• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Але цяпер ужо мяне ахапіла цікаўнасць. Мне вельмі карцела даведацца, якую сваю таямніцу хавае Мэрыт, але яна не захацела нічога казаць, а толькі пацалавала мяне ў шчаку і крыху паплакала. Нарэшце яна сказала:
    — Калі ты застанешся ў Фівах, ты ніколі не адчэпішся ад гэтай Me-
    хунефер — са сваёю пажаддівасцю яна будзе бясконца за табою ганяцца, пакуль тваё жыццё не стане пакутай! Я шмат пабачыла такіх жанчын і ведаю, якімі жахлівымі яны бываюць. Але ж тут і твой грэх — ты дарэмна так па-майстэрску задурыў ёй галаву, прымусіўшы паверыць сваім словам. Таму лепш табе вярнуцца ў Ахетатон. Чарапоў ты тут ускрыў дастаткова, так што рабіць табе больш няма чаго. Але раю перад ад'ездам усё-ткі напісаць ёй і пераканаць, што яна павінна цябе пакінуць, іначай яна пацягнецца за табой і ў Ахетатон і прымусіць там разбіць гаршчок! Ты ж перад ёй безабаронны, а я табе зла не жадаю.
    Гэта была добрая парада, і я загадаў Муці скласці мае рэчы, загарнуць іх у дываны і адшукаць у партовых шынках і дамах уцехаў маіх весляроў. А сам тым часам сеў і напісаў ліст. Мне не хацелася крыўдзіць Мехунефер, і таму я напісаў вельмі ветліва:
    «Царскі лекар Сінухе вітае Мехунефер, Захавальніцу голак у Залатым палацы Фіваў. Сяброўка мая, я ад усяе душы раскайваюся, што мае нястрыманыя паводзіны ўвялі цябе ў зман адносна намераў майго сэрца. Яно звязанае іншымі абавязкамі, і сустракацца з табой мы болей не можам, — гэта было б вялікай спакусаю для мяне. Таму я ад'язджаю, і мы ніколі больш не сустрэнемся, але я спадзяюся, што ты будзеш памятаць пра мяне, як пра свайго сябра, і разам з гэтым лістом пасылаю табе гарлач напою, які завецца «кракадзілаў хвост», каб з яго дапамогай ты магла перамагчы твой смутак. Што да мяне,_то я не адчуваю ніякага смутку, бо я стары і стомлены чалавек, які не можа прынесці ніякай радасці такой жанчыне, як ты. Я радуюся, што мы не паддаліся спакусе і не саграшылі, а цяпер больш ніколі не ўбачымся. На гэта напраўду спадзяецца твой шчыры сябар, царскі лекар Сінухе».
    Мэрыт прачытала ліст, патрэсла галавой і сказала, што ліст занадта ветлівы. На яе думку, я павінен быў напісаць болей рэзка і сказаць, што ў маіх вачах Мехунефер — старая брыдкая баба і што я вымушаны ўцячы, каб неяк ад яе адчапіцца. Але я, вядома, не мог напісаць такія словы жанчыне. Урэшце Мэрыт, пабурчаўшы і застаўшыся незадаволенай, дазволіла скруціць і запячатаць папірус, і я паслаў раба ў Залаты палац занесці ліст разам з гарлачом віна, спадзеючыся, што хоць гэтым вечарам буду пазбаўлены ад новых спробаў захапіць мяне ў палон. Я ўздыхнуў з палёгкай, але жаданні і меркаванні— гэта не дакладныя веды.
    За клопатамі і турботамі я зусім забыўся на Мэрыт. I пакуль Муці складала мне рэчы, загортвала іх у дываны і рыхтавала мяне ў дарогу, я паглядзеў на Мэрыт і вялікая туга напоўніла маё сэрца. Я падумаў, што пакідаю яе толькі па сваёй дурасці, хоць мог бы жыць тут і быць разам з ёю. Мэрыт таксама здавалася паглыбленай у свае думкі. Раптам яна
    спытала:
    — Сінухе, ты любіш дзяцей?
    Гэтае пытанне вельмі мяне збянтэжыла, а яна паглядзела мне ў вочы і сказала з невясёлай усмешкай:
    — He палохайся, Сінухе. Я не збіраюся нарадзіць табе дзіцяці. Але ў мяне ёсць сяброўка, якая мае чатырохгадовага сына, і яна часта казала, што было б цудоўна, каб хлопчык мог сплаваць на караблі ўніз па рацэ, пабачыць зялёныя паплавы, апрацаваныя палі, вадзяных птушак і статкі на берагах, замест кошак ды сабак на пыльных вуліцах Фіваў.
