• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    I калі я абвясціў, што не магу прыняць такой умовай і запатрабаваў ахову, каб з'ехаць, Азіру ўпаў у шаленства, выгнаў мяне з шатра і выкінуў следам мае гліняныя таблічкі. Але з лагера ён мяне не адпусціў, і я праводзіў вольны час, лечачы параненых і хворых ды выкупляючы на свабоду егіпецкіх палонных, якія цяжка пакутавалі ад непасільнай працы. Я выкупіў і некаторых жанчын, а некаторым даў атрутнае зелле, бо для іх лепшая была смерць, чым поўнае пакутаў жыццё ў хецкім палоне. Так праходзіў час, і праходзіў ён на маю карысць, бо я нічога не губляў, а страты Азіру раслі дзень пры дні, і ад гэтага ён так шалеў, што нават парваў срэбную сетку, якая аплятала яго бараду. Трэба сказаць, што Азіру загадаў віжам пільна сачыць за кожным маім крокам, бо апасаўся, што я разам з яго вяльможамі і ваяводамі арганізую змову, каб яго пагубіць. Зрабіць гэта было б вельмі лёгка, але я пра такое нават не думаў, бо меў занадта чуллівае сэрца, дый, апроч таго, ён быў маім сябрам. I вось аднойчы ўначы забойцы праніклі ў шацёр і паранілі Азіру нажом, але ён не памёр і забіў аднаго, а другога яго сын, прачнуўшыся, ударыў мечам у спіну так, што той таксама сканаў.
    Наступным днём Азіру выклікаў мяне ў свой шацёр і, лаючыся самымі жахлівымі словамі, усю віну за замах узваліў на мяне. Я нават не на жарт спалохаўся, але адразу пасля гэтага Азіру абвясціў, што згодзен заключыць мір, і мір намі быў заключаны. Газа засталася пад ула-
    дай Егіпта, утаймаванне вольных атрадаў было прызнана справай Азіру, а фараону давалася права перавагі пры выкупе палонных. На такіх умовах мы падпісалі дамову аб вечнай дружбе, якая была занесеная на гліняныя таблічкі і замацаваная імёнамі тысячы егіпецкіх багоў і ў дадатак імем Атона. Азіру сыпаў праклёнамі, ставячы на гліняную таблічку сваю пячатку. Але і я, прыкладваючы егіпецкую пячатку, ірваў на сабе адзенне і плакаў горкімі слязьмі. Аднак урэшце ўсе былі задаволеныя, Азіру шчодра мяне адарыў, і я таксама абяцаў прыслаць падарункі яму, яго сыну і ягонай жонцы з першымі ж караблямі, якія пойдуць з Егіпта ў Сірыю, калі настануць мірныя часы.
    Мы рассталіся ў поўнай згодзе, Азіру нават абняў мяне і назваў сябрам, а я на развітанне падняў на рукі ягонага сына і дакрануўся вуснамі да ружовай шчакі хлопчыка. Аднак як Азіру, так і я ў глыбіні душы ведалі, што дамова, якую мы заключылі навечна, не вартая нават той гліны, на якой яна была напісаная, бо Азіру заключыў гэты мір, таму што яго вымусілі абставіны, а Егіпет — таму што так хацеў фараон Эхнатон. Гэты мір ні на чым не грунтаваўся, ён вісеў у паветры, адкрыты ўсім вятрам, і ўсё залежала ад таго, у які бок накіруюць сваю зброю хеты пасля заваёвы Мітанні. Шмат таксама залежала ад цвёрдасці Вавілоніі і ад караблёў Крыта, якія ахоўвалі марскія гандлёвыя шляхі.
    Але так ці іначай, Азіру пачаў распускаць войскі па дамах, а мне даў ахову да Газы, і з гэтай аховай паслаў загад зняць безвыніковую аблогу. Аднак раней чым я трапіў у Газу, маё жыццё пабывала ў такой небяспецы, у якой не было ніколі. Калі я са сваёй аховай, якая махала пальмавымі галінамі і гучна крычалі аб міры, наблізіўся да гарадской брамы, егіпецкія абаронцы падпусцілі нас да самых муроў, а потым узяліся асыпаць стрэламі, дзідамі ды вялізнымі камянямі з баявых машын, так што я ўжо развітваўся з жыццём. Бяззбройны воін Азіру, які трымаў шчыт над маёй галавой, быў забіты стралой у горла і ўпаў на зямлю, абліваючыся крывёю, а яго таварышы кінуліся наўцёкі. А я застаўся на месцы, бо ад жаху мае ногі аслаблі, і ўпаў на зямлю, накрыўшыся шчытом забітага воіна. Я стагнаў ад жаху і лямантаваў што было сілы. А егіпецкія абаронцы Газы, убачыўшы, што стрэламі і дзідамі мяне не дастаць, пачалі ліць гарачую смалу з вялізных гаршчкоў, і яе гарачая хваля ўжо шыпела непадалёк ад мяне, але яе спынілі вялікія камяні, і я атрымаў толькі апёкі на руках і каленях.
