Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Усе прадказанні спрыялі такому святу, бо ўраджай быў даволі багаты, і хоць зерне засталося паплямленым, беднякі атрымалі свае меры напоўніцу. Я вярнуўся і прывёз з сабой мір, ад чаго ўсе гандляры ўзрадаваліся і чакалі аднаўлення гандлю з Сірыяй. Але самым галоўным для будучыні было тое, што пасол цара Бурабурыяша прывёз у жонкі фараону адну са шматлікіх царскіх сясцёр і перадаў просьбу прыслаць вавілонскаму цару ў жонку адну з дачок фараона. Гэта азначала, што Вавілон хоча застацца хаўруснікам Егіпта, моцна баючыся хетаў.
Шмат хто з прыдворных лічыў, што аддаць егіпецкую царэўну ў жаночыя пакоі Вавілона — гэта абраза гонару і годнасці егіпецкіх фараонаў, бо свяшчэнная царская кроў не магла змешвацца з чужаземнай, хай сабе і царскай. Але фараон Эхнатон не бачыў у гэтым ніякай ганьбы. Ён толькі шкадаваў дачку, і яго сэрца сціскалася ад думкі, што дзяўчынка апынецца ў натоўпе незлічоных жонак на чужыне. Пры гэтым ён успамінаў мітаннійскіх царэўнаў, якія памерлі ў Залатым палацы Фіваў. Аднак дружба з Бурабурыяшам мела для фараона такое вялікае значэнне, што ён згадзіўся аддаць яму ў жонкі малодшую дачку, якой было толькі два гады. У сувязі з яе малалецтвам фараон пакуль прапаноўваў правесці толькі шлюбны абрад, у якім вавілонскага цара зможа прадстаўляць вавілонскі пасол, а дзяўчынку ён абяцаў прыслаць у Вавілон пазней, калі яна дасягне жаночага паўналецця. Пасол з радасцю падтрымаў такое рашэнне, і, безумоўна, быў бы задаволены, калі б на месцы царэўны была дачка якога-небудзь егіпецкага вяльможы. Аднак, калі я паспрабаваў растлумачыць гэта фараону, той не стаў слухаць, бо гэта ішло супраць ягонай праўды.
Падбадзёраны новымі добрымі абставінамі, фараон забыўся на галаўны боль і атрымаў сапраўдную асалоду ад святаў трыццацігоддзя свайго царавання, а ўжо Эйе пастараўся наладзіць свята з вялікай раскошай. Спачатку перад фараонам паўсталі паслы крашы Куш, якія прывялі з сабой паласатых аслоў і плямістых жырафаў. У руках яны неслі
маленькіх малпаў, стараючыся трымаць звяркоў як мага вышэй, каб іх не закрывалі стракатыя папугаі. Рабы пранеслі перад фараонам слановую косць і залаты пясок, страўсавае пер'е і куфэркі з чорнага дрэва, і безліч іншых дарункаў, якімі зямля Куш здаўна плаціла падаткі Егіпту. I мала хто ведаў, што гэтыя падарункі Эйе ўзяў з уласных фараонавых кладовак, а цяжкія кашы з залатым пяском усярэдзіне былі пустыя. Фараон, безумоўна, пра гэта не здагадваўся, а таму быў шчыра рады, гледзячы на такое багацце, і ўсхваляў вернасць зямлі Куш. Потым перад ім пранеслі падарункі ад Вавілоніі, крыцкі пасол падараваў фараону дзівосныя гарлачы і вазы, напоўненыя каштоўным алеем, Азіру таксама прыслаў свае падарункі, бо яму абяцалі падарункі ў адказ, апроч таго, гэта была выдатная магчымасць пашпіёніць у самім Егіпце і выведаць намеры фараона.
Такім чынам, той восенню пасля жніва ў Ахетатоне сабраўся ўвесь бляск старадаўняга Егіпта, дый сам Паднябесны горад у яркім святле выглядаў, як чароўная мроя ў атачэнні гэтага бляску й багацця. Уся знаць Егіпта навыперадкі ўслаўляла фараона Эхнатона і спаборнічала, выдумляючы ўсё новыя ступені найвышэйшай ухвалы. Раскошнае відовішча ўяўляла гарадская варта, воіны якой прайшлі роўнай хадой з левай нагі, наканечнікі дзідаў палалі ў яркім святле, а дрэўкі пераліваліся сінім, хоць дзіды былі абсалютна бяскрыўдныя і нікому не маглі прынесці шкоды, бо цалкам, разам з наканечнікамі, былі зробленыя з дрэва і адпаведным чынам пафарбаваныя, але чужаземцам яны здаваліся меднымі, і тыя дзівіліся фараонавай моцы.
