Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— У імя Сэта і ўсіх ягоных нячысцікаў! Ты толькі і глядзіш, як пабегчы да другога мужыка, старая карова!
3 гэтага я зрабіў выснову, што гэта і ёсць каханак Мехунефер, пра якога яна казала, і паспешліва пайшоў прэч, бо ён быў застрашальна магутны.
Яшчэ я наведаў у жаночых пакоях палаца вавілонскую князёўну, з якой фараон Эхнатон разбіў гаршчок і якую царыца Неферціці паспя-
шалася адаслаць у Фівы, дзе жылі і іншыя жонкі фараона. Гэта была прыгожая маладая жанчына. Яна вельмі прыязна паставілася да мяне, бо я ўмеў гаварыць на яе роднай мове, а яна толькі вучыла егіпецкую і вымаўляла дзіўна і пацешна. Ёй падабалася жыць у Фівах, хоць яна і была незадаволеная, што фараон не выканаў з ёй свае абавязкі мужа. Але жыць у Егіпце ўсё адно было прыемней, чым сядзець у зачыненых жаночых пакоях у вавілонскім палацы.
— Я была няздольная нават уявіць, што жанчына можа быць такою свабоднай, як у Егіпце, — казала яна. — Мне не трэба хаваць ад мужчын твар пад хусткай, я магу размаўляць, з кім захачу, дастаткова мне толькі загадаць, і мяне адразу перавязуць на чоўне ў Фівы, я жаданы госць на баляваннях, якія ладзяць знатныя людзі, і ніхто не лічыць ганьбай і сорамам, калі я дазваляю прыгожым мужчынам пакласці мне руку на шыю ці дакрануцца вуснамі да маёй шчакі. Мне толькі хацелася б, каб фараон выканаў са мной свой абавязак, тады мая свабода ўзрасце, і я змагу весяліцца, з кім захачу, бо, як я зразумела, у Егіпце такі звычай: усе цешацца, з кім заўгодна, — галоўнае, каб іншыя пра гэта не ведалі. Як ты думаеш, ці хутка фараон запросіць мяне, каб выканаць свой абавязак? Ато ўсе вакол мяне весяляцца і расказваюць розныя цікавыя гісторыі пра гэтыя забавы, а мяне гэта раздражняе, бо я ж гаршчок разбіла ўжо даўно!
Гэта была сапраўды прыгожая жанчына са светлаю скурай, яе вочы блішчалі ярчэй, чым у егіпцянак, і я добра разумеў мужчын, якія імкнуліся пакласці ёй руку на шыю. А яна пазірала на мяне з гарэзлівымі іскрынкамі ў вачах, якія, разам з яе словамі, вельмі мяне збянтэжылі, і я не ведаў, што адказаць. Тады яна крыху расхінула вопратку і сказала:
— Я думаю, што фараон непакоіцца пра маё здароўе і таму прыслаў цябе, лекара, агледзець мяне. Mary цябе запэўніць, што егіпецкае паветра мне вельмі карыснае, і мяне непакоіць толькі адно: ці не занадта я дзябёлая, каб прыйсціся даспадобы егіпецкім мужчынам. Скажы праўду, — як егіпецкі мужчына і як мой добры сябар, — каб я магла выправіць недахоп, бо ён тлумачыцца толькі тым, што ў Вавілоне чым жанчына таўсцейшая, тым прывабнейшая для мужчын. І таму дома я ўвесь час піла вяршкі ды ела салодкае, каб нарасціць тлушч на сваіх касцях.
Забыўшыся на свае лекарскія абавязкі, я разглядзеў яе вачыма егіпецкага мужчыны і сябра, як яна прасіла, і пераканаў яе, што ніякіх недахопаў у яе няма і што шмат якія мужчыны болей любяць мяккі ложак, чым цвёрды, і тут паміж вавілонскімі і егіпецкімі мужчынамі няма нікай розніцы. Але я параіў вавілонскай князёўне не есці шмат салодкага, бо фараон і ягоная Вялікая жонка хударлявыя, а значыць і прыдворныя павінны быць такія ж. Я думаю, мае словы абудзілі ў яе марныя спадзяванні, бо яна запрашальна паглядзела на мяне і сказала:
— Вось тут, злева на грудзях, у мяне ёсць радзімка. Яна такая маленькая, што яе цяжка заўважыць, і ты павінен наблізіць свае вочы, каб разглядзець яе. Але, хоць яна і маленькая, я ўсё ж хачу, каб ты выдаліўяе. Прыдворныя паненкі ў Ахетатоне казалі, што ты робіш гэта па-майстэрску на радасць сабе і жанчыне.