    Усе воіны Азіру з задавальненнем назіралі за гэтай карцінай і рагаталі, трымаючыся за жываты, бо відовішча было і сапраўды смешнае, але мне было не да смеху. Нарэшце егіпецкі военачальнік загадаў трубіць у трубу, — здаецца, мае жаласныя крыкі змякчылі жорсткія душы егіпецкіх воінаў, і яны злітаваліся з мяне, але вароты не адчынілі, а спусцілі з муроў трысняговы кош, у які я мусіў залезці разам са сваімі табліч-
    камі і пальмаваю галінкай, а потым мяне пацягнулі наверх, На мой погляд, мур быў надта высокі, і я так калаціўся, што кош пачаў гайдацца, а воіны Азіру рагаталі яшчэ мацней, і іх смех грымеў, як бурныя марскія хвалі.
    За ўсё гэта я злосна вылаяў начальніка гарнізона Газы, але ён аказаўся чалавек змрочны і ўпарты, і адказаў, што столькі нагледзеўся ўсякіх сірыйскіх хітрыкаў, што не адчыніць вароты нікому, пакуль не атрымае асабістага загаду ад Харэмхеба. Ён не паверыў, што мір заключаны, хоць я паказаў таблічкі і гаварыў ад імя фараона. Ён быў чалавек просты і ўпарты, і, напэўна, дзякуючы той упартасці Егіпет да гэтае пары не страціў Газу, і таму мне не варта было надта яго дакараць. У дадатак да ўсяго я заўважыў, што на мурах вісяць і сушацца скуры сірыйскіх палонных і палічыў за лепшае не надта раздражняць яго, хоць тое, як мяне ўсцягвалі на гарадскі мур, было вялікай абразай майму гонару і годнасці.
    3 Газы я адплыў у Егіпет і, на выпадак сустрэчы з непрыяцелем, загадаў узняць на мачце царскі штандар і сцяжкі, якія паказвалі на мірныя намеры. Праз гэта ўся карабельная каманда пачала пагарджаць мною, кажучы, што карабель, аздоблены і размаляваны такім чынам, падобны больш да распуснай дзеўкі, чым да прыстойнага карабля. Аднак калі мы дасягнулі ракі і пачалі плысці ўверх па цячэнню, і людзі збіраліся на берагах з пальмавымі галінкамі, услаўляючы мяне, бо я быў пасланцам фараона, які прывёз з сабой мір, вось тады мараплаўцы пачалі глядзець на мяне з павагай і забыліся на тое, як цягнулі мяне ўгору на гарадскіх мурах Газы.
    Харэмхеб прачытаў мае гліняныя таблічкі і высока ацаніў майстэрства, з якім былі праведзены перамовы. Такая яго рэакцыя мяне нават здзівіла, бо звычайна ён ніколі не быў задаволены тым, што я рабіў. Але я зразумеў прычыну такой ласкавасці, калі даведаўся, што Крыт адклікаў свае ваенныя караблі, а значыць, яшчэ крыху і Газа апынулася б у руках Азіру, бо без марской падтрымкі крэпасць не ўтрымалася б, a прабіцца да яе па сушы Харэмхеб не адважваўся таму, што ўвосень яго войска загінула б у пустэльні ад смагі. Таму цяпер ён узносіў мне хвалу і, не марудзячы, рыхтаваў караблі з вайсковым падмацаваннем, харчамі і зброяй на падтрымку Газы.
    Вяртаючыся ад Азіру, я сустрэў у Мемфісе пасла ад цара Бурабурыяша, які з багатымі дарункамі накіроўваўся да фараона. Я запрасіў яго на фараонаў карабель, які чакаў мяне ў Мемфісе, і мы паплылі разам. Нашае падарожжа было прыемным і лёгкім, бо пасол аказаўся велічным дзедам з белаю барадой па самыя грудзі і валодаў багатымі ведамі. Мы гаварылі пра зоркі, пра гаданне па авечай печані, а размовы на гэтьія невычарпальныя тэмы можна доўжыць бясконца.
