Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Па загадзе Харэмхеба, у Танісе мне далі ў ахову дзесяць калясніцаў, запрэжаных парамі коней, і яшчэ адзін конь ішоў на повадзе ззаду. Апроч вазніцы, на кожнай калясніцы былі баец і дзіданосец. Начальнік аховы нізка схіліўся перада мной, дакрануўшыся да каленяў рукамі, а я ўважліва разгледзеў таго, у чые рукі аддаваў сваё жыццё. Яго паясная павязка была такая ж брудная і заношаная, як у астатніх воінаў, скура і твар — да чарнаты выпетраныя сонцам, і толькі перавіты срэбранай ніткай бізун адрозніваў начальніка ад шараговых воінаў. Але менавіта праз гэта я адчуў да яго большы давер, чым калі б ён быў у тонкіх дарагіх строях і загадваў насіць над сабой парасон ад сонечнай спёкі. Але калі я завёў гаворку пра насілкі, ён адразу забыўся на пачцівасць і зарагатаў. Ён сказаў, што наш адзіны ратунак — у хуткасці, а таму мне давядзецца сесці ў калясніцу і забыць пра насілкі ды іншыя прыемнасці дамашняга жыцця. Вядома, калі захачу, я магу сесці на мяхі з кормам, але лепш навучыцца ехаць у калясніцы стоячы і гайдацца ў такт руху, іначай пустэльня вытрасе з мяне душу і я паламаю рэбры аб біла.
Але я ўсё яшчэ храбрыўся і даволі пыхліва заўважыў, што гэта не першая мая паездка ў калясніцы і я двойчы так хутка праязджаў па шляху з Сіміры ў Амарэю, што ўразіў нават воінаў Азіру. Праўда, тады я быў нашмат маладзейшы, а цяпер мая годнасць не дазваляе мне такой палкасці і я мушу ўстрымлівацца ад залішніх мышачных намаганняў. Начальнік аховы, якога звалі Юйу, ветліва выслухаў мяне, пасля чаго я даверыў свой лёс усім егіпецкім багам і стаў на калясніцы ў яго за плячыма. Ён падняў лейцы і з крыкамі пагнаў коней. Мы імчаліся па караваннай дарозе ў глыбіню пустэльні, і маё цела бязладна падскоквала на мяшку з кормам, я ўчапіўся дзвюма рукамі ў бераг калясніцы, але не ўтрымаўся, разбіў нос і ўскрыкнуў, але мае стогны патанулі ў грукаце колаў і шалёных радасных крыках вазніц, якія радаваліся таму, што вырваліся з прапаленага глінянага пекла кашараў.
Так мы ехалі цэлы дзень, а ноч я, праклінаючы час свайго нараджэння, правёў на мяшках, болей падобны да трупа, чым да жывой істоты. Назаўтра я паспрабаваў стаяць у калясніцы, абдымаючы Юйу за талію, але неўзабаве адно кола наскочыла на камень, і я, апісаўшы ў паветры дуту, вылецеў як з прашчы і ўпаў галавой, дзякуй богу, у пясок, толькі падрапаўшы твар аб калючкі. На такую дробязь я нават не звярнуў увагі. Але ўначы Юйу занепакоіўся, што мой стан вельмі дрэнны. Ён паліў мне нават вады на галаву, хоць удзень, ашчаджаючы вадзяны запас, не даваў нікому ўдосталь напіцца. Ён патрымаў мяне за руку і паспрабаваў суцешыць, кажучы, што пакуль усё ідзе добра, і калі заўтра на нас не нападзе вольны атрад, дык на чацвёрты дзень мы сустрэнем выведчыкаў Азіру. Каб нечым мяне заняць, ён пачаў распавядаць пра свой ваенны досвед, а потым заўважыў:
— Праўду кажучы, няма нічога больш аднастайнага й нуднага, чым вайна, бо вайна — гэта бясконцае чаканне. Вайна — гэта дарэмнае чаканне праціўніка, бо ён або спазняецца, або яго зусім няма там, дзе ты яго чакаеш. Вайна — гэта марнае чаканне ежы, бо яна заўсёды спазняецца, а затрымка абозаў — сапраўдны праклён вайны. Вайна — гэта бесталковыя пераходы з аднаго месца на другое і назад, і зноў туды, адкуль толькі што прыйшлі, пакуль язык не прыліпне да нёба, a ногі не стануць драўлянымі цурбакамі. Ды яшчэ «ваеннае майстэрства» ў дадатак, ды яшчэ навучанне ў ваенных вучэльнях, бо ваявода павінен умець чытаць і пісаць. 