Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Увесь гэты час фараон Эхнатон вельмі пакутаваў і змагаўся з сумненнямі, якія апаноўвалі яго сэрца і аслаблялі веру, і аднойчы ўначы ён горка скардзіўся, што відзежы больш не наведваюць яго, і Атон адвярнуўся ад свайго слабага сына. Але нарэшце ён змог павярнуць разуменне няўдалага замаху на сваю карысць і яшчэ болей умацаваць сваю веру ў
тое, што яму наканаваныя вялікія здзяйсненні і наперадзе чакаюць значна важнейшыя ўчынкі, бо ў Егіпце яшчэ шмат страху і цемрашальства. Ён паспытаў горкага хлеба нянавісці, глынуў салёнай вады злосці і варожасці, і гэты хлеб не наталіў яго голаду, як і вада не наталіла смагі. Але сам ён паверыў, што робіць усё толькі дзеля дабра і любові, а ўсё кепскае ідзе ад жрацоў Амона. Таму ён загадаў узмацніць ганенні на тых, хто адважыцца прамовіць уголас імя Амона, і ссылаць іх на руднікі. На жаль, больш за ўсіх ад такога загаду пацярпеў просты люд, бо таемная ўлада жрацоў Амона была яшчэ моцнай, і царская ахова баялася іх чапаць, гледзячы на іх справы праз пальцы. Такім чынам, варожасць нараджала варожасць, і неспакой у краіне ўзрастаў усё больш.
Фараон Эхнатон не меў спадкаемцаў трона, а таму, каб умацаваць сваю ўладу, вырашыў аддаць двух старэйшых дачок, Мэрытатон і Анкесенатон, за сыноў двух самых адданых яму вяльможаў. Па яго загадзе Мэрытатон разбіла гарлач з юнаком, якога звалі Сменхкара. Ён меў чын Царскага чашніка ў Залатым палацы, дзе правёў усё жыццё і аллана служыў Атону. Гэта быў палкі пятнаццацігадовы падлетак. Як і фараон, ён мроіў наяве і, маючы слабую волю, ва ўсім падпарадкоўваўся моцнай руцэ фараона, ад чаго той любіў яго больш за іншых. 3 гэтай прычыны Эхнатон, які ўжо не спадзяваўся займець сына, загадаў каранаваць Сменхкару царскай каронай і абвясціў сваім пераемнікам.
Анкесенатон разбіла гарлач з дзесяцігадовым хлопчыкам, якога звалі Тут, і які насіў тытулы Царскага конюха і наглядчыка за царскімі будаўнічымі работамі і каменяломнямі. Гэта быў хваравіты хударлявы хлопец, які гуляў з лялькамі, любіў салодкае і быў вельмі рахманым і паслухмяным дзіцём. Ніякіх дрэнных рысаў у яго характары не было, як не было і надта добрых. Ён верыў усяму, што яму расказвалі, a потым паўтараў слова ў слова ўсё, што чуў ад апошняга суразмоўцы. Абодва гэтыя хлопчыкі належалі да старых высакародных сем'яў ErinTa, і, аддаючы за іх сваіх дачок, фараон Эхнатон хацеў мацней прывязаць гэтыя магутныя старадаўнія рады і да сябе, і да Атона. Апроч таго, абодва хлопчыкі вельмі яму падабаліся, бо не мелі ўласнай волі, а фараон Эхнатон у сваёй утрапёнасці не цярпеў непаслушэнства і супярэчных словаў і не слухаў сваіх дарадцаў.
Звонку ўсё выглядала па-ранейшаму, але смерць маленькай царэўны і яе сабачкі, як і замах на фараона былі благімі прыкметамі, хоць самым горшым было тое, што'фараон закрыў свае вушы ад усіх зямных галасоў і прыслухоўваўся толькі да сябе. Ад таго жыццё ў Ахетатоне стала болей змрочным, усё радзей чуўся смех на вуліцах, а людзі размаўлялі прыцішанымі галасамі, нібыта нейкі страх лунаў у паветры. Часта бывала, працуючы, я нібы прачынаўся, пачуўшы раўнамернае паданне кропляў з клепсідры, і, зірнуўшы ў вакно, разумеў, што ў горадзе пануе
мёртвая цішыня: не было чуваць ні грукату колаў, ні чалавечага смеху, ні птушынага строкату, — чуліся толькі гукі вадзяных кропель, якія адмяралі бясконцы час. I для мяне гэтыя гукі былі самымі злавеснымі, бо мне здавалася, што некалі адмераны тэрмін набліжаецца да канца. Я дакараў сваё сэрца за неразумнасць і запэўніваў сябе, што час ніколі не зможа закончыцца, як не можа закончыцца вада ў гадзінніку. I вось зноў паўз мой дом па вуліцы ехалі павозкі, на галовах коней калыхаліся страўсавы пёры, і грукат колаў змешваўся з вясёлым гоманам слуг на кухонных падворках. Тады я супакойваўся і думаў, што гэта быў толькі дрэнны сон.