Пасля шэсцяў і цырымоніяў фараон Эхнатон прывёў у храм Атона сваю маленькую дачку, якой не было і двух гадоў і яна яшчэ хадзіла няўпэўненай дзіцячай хадою. У храме ён загадаў ёй стаць побач з вавілонскім паслом, і жрацы разбілі паміж імі гарлач, як таго патрабаваў звычай. Гэта была вялікая хвіліна, якая пацвярджала саюз і дружбу паміж Вавілонам і Егіптам і знішчала многія небяспечныя цені над будучыняй. Прынамсі, мы лічылі, што цяпер мы зможам пазбегнуць шмат якіх цяжкасцяў. Так думалі ўсе, хто ведаў сапраўднае становішча рэчаў і абмяркоўваў адносіны паміж нашымі народамі. А калі б мы і пачалі сумнявацца ў гэтым, дык кіслыя выразы на тварах амарэйскіх і хецкіх паслоў, развеялі б нашы сумневы, павялічыўшы радасць.
Пасол Вавілона ў глыбокім паклоне схіліўся перад маленькай царэўнай, бо з гэтай хвіліны яна, нягледзячы на свой узрост, стала царскай жонкай яго ўладара, цара Бурабурыяша. Ён ушанаваў царэўну паклонам на егіпецкі лад, а потым зрабіў гэта па-вавілонску, прыціснуўшы рукі да грудзей і да ілба. Мне расказвалі, што ў час гэтай урачыстай цырымоніі маленькая царэўна паводзіла сябе выдатна, а пасля заканчэння нахілілася, падняла з падлогі чарапок ад разбітага шлюбнага гар-
лача і пачала ўважліва яго разглядаць. Прысутныя ацанілі гэта, як вельмі добрую прыкмету.
Пасля ўсіх гэтых свяшчэнных дзействаў фараона ахапіла хваляванне. Ён любіў дачку, але, аслеплены бляскам багацця і ўлады, яшчэ больш чым раней верыў падманлівым мроям. Таму, парушаючы цырыманіяльны парадак, ён звярнуўся ў храме Атона з прамовай да чужаземных паслоў, егіпецкіх вяльможаў і гаротных воінаў гарадской аховы. Ён гаварыў ад шчырага сэрца — так, што сляды знямогі і хваробы зніклі з ягонага твару, а шчокі паружавелі ад прыліву крыві. Ён высокім голасам усхваляў Атона, ён казаў, што бачыць, як над зямлёй уздымаецца яркі світанак, які змяняе ноч невуцтва, забабонаў, страху, варожасці і войнаў. Усю моц і багацце Егіпта ён аддае на службу Атону і заклікае паслоў чужаземных краінаў данесці звесткі пра гэта ў свае землі, да сваіх уладароў, каб святло разагнала цемру, якая ахутвае іхнія душы. Ён прамаўляў так прыгожа і так доўга, што егіпецкія вяльможы пачалі заклапочана пераступаць з нагі на нагу, а замежныя паслы не адважваліся падняць вочы, каб не сустрэцца позіркамі, бо з прычыны такіх паводзінаў фараона, якія не адпавядалі прынятым звычаям, такой яго натхнёнай палкасці, якая не стасавалася з яго царскай вяльможнасцю, і такіх яго словаў, якія гучалі ў іх вушах як трызненне вар'ята, усе рашылі, што ён з'ехаў з глузду.
А маё сэрца, пакуль я слухаў прамову фараона, поўнілася горыччу. Я адчуваў боль у незагоеных руках і каленях, абпаленых гарачай смалой пад мурамі Газы. Я думаў, што фараону лёгка казаць прамовы, бо ён не дыхаў смуродам трупаў і не чуў смяротнага енку жанчын, якіх катавалі хеты ў лагеры амарэйцаў. Яму лёгка так гаварыць, таму што ён жыве ў ілжы і ашуканстве і дыхае духмяным паветрам Ахетатона, a жрацы з ранку да вечара, дагаджаючы яму, узносяць хваласпевы Атону. Яму лёгка так гаварыць, бо перад ім носяць цяжкія кашы з залатым пяском і махаюць страўсавымі пёрамі, тым часам, як зняможаны народ вымушаны харчавацца псаваным зернем, а дзеці паміраюць ад ліхаманкі і захворванняў жывата. Пакуль я слухаў фараонавы словы, чары Ахетатона згаслі ў маёй душы і ў сэрцы не засталося добрых пачуццяў да Эхнатона, бо раскоша і багацце Егіпта былі падобныя ў маіх вачах не да світальнай зараніцы, а да полымя захаду, якое гарыць ярчэй за пажар, бо, спускаючыся за заходнія горы, сонца разлівае над светам гусцейшае барвянае святло, чым на світанні, і ў гэтым святле — пагроза, бо яно прадказвае кроў і смерць.