3 усяго гэтага і складаецца вайна: непрыяцель з'яўляецца якраз тады, калі яго не чакаюць, нападае так, як, паводле гэтага самага ваеннага майстэрства, нападаць зусім не павінен, і выстройваецца зусім не так, як паводле вучэння аб варожых ваенных парадках, ён павінен трымаць свае шэрагі, а ў дадатак да ўсяго ваявода не ведае сваіх воінаў, і яны не ведаюць яго ў твар, а таму кожны б'е каго папала і лямантуе на ўсю галаву. Але калі вораг уцякае — ваяводу пашана і слава, усе ўсхваляюць яго майстэрства, а фараон са свайго балкона адорвае яго залатым ланцутом. Калі ж уцякаем мы, дык шэнціць толькі таму, хто застаўся жывы, бо тады пішуцца бясконцыя справаздачы, ацалелых лупцуюць бізунамі, а ваяводу вешаюць дагары нагамі на гарадскім муры. Аднак калі ваявода — высокавяльможны пан, то фараон і пасля паразы адорвае яго залатым ланцугом, а паразу называюць перамогай і высякаюць надпіс на камяні, каб увекавечыць падзею. Вось што такое вайна, высокашаноўны Сінухе, так што не скардзься на свае цяперашнія беды, а лепш радуйся, што пазбег падобнай долі.
Слухаючы яго, я неўпрыкмет не заснуў, але сярод ночы мяне пабудзілі жахлівыя крыкі, грукат капытоў і калясніцаў. Запаліўшы паходні мы ўбачылі, што абодва выстаўленыя на ноч вартавыя ляжаць на зямлі з перарэзаным горлам, частка калясніцаў украдзена разам з коньмі, a астатнія збіліся ў бязладную кучу, у якой дышлі, запрэжкі, коні і калясніцы — усё было пераблытана. Сяк-так мы навялі парадак і рушылі далей, хоць было яшчэ цёмна. Цяпер я ўжо не зважаў на нязручнасць падарожжа, бо было зразумела, што начныя рабаўнікі паімчалі па дапамогу, каб дагнаць нас і забраць усё: ваду, коней і калясніцы. Юйу сказаў, што вада, коні і калясніцы для вольных атрадаў даражэйшыя за золата, і, каб завалодаць такой каштоўнай здабычай, яны нападаюць нават на егіпцян.
Паступова развіднела і зноў пачалася спёка, у мяне расколвалася галава, пясок рэзаў вочы, а перасохлы язык прыліпаў да нёба. Потым пякучы пустэльны вецер прынёс пах крыві і гару, коні занепакоіліся, a вазніцы прымацавалі да колаў баявыя разакі. Абагнуўшы некалькі чырванаватых пагоркаў, мы ўбачылі крыніцу, вакол якой гарэлі падпале-
ныя хацінкі, а побач ляжалі трупы людзей, распранутых дагала, чыю кроў паглынуў пясок, а вочы выдзеўбалі крумкачы. Насустрач нам кінуліся нейкія людзі з дзідамі, і зусім побач прасвісталі некалькі стрэлаў. Але потым вольны атрад, які біўся тут невядома з кім — ці з воінамі Азіру, ці з пастухамі, ці з іншым вольным атрадам, — палічыў за лепшае адступіць: нас было болей. Яны задаволіліся тым, што пакрычалі нам услед брудную лаянку і пагрозы. He зважаючы на іх, мы рушылі далей, хоць воіны Юйу з задавальненнем пацешыліся б, патаптаўшы гэтую хеўру сваімі калясніцамі.
Наступнай ноччу мы бачылі на даляглядзе водбліскі ці то вогнішчаў, ці то пажараў. Юйу сказаў, што мы набліжаемся да краю сірыйскай пустэльні. Накарміўшы коней, мы рушылі далей з вялікай асцярогай. Але праз пэўны час я ад знямогі заснуў на мяшках з конскім кормам, a на досвітку прачнуўся ад таго, што Юйу груба выкінуў мяне на пясок, а следам паляцелі мае гліняныя таблічкі і дарожны куфар. На развітанне ён крыкнуў нейкія словы падтрымкі, заклікаўшы мне ў дапамогу ўсіх егіпецкіх багоў, потым калясніцы павярнулі і паляцелі назад, высякаючы коламі з камянёў іскры.
