'юшаным натоўпам каля якога-небудзь мясцовага храма). Мы пілі ўвесь дзень, але віно не весяліла нам сэрцы, таму што будучыня паўставала перад намі, як чорнае бяздонне, і наша размова ўсё больш змрачнела.
    Наступным днём Харэмхеб узышоў на карабель, каб адплыць у Мемфіс, а адтуль у Таніс. Перад ад'ездам я абяцаў пазычыць яму столькі золата, колькі змагу сабраць у Фівах, і адаслаць палову сваіх запасаў збожжа. Другую палову я збіраўся ўжыць на свае мэты. Можа, у тым і заключалася мая слабасць, ад таго і рабіліся ўсе мае памылкі, і гэта вызначала ўвесь ход майго жыцця, што адну палову я заўсёды аддаваў Эхнатону, а другую — Харэмхебу, а цалкам нікому нічога не аддаваў.
    3
    Мы з Тутмесам паплылі ў Фівы, і ўжо далёка ад горада насустрач нам па цячэнні пачалі ўзнікаць трупы. Разбухлыя, яны плылі ўніз па рацэ, і мы бачылі сярод іх і жрацоў з паголенымі галовамі, і знатных людзей, і прасталюдзінаў, і стражнікаў, і рабоў. Мы разглядалі іх і па вопратцы і колеру скуры вызначалі, кім яны былі пры жыцці, калі толькі іх целы не пачалі ўжо чарнець ці іх не пашкуматалі кракадзілы. Зрэшты, цяпер, каб паласавацца чалавечынай, кракадзілам не трэба было
    плысці ўверх па рацэ да Фіваў — людзей забівалі ва ўсіх прыбярэжных пасяленнях, а забітых кідалі ў Ніл, і кракадзілы маглі выбіраць ежу на свой густ. Кракадзіл — разумная і хітрая рыбіна, і таму яны выбіралі мяккія целы жанчын і дзяцей, а не высушанае цвёрдае мяса насільшчыкаў ды рабоў. Калі кракадзілы сапраўды маюць розум, а ён у іх, безумоўна, ёсць, дык тымі днямі яны павінны былі ўзносіць хвалу Атону.
    Уся рака пахла смерцю, і вецер у начной цемры даносіў да нас смурод далёкіх пажараў. Тутмес з'еддіва сказаў:
    — Сапраўды падобна, што царства Атона выйшла на зямлю.
    Але маё слабае сэрца зацвярдзела ад злосці, і я адказаў яму:
    — Тутмес, ніколі раней нічога падобнага не адбывалася на зямлі і ніколі больш нашаму свету не надарыцца такі выпадак. Нельга спячы хлеб, не змалоўшы збожжа. А цяпер млын Атона меле муку, і мы з яе будзем пячы хлеб дзеля фараона Эхнатона, — тады свет сапраўды зменіцца, і ўсе людзі стануць братамі перад Атонам.
    Тутмес сербануў з чашы віна, якое піў увесь час, каб перабіць смяротны смурод з ракі, і прамовіў:
    — Прабач, што я віном умацоўваю свой слабы дух, бо, шчыра кажучы, я адчуваю вялікі страх перад тым, што нас чакае наперадзе, і мае калені робяцца мяккія, як вада. А таму ў такія часы лепш за ўсё проста напіцца, і не будзе ніякіх лішніх думак, і жыццё і смерць, і багі, і людзі — усё зробіцца нязначным у вачах чалавечых.
    Калі мы падплывалі да Фіваў, горад у многіх месцах гарэў. Над Горадам мёртвых таксама ўздымаліся языкі полымя: народ рабаваў грабніцы і паліў набальзамаваныя целы жрацоў. 3 муроў наш карабель засыпалі стрэламі, не спытаўшы нават, адкуль мы і навошта едзем, а на беразе «крыжы» білі жардзінамі «рагоў» і спіхвалі іх у ваду. 3 гэтага мы зрабілі выснову, што старыя багі зрынутыя, і Атон усталяваў сваё царства ў горадзе.
    Мы адразу рушылі ў «Кракадзілаў хвост» і спаткаліся там з Каптахам. Замест былой дарагой вопраткі на ім было шэрае адзенне бедняка, а валасы ільсніліся не ад духмянага алею, а ад гразі. Залатую пласцінку, што пакрывала яго выбітае вока, ён зняў. I цяпер шчодра частаваў півам і віном узброеных партовых насільшчыкаў і рабоў, лісліва прыгаворваючы:
    — Весяліцеся, браты мае, бо настаў дзень вялікай радасці, і няма больш ні паноў, ні рабоў, ні вяльможаў, ні прасталюдзінаў! Усе людзі цяпер вольныя і могуць сыходзіць і прыходзіць, калі захочуць. Дык піце віно, я вас сёння частую і спадзяюся, што вы не забудзеце мой бедны шынок, калі шчасце кіне на вас свой позірк і вы ўзбагаціцеся срэбрам і золатам з храмаў фальшывых багоў ці з дамоў паганых багацеяў. Я некалі таксама быў раб. Я рабом нарадзіўся і рабом вырас, пра
    што сведчыць маё вока, якое мне выкалаў пісалам злы гаспадар за тое, што я выпіў яго збан піва і замяніў яго вадкасцю са свайго цела. Але цяпер з такой несправядлівасцю скончана! Цяпер чалавека больш ніколі не будуць лупцаваць палкамі толькі за тое, што ён раб. I нікому не давядзецца працаваць толькі таму, што ён раб. Дык весяліцеся і скачыце ад радасці, пакуль будзе доўжыцца такая пара!
    Толькі прамовіўшы ўсё гэта, ён заўважыў нас з Тутмесам і крыху збянтэжыўся. Адвёўшы нас у асобны пакой, ён сказаў:
    — Вам было б разумней апрануцца ў што-небудзь горшае і запэцкаць рукі і твары граззю, бо па вуліцах паўсюль цягаюцца рабы і насільшчыкі і ў імя Атона даюць дубца кожнаму, хто, на іх думку, занадта тоўсты і не працуе сваімі рукамі. Мяне, нягледзячы на маю дзябёласць, яны не чапаюць, бо я сам быў рабом, потым раздаваў ім зерне, а цяпер задарма паю віном. А цяпер скажыце, якое няшчасце занесла вас у Фівы менавіта ў гэты неспакойны час, калі ў горадзе так жорстка абыходзяцца са знатнымі людзьмі?