Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я дзякаваў сваёй кухарцы, ухваляючы яе майстэрства, што яе вельмі радавала, хоць яна і ніяк таго не паказвала, наадварот толькі хмурачыся ды фыркаючы. He ведаю, ці было ў тым сняданні што-небудзь незвычайнае ці вартае ўспаміну, але пішу пра гэта толькі таму, што адчуваў сябе тады вельмі шчаслівым.
— Спыні свой бег, вадзяны гадзіннік, спыні, вада, сваё цячэнне, бо гэтае імгненне добрае імгненне, хай спыніцца час, а гэтае імгненне не мінецца ніколі, — вось што я думаў, пакуль мы снедалі.
Тым часам у двары сабралася шмат людзей з бядняцкай часткі горада. Яны былі святочна апранутыя, твары іхнія блішчэлі ад алею, як у святочны дзень. Яны хацелі павітаць мяне і паскардзіцца на свае немачы і хваробы. Яны казалі:
— Мы так змаркоціліся па табе, Сінухе! Пакуль ты жыў сярод нас,
мы не цанілі цябе, і толькі калі ты з'ехаў, мы зразумелі, як шмат дабра ты нам рабіў і як шмат мы страцілі, калі цябе не стала з намі.
Яны прынеслі мне свае простыя дарункі, бо праз Эхнатонава бога яшчэ больш збяднелі. Нехта прынёс меру крупы, нехта — палку, каб адганяць птушак, нехта сушаных фінікаў, а іншыя проста прыносілі кветкі, бо, апроч чаромхі, больш нічога не мелі. Сярод прыйшоўшых быў і той стары пісар, які праз сваю вялізную пухліну на шыі хадзіў некалі, схіліўшы галаву набок, і дзіўна было, што ён дагэтуль яшчэ жывы. Быў сярод іх і раб, якому я вылечыў пальцы, і ён радасна мяне вітаў, махаючы той самай рукой, і прынёс мне крупы, бо па-ранейшаму працаваў на млыне і па-ранейшаму краў харчы. Была там і маці з прыгожым хлопчыкам, пад вокам у якога быў гузак, а цела і ногі пакрытыя драпінамі і слядамі ўдараў, бо ён хацеў давесці астатнім, што ён самы дужы і спрытны сярод усіх хлопцаў з бядняцкай часткі горада. Была там і дзяўчына з дома ўцехаў, якой я калісьці вылечыў вочы, а потым яна стала пасылаць да мяне сваіх прыяцелек, якім я зводзіў дзічы і плямы са скуры. Сама яна потым, дарэчы, дасягнула ў жыцці пэўнага поспеху, адчыніўшы каля рынка платную прыбіральню і пачаўшы прадаваць вохныя алеі ды звязваць гандляроў з маладымі і не надта сарамлівымі дзяўчатамі. Прыносячы падарункі, людзі казалі:
— He грэбуй нашымі дарункамі, Сінухе, хоць ты цяпер царскі лекар і жывеш у Залатым палацы. Нашы сэрцы радуюцца, што ты з намі! Толькі не кажы нам пра Атона.
I я не размаўляў з імі пра Атона, я проста прымаў іх, слухаў іхнія скаргі, выпісваў розныя лекі ад іхніх немачаў і лячыў. Каб дапамагчы мне і не запляміць сваёй прыгожай святочнай вопраткі, Мэрыт зняла яе і ўзялася прамываць наведнікам раны, ачышчаць на агні мой нож і змешваць дурманныя зёлкі тым, каму я выдзіраў хворы зуб. Кожны раз я радаваўся, пазіраючы на яе, а такіх разоў было шмат, і глядзець на яе было прыемна, бо цела ў яе было стройнае і прыгожае, а яна ніколькі не саромелася сваёй аголенасці і дапамагала мне без вопраткі, як гэта робяць простыя жанчыны, і з наведнікаў ніхто таму не дзівіўся, бо кожны думаў толькі пра свае немачы ды болькі.
Час бег, а я ўсё прымаў хворых, размаўляў з імі, радаваўся свайму майстэрству і ведам, адчуваў задавальненне кожны раз, калі мог дапамагчы, і цешыўся, што побач са мною мая сяброўка Мэрыт. I шмат разоў я ўздыхаў, прамаўляючы:
— Спыні свой бег, вадзяны гадзіннік, спыні, вада, сваё цячэнне, бо такога імгнення ў мяне болей не будзе.
Я зусім забыўся, што мне трэба ехаць у Залаты палац, бо Вялікай царскай маці ўжо данеслі пра мой прыезд. Але думаецца, забыўся я на гэта таму, што ў сваім шчасці не хацеў і ўспамінаць.
Доўгія цені пакрылі нарэшце мой спусцелы двор, і Мэрыт паліла мне на рукі, дапамогшы памыцца і ачысціцца, а я дапамог ёй, і зрабіў гэта з задавальненнем. Аднак калі я захацеў дакрануцца да яе шчакі і пацалаваць яе, Мэрыт адхіліла мяне і сказала:
— Паспяшайся да сваёй вядзьмаркі, Сінухе, і не марнуй часу, каб вярнуцца да ночы, бо мой ложак з нецярпеннем чакае цябе. Так-так, я думаю, ён проста згарае ад нецярпення, хоць я і не разумею чаму, бо тваё цела, Сінухе, зрабілася друзлым, дый каб ты неяк надта добра лашчыў мяне, сказаць нельга. I ўсё ж нягледзячы на гэта ты нейкі не такі, як іншыя, і таму я добра разумею паводзіны свайго ложка.
Яна павесіла мне на шыю адзнакі маёй пасады, надзела мне на галаву лекарскі парык і так ласкава правяла рукой па маёй шчацэ, што мне зусім расхацелася ехаць у Залаты палац. I ўсё ж я баяўся, што царыцамаці вельмі ўгнявіцца, і таму загадаў рабам-насільшчыкам бегчы як мага хутчэй і падбадзёрваў іх то кійком, то срэбрам, што потым паўтарыў і з веслярамі, якія, услаўляючы маю шчодрасць, веславалі так, што вада бурліла перад носам чоўна. Хутка мы даплылі да прычала, і я паспеў у Залаты палац якраз калі сонца садзілася за заходнія горы, а ў небе ўспыхнулі першыя зоркі.
Перш чым апісаць нашу размову з царыцаю, павінен сказаць, што за ўсе гады яна толькі двойчы наведала сына ў Ахетатоне і кожны раз сурова дакарала яму за яго вар'яцтвы, ад чаго Эхнатон вельмі засмучаўся, бо вельмі любіў сваю маці, не бачачы таго зла, якое ад яе сыходзіла. Так часта сыны бываюць сляпыя ў адносінах да сваіх матак, пакуль не ажэняцца і жонкі не прымусяць іх расплюшчыць вочы. Але Неферціці нічога не казала фараону з прычыны свайго бацькі. А я павінен сказаць, што жрэц Эйе і царская маці Тэйе, ні ад каго не тоячыся і не хаваючы сваю распусту, жылі ў той час разам, і я не ведаю, ці даводзілася калі Залатому палацу перажываць такую ганьбу, бо калі што падобнае там і здаралася, дык такія падзеі не запісваюцца ў кнігу памяці і забываюцца, паміраючы разам са сведкамі. Але я не хачу сказаць нічога дрэннага пра паходжанне фараона Эхнатона, я цвёрда веру ў ягонае боскае паходжанне, бо калі б у яго жылах не было царскай крыві ягонага бацькі, то ў яго наогул не было б ніякай царскай крыві і ён сапраўды быў бы ілжэфараонам, як і сцвярджалі жрацы, а ўсё, што адбывалася, было б хлуслівым, марным і неразумным падманам. Таму я не хачу верыць жрацам, а давяраю свайму розуму і сэрцу.
Царская маці Тэйе прыняла мяне ў асабістых пакоях, дзе ў клетках скакалі і сакаталі шматлікія птушкі з падрэзанымі крыламі. Яна зусім не забыла, чым займалася ў маладосці, а наадварот — яшчэ з болыпым задавальненнем лавіла птушак у царскіх садах, намазваючы галіны на дрэвах клеем і расстаўляючы адмысловыя пасткі. Калі я прыйшоў, яна
вязала цыноўку з каляровага трыснягу і загаварыла са мною сурова і непрыветна, адразу ўпікнуўшы за тое, што я затрымаўся.
— Ці вылечыўся мой сын хоць трошкі ад свайго шаленства, — спытала яна, — ці, можа, настаў ужо час ускрыць яму чэрап? Бо надта ўжо гучна ён крычыць пра свайго Атона і трывожыць народ, у чым цяпер, калі пракляты бог зрынуты і ў фараона няма праціўнікаў, няма ніякай патрэбы.
Я пачаў расказваць, як фараон сябе адчувае, распавёў пра маленькіх фараонавых дачок, пра тое, як яны гуляюць і плаваюць у чоўне па свяшчэннаму возеру Атона. Тады яна нарэшце злітавалася і не дазволіла мне сесці каля яе ног, а потым пачаставала півам. Але піва мне далі не таму, што Вялікая царская маці была сквапнай жанчынай, а таму, што яна была прасталюдзінка і мела простыя звычкі, а таму піва любіла больш за віно. Піва ў яе было моцнае і салодкае, і было бачна, што за дзень яна асушае не адзін гарлач: яе цела ад гэтага расплылося, твар стаў друзлы і сваімі рысамі вельмі нагадваў негрыцянскі, хоць скура ў яе была светлая. Ніхто, напэўна, гледзячы на гэтую дзябёлую старую жанчыну, не змог бы сказаць, што некалі яе прыгажосць заваявала сэрца фараона. Таму людзі і казалі, што яна абкруціла фараона сваімі негрыцянскімі чарамі, бо неверагодна, каб фараон проста так узяў сабе ў жонкі простую дзяўчыну, якая зарабляла на жыццё, ловячы на рачным беразе птушак.
А яна піла піва і размаўляла са мною даверліва і шчыра, у чым, зрэшты, не было нічога дзіўнага, бо я быў лекар, а лекарам жанчыны расказваюць такое, што нават не падумалі б казаць каму-небудзь другому. Гэтаксама часта бывае, што чалавек перад сваім блізкім канцом пачынае раптам даверліва і шчыра расказваць усё чужому, а не сваім родзічам і блізкім, — і гэта кажа пра набліжэнне смерці, хоць ён сам можа пра гэта і не ведаць. Таму вялікая шчырасць царыцы працяло маё сэрца смяротным холадам, і я спытаў у яе, ці не адчувае яна якой-небудзь немачы. Але яна толькі пасмяялася, адказаўшы, што не адчувае нічога, апроч тых непрыемнасцяў, якія выклікаюцца спажываннем піва, ды газаў у страўніку, яна параіла мне забыцца, што я лекар і не даваць дурных і бескарысных парадаў накшталт не піць піва, бо ўсё адно яна не перастане яго піць, таму што не лічыць піва шкодным і пакуль яшчэ не бачыць у сне гіпапатамаў.
Так адказала яна, расслабленая ад піва, і працягвала:
— Ты, Сінухе, якому мой сын па дурной сваёй прыхамаці даў імя Самотнага, хоць такім ты зусім не выглядаеш, і я магу закласціся, што ў Ахетатоне ты кожную ноч цешышся з рознымі жанчынамі — а я добра ведаю жанчын Ахетатона, — дык вось, Сінухе, ты спакойны чалавек, бадай што самы спакойны з усіх людзей, якіх я ведаю, і твой спа-
кой злуе мяне, ды так, што часам мне хоч'ацца ўкалоць цябе меднай іголкай, каб паглядзець, як ты ўскочыш і залямантуеш, бо я не магу здагадацца, адкуль ты здабыў столькі спакою! У глыбіні душы, я думаю, ты чалавек добры, хоць я ніколі не зразумела, якая выгода чалавеку быць добрым, — добрымі, як я магла заўважыць, бываюць толькі нікчэмныя, дурныя і ні да чаго не прыдатныя людзі. Але твая прысутнасць дабратворна на мяне ўплывае, і таму я хачу сказаць табе, што гэты самы Атон, якому я па сваёй неразумнасці дала ўладу, вельмі мяне злуе: я не мела намеру заводзіць справу гэтак далёка — я прыдумала Атона, проста каб зрынуць уладу Амона, каб магла ўзрасці ўлада майго сына. А калі быць ужо цалкам шчырай, яго прыдумаў мой — як ты ведаеш — муж Эйе. Ці можа, ты такі цнатлівы, што не ведаеш гэтага? Дык вось — ён мой муж! Хоць мы і не разбівалі разам гаршчок. Я маю на ўвазе, што гэты пракляты Эйе, у якім сілы засталося не больш, чым у каровіным вымі, выцягнуў Атона з Геліяполіса і ўсунуў яго майму сыну. Я, і праўда, не разумею, што мой сын знайшоў у ім такога, што пачаў мроіць наяве? Яшчэ калі ён быў дзіцём, я лічыла, што ён крануўся розумам і дзеля прачысткі мазгоў яму трэба ўскрыць чэрап. Але цяпер я ўжо нічога не ведаю! Што з ім адбываецца, якая яго апанавала немач і чаму яго жонка, гэта родная дачка Эйе, родзіць яму дачку за дачкой, хоць мае ўлюбёныя чарадзеі зрабілі ўсё, каб дапамагчы ёй? Дарэчы, я ніяк не магу сцяміць, чаму народ так не любіць маіх чарадзеяў, гэта ж залатыя людзі, хоць і чорныя, і хоць носяць у носе палачкі са слановай косці і выцягваюць сабе вусны, а сваім дзецям робяць больш выцягнутыя галовы. Я ведаю, што народ іх ненавідзіць, і мне даводзіцца нават хаваць іх прысутнасць у Залатым палацы, іначай іх проста забілі б! А я не магу адмовіцца ад іх дапамогі, бо яны так добра чэшуць мне пяткі і гатуюць такое добрае зелле, што якраз ад яго я і атрымліваю найбольшае задавальненне ў жыцці, — а зусім не ад Эйе, як ты, мусіць, памылкова падумаў. Я сама не разумею, чаму я так чапляюся за гэтага Эйе, ужо даўно лепш было б даць яму ўпасці. Я маю на ўвазе, лепш ддя мяне. А можа, я і не магу ўжо яго зваліць, нават калі захачу? I гэта таксама мяне непакоіць! Словам, выходзіць, што адзіная мая радасць — гэта мае негры.