Я працёр залепленыя пяском вочы і ўбачыў, што з праходу паміж скаламі выязджаюць сірыйскія баявыя калясніцы. Яны разгортваліся веерам дзеля атакі. Тады я ўстаў на поўны рост, як гэта адпавядала маёй годнасці, і, узняўшы над галавой пальмавую галінку, пачаў ёю махаць над галавой у знак сваіх мірных намераў. Але варожыя калясніцы безуважна прамчалі міма, і толькі адна страла свіснула каля майго вуха, уторкнуўшыся ў пясок недзе ззаду. Юйу і яго воіны, каб аблегчыць калясніцы, паскідвалі з іх мяхі з кормам і нават з вадой, і я бачыў, як яны ўцякалі ад пагоні. Толькі адна калясніца наляцела на камень і перакулілася, але сірыйцы пераехалі цераз вазніцу і, не спыняючыся, паімчалі далей.
Праз пэўны час, упэўніўшыся ў дарэмнасці сваёй пагоні, калясніцы Азіру вярнуліся да мяне. Я пракрычаў, хто я такі і паказаў гліняныя таблічкі фараона. Але вазніцы не звярнулі на мае словы ніякай увагі і, саскочыўшы з калясніц, наблізіліся да мяне, на хаду развязваючы паясы акрываўленымі рукамі. Яны адчынілі мой куфар, забралі з яго ўсё золата, а мяне распранулі і прывязалі за рукі да калясніцы. Так мне і давялося бегчы за ёй, і я думаў, што задыхнуся і сканаю, я падаў, і мае калені да крыві абдзерліся аб шурпаты пясок, але хоць я пагражаў ім гневам Азіру, яны не звярталі на мае крыкі ніякай увагі. Вось такія пакуты я прымаў дзеля фараона Эхнатона.
Я безумоўна памёр бы на гэтым шляху, калі б стан Азіру не размяшчаўся адразу за праходам у скалах, па той бок гары. Падслепаватымі ад пяску вачыма я разгледзеў шматлікія намёты і коней. Лагер быў абне-
сены агароджаю з баявых калясніцаў і валовых запрэжак. Больш я нічога не ўбачыў, бо страціў прытомнасць, і ачуняў толькі ад таго, што рабы лілі мне на твар ваду ды расціралі алеем ногі і рукі, бо адзін сірыйскі начальнік быў пісьменны і прачытаў мае таблічкі, вось яны і ўзяліся ўшаноўваць мяне і нават вярнулі вопратку.
Калі я змог устаць і хадзіць, мяне павялі да Азіру ў шацёр, прапахлы салам, воўнай і дымам. Азіру зароў, як леў, і пайшоў мне насустрач, бразгаючы залатымі ланцугамі на шыі. Яго бараду аплятала срэбная сетка. Ён абняў мяне са словамі:
— Я вельмі шкадую, што мае людзі так дрэнна абышліся з табой, але тут ёсць і твая віна, бо ты павінен быў назваць ім сваё імя і сказаць, што ты мой сябар і пасол фараона. Апроч таго, ты павінен быў — як таго патрабуе звычай — падняць над галавой пальмавую галінку і памахаць ёй, паказваючы свае мірныя намеры, а ты — як кажуць мае воіны — кінуўся на іх з нажом, таму яны мусілі абараняцца і ўціхамірваць цябе, каб уратаваць сваё жыццё.
Mae калені гарэлі агнём, а рукі проста адвальваліся. Мая душа поўнілася горыччу, і я сказаў Азіру:
— Паглядзі на мяне і скажы, ці магу я пагражаць жыццю тваіх людзей? Яны паламалі маю пальмавую галінку, яны абабралі мяне да ніткі, прысвоілі маю вопратку, здзекаваліся з мяне і тапталі нагамі таблічкі фараона. Было б добра, каб ты пакараў бізунамі хоць некаторых, каб навучыць іх належным чынам ставіцца да паслоў фараона.
Азіру ў прытворным жаху ўскінуў рукі ўгору і сказаў:
— Ты, мусіць, убачыў нешта страшнае ў сне, Сінухе? Я не маю ніякага дачынення да таго, што ты падчас свайго доўгага падарожжа паразбіваў калені аб камяні. I я ніколі не буду за нейкага егіпцяніна хвастаць бізунамі сваіх лепшых людзей, а ўжо калі мне гавораць пра паслоў фараона — гэта проста зыканне мухі ў вушах маіх.