• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Амон, Атон, ці не ўсё адно? Мы хочам спакойна рабіць сваю справу і спаўна атрымліваць за гэта. Але нас тузаюць з усіх бакоў так, што мы ўжо самі не ведаем — мы стаім на нагах ці на галовах?
    А ў найгоршым становішчы ў такія часы аказваецца той, хто хоча застацца самім сабой і не замінаць іншым верыць, у каго ім хочацца. На такога накідваюцца і адны, і другія, яго вінавацяць ва ўсіх грахах, абражаюць з усіх бакоў, пакуль ён не пачне ў роспачы ірваць на сабе вопратку і не спыніць свой выбар усё роўна на чым — на «крыжы» ці на «рогу», — на тым, што, на яго думку, прынясе яму найменш шкоды.
    Многія дамы ў Фівах упрыгожыліся крыжамі ці рагамі, нават цэлыя гарадскія кварталы выстаўлялі гэтыя выявы, яны віселі на дамах уцехаў, шынках, харчэўнях, і наведнікі хадзілі кожны ў «свае» — з рогам ці з крыжам. А вясёлыя дзяўчаты, якія займаліся сваім рамяством на вуліцах, вешалі на сябе гэтыя знакі напераменку, у залежнасці ад густу прывабленага мужчыны. I кожны вечар «крыжы» і «рогі», напіўшыся віна, зграямі бадзяліся па вуліцах, ламалі ліхтары, гасілі паходні і нявечылі адзін аднаго. I немагчыма было разабраць, хто з іх горшы — «крыжы» ці «рогі». А я жахаўся з абодвух.
    «Кракадзілаў хвост» таксама быў вымушаны зрабіць свой выбар, як не выкручваўся Каптах, якому хацелася заставацца сваім з усімі, з каго ён мог выцягнуць срэбра. Зрэшты, у яго і не было ніякага выбару, бо на сценах шынка штоноч з'яўляўся крыж у атачэнні непрыстойных малюнкаў. Тут не дапамаглі нават такія хітрыкі, як запіс шынка ў падатко-
    вай службе на імя Мэрыт. Апроч таго, казалі, што ў шынку неяк пабілі жрацоў Амона, а яго пастаяннымі наведнікамі былі вельмі падазроныя багацеі, якія не разбіралі сродкаў дзеля ўзбагачэння: гэта былі старэйшыны магільных рабаўнікоў, якія з задавальненнем завітвалі папіць «кракадзілавага хваста», а заадно прадавалі ў задніх пакоях нарабаваную здабычу скупшчыкам крадзенага. Усе яны былі прыхільнікамі Атона, бо ўзбагаціліся, дзякуючы гэтаму богу, і яго імем адпраўлялі на руднікі сваіх непрыяцеляў і канкурэнтаў, выступаючы ў судзе фальшывымі сведкамі. Магільныя рабаўнікі казалі, апроч таго, што яны лезуць у магілы толькі з прычыны сваёй палкай веры ў Атона, — каб сцерці са сцен імя праклятага бога Амона.
    Падчас гэтага перыяду майго жыцця ў Фівах на маім двары не тоўпіліся людзі, якім патрабавалася дапамога. Мяне шмат хто пазбягаў, прылюдна не жадаючы нават сустракацца позіркамі, а сам-насам казалі:
    —	Мы не жадаем табе нічога дрэннага, Сінухе. Шмат якія хваробы з'ядаюць нашых жонак і дзяцей, мы ў роспачы і не ведаем, што рабіць, бо лекараў, роўных табе, няма ў Фівах. Але прыходзіць да цябе мы баімся, бо твой дом пракляты, і мы не хочам наклікаць на сябе ўсялякія беды.
    Яшчэ яны казалі:
    —	Праклёны нас не палохаюць, усе гэтыя боскія справы нас не цікавяць, бо нашы засекі так апусцелі, што нам ужо ўсё адно — ці жыць, ці паміраць. Але мы баімся «рагоў», бо яны ламаюць нашы дзверы і збіваюць нашых дзяцей, пакуль мы працуем. А ты ўсім добра вядомы, бо шмат кажаш пра Атона і носіш на шыі гэты паганы знак.