Яе ружовыя грудзі былі раскошныя, на іх сапраўды можна было загледзецца, а па яе размовах і паводзінах я заўважыў, што фіванская ліхаманка ўжо ахапіла яе, аднак, я не меў намеру ламаць пячатку на фараонавым сасудзе. Таму я гучна пашкадаваў, што не захапіў з сабой лекарскага куфэрку, і паспяшаўся сысці, бо ў такіх сітуацыях патрабавалася вялікая перасцярога, дый Мэрыт была для мяне болей жаданай, чым усе вавілонскія прыгажуні. Але, дзякуючы гэтай сустрэчы, я змог паглядзець на Фівы і Залаты палац вачыма чужаземца, і зразумеў, якая распуста панавала ў палацы, калі маладая вавілонская князёўна так хутка разбэсцілася і стала, бы малпа, пераймаць самыя распусныя егіпецкія норавы. Павінен прызнацца, што я пайшоў ад яе засмучаны, праўда, не ведаю, ці то быў смутак ад маіх невясёлых думак, ці ад расстання з ёю. Але мне лягчэй было ісці з Залатога палаца пасля сустрэчы з вавілонскай князёўнай, чым пасля размовы з Эйе, якая пакінула ў маім сэрцы атручаную стрэмку.
Мушу таксама яшчэ расказаць, як падчас майго побыту ў Фівах да мяне наведаўся жрэц Херыхор, якога позна вечарам прынеслі да майго дома ў насілках. Ён нагадаў мне пра нашае папярэдняе спатканне, пра нашы размовы і сказаў:
— Дык ты, Сінухе, памятаеш сваё абяцанне?! Імклівы патокдалёка аднёс карабель, але ты яшчэ можаш паспець ускочыць на яго, калі пажадаеш.
— Я не памятаю, каб нешта табе абяцаў, — з годнасцю запярэчыў я.
Але ён усміхнуўся ўсмешкаю мудрага чалавека, круцячы на пальцы пярсцёнак Амона, і адказаў:
— Можа, твой розум і не даваў ніякага абяцання, але сэрцам ты абяцаў мне, нават таго не ведаючы. Аднак розуму трэба паспяшацца, бо гэтай зімой у Кэмеце будзе голад, а за ім прыйдуць хваробы і праліецца кроў, і нават самыя мудрыя з мудрых не будуць ведаць, што рабіць,
— Разводдзе з выгляду падымаецца лёгка, але вада, падымаючыся, змятае на сваім шляху ўсе грэблі і гаці. Можа патоп, які ты наладзіш, змяце на сваім шляху і цябе, Херыхор, і тваіх жрацоў, і я не магу сказаць, што вельмі засмучуся ад гэтага. Вялікі разліў можа прычыніць шмат шкоды, але затое, спадаючы, ён пакідае шмат урадлівага глею, і ўраджай узрастае стакроць.
Херыхор не ўзлаваўся, а з мудрым і ласкавым выглядам адказаў:
— Ты, напэўна, лічыш сябе мудрым, Сінухе, і прамаўляеш так веля-
гурыста, але тваё параўнанне памылковае. Я лепш сказаў бы, што цяпер у цемры выкоўваецца меч, і ты бачыш, ад сталёвага ляза як разлятаюцца іскры. Гэты меч выкоўваюць фараонава дурнота і ўтрапёнае шаленства «крыжоў»! Яго выкоўваюць голад, хваробы і кроў! I неўзабаве ён увап'ецца Егіпту ў самае сэрца. Калі меч прабівае сэрца чалавека — той падае і больш не ўстае, і чэрві тлусцеюць, пажыраючы яго. Дык, можа, і ты, Сінухе, хочаш аддаць Егіпет на спажыву чарвякам? У выніку ўсё адно — што патоп, што меч. Але карабель імчыць наперад з усё большаю хуткасцю, і ты, Сінухе, можаш яшчэ на яго ўскочыць, калі захочаш. А калі не захочаш — трапіш у вір і патонеш, гэтак сама, як патонеш і тады, калі скочыш запозна. А ты скочыш, Сінухе, наколькі я магу чытаць у чалавечым сэрцы, скочыш, можаш мне паверыць.
Ён лічыў мяне слабым чалавекам, але не здагадваўся, што ў маіх жылах цячэ царская кроў. Толькі поклічам царскай крыві можна растлумачыць многія мае ўчынкі, якія я сам не мог зразумець.
Сказаўшы ўсё гэта, Херыхор пакінуў мой дом і знік у цемры, і гэтым разам мы рассталіся хоць і не ворагамі, але і не сябрамі. Я прабыў у Фівах усю вясну, настала лета, у бядняцкім квартале развялася процьма мух, але я ўсё не хацеў ад'язджаць. Нарэшце сам фараон запатрабаваў, каб я вярнуўся ў Ахетатон, бо ў яго зноў узмацніўся галаўны боль, і я, такім чынам, больш не мог марудзіць з ад'ездам. Я развітваўся з Каптахам у «Кракадзілавым хвасце», і ён сказаў мне на развітанне:
— Мой гаспадар, я скупіў усё збожжа, якое толькі мог, і яно складзена ў многіх гарадах, а частку зерня і прыхаваў, бо мудры глядзіць наперад, а не назад, а ўсё новыя бязглуздыя ўказы ды законы не даюць гандляваць сумленна. Таму не выключана, што тваё збожжа захочуць забраць і прадаць народу ў выпадку голаду. Вось тады зборшчыкі даніны і наб'юць сабе глоткі, хоць такога зроду не было ніколі, бо адбіраць чужое майно і збожжа ніяк не стасуецца са старымі добрымі звычаямі. Але я думаю, што можа адбыцца ўсё, што хочаш, бо забаранілі ж вывозіць у Сірыю пустыя гаршчкі, і цяпер іх з вялікімі выдаткамі правозяць патаемна, а гэта значна змяншае мае прыбыткі. Тут напраўду не зразумееш, на галаве ты стаіш, ці на нагах, бо пастанова наконт гаршчкоў такая ж дурная, як і жаданне сірыйцаў купляць іх. У Сірыю забаронена вывозіць і збожжа, але гэта разумны і зразумелы ўказ, хоць ён выйшаў запозна, бо ва ўсім Егіпце не засталося ніводнага зернейка, якое можна было б паслаць у Сірыю. Я нічога не маю супраць законаў і пастановаў, бо яны супакойваюць народ, а прыстойная няспешнасць з іх выданнем дазваляе гандляру як след нажыцца і не панесці стратаў. Але пастанова наконт пустых гаршчкоў вартая ўсялякага асуджэння, бо яна дурная: ніхто ж не можа забараніць напоўніць тыя гаршчкі рачною вадой, тады яны ўжо не будуць пустыя, а мытную пошліну за рач-
ную ваду браць пакуль не дадумаліся, хоць фараонавы мытнікі мастакі на ўсялякія прыдумкі.
I яшчэ Каптах сказаў:
— Радуйся, мой гаспадар, бо наступнай вясной ты будзеш самым багатым чалавекам у Егіпце, калі толькі не здарыцца нічога незвычайнага і нечаканага, — хіба што фараон будзе багацейшы за цябе. Праўда, я павінен прызнацца, што ўсеагульны неспакой хвалюе мяне, як хвалююць усе гэтыя «крыжы» ды «рогі». Я з задавальненнем прызнаю, што фараон Эхнатон — вялікі цар, бо менавіта ў час яго кіравання я так узбагаціўся, але хочацца мне, каб гэтае кіраванне хутчэй скончылася, і мы зноў вярнуліся да старога ладу жыцця, і я мог бы тады спакойна і бестурботна жыць, атрымліваючы асалоду ад свайго багацця і будучы пад абаронай добрых законаў і цвёрдага парадку. Я ўжо не разумею, што адбываецца з маімі рабамі — так нахабна яны сябе паводзяць: адмаўляюцца есці чэрствы хлеб і стары алей, шпурляюць посуд у наглядчыкаў, а я не адважваюся пабіць іх палкай, бо нядаўна адзін раб кінуўся на свайго гаспадара, зламаў яго посах і ўцёк. Такога ніколі не было! Ці ж гэта не падстава павесіць некалькі рабоў на муры дзеля навучання іншым? На такое я і сам аддаў бы парачку сваіх рабоў.
Я нагадаў яму, што некалі ён сам быў рабом і на сваёй скуры паспытаў, якое гэта жыццё, але мой напамін вельмі яго раззлаваў, і ён сказаў:
— Сапраўды, раб гэта раб, а гаспадар — гаспадар, і такі лад жыцця — дасканалы, ён быў, ёсць і будзе вечна. У гэтым ладзе няма ні заганаў, ні хібаў, і я сам лепшае таму сведчанне. Я быў рабом, а цяпер я багаты чалавек, я растаўсцеў, дзякуючы сваім здольнасцям і спрыту, і так можа стацца з любым рабом, калі ён дастаткова кемлівы і спрытны і можа махляваць ды падманваць, як я. Адзіная загана такога ладу жыцця ў тым, што ён дае роўныя магчымасці ўсім. Харчамі рабоў спрадвеку было прэлае зерне, горкі стары алей і кіслае піва, і нічога не змянілася ў наш час. Гэтак сама спрадвеку рабоў старанна лупцавалі палкамі, каб яны былі адданымі, любілі свайго гаспадара і паважалі ягоную сілу, бо раб, якога не лупцуюць, робіцца заўсёды нахабным і лічыць свайго гаспадара слабым. Я ведаю ўсё гэта лепей за іншых, бо сам быў рабом і мае зад і ногі часта гарэлі ад добрай лупцоўкі, але гэта не пашкодзіла мне, а наадварот, навучыла красці і хлусіць яшчэ хітрэй, і я жадаю сваім рабам цалкам прайсці курс гэтай навукі.