    Я спалохаўся і адказаў:
    — Ты ж не хочаш сказаць, што я павінен узяць на карабель свавольнага хлапчука тваёй сяброўкі, які не дасць мне ні хвіліны спакою, і я буду вымушаны ўвесь час сачыць, каб ён не ўпаў у ваду ці не сунуў руку ў кракадзілу ў пашчу?
    Мэрыт глядзела на мяне з усмешкай, але недзе ў глыбіні яе вачэй хаваўся смутак. Яна сказала:
    — Вядома, я не хачу турбаваць цябе, але хлапчуку пайшло б на карысць такое падарожжа. Я сама насіла яго на абразанне, так што, як ты разумееш, у мяне маюцца перад ім сякія-такія абавязкі. Безумоўна, я збіралася паехаць з ім разам і сцерагчы, каб ён не ўпаў у ваду. Як бачыш, у мяне ёсць добрая падстава паехаць з табой у гэтае падарожжа, але ж супраць твайго жадання я нічога рабіць не збіраюся, так што давай забудзем пра гэта.
    Пачуўшы гэтыя словы я захлынуўся ад радасці, пачаў пляскаць у ладкі і крычаць:
    — Калі так, дык можаш прыводзіць хоць увесь храмавы дзіцячы прытулак! О напраўду сёння ў мяне дзень вялікай радасці, а я па дурасці нават не падумаў, што ты можаш паехаць са мною ў Ахетатон. Нават добра, што з табою будзе дзіцё, — так гэта зробіць ніякай шкоды тваёй рэпутацыі, але будзе добрай нагодай паехаць са мною.
    — Менавіта так, Сінухе, — адказала яна з грэблівай усмешкай, якой усміхаюцца ўсе жанчыны, калі гаворка ідзе пра тое, чаго мужчынам ніколі не зразумець. — Менавіта так, бо калі са мной будзе дзіцё, мне не будзе ніякай ганьбы, бо ты будзеш аберагаць маю добрую славу. Ты сам так казаў. Якія ж мужчыны дурныя. Але табе я магу прабачыць.
    Каб пазбегчы выпадковай сустрэчы з Мехунефер, мы адплывалі на досвітку, калі неба толькі пасвятлела перад усходам сонца. Мэрыт прынесла на карабель маленькага хлопчыка, які яшчэ спаў, і маці яго не праводзіла, хоць я хацеў бы паглядзець на жанчыну, якая адважылася назваць свайго сына Тотам, бо людзі рэдка асмельваюцца даваць дзецям імёны багоў. Тот быў богам і ўладаром пісьменства, богам чалавечай і боскай вучонасці, так што для жанчыны гэта быў вельмі дзёрзкі ўчынак.
    Хлопчык прачнуўся толькі тады, калі мы ўжо былі даволі далёка ад Фіваў, а сонца гарачымі промнямі залаціла паверхню ракі. Гэта быў прыгожы, таўсматы і вельмі смуглявы хлопчык, яго кучаравыя валасы чорным шоўкам спадалі на лоб, і ён ніколькі не баяўся мяне і нават залез мне на калені. Мне было з ім прыемна, бо ён быў спакойны, не дрыгаў нагамі і не выпручваўся ў мяне на руках. Ён толькі глядзеў на мяне сваімі цёмнымі задуменнымі вачыма, нібы ў яго маленькай галоўцы ўжо нарадзіліся думкі аб загадках і таямніцах існавання. Мне вельмі падабаліся спакойныя паводзіны хлопчыка, і я палюбіў яго. Я сплятаў яму маленькія чаўны з трыснягу, дазваляў гуляць з маімі прыладамі і нюхаць розныя зёлкі ды лекі, а таму ён соваў нос ва ўсе мае пасудзіны.
    Ён не замінаў нам і не падаў у ваду, не соваў рукі ў пашчу кракадзілам і не ламаў мае трысняговыя пісалы, і наша падарожжа было светлым і радасным. Мы былі разам з Мэрыт, і кожную ноч яна ляжала побач са мною, а паблізу чулася спакойнае дыханне хлопчыка. Гэта было шчаслівае падарожжа, і да апошняга дня я буду ўспамінаць ціхі шолах ветру ў чаратах і вечары, калі да ракі прыганялі статкі на вадапой. Былі такія хвіліны, калі сэрца перапаўнялася радасцю, як спелы плод салодкім сокам, і тады я казаў Мэрыт:
    —	Мэрыт, каханая мая, давай разаб'ем гаршчок, каб жыць разам. Ты народзіш мне сына —, такога, як маленькі Тот, бо такога ласкавага, спакойнага, смуглявага і моцнага хлопчыка мне зможаш нарадзіць толькі ты. Раней я напраўду ніколі не хацеў мець дзяцей, але маладосць мая прайшла, кроў супакоілася, і цяпер, калі я гляджу на маленькага Тота, я хачу, каб ты нарадзіла мне такое дзіцяці.