Але часам здараліся і халодна-празрыстыя імгненні, калі я адчуваў, што горад Ахетатон — усяго толькі прыгожая скурка плода, які даўно ўжо выедзены знутры. Чарвяк часу выеў сэрца вясёлага бесклапотнага жыцця, і радасць згасла ў Ахетатоне, і змоўк смех на ягоных вуліцах. Таму маё сэрца пачало зноў маркоціцца па Фівах, і я знайшоў безліч прычын, па якіх павінен быў неадкладна паехаць у Фівы, і нават фараон не змог забараніць маю паездку — такія важныя справы вялі мяне ў Фівы. Гэтак сама рабілі і многія іншыя, якія былі ўпэўненыя, што ўсім сэрцам любяць фараона Эхнатона, — але і яны пакідалі Ахетатон, нібыта дзеля нагляду за сваімі землямі ці каб наведаць родзічаў. I яны плылі, хто ў Мемфіс, а хто ў Фівы. Болыпасць усё ж вярталіся ў Ахетатон, але былі і такія, хто больш не даражыў фараонавай прыхільнасцю і з вялікай ахвотай вяртаўся пад патаемную ўладу Амона. Але я ехаў у Фівы, нібыта каб паклапаціцца аб сваёй маёмасці, дзеля чаго Каптах па маім загадзе своечасова даслаў мне безліч справаздачаў, якія пацвярджалі ў вачах фараона неабходнасць маёй паездкі.
4
Падняўшыся на карабель, я адчуў, што мая душа нібы вызвалілася ад нейкага наслання. Вакол зноў была вясна, разводдзе заканчвалася, і ластаўкі жвава насіліся па-над жоўта-бурай ракой. Урадлівы глей асядаў на палях, квітнелі садовыя дрэвы, і я імкнуўся наперад усім сэрцам, поўным няяснай вясенняй асалоды, нібыта я быў жаніхом, які спяшаецца да сваёй каханай нявесты. Напэўна, можна сказаць, што чалавек — раб свайго сэрца, бо ён стараецца забыць усё непрыемнае, a верыць толькі жаданаму. Вось і маё сэрца, вызваліўшыся ад чараў і патаемнага страху Ахетатона, радавалася цяпер, як птушка, выпушчаная з клеткі, бо чалавеку цяжка жыць увесь час звязанаму чужой воляй, а ўсе, хто жыў у Ахетатоне, згіналіся пад неўтаймоўнай воляю фараона Эхнатона і схіляліся перад яго ўтрапёнасцю. Для мяне ж ён быў простым чалавекам, якога я лячыў, і ад таго цярпець гэтае рабства мне было цяжэй, чым тым, для каго ён быў боскай асобай.
Я радаваўся, што зноў магу глядзець на свет сваімі вачыма, слухаць яго галасы сваімі вушамі і жыць, як сам таго пажадаю. Я паступова вызваляўся ад фанабэрыі і горычы, а таму мог бачыць фараона такім, якім ён быў папраўдзе. I чым далей я адплываў ад яго, тым выразней яго бачыў і жадаў яму толькі дабра. Чым бліжэй я падплываў да Фіваў, тым больш ажывалі мае ўспаміны і тым болей велічным здаваўся мне фараон Эхнатон з яго богам, які засланяў у маім сэрцы ўсіх астатніх багоў, і Амона ў тым ліку.