Пакуль фараон прамаўляў, я глядзеў халоднымі вачыма на яго прыхільнікаў, якія верылі кожнаму яго слову і, расчырванеўшыся, як ён сам, слухалі яго з разяўленымі ратамі. Але царыца Неферціці стаяла яго з выцягнутым тварам, і яе позірк быў вастрэйшы за нож і халадней-
шы за смерць. Да свята трыццацігоддзя яна спадзявалася нарадзіць фараону сына, але зноў нарадзіла дзяўчынку, ад чаго розум яе памуціўся, роспач перамагла ў яе сэрцы каханне, і яна стала абыякавай да фараона, вінавацячы яго ва ўсіх сваіх бедах, як гэта часта ўласціва ўсім жанчынам. 3 тае пары яны пачалі часта сварыцца і абменьвацца калючымі і з’едлівымі словамі, а новыя мастакі, такія вялікія прыхільнікі праўды, неяк намалявалі, як яны пускаюць стрэлы адно ў аднаго, гэтым жартам яны думалі суцешыць фараонаўскую пару і памірыць іх, не разумеючы, як глыбока ў сэрца Неферціці праніклі роспач і адчай.
Але менавіта дзякуючы гэтай роспачы царыца Неферціці выразней за іншых бачыла, як далёка ў сваім шалёным захапленні ўладай зайшоў фараон, перасягнуўшы ўсякія межы, дазволеныя звычаямі, і якую шкоду сваёй годнасці ён прынёс такою прамовай. Яна ніякім чынам не стала хаваць гэтага горкага разумення, калі яны вярнуліся ў палац, а ён, усё яшчэ захоплены, ніяк не мог супакоіцца, шпарка хадзіў сюды-туды, сціскаючы кулакі і ўздымаючы позірк да столі, нібы нават скрозь дах мог бачыць свайго Атона. Яна прамаўляла так, як гэта ўмеюць жанчыньі, і яе словы ўмелі супакойваць фараона, хоць часам і кусалі балюча, як злыя мухі. Але цяпер ён не слухаў яе, бо лунаў недзе высока ў сваіх паднябесных мроях і відзежах і ўсё больш распаляў сябе, пакуль не прыйшоў у канчатковае шаленства, і нават лекар не мог супакоіць яго. Фараон не мог ні заснуць, ні нават ляжаць на ложку — ён хадзіў узад і ўперад, бясконца гаварыў пра Атона, узіраўся ў толькі яму бачнае святло і сутаргава ўздымаў рукі, цвёрда ўпэўнены, што толькі ён можа пазбавіць свет ад страху і цемрашальства. Ён не змог заснуць нават пасля таго, як я даў яму супакаяльнае і снатворнае зелле.
— Ах, ах, Сінухе, — казаў ён, — гэта самы шчаслівы дзень у маім жыцці! Мяне аж самога трасе ад маёй сілы! Паглядзі, паглядзі, о адзіны, ты ствараеш з сябе, са сваёй моцы мноства фігур, ты ствараеш гарады і вёскі, шляхі па вадзе і па сушы. Усе людскія позіркі скіраваныя да цябе, у вышыню, калі ты з нябёсаў асвятляеш землі. Але як толькі ты хаваешся, людзі, твае стварэнні, заплюшчваюць вочы і спяць, бо няма цябе болей, ты схаваўся! Але і тады тваё святло гарыць у маім сэрцы нябачна і ярка!
Ён лунаў у вышыні, сярод нікому нябачнага святла, якое выпальвала яму сэрца, ён цяжка дыхаў, нібы сэрца было гатовае разарвацца ў яго грудзях, і потым, глыбока ўздыхнуўшы, натхнёна заспяваў:
Няма нікога другога, хто спазнаў бы цябе, ва ўсім свеце, толькі адзіны твой сын, фараон Эхпатон, спасцігае, і вечна палаеш ты ў сэрцьі ягоным удзень і ўначы, днём спякотным і ноччу халоднай.