    А яна закрывала мне рот рукой, адварочвала свой твар і ціха адказвала:
    —	Сінухе, не трэба казаць пра немагчымае, бо ты ведаеш, што я вырасла ў шынку, і, напэўна, не змагу болей мець дзяцей. Таму будзе лепей, каб ты, які носіць свой лёс у сэрцы, заставаўся адзін і мог прымаць рашэнні па загадзе свайго сэрца, не звязваючыся з жонкай і дзецьмі, бо менавіта гэта я прачытала ў тваіх вачах, калі мы сустрэліся ўпершыню. He, Сінухе, не кажы мне такога, бо ад тваіх словаў я слабею і гатова расплакацца, а мне не хацелася б плакаць, калі я такая шчаслівая. Другія людзі самі будуюць свой лёс і звязваюць сябе тысячамі вярыгаў, але твой лёс ты нясеш у сваім сэрцы, і ён нашмат цяжэйшы за мой. Я таксама вельмі люблю гэтага хлопчыка, і наперадзе ў нас яшчэ шмат светлых гарачых дзён тут, на рацэ. Давай уявім, што мы ўжо разбілі гаршчок, што мы сапраўды муж і жонка, а маленькі Тот — наш сын. Так мы зможам украсці ў багоў гэты кавалачак жыцця даўжынёй у некалькі дзён. I хай ніякі смутак, ніякія будучыя турботы не азмрочваюць нашага шчасця.
    Тады я прагнаў са свайго сэрца ўсякія цяжкія думкі і больш не звяртаў увагі на разбурэнне Егіпта і на галодных людзей па берагах Ніла. Увесь час, пакуль мы плылі ўніз па рацэ, я жыў адным днём. Маленькі Тот прыціскаўся да маёй шчакі і называў мяне «тата», і я быў шчаслівы, трымаючы на руках яго маленькае пяшчотнае цела. Кожную ноч маю шыю казыталі валасы Мэрыт, яна трымала мае рукі ў сваіх далонях, і я адчуваў яе дыханне на сваіх шчоках. Яна была маёю сяброўкай, і страшныя сны больш не турбавалі мяне. Так праляцелі гэтыя дні, як шчаслівы сон, як лёгкі ўздых шчасця, — праляцелі, нібыта іх і не было. I я не хачу больш пра гэта расказваць, бо ад успамінаў у горле ў мяне пачынае свярбець, як ад хлеба з мякінай, і напісанае расплываецца перад вачыма. Чалавеку нельга быць занадта шчаслівым, бо няма на свеце нічога больш прывіднага і хуткаплыннага, чым чалавечае шчасце.
    7
    Я вярнуўся ў Ахетатон зусім не такім, якім быў раней. Я глядзеў на Паднябесны горад зусім іншымі вачыма, і ўсе яго фарбы і колеры, лёгкія дамы і палацы, залітыя залатым сонцам пад бяздонным блакітам неба, здаваліся мне адной вялікай мыльнаю бурбалкай з вясёлкавымі пералівамі ці пустэльным прывідам. А праўда жыла не ў Ахетатоне, яна была па-за гэтым горадам — ёю былі голад, галеча і прынесеныя імі ў Егіпет злачынствы. Цяпер, калі Мэрыт і Тот вярнуліся ў Фівы, забраўшы з сабой маё сэрца, я азіраў навакольны свет халоднымі вачыма, з якіх нібы апала чарадзейная заслона, і ўсё, што я бачыў, было злом у вачах маіх.
    Але неўзабаве пасля майго вяртання ў Ахетатон, праўда прыйшла і сюды, і фараон Эхнатон мусіў сустрэцца з ёй з балкона Залатога палаца. Гэта Харэмхеб прыслаў з Мемфіса натоўп сірыйскіх уцекачоў, не хаваючы іх страшнага, убогага выгляду. Ён хацеў, каб яны самі сказалі фараону пра свае беды. Харэмхеб аплаціў ім дарогу, і я думаю, па яго навучанні яны нават перабольшвалі свае пакуты і беды. Яны прыехалі ў Паднябесны горад у такім жабрацкім выглядзе, што прыдворныя ад аднаго позірку на іх пачыналі адчуваць сябе хворымі і схаваліся ў дамах, а варта зачыніла перад імі браму Залатога палаца. Але яны грукалі ў браму, шпурлялі камяні ў сцены палаца і жахліва лямантавалі, пакуль фараон не пачуў іх і не загадаў пусціць у двор. I там яны сказалі яму: