• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Мяне завуць Херыхор, і ты можаш паведаміць пра мяне ахоўнікам, але я не баюся ні фальшывага фараона, ні яго воінаў, ні руднікоў, і далей буду лячыць усіх, хто прыйдзе да мяне з імем Амона. Але не будзем спрачацца па такіх справах — лепш пагутарым, як выхаваныя людзі. А дзеля гэтага дазволь запрасіць цябе ў мой пакой выпіць віна і адпачыць, бо ты, напэўна, стаміўся сядзець на цвёрдым зэдліку.
    Ён павёў мяне доўгімі пераходамі. Па цяжкім паветры я адчуваў, што мы-знаходзімся глыбока пад зямлёй, і здагадваўся, што гэта і ёсць славутыя падзямеллі Амона, якіх ніхто з непасвечаных ніколі не бачыў. Херыхор адаслаў лекара з Дома жыцця, і мы ўдвух увайшлі да яго ў пакой. Трэба сказаць, тут было дастаткова ўсяго, што радуе чалавечае сэрца. Над шырокім ложкам уздымаўся раскошны балдахін, пакой упрыгожвалі скрыні і куфры са слановай косці і чорнага дрэва, дол быў засланы мяккімі дыванамі, а паветра поўнілася водарам каштоўных алеяў. Херыхор пачціва паліў мне на рукі духмянай вады, прапанаваў сесці на мяккае сядзенне і прапанаваў паспытаць мядовых пірагоў, садавіны і стогадовага віна, змяшанага з мірам. Мы выпілі, і ён сказаў:
    — Сінухе, мы цябе добра ведаем, мы сачылі за кожным тваім крокам
    i нам вядома, што ты вельмі любіш фальшывага фараона і яго ілжывы бог табе не такі чужы, як нам хацелася б. Але я запэўніваю цябе, што ў ягонага бога няма нічога, чаго не было б у Амона, а фараонавы ганенні й нянавісць толькі ачысцілі Амона і ўмацавалі яго сілу. Але я запрасіў цябе не дзеля абмеркавання рэлігійных пытанняў, я запрасіў цябе як чалавека, які бясплатна лечыць беднякоў, і я звяртаюся да егіпцяніна, які любіць Чорную зямлю больш за Чырвоную. Я кажу табе: фараон Эхнатон — праклён для беднага люду і вынішчэнне Егіпта, і таму ён павінен быць зрынуты, пакуль прычыненае ім зло не дасягнула памераў, калі выправіць яго будзе ўжо немагчыма, нават праліўшы шмат крыві.
    Я выпіў яшчэ віна і адказаў:
    — Мне ўсе багі аднолькавыя і ўсе надакучылі. А вось бог фараона зусім не падобны да іншых: ён не мае выявы, і ўсе людзі перад ім роўныя. Кожны чалавек — багаты ці бедны — мае перад гэтым богам сваю каштоўнасць. Таму я думаю, што з ім заканчваецца адзін год сусвету і пачынаецца новы, а ў такі час можа адбыцца самае неверагоднае, нават тое, што супярэчыць чалавечаму розуму. Вось жа ніколі paHeft не было магчымасці павярнуць усё на новы лад і ўсталяваць сапраўднае братэрства паміж людзьмі.
    Херыхор адмоўна падняў руку і з усмешкай сказаў:
    — Я бачу, Сінухе, што ты мроіш наяве, хоць я лічыў цябе чалавекам разумным. Mae памкненні сапраўды значна больш сціплыя. Я не хачу перайначваць сусвет. Я хачу толькі, каб усё заставалася па-старому, каб бядняк атрымліваў сваю меру напоўніцу, а законы дзейнічалі на ўсю моц. Я хачу, каб кожны мог у поўнай бяспецы займацца сваёю справай і верыць, у што захоча. Я хачу, каб збераглося ўсё, што робіць жыццё спакойным і працяглым, што адрознівае раба ад уладара, а слугу ад гаспадара. Я хачу, каб гонар і моц Егіпта засталіся недатыкальнымі, каб дзеці нараджаліся ў краіне, дзе кожнаму адведзена сваё месца і кожны мае свае абавязкі ад першых да апошніх дзён. Я хачу, каб чалавечае сэрца не заходзілася ад беспадстаўнай трывогі за сваё жыццё. Дзеля ўсяго гэтага фараон Эхнатон павінен быць зрынуты.
    Ён з нямой просьбай дакрануўся да маёй рукі і, нахіліўшыся бліжэй, працягваў:
    — Сінухе, ты чалавек спакойны і добразычлівы і нікому не хочаш зла. Але мы жывем у час, калі кожнаму трэба зрабіць свой выбар. I пазбегнуць такога выбару немагчыма. Хто не будзе з намі, той будзе супраць нас, і яму давядзецца рана ці позна расплаціцца за гэта. Ты ж не такі дурны, каб верыць, што ўлада гэтага фараона пратрывае доўга. Мне ўсё адно, якім багам ты служыш і ўвогуле ці верыш у якіх-небудзь багоў: Амон можа абысціся і без тваёй веры. Але ты, Сінухе, можаш
    пакончыць з праклёнам Егіпта. У тваёй сіле спыніць голад, галечу і беспарадкі ў Чорнай зямлі. У тваёй сіле аднавіць былую моц Егіпта.
    Яго словы напоўнілі маё сэрца трывогай. Я зноў адпіў віна і з натужлівым смехам сказаў:
    — Цябе, напэўна, укусіў шалёны сабака або ўцяў сваім джалам скарпіён, бо сілы, пра якую ты кажаш, у мяне зусім мала: я няздольны нават рабіць такія выздараўленні, як ты.
    Жрэц падняўся з месца і прапанаваў:
    — Хадзем, я нешта табе пакажу.
    Ён узяў ліхтар і падвёў мяне да дзвярэй, зачыненых на некалькі замкоў. Жрэц адамкнуў іх, і ў святле ліхтара перада мной адкрыўся пакой, які блішчаў золатам і каштоўнымі камянямі. Ён сказаў:
    — He бойся, я не такі неразумны, каб спакушаць цябе золатам. Але і табе карысна паглядзець, наколькі Амон багацейшы за твайго фараона. А цяпер я пакажу табе яшчэ нешта.
    Ён адамкнуў яшчэ больш магутныя дзверы і асвятліў маленькі пакойчык, дзе на вычасаным з каменя ложку ляжала васковая фігура з падвойнай каронай на галаве. У грудзях і скронях фігуры тырчалі шматлікія голкі са слановай косці. Я міжволі ўскінуў рукі і прачытаў замову ад чарадзейства, якую вывучыў раней, чым стаў жрацом першай ступені. Херыхор з усмешкай сачыў за мной, і ліхтар у яго руцэ не дрыжаў.
    — Ну, а цяпер ты верыш, што час фараона Эхнатона хутка закончыцца? — спытаў ён. Мы зачаравалі гэтую фігуру імем Амона і працялі яго сэрца і галаву свяшчэннымі голкамі вялікага бога. Але нашы чары дзейнічаюць павольна, і яшчэ здарыцца шмат нядобрага, бо ягоны бог, безумоўна, можа крыху абараніць яго ад нашага чарадзейства. Таму, перш чым працягваць нашу размову, я і паказаў табе гэта.
    Ён старанна замкнуў усе дзверы, і мы вярнуліся ў пакой, дзе ён зноў наліў мне віна. Але чаша білася мне аб зубы і віно пралівалася па барадзе, бо я зразумеў, што ўбачыў такую магутную чарадзейную сілу, што супрацьстаяць ёй не зможа нішто на свеце. Чарадзейства з васковай фігурай было настолькі жахлівым і забаронным, што нават жрацы Амона не адважваліся гаварыць пра яго ўголас у сваіх храмах. Пра яго можна было толькі прачытаць у старадаўніх сакрэтных рукапісах, але многія лічылі, што такога чарадзейства больш быць не можа, бо з часоў пабудовы пірамідаў прайшло дзве тысячы гадоў і наш немалады свет ужо не так напоўнены чарамі. Херыхор сказаў:
    — Вось бачыш, улада Амона дасягае аж да самага Ахетатона. Але не пытайся, як мы здабылі яго валасы і пазногці, каб дадаць іх у воск, Mary толькі сказаць, што нам далі іх не дзеля золата, а дзеля Амона.
    Ён зноў уважліва паглядзеў на мяне і працягваў, узважваючы кож-
    нае слова:
    — Сіла Амона з кожным днём расце, і ты сам бачыў, як я яго імем вылечыў хворых. I дзень за днём пракляцце Амона над Егіптам робіцца ўсё болей бязлітасным. I чым долей будзе жыць фальшывы фараон, тым нясцерпней будуць пакутаваць праз яго людзі, бо чары дзейнічаюць вельмі павольна. Нават сам фараон пакутуе ад галаўнога болю, які цалкам знясільвае яго. Што б ты сказаў, Сінухе, калі б я даў табе лекі, якія дапамогуць фараону, і ён назаўсёды пазбавіцца ад гэтай хваробы?
    — Чалавек заўсёды пакутуе ад болю, — запярэчыў я. — Толькі нябожчык не адчувае нічога.
    Ён глядзеў на мяне палаючымі вачыма, яго позірк пазбаўляў мяне волі і скоўваў мае рухі так, што я не мог паварушыць ні рукой, ні нагой. Херыхор сказаў:
    — Так і ёсць, але мае лекі не пакідаюць слядоў, і ніхто не зможа абвінаваціць цябе. Нават бальзамоўшчыкі не заўважаць нічога незвычайнага ў яго вантробах. Але табе ўсяго гэтага ведаць не трэба — проста дай гэтыя лекі фараону. Ён вып'е іх і засне, і ніколі больш не будзе пакутаваць ад болю і смутку.
    Стрымліваючым жэстам ён узняў руку і дадаў:
    Я не буду падкупляць цябе золатам, але калі ты зробіш гэта, тваё імя набудзе вечнае блаславенне і тваё цела не стане граззю пад нагамі, а будзе жыць вечна. Нябачныя рукі будуць аберагаць цябе ўсё жыццё, і ты па першым жаданні атрымаеш усё, што толькі можа захацець чалавек. Я абяцаю табе гэта, бо мне дадзена такое права.
    Узняўшы рукі, ён глядзеў на мяне ранейшым палаючым позіркам, і я не мог адвесці вачэй. Ён падпарадкоўваў мяне сваёй воляй: я быў няздольны паварушыць ні рукой, ні нагой. Тады ён сказаў:
    — Калі я скажу табе: устань — ты ўстанеш; калі я скажу табе: падымі руку — ты падымеш, але я не магу загадаць табе звярнуцца да Амона, калі ты сам гэтага не хочаш, і не магу прымусіць цябе рабіць тое, супраць чаго паўстае тваё сэрца. Тут пралягаюць межы маёй улады над табою. Таму я звяртаюся да цябе, Сінухе, дзеля ўсяго Егіпта: вазьмі лекі, якія я табе дам, і навечна пазбаў фараона ад галаўнога болю.
    Ён зняможана апусціў рукі, і да мяне зноў вярнулася здольнасць рухацца. Я паднёс да вуснаў чашу з віном, і дрыготка ўжо не калаціла мяне. Водар віна, змяшанага з мірам, напоўніў мне рот і ноздры, і я сказаў:
    — Херыхор, я нічога не абяцаю табе, але ты можаш даць мне сваё зелле. Дай мне гэтыя міласэрныя лекі, бо яны, напэўна, будуць лепшыя за макавы сок, і можа некалі настане хвіліна, калі фараон сам захоча заснуць і больш не прачнуцца.
    Ён перадаў мне лекі ў бліскучым шкляным сасудзе і сказаў:
    — Будучыня Егіпта ў тваіх руках, Сінухе. Нікому не можна пады-
    маць руку на фараона, але ж неспакой і хваляванне ў народзе такія, што і каму-небудзь іншаму можа прыйсці ў галаву, што фараон смяротны, і тады ён можа праліць яго кроў з дапамогай нажа або дзіды. Але такога дапусціць нельга, бо гэта вельмі надоўга пахісне фараонаву ўладу. Таму лёс Егіпта ў тваіх руках, Сінухе.
    Я прывязаў сасуд з лекамі да пояса і з усмешкай сказаў:
    —	Лёс Егіпта з самага дня майго нараджэння быў у цемнаскурых пальцах, якія ўмеюць спрытна завязваць вузельчыкі з чарацінак. Ёсць на свеце такое, пра што не ведаеш нават ты, Херыхор, хоць і думаеш, што ведаеш усё. Ва ўсякім разе, зелле цяпер у мяне, але я нічога табе не абяцаю.
    Ён усміхнуўся, узняў рукі ў развітальным жэсце і сказаў, як таго патрабуе звычай:
    —	Хай будзе найвялікшай твая ўзнагарода.
    Потым ён павёў мяне па калідорах, нічога ўжо не хаваючы, бо быў вялікім знаўцам чалавечага сэрца і ведаў, што я не данясу. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што пад вялікім храмам Амона ёсць падзямеллі, але як трапіць у іх — не скажу, бо гэта не мая таямніца.
    6
    Праз некалькі дзён Вялікая царская маці Тэйе памерла ў Залатым палацы. Смерць наступіла ад таго, што яе ўкусіла маленькая пясчаная змяя, калі царыца ставіла пасткі на птушак у сваім садзе. Яе лекара доўга не маглі знайсці, бо лекараў ніколі не знаходзяць своечасова, калі маюць у іх найбольшую патрэбу. Мяне выклікалі з майго дома ў Фівах, але, прыехаўшы ў Залаты палац, я змог толькі засведчыць смерць. Але вінаваціць яе лекара таксама было нельга, бо пясчаная змяя забівае заўсёды, калі не паспець разрэзаць месца ўкусу раней, чым сэрца зробіць сто ўдараў.