    На гэта я ім адказваў:
    —	Я зусім на вас не крыўдую, бо вы людзі цёмныя і непісьменныя, і я разумею вашы цяжкасці. Што ж, можаце ісці да Амона, бо я чуў, нібы ён вылечвае нейкім сваім цудадзейным спосабам.
    Яны казалі:
    —	Ты смелы чалавек, Сінухе, калі прамаўляеш уголас імя гэтага бога, не баючыся ахоўнікаў. Сапраўды, Амон вылечыў шмат цяжкіх хваробаў, але яго выздараўленні былі кароткачасовыя, а потым хвароба вярталася з новаю сілай. Мы самі паспыталі гэта, і таму баімся цудадзейных выздараўленняў Амона, бо яны назаўсёды прывязваюць нас да рога, а мы хочам жыць свабодна, мы хочам не баяцца за сваё жыццё і спакойна займацца сваімі справамі. А вось гэтага нам і не дазваляюць. Ты прабач нам, Сінухе, прабач, што мы ад страху за свае сем'і не адважваемся вітаць цябе так, як таго заслугоўвае твая годнасць.
    Затое рабы і насільшчыкі з гавані без роздуму ішлі да мяне са сваімі паламанымі рукамі, расціснутымі ў жорнах пальцамі, разбітымі на працы каленямі. Яны баязліва пыталіся ў мяне:
    — А ці праўда, што бог Атон, якога мы не разумеем, бо ён не мае вобраза, робіць роўнымі багатых і бедных і адпускае рабоў на волю? Нам таксама хацелася б ляжаць на мяккіх дыванах у ценю размаляваных балдахінаў, піць віно з залатога посуду і прымушаць працаваць на нас іншых. Мы ведаем, што некалі быў такі час, калі багацеяў ссылалі на руднікі, а іх жонкі жабравалі на вуліцах, а тыя, у каго раней нічога не было, мелі ўдосталь хлеба і віна і спалі пад залатымі дахамі. А калі такі час аднойчы ўжо быў, дык чаму б з дапамогай Атона яму не паўтарыцца?
    Я лячыў ім пальцы, ставіў на месца вывіхнутыя рукі і ногі, перавязваў калені і адказваў:
    — Напраўду кажу, не пытайцеся ў мяне пра гэта, бо я нічога не ведаю. Адзін толькі фараон спасціг мудрасць Атона, і толькі яму Атон адкрывае свае задумы. Я ведаю толькі, што Атон кожнаму вызначае сваё месца, колер скуры і мову. А рабы заўсёды былі і заўсёды будуць, і людзям давядзецца заўсёды працаваць сваімі рукамі. Нічога з гэтым не зробіш! Таму хай кожны займаецца сваёй справай адпаведна сваім уменням. А вашы словы, баюся, небяспечныя і тояць нядобрае, і мне не хацелася б, каб вас пачулі ахоўнікі.
    А яны адказвалі:
    — Мы гаворым з табой шчыра і адкрыта, Сінухе, бо ты чалавек просты і бяскрыўдны, ты лечыш нас і не просіш ніякай узнагароды. Таму ты не данясеш пра нашы размовы. Але ты няправільна нас зразумеў, бо мы самі ведаем, што людзі павінны працаваць сваімі рукамі, але мы не можам зразумець, чаму менавіта мы нарадзіліся, каб стаць рабамі і слугамі, а іншыя — каб піць з залатога посуду пад залатымі дахамі? Вось чаго мы не разумеем і хочам, каб нам растлумачылі, у чым 'гут штука. Іначай нам нічога не застаецца, як лічыць, што гэты парадак няправільны і памылковы і ўсё гэта варта толькі шакалавай магілы. Можа стацца так, што аднойчы мы выкапаем такую магілу і ўкінем туды ўсіх багацеяў і вяльможаў і ўсіх, хто нас сёння б’е палкамі.
    Іх нахабства мяне агаломшыла, але ў ім была і нейкая праўда, і я марна ламаў галаву, шукаючы адпаведныя словы, — маёй вучонасці не хапіла. Я толькі і змог адказаць:
    — Чалавек раб толькі тады, калі адчувае сябе рабом, а ў сваім сэрцы чалавек застаецца свабодны.
    У адказ яны пагардліва засмяяліся і сказалі:
    — Каб цябе хоць раз адходзілі палкай па спіне, ты так не казаў бы.
    I потым дадалі:
    — Мы любім цябе, Сінухе, за тое, што ты чалавек просты і бяскрыўдны і лечыш нас зусім без платы. Таму ты можаш прыйсці ў гавань, і мы схаваем цябе ў пустым кашы, каб выратаваць тваё жыццё, калі шакалы
    выйдуць на вялікае паляванне. А мы думаем, што яно пачнецца ўжо хутка, бо нашы засекі спусцелі, алей з’ялчэў і губляць нам няма чаго.
    Але мяне пакуль ніхто не адважваўся зачапіць, бо я быў усё-ткі царскі лекар, дый самы бедны партовы люд ведаў мяне і мае добрыя ўчынкі. Таму на сценах майго дома не з'яўляліся крыжы і непрыстойныя малюнкі, ніхто не падкідваў мне ў двор падлу, і нават п'яныя задзіракі абыходзілі мой дом, калі цягаліся па вуліцах выгукваючы імя Амона, каб пазлаваць вулічную варту. Настолькі глыбока сядзела ў крыві народа пачцівасць да царскіх знакаў і тых, хто іх носіць! I гэта нягледзячы на тое, што жрацы Амона з усяе сілы стараліся пераканаць людзей, што Эхнатон — несапраўдны фараон.
    Але аднойчы маленькі Тот вярнуўся з вуліцы моцна пабіты: з яго носа цякла кроў і адзін зуб быў выбіты, што, зрэшты, не сапсавала яго прыгожага твару, бо зубы ў яго ўсё адно мяняліся. Тот усхліпваў, але стараўся стрымацца, а Муці так перапалохалася, што нават заплакала і не магла спыніцца, пакуль абмывала хлопчыка. Але потым яна схапіла качалку і кінулася на вуліцу з крыкам:
    — Мне ўсё адно, што Амон, што Атон, але гэтыя пляцельшчыкавы шчанюкі ў мяне атрымаюць сваё!
    Яна так імкліва выбегла са двара, што я не паспеў затрымаць яе, a праз некаторы час з вуліцы данесліся лямант хлапчукоў, лаянка мужчыны і крыкі аб дапамозе. Мы з Тотам баязліва выглянулі за вароты і ўбачылі, як Муці ў імя Атона лупцуе ўсіх пяцёх сыноў пляцельшчыка кашоў, ягоную жонку і яго самога. Мужчына толькі закрываў галаву рукамі, а з носу ў яго цякла кроў.
    Закончыўшы расправу, Муці вярнулася ў дом, усё яшчэ цяжка дыхаючы ад злосці, а калі я паспрабаваў растлумачыць ёй, што варожасць нараджае толькі варожасць, а помста засявае поле для помсты, яна ледзь не адлупіла качалкай і мяне. Але на схіле дня яе пачало грызці сумленне, і, напхаўшы поўную торбу мядовых аладак, прыхапіўшы збан піва і паношаную вопратку, яна прыйшла да пляцельшчыка кашоў мірыцца і сказала яму:
    — Ты трымай сваіх хлопцаў гэтак жа строга, як я трымаю свайго, я хачу сказаць — хлопчыка майго гаспадара. А добрым суседзям не след лупцаваць адзін аднаго праз нейкія там крыжы ці рагі, тым болей што я пакажу задніцу любому богу, за якога майму хлопцу навешаюць гузакоў ці пусцяць кроў з носу.
    Пасля гэтага здарэння пляцельшчык кашоў пачаў ставіцца да Муці з вялікай пачцівасцю і насіў падараваную вопратку па святах, а яго сыны сталі лепшымі сябрамі Тота і часцяком зазіралі да нас на кухню, дзе Муці частавала іх салодкімі аладкамі. Хлопцы ўсе разам біліся з дзецьмі «крыжоў» і «рагоў», калі тыя заходзілі на нашу вуліцу з нядобрымі
    намерамі. Тот біўся побач з усімі, і я ўжо не мог зразумець, хто ён — «рог» ці «крыж». Кожны, калі Тот выходзіў гуляць на вуліцу, маё сэрца раз сціскалася. Але я не хацеў спыняць яго, бо ён павінен быў навучыцца пастаяць за сябе і атрымаць сваю меру напоўніцу. Я толькі казаў яму кожны дзень:
    —	Слова мацнейшае за кулак, Тот. А веды мацнейшыя за невуцтва, павер мне.
    5
    Пра маё жыццё ў Фівах я магу дадаць яшчэ зусім няшмат, але ўсё-ткі раскажу і гэта, бо пра далейшыя падзеі нічога добрага расказваць не давядзецца. Я раскажу, як па загадзе фараона наведаў Залаты палац, хоць з прычыны Мехунефер вельмі баяўся туды ісці і праслізнуў міма варты, як заяц, што ратуецца ад кіпцюроў драпежнага арла. Там я сустрэў Носьбіта дзяржаўнага жазла Эйе, які быў у вельмі змрочным настроі і шчыра сказаў мне:
    —	Сінухе, усё ў мяне валіцца з рук, і я баюся, што заўтрашні дзень будзе горшы, чым сённяшні. Пастарайся абразуміць фараона, калі зможаш, а калі не зможаш, дай яму якога дурманнага зелля, каб ён заснуў як мага мацней, бо кожньі яго загад не разумнейшы за папярэдні, і, думаецца мне, ён зусім не разумее, што робіць. Напраўду, горыч улады апальвае мне рот, а тут яшчэ гэты пракляты Харэмхеб увесь час затрымлівае ў Мемфісе караблі са збожжам, якое я пасылаю ў Сірыю ў абмен на золата, як таго вымагае дамова. 3 кожным днём гэты Харэмхеб робіцца ўсё нахабнейшы і ўвогуле не хоча выконваць мае загады, паводзячы сябе так, нібыта ён у Мемфісе — фараонаў намеснік. Але ж ён выдатна ведае, што царскі намеснік — я і болей ніхто! Калі так пойдзе, дык царскае жазло ў маіх руках хутка будзе зусім бяссільнае, і бізун застанецца без працы, бо фараон забараніў караць смерцю злачынцаў і нават біць іх палкамі. Я не магу зразумець, як ён думае выхоўваць у людзях павагу да законаў, калі злодзеям нельга адсякаць рукі дзеля навукі іншым, і нікому нельга адрэзаць нос ці вушы ў пакаранне за зробленае злачынства. Так рабілі з пачатку ўсіх часоў і так трэба рабіць далей, каб зберагчы павагу да законаў. А пра якую павагу можа ісці гаворка, калі законы па фараонавай прыхамаці мяняюцца кожны дзень, а ў папірусавых скрутках ужо з'явіліся дзіркі ад сцёртых і зноў напісаных указаў! Жрацы Амона так і круцяцца вакол мяне, але ж яны разумныя людзі і шануюць добрыя старыя звычаі, — з горыччу працягваў ён свае скаргі. — Яны гатовыя заключыць пагадненне з умовай, што Амон і Атон будуць уладарыць разам. Яны напалоханыя тым, што людзі цяпер не вераць ужо ніякім багам і жывуць, нібы сённяшні дзень — апошні, а заўтра настане канец свету. Просты люд ужо кажа: «Давайце