    Размаўлялі мы і пра дзяржаўныя справы, і тут я заўважыў, што ён напалоханы, як хутка расце магутнасць хетаў. Зрэшты, ён сказаў, што жрацы Мардука прадказваюць, нібыта ўлада хетаў будзе абмежаваная адным стагоддзем, а потым з заходніх земляў прыйдзе дзікі белы народ, які знішчыць іхняе царства так, што ад яго не застанецца і следу. Мяне не вельмі суцешыла, што ўлада хетаў будзе доўжыцца сто гадоў, бо выходзіла, што мне давядзецца цярпець яе ўсё астатняе жыццё. Але больш за ўсё мяне здзівіла, што з захаду прыйдзе нейкі народ, бо на захадзе няма ніякіх земляў, а толькі выспы ў моры, як гэта ўсім добра вядома. Але даводзілася верыць пачутаму, бо ў Вавілоне я пабачыў і паспытаў ужо столькі, што зоркам прызвычаіўся верыць больш, чым сваім ведам.
    Пасол вёз з сабой выдатнае горнае віно, і мы весялілі гэтым чароўным напоем нашыя сэрцы. А ён распавядаў, што на вежы Мардука з'яўляюцца ўсё новыя сведчанні хуткага канца ўсіх часоў. I мы абодва разумелі, што жывём на астатнім крэсе сусвету, што хутка настане сусветная ноч і нас чакаюць вялікія змены: многія народы знікнуць, як нядаўна згінуў народ Мітанні, старыя багі забудуцца раней, чым народзяцца новыя, і пачнецца новы сусветны час. Пасол падрабязна распытваў мяне пра Атона, ківаў галавой і гладзіў бараду, слухаючы мой расказ і дзівячыся, што ў новага бога няма пэўнай выявы, што ўсе перад ім роўныя і ён жыве не ахвярамі, а любоўю паміж людзьмі, бо ўсе людзі ў яго вачах — браты, незалежна ад колеру скуры і мовы, і няма ў яго розніцы паміж багатым і бедным, рабом і вяльможам.
    Вавілонскі пасол пагадзіўся, што падобнага бога на зямлі яшчэ не было і з'яўленне Атона — цвёрдая прыкмета таго, што канец свету блізкі. Бо вучэнне Атона, на яго думку, — нечувана небяспечнае, яно мяняе месцамі паддогу і столь і расчыняе ўсе дзверы, а чалавек, думаючы пра ўсё гэта, можа з'ехаць з глузду і пачаць хадзіць задам наперад і дагары нагамі. Яго багатыя веды прымусілі мяне змоўчаць, бо ён быў з Вавілона, а гэты горад — калыска нябеснай і зямной мудрасці, і, глыбока яго шануючы, я не хацеў, каб пасол мяне палічыў за дурня. Таму я палічыў за лепўае не выказваць яму сваю думку, што з'яўленне Атона і фараонава вера даюць усім народам непаўторную магчымасць, якая можа больш не надарыцца. Зрэшты, цяпер, асабліва пасля таго, як я пабываў на вайне, абпаліўшы на ёй свае калені і рукі і нагледзеўшыся на знявечаныя трупы, я і сам схіляўся да таго, што мае думкі — проста глупства. Пасля ўсяго, што я ўбачыў, мой розум падказваў мне, што людзі — крыважэрныя драпежныя львы, а зусім не браты адзін аднаму.
    Так, у цікавых размовах, мы прыехалі ў Ахетатон, і я адчуваў, што мае апошнія вандроўкі надалі мне яшчэ больш мудрасці.
    3
    Пакуль мяне не было, у фараона зноў пачала балець галава, яго cap­ita грыз неспакой, ён адчуваў, што ўсё, да чаго ён дакранаецца, прыносіць толькі няшчасці. Ад гэтага ўсё яго цела гарэла ў ліхаманкавых відзежах і ён усё больш чэзнуў. Каб супакоіць яго, жрэц Эйе вырашыў увосень пасля жніва, калі вада пачне падымацца, наладзіць свята ў гонар трыццацігоддзя царавання фараона. Тое, што напраўду фараон цараваў значна меней, не мела ніякага значэння, бо здаўна стала традыцыяй ладзіць такія святы, калі фараон пажадае. Так ягоны бацька ладзіў свята трыццацігоддзя некалькі разоў, і цяперашняе свята ніякім чынам не супярэчыла жаданню Эхнатона жыць толькі па праўдзе.