Я ўспомніў той страх, якім Амон звязваў сэрцы людзей, і як душыў ён імкненне да ведаў і не дазваляў задаваць пытанне «чаму?». Я ўспомніў мёртвага крыцкага бога, які гайдаўся ў гнілой вадзе, успомніў яго ахвяраў, навучаных танчыць перад бычынымі рагамі на пацеху страшыдлу. I чым больш я думаў пра гэта, тым больш распалялася ў маім сэрцы нянавісць да ўсіх ранейшых багоў, а светлае ззянне Атона разгаралася з небывалаю сілай. Атон вызваляў людзей ад страху і пранікаў паўсюль — ён быў ува мне, па-за мной і па-за маімі вучонымі ведамі. Атон быў жывым богам, бо жыла і дыхала прырода, бо ясныя сонечныя промні сагравалі зямлю і зямля квітнела. Але Атон прасвятляўся ў маім сэрцы толькі ўдалечыні ад фараона Эхнатона, бо жывучы з ім побач, я бачыў у ім толькі чалавека. Апроч таго, жыццё разам з ім было цяжкім таму, хто хацеў жыць па загаду свайго сэрца: фараон гвалтам навязваў Атона ўсім і кожнаму, а такі прымус нараджаў супраціў і пратэст, адбіваючы людзей ад Атона. Таму многія служылі новаму богу толькі ад страху, і Атон у іх вачах быў нічым не лепшы за Амона.
Усё гэта я спасціг, пакуль плыў уверх па рацэ пад светлым сінім небам, у цёплым сонечным святле паўз квітнеючыя берагі. Я зразумеў гэта таму, што нічога не аказвае такога жыватворнага ўплыву на чалавека, як падарожжа без дакладна вызначаных задачаў і абавязкаў, нязвыклае атачэнне і адзінота. Я думаў пра сябе і адчуваў сорам, бо багатае жыццё ў Ахетатоне зрабіла мяне надта сытым, а падарожжа ў Сірыю сапсавала і зрабіла самаўпэўненым і пыхлівым: я нават палічыў, што нешта разумею ў кіраўніцтве дзяржавамі і ведаю, як можна прымірыць народы. Сапсавала мяне і падарожжа з вавілонскім паслом, пасля якога я палічыў сябе недасягальна мудрым. Толькі цяпер, калі заслона апала з маіх вачэй, я спасціг, што мудрасць вавілонскага пасла і ўся мудрасць навукоўцаў Вавілона — гэта мудрасць зямная і яе значэнне самае прыземленае.
Яны не змаглі прачытаць па печані авечкі пра боскага чалавека — яны вычытвалі па ёй толькі пра зямныя справы людзей, пра іх поспехі, шлюбы, колькасць дзяцей, пра чалавечыя злачынствы, але прачытаць што-небудзь у чалавечым сэрцы яны не маглі. Зоркі плылі па небасхіле сваімі дакладна разлічанымі шляхамі, пакорліва апускаючыся ў вызна-
чаных месцах, і яны чыталі па зорках пра будучы ўраджай, гады царавання і гібелі царстваў, але не маглі прачытаць нічога пра боскі пачатак у чалавеку, а значыць, само гэта ўменне не было боскім, Гэтыя думкі прымусілі мяне змірыцца, і я пакорліва схіліў галаву перад тым боскім, што жыло ўва мне, як і ў кожным чалавеку, — перад тым, што фараон Эхнатон называў адзіным богам Атонам. Але, на жаль, у мяне не было ні волі фараона, ні яго мужнасці. Таму я пакорліва схіляў галаву перад неспасцігальнасцю свайго сэрца і быў гатовы прызнаць, што багоў на свеце гэтулькі ж, колькі існуе чалавечых сэрцаў. Аднак я лічыў, што ёсць такія людзі, якія прайшлі свой шлях ад нараджэння да магілы, так і не зведаўшы прысутнасці бога ў сваім сэрцы. А гэты бог не быў ні ведамі, ні разуменнем, ён быў большым і за веды, і за разуменне.
Так, я верыўу памыснае і радаваўся ўсякаму сэрцу, адчуваючы сябе добрым, не такім, як іншыя. Калі быць шчырым, я адчуваў сябе нават дабрэйшым за Эхнатона, бо нікому не рабіў зла свядома, нікому не навязваў сваю веру, а ў маладыя гады лячыў бедны люд без усялякай узнагароды. Цяпер жа, падарожнічаючы ўверх па рацэ, я паўсюль бачыў сляды, пакінутыя фараонавым богам: была самая пара сяўбы, але амаль палова палеткаў ляжала неапрацаванай і незасеянай ад недахопу насення, буялі пустазелле й дзядоўнік, а неачышчаныя каналы запруджваў глей, што застаўся пасля разводдзя.
Амон магутна валодаў сэрцамі тутэйшых людзей, выганяючы навасёлаў са сваіх былых земляў і насылаючы праклён на палі фараона, так што рабы і вольныя земляробы ўцякалі ў гарады. А тыя сяляне, якія яшчэ заставаліся жыць у сваіх хацінах, былі запалоханыя і злосныя. Я